Праз гадзiну забiтых пазносiлi ў хату, пакрылi саломай, абклалi хату галлём i паднеслi жарынку.

Стаяла бабiна лета, дзень быў ясны, цёплы, i высока ўзнiмаўся ў блакiтнае неба чорны развiтальны слуп дыму...

Князi не мелiся чакаць, калi загасне гэтае вогнiшча. Даўмонт, Трайнат, Астап селi на коней, ваяводы i сотнiкi пракрычалi кметам "У сядло!". Жамойцкi i нальшчанскi палкi расцягнулiся ў паходныя гуфы i зарысiлi лясной дарогай браць Наваградак. Цокалi аб камянi падковы, калыхалiся скрываўленыя сулiцы, трапяталi пад лёгкiм ветрам чырвоныя сцяжкi аддзелаў i рэзкiя ўскрыкi "Хо!", "Хо!" перакочвалiся па шэрагах, калi кметы прыспешвалi коней астрогамi.

Эпiлог

Таго ж дня Даўмонт стаяў пасярод замкавага двара. Усё споўнiлася i адбылося, як ён ўяўляў. Седзячы ў сядле, ён аглядаў гароднi, мураваную вежу, князскi дом, хацiны, ля якiх нема стаяла перапужаная мiндоўгава чэлядзь. Ён нiчога не казаў, бо словы былi непатрэбныя: калi нальшанскi князь увайшоў у Наваградак, значыць, Мiндоўг забiты, i тут будзе новы валадар. Год таму на гэтым двары князь Мiндоўг паклiкаў сваю смерць. Яна яго знайшла. Людзi, якiм Даўмонт паказаў, што выканаў закон помсты i ачышчаны, яго ўжо не цiкавiлi. Ён павярнуў каня i выехаў з замка.

Войшалк, якога прыхiльнiкi паспелi апавясцiць пра забойствы, уратаваўся ўцёкамi ў Пiнск.

Вялiкiм князем стаў Трайнат. Ягоны дваюродны брат Таўцiвiл лiчыў за сабой больш правоў наступаць Мiндоўгу, чым удзельнiк змовы. Ён прыехаў з Полацка ў Наваградак, каб забiць Трайната. Сустрэча двух братоў у каменнай вежы скончылася сечай, у якой Трайнат перамог.

Праз год былыя канюшыя Мiндоўга, падкупленыя Войшалкам, зарэзалi Трайната нажамi, калi ён парыўся ў лазнi.

Войшалк змянiў расу на браню, прывёў пiнскi полк i вярнуў бацькаў сталец. Ваявода Астап быў схоплены пагоняй, i Войшалк пасек разанскага князя ў капусту. Затым наваградскiя палкi вырушылi помсцiць Нальшчы. Даўмонт разам з дружынай уцёк у Пскоў, дзе яго прынялi князем з ўмоваю хрышчэння ў праваслаўную веру. Ён ахрысцiўся, узяў iмя Цiмафей i атрымаў у жонкi князёўну Марыю, унучку Аляксандра Неўскага. Неаднойчы вадзiў Даўмонт пскавiчоў у наезды на Лiтву i Нальшчу, аддаючы агню i мечу сваю былую зямлю. Век яго скончыўся ў 1299 годзе.

Войшалк валадарыў тры гады. З прынёманскага кастрышча прывёз ён попел бацькi i паблiзу Наваградскага замка насыпаў курган для вечнай памяцi пра вялiкага князя Мiндоўга. Змораны ўладай i крывёй, ён вярнуўся ў манастыр, перадаўшы княжы сталец ў 1267 годзе Шварну Данiлавiчу. Старэйшы брат Шварна князь Леў пакрыўдзiўся i забiў Войшалка мечам у манастырскай трапезнай. Так загас род Мiндоўгавiчаў...

А цi было б з усiмi гэтымi людзьмi iнакш, калi б князь Мiндоўг не пакiнуў Агну пры сабе?

Хто ведае? Магчыма, адшукалiся б iншыя падставы, каб спраўдзiўся наканаваны кожнаму лёс.