13

Мiндоўг, чуючы соннае дыханне Агны, узгадваў гады, пражытыя з яе сястрой. Ва ўспамiнах дзесяць гадоў iхнага жыцця асвятлялiся радасцю. Можа першыя месяцы, прызнаваўся ён сабе, былi не надта шчаслiвыя: яна прызвычайвалася да яго пасля Вiшымунта, плакала па начах, выплакваючы з душы свайго забiтага мужа. А выплакаўшы, зразумела: памяць - не жыццё, памяць - гэта ценi. Ты тут, з жывымi, а дзе памерлыя, дзе забiтыя, дзе iхныя ценi - невядома, не памацаеш iх, не абдымеш. Жывеш - значыць прымай тое, што бачыш, змянi тое, што можаш змянiць, трывай тое, што змянiць няздольны. Яна прыняла яго i стала пяшчотнаю жонкай, гаспадыняй замка, разумнай дарадчыцай. Яны перажылi вайну, голад i прагу пры аблогах, паразы i здрады, i перамаглi, i яна нарадзiла яму сыноў, i кахала яго. Разам з iм яна хрысцiлася, разам яны хрысцiлi сваiх дзетак. Рэпiк i Рукля i зараз носяць на грудзях крыжыкi, якiя яна трымала ў сваiх руках. Яна любiла называць сыноў iх хрысцiянскiмi iмёнамi - Генрык i Андрэй. Марта нiколi не забывалася на той дзень. Ён здаваўся ёй найшчаслiвым, мо таму, што ў той дзень яна аддалiлася ад сваёй мiнуўшчыны. Нiбыта яны перакрочылi мяжу ў новы свет, дзе былi iншыя звычаi, iншыя святы, iншыя людзi. У сведках стаялi лiвонскi магiстр Андрэй Сцiрланд i ягоны аддзел крыжакоў, i тысячы тутэйшага народа глядзелi, як ордэнскi святар Хрысцiян пырскаў на iх вадой, надзяваў крыжы, казаў i пяяў на таямнiчай касцёльнай мове. I Марта была радасная, i ён быў радасны, бо дзякуючы гэтым крыжыкам на грудзях, Данiла Галiцкi страцiў лiвонскую дапамогу ў той жорсткай вайне. А праз два гады яны з Мартай былi шчаслiвыя, калi на дазвол рымскага папы магiстр Лiвонii загадаў зрабiць для iх залатыя, аздобленыя каменьчыкамi каралеўскiя кароны. Крыжакi прывезлi iх у Наваградак i бiскуп Генрых усклаў яму i Марце на галовы гэтыя адзнакi ўлады, а ўслед ён атрымаў каралеўскi меч, пярсцёнак i прызнаны ўсiмi герб - вершнiка з узнятым мечам. Ён стаў наваградскi кароль, яна наваградская каралева, сапраўдная каралева, якая ўмела прадбачыць у будучынi вынiкi бягучага дня. Не ён прыдумаў, гэта яна яму падказала дамагацца падпарадкавання царквы на Лiтве рымскаму папе, а не бiскупу з Рыгi, каб стаяць з немцамi нароўнi, а не нiжэй. Калi яшчэ паспрабуе хто-небудзь стаць тут каралём i каралевай! Можа нiколi i нiхто. Калi тут зноў будзе рымская царква! Можа i будзе, бо зямля ўжо ахрышчаная, i праз тысячу гадоў не забудуцца, што гэта Мiндоўг быў хрысцiцелем Наваградскага княства i Лiтвы. Дарэмна ён не паслухаўся Марты i расхрысцiўся. Чым з немцамi ваяваць, прасцей было б перабiць князёў - i сваiх, i яцвяжскiх, i прускiх. Сабраць на раду, i каля вогнiшча ахова пасекла б усiх мечамi раз i назаўсёды. Не насмелiўся бонду сваяцкай крывi спусцiць у раку. Пабаяўся ад iх пазбавiцца - бойся, што яны цябе заб'юць. Было б ужо вялiзнае каралеўства; можа, i Марту, калi б засталася б яна з каронай, абышла б бокам кашчавая Мерцва.

Нiчога гэтага не перажыць побач яго Агне, а яму з ёй. Не хрысцiцца iм разам у нямецкую веру, не прымаць паслоў з Рыма, не ўцякаць ад забойцаў i не спадзявацца на ўдачу. Усё гэта было, не паўторыцца, бо ён пераможца, яму не трэба болей падманваць крыжакоў, хрысцiцца ў iхную веру, прасiць у папы карону i тытул. Ён гэта зведаў. А яна мала зведала, ды i не было дзе i з кiм. Навучыла мацi гатаваць, прасцi i марыць пра дзiця для князя - уся жаночая навука. Яна падобная на сястру, але яны розныя, як золак i прыцемкi. Агна яшчэ доўга будзе дзьмуць на вугольчык сваёй крыўды, сваёй памяцi пра Даўмонта, толькi таму, што той малады, а ён, Мiндоўг, сiвы. Так вядзецца - маладыя не любiць старых. Ён сам у маладыя гады не любiў старых: прайшоў жыццё сваiм шляхам, не перашкаджай iншым iсцi сваiм... Але ў сэрцы сцiхае боль разлукi з Мартай, калi Агна побач, калi ён бачыць яе, чуе яе голас, яе дыханне - такое ж як у Марты. Яна хоча застацца толькi цёткай для пляменнiкаў, а жонкай быць не хоча. Няхай. Сiлком любы не будзеш. Нiчога яна пра княскае жыццё не разумее. Пакуль дзiцяцi баба не мае, розум у яе дзявоцкi - пра пустое марыць, сама сабою зачараваная. Маладая ваўчыца таксама ваўку ўсмiхаецца, хвастом перад iм круцiць, а як вывадак з'явiцца i галодныя шчанюкi заскавычуць - нiякiх гульняў, сама мужа свайго з логавiшча гонiць на паляванне: разбойнiчай, патрапь у аўчарню, забi, кармi. Дзеўка аб прыгожым хлопцу сумуе, баба з дзецьмi - аб надзейным здабытчыку i абаронцу. У цётках сядзець - няшмат розуму трэба. Каму будзе патрэбная цётка, калi пляменнiкi падрастуць? Куды пойдзе? У якое запечча? Марта разумела сiлу ўлады. Нарадзiлася б князем, усiх бы, пэўна, да рукi сваёй прыбрала. А ў сястры сэрца мягкае, чуллiвая. Ды што з чуллiвай княгiнi - адно вочы мокрыя, нецiкава...

Вось зрубiў Войшалк мужчынскi манастыр. Марта марыла жаночы манастыр паставiць. Зручнае месца для гаротных дзевак, удоў, цётак з княжых сем'яў. Няхай моляцца ў сваiх каморках. Можа, Марта думала пайсцi ў манастыр па ягонай смерцi. Напэўна, правiльна думала. Лепш там жыць гаспадыняй сабе, чым пры сынавай жонцы няньчыць унукаў. Ну што рабiў бы сёння Войшалк, каб не меў на сабе манаскага рыззя? Пужаў бы народ на дарогах, цi стаяў процi бацькi, чакаючы, калi вызвалiцца бацькава месца, каб бiцца за яго з iншымi князямi. А ў манастыры нiхто яго не бачыць, не чуе, нi з кiм ён не б'ецца. Хiба толькi лоб б'е аб падлогу. I для такiх, як Агна, не будзе лепшага прыстанку, чым пусты пакойчык за манастырскай агароджай. Палякi i русь даўно iх набудавалi. Якая баба не вельмi паслухмяная - яе туды, богу служыць, каб настрой не псавала. Але пакуль ён, Мiндоўг, жывы, Агна пры iм будзе жыць. Не пакiнуў бы яе ў замку - не чуў бы зараз гэтага дыхання, а ў тым, што супярэчыць i злуе, таксама нешта ад маладой Марты. Быццам тая пасля смерцi змянiлася, ажывiла дзявоцкi нораў.

Усе людзi, жадаюць цi не жадаюць, да новага жыцця прывучваюцца. Каня пад сядлом хадзiць i звона мечаў не пужацца гадамi навучаюць. Рэдкая кабыла адразу ў аглоблi смiрна становiцца. Так i ў княжацкай сям'i. Марта хутка паслухалася. Агне час патрэбны, каб прызвычаiцца. Якой паважнай марай магла запалiцца пры Даўмонце? Што за князь, якi пра большую ўладу не дбае, задаволены малым удзелам? Гэтак ураднiк мусiць думаць. Яму з ласкi княжай даецца, яму пра большае нават марыць не дазволена. А князь жыццё перайначвае, ён абавязаны моц памнажаць. Усё трымаецца сiлай i на сiле. Няма iншага закону на гэтым свеце. Не сабраў князь Земавiт сiлу, i валяецца ягоны сын на саломе, б'е вошы, а мацi ходзiць, шпакуе, просячы грыўнi на выкуп. Няма ў Даўмонта сiлы, i не вырушыў ён у паход адбiраць Агну. А была б сiла - рушыў. Цяпер, кажуць, шукае новую пару i моцнага цесця. Ды дзе ж адшукае? Дачку лiшнюю, можа, i збудзе хто. Але войска не, не дадуць. Няма ў Таўцiвiла сiлы, i задаволены ён, што дазволена яму княжыць у Полацку. Адчуе сябе мацнейшым валынскi князь Васiлька Раманавiч, адразу прыйдзе браць лупамi за даўнiя крыўды. А няма моцы, дык будзе мiтусiцца, шукаць посiлкi.

Аднак, пэўна, прыйдзе, падумаў Мiндоўг, калi даўмеўся аб'яднаць чарнiгаўскую сiлу з валынскай праз жанiцьбу бранскага княжыча з валынскай князёўнаю. Нiчога добрага для Наваградка пасля такога вяселля не народзiцца. Лепш засцерагчыся i разбурыць магчымы саюз, думаў Мiндоўг. Жыццё князёў i княстваў на шалях ляжыць: адзiн узмацнiцца - другi саслабее, адно землямi прырасце - другое землi страцiць. Хочаш мець больш, даводзiцца ў кагосьцi адняць. Адзiн у аднаго i адбiраюць. Хто слабейшы, таго першага i абскубуць. I жонку забяруць, i працаваць на сябе прымусяць. Расплюшчыць трэба бранцаў, тады валыняне будуць цiха сядзець. Няма мiру на зямлi i не можа быць мiру. Хочаш для сябе мiру - сам выпраўляйся вайной. Мазураў супакоiлi, трэба бранцаў супакоiць. Вось чым князь ад iншых людзей рознiцца - ён прадбачыць i вырашае. Вось дзесьцi далёка iмчыць гэтай ноччу ганец. Нiкому ён адзiнокi не пагроза. Таму спакойна стаiць варта, неразбудна спiць мечнiк Радвайла, цiха крыўдуе Агна. А князь думае: чаго гэта iмчыць ноччу вястун з Валынi ў Бранск? Хто паслаў, з якой мэтай? Усе спяць, а князь думае, i чуе голас баявога рога, подых вайны. А на супрацьлеглым боку свету, хоць нiхто там не скача, але гарыць святло ў пакоях ордэнскага магiстра, i збiраюцца да яго комтуры з усiх крыжацкiх цвердзяў. А мне што за справа, скажа на гэта мечнiк Радвайла цi просты кмет. А князь так не скажа, ён мусiць адгадаць мэту сходкi. Можа iхная мэта - нечакана ўдарыць на прусаў Мантуса, тады i ён, Мiндоўг, саслабее. Нашто ж яму трэба слабець, лепш немцам крыло падрэзаць. Ды не толькi сваiм нажом. Варта князя Аляксандра з Ноўгарада прыцягнуць да выправы. Ганца паслаць, сустрэцца так, каб нiхто не ведаў, дамовiцца калi ды якой сiлай напасцi...