Дарма стары воўк напаў на яго i адняў пару. Нельга нападаць на рарэга, думаў Даўмонт. Воўк палюе на зямлi, сокал узнiмаецца ў неба. Мiндоўг - воўк, я - рарэг, думаў Даўмонт. Рарэг доўга вiсiць пад аблокамi, чакаючы свайго ворага, яго не бачна - чорная кропка ў недасягальнай вышынi. I звер думае, што сокал не сцярпеў чакаць i зляцеў, падмануты i галодны, у гняздо, i выходзiць на сваю сцяжыну. I тады рарэг чорнай маланкай падае на ваўка, i ўдар дзюбай ператварае драпежнiка ў падлу. Рарэгi не забываюць крыўды. На сцягу ягонага бацькi быў сокал-рарэг, а сцяг перайшоў да яго ад дзеда, i дзед дзеда быў рарэг. Iхны род - род сокалаў; яны цярплiвыя, яны мужныя, яны бязлiтасныя. На досвiтку ён, Даўмонт, стане для Мiндоўга такiм рарэгам. Год давялося чакаць гэтага палявання. Такога палявання, як гэтае, яшчэ не было на Лiтве. Праз вякi будуць пераказваць старыя сваiм унукам, як рарэг Даўмонт забiў ваўка з iмем Мiндоўг, як чакаў у восеньскiм халодным лесе першы прамень сонца, каб усе маглi пабачыць ягоную помсту. Нiхто не зможа сказаць: "Вялiкi князь Мiндоўг сканаў на сваiм ложку, акружаны дзецьмi!" Не, усе будуць казаць: "Князь Даўмонт пасек Мiндоўга на капусту!" Калi хто-небудзь спытае: "Куды знiк род Мiндоўга, вялiкага князя, былога караля з трыма сынамi?" - кожны нальшанец, кожны лiтовец, кожны наваградзец адкажа: "Яго цалкам вынiшчыў князь Даўмонт!" I было гэта вераснёўскiм ранкам у баi на беразе Нёмана. А калi спытаюць: "А дзе ягоная жонка, забраная гвалтам для сябе i сваiх сыноў Мiндоўгам?" - кожны чалавек у Нальшчы i на Лiтве адкажа: "Даўмонт яе адпусцiў. Ён не мог вярнуць у свой дом жанчыну, якая год даглядала ваўчанят, не перасiлiла гiдлiвасцi да старога ваўка, не знайшла ў сабе мужнасцi атруцiць iх усiх разам, задушыць уначы воўчымi шкурамi. Даўмонт даў ёй воз, яна паехала на сваю радзiму ў Дайнову сядзець цёткаю пры малых дзецях яцвяжскiх сваякоў". А калi хто спытае: "Чаму ён не забiў такую жонку?" - кожны нальшанец адкажа: "Наш князь не забiвае слабых, наш князь не помсцiць жанчыне!" А калi хто-небудзь спытае: "Дзе цяпер крэўскi князь Даўмонт?" - кожны нальшанец з гонарам адкажа: "Князь Даўмонт цяпер старэйшы князь усёй Нальшы!"... А што будзе гадоў праз дзесяць, нiхто сёння не ведае i ведаць не можа. Магчыма, ён падпарадкуе сабе ўсю Нальшчу i ўсю Дзяволтву i тады паспрачаецца з наступнiкамi Мiндоўга, з яго братанiчамi i сястрынiчамi. Не лепшая кроў цячэ ў iхных жылах. Ён помсцiць за сябе, за сваю ганьбу, а яны чакаюць, калi ён пасячэ iхнага роднага дзядзьку. Такога нораву князi самi сябе хутка перарэжуць, i нядоўга прыдзецца чакаць такога дня. Тады надыдзе яго час. Вялiкi князь Мiндоўг распачаў крывавую ўсобiцу, а, калi дапамогуць багi, вялiкi князь Даўмонт пакладзе ёй канец.

Даўмонт трымаў перад вачыма гэтыя прыемныя вобразы, пакуль не пачало развiдняцца на ўсходзе неба, i не пачалi выяўляцца з начнога змроку ясныя абрысы коней на выпасе, аховы ля агню, дваровай агароджы, берагi Нёмана, лес за iм, дзе гэтак жа тоiлiся зараз жамойты. Тады яго ўвага засяродзiлася на браме, i ён даў знак лучнiкам падрыхтавацца.

Свiтала, двор пакрысе ажываў. Побач з iм стаяў Вiцень. Яго жорсткi позiрк нiбы наскрозь прасякаў двор, дзе яму мусiлi аддаць даўгi за вока, за пакуты, за пасiвелыя скронi. Даўмонт убачыў, як за агароджай апускаецца журавель, пачулiся чыесьцi галасы, забразгалi ланцугi, на якiя бралi сабак - i раптам вароты пачалi расчыняцца.

Яшчэ створкi падзяляла вузкая шчылiна, але Даўмонт убачыў праз яе Астапа. Кроў горача ўдарыла ў сэрца, i ўсе думкi, i ўсе пачуццi з душы выцiснула назапашаная за год, абуджаная знакам Астапа нянавiсць i лютасць. Даўмонт шапнуў Вiценю: "Час!", i той махнуў кметам. Праз iмгненне загулi ў палёце дзесяткi стрэл, i ўся ахова, што сядзела пры вогнiшчах i хадзiла па старажавых сцяжынах, была зваленая без адзiнага ўскрыку. Толькi спутаныя конi спуджана кiдалiся па лузе, баючыся забiтых, але на двары нiхто не ўсхапiўся.

Даўмонт ускочыў i пабег да двара, а побач бег Вiцень, а за iмi бегла сотня, перастройваючыся ў баявы серп...

21

Агна прачнулася ад пачуцця вострай трывогi. Яна села на ложку i не магла зразумець, чаму ёй жахлiва на сэрцы. Было гэтак жудасна, як некалi ўявiлася ў сне. "Што?" - спытаўся князь. "Не ведаю, - адказала яна. - Мне вельмi страшна! Даўно гэтак не было. Чамусьцi баюся!" Мiндоўг паверыў яе прадчуванню, ускочыў, надзеў кальчугу, апяразаўся мечам. "Пабудзi дзяцей, - загадаў ён. Выязджаем!" - i выйшаў з хаты. Трое кметаў, што ўсю ноч драмалi ў сенцах, прыхапiлi свае лукi i кiнулiся ўслед князю.

I тут загучаў за агароджай поклiч баявога рога i пачуўся конскi тупат з глыбiнi лесу i на другiм беразе Нёмана.

"Сядлаць коней! - крычаў князь - Сабак на вароты!" Расчыненыя вароты перакрылi возам, за iм сталi ў два шэрагi лучнiкi, а на iх ужо насоўваўся затулены шчытамi клiн. Мiндоўг пазнаў нальшанцаў. Быццам у пацверджанне за сцяною пачуўся шалёны крык "Нальша! Сокал! Наперад! Бi!" А дзесьцi ад вёскi даходзiў перакатам клiч жамойтаў - "Локiс! Прэнкi!". Князь узгадаў аб дзецях i скочыў па iх у хату. Агна, не ведаючы што трэба рабiць, стаяла з пляменнiкамi ў куце. "Выходзь да стайнi, - сказаў князь. - Будзем прабiвацца. Хутчэй!" Яны выбеглi на двор. Каля брамы Мiндоўгавы i Даўмонтавы кметы ва ўпор расстрэльвалi адзiн аднаго. Скуголiлi пабiтыя сулiцамi ваўкарэзы. Параненыя ваяры курчылiся на зямлi, некалькi ўжо хрыпелi крывавай пенай. За стайняй конюхi секлi мацаванне адкiдной часткi агароджы. "Сыходзьце ў лес, - навучаў Мiндоўг. - Калi мяне параняць, заб'юць - не спыняйцеся. Бяжыце да Войшалка!"

Нальшанскi клiн праламiў абарону i запаланяў двор. "Хутчэй!" - крыкнуў Мiндоўг конюхам. Тыя ўдарылi ў плыт, ён павалiўся i ў агароджы адкрыўся шырокi пралом, але асупроць яго за дзесяць крокаў стаялi напагатове ў некалькi шэрагаў лучнiкi з ялiнкавымi лапамi на шлемах. Пушчаныя iмi стрэлы звалiлi стаёўнiкаў i коней. "Мне не вырвацца! - сказаў Мiндоўг Агне. - Даруй!" Ён павярнуўся i пайшоў насустрач Даўмонту. За плячыма крэўскага князя стаяў Астап, ён быў у панцыры, ялiнкавая лапа, прымацаваная да бармiцы, высока тырчэла над ягоным шлемам. Мiндоўг i рынуўся да яго з крыкам "Здраднiк!" Але дарогу яму заступiў Даўмонт, i вялiкi князь лютымi ўдарамi прымусiў Даўмонта ступiць пару крокаў назад. Раптам крэўскi князь з драпежнай радасцю засмяяўся. "Азiрнiся, воўк! - крыкнуў ён, апускаючы тапор. - Дзе твае ваўчаняты?" Ён зноў адступiў на некалькi крокаў, каб князь не прыняў яго параду за хiтрасць. Мiндоўг азiрнуўся i ўбачыў, як падымаюць на дзiдах Руклю. Сын яшчэ быў жывы i клiкаў "Тата! Татка!" Мiндоўг кiнуўся да сына, знёс галаву аднаму з забойцаў, адсек руку другому, але тут яго спасцiг першы ўдар Даўмонта. Сякера нальшанскага князя рассекла яму ключыцу, i Мiндоўг выпусцiў меч. Сiла пакiдала яго, Даўмонтаў тапор адцiнаў яму ногi, прабiваў кальчугу, наблiжаўся да твару. Князь упаў, i пакуль не памёр, ачуваў, што Даўмонт сячэ яго на кавалкi...

Агна, закалажоная звярынай лютасцю, што панавала на двары, бязлiтасным забойствам, крывёю, рыкамi кметаў, стаяла ля сцяны стайнi. Толькi крык Руклi i ягоны твар, якi раптам узняўся над бiтвай, вырвалi яе са здранцвення. Яна ўбачыла дзiды, нацэленыя на Рэпiка i закрыла яго сабой. "Даўмонт! Не трэба! крычала яна. - Злiтуйся..." Але сказаць "над дзецьмi" яна ўжо не паспела. Цяжкi ўдар дзiды прыбiў яе да сцяны. Яна ўбачыла дрэўка, што выходзiла з яе грудзей, ваяра, якi гэтае дрэўка трымаў. Яна пазнала маладога кмета, год назад ён скакаў побач яе ў Наваградак. Яна прыгадала ягонае iмя - Вiцень, i ўспомнiла, як яго збiвалi пасярод замкавага двара. Цяпер ён стаяў перад ёю без шлема, яго левае вока закрывала скураное навечча, у правым палала лютая нянавiсць. "Ты здрадзiла!" - чула яна ягоны голас. "Здрадзiла!", "Здрадзiла!", "Здрадзiла!" - паўтараў ён i бiў яе шырокiм нажом...

Туман наплываў на Агнiны вочы, скрозь ружовую заслону яна ўбачыла джала сулiцы ў Рэпiкавым горле, пунсовую паласу неба, Астапа з мечам, Даўмонта з сякерай. Даўмонт крочыў да яе, яна ўбачыла бляск ягонага тапара, i Вiцень перастаў крычаць "Здраднiца!", галава яго некуды знiкла, цела павалiлася на зямлю, i для Агны сцiхлi ўсе гукi, сцiх яе боль, i ўсе кметы, усе знаёмыя, Скурка, Астап, князь Даўмонт сталiся невядомымi, чужымi, непатрэбнымi, i яна адступiла ад iх ў выратавальную цемру...