- Што мяне дзiвiць, - сказаў Мiндоўг, - дык гэта зоркi на небе. Што гэта такое? Хоць бы хто знаў ды растлумачыў, што за агеньчыкi там, у вышынi. Кажуць: знiчкi нашыя там агеньчыкамi гараць. Як хто памрэ - знiчка гасне. Нешта мала верыцца. Колькi людзей на маёй памяцi i ў бiтвах загiнулi i сваёй смерцю памерлi, а зорак i на дзесятак не паменшала.

- Тысячы палеглi, - знайшоў яснае рашэнне Астап, - тысячы нарадзiлiся.

- Магчыма, - не задаволiўся князь. - Толькi як яны загараюцца, а? Вось гэта таямнiца... А што, Астап, - раптам змянiў цiкаўнасць князь, - ты папраўдзе жабу цалаваў?

- Не, пакуль не давялося. Бачыў, як Рэпiк цалуе. Ну, i прыдумаў, каб не саромеўся перад братам.

- Шкада, - сказаў князь. - Выходзiць, толькi адзiн мой сын такi дурань даверлiвы.

Агна слухала гэтую размову, глядзела, як слупамi ўзлятаюць над вогнiшчам iскры, бачыла каля агню шчаслiвых дзяцей, i адчувала горасць, што вытруцiла зародак. Быў бы ў яе сын. Яе дзiця. Пакуль Мiндоўг жывы - яна абароненая, i дзiцёнак быў бы пад абаронай. Зясцерагла Даўмонта ад прынiжэння, сябе свайго шчасця пазбавiла, а ён усё адно вымеў яе сляды... Хоць бы хто спынiў тады. Хоць бы дзяды з неба розум прасвятлiлi. Вось, Астап, мог спынiць, але слова процi не сказаў. Быццам бы адгукнуўся на просьбу, дапамог, нават i рызыкаваў, а дзiця загубiла з яго дапамогай. I дачка ў яго ёсць прыёмная, i ўласны сын гадуецца, аднак жа не адгаворваў... Ды што яго вiнавацiць - сама прасiлася. Князя ненавiдзела, па Даўмонту сумавала, а забiла дзiця. Трэба нарадзiць, вырашыла Агна. Хоць даведаюся, што гэта за боль, калi дзiця родзiш, i якая радасць, калi народзiш. А чыё яно - маё...

Князь прабыў у Альканах два днi i, пакiнуўшы ахову, вярнуўся ў Наваградак, як ён сказаў, будаваць вежу i рыхтаваць паход. Агна адчула да яго ўдзячнасць, што не застаўся i даў ёй волю пабыць сам-насам. Усю сярэдзiну лета, пакуль Мiндоўг адсутнiчаў, Агна пра яго i не ўзгадвала. Здавалася ёй, што ён наогул з'ехаў назаўжды. I рэдкiя ўспамiны пра Даўмонта не адгукалiся пачуццямi, нiбы ён быў выпадковы спадарожнiк на забытым ужо шляху. Няблiзка быў Наваградак, яшчэ далей стаяў Крэўскi замак, не хацелася ўзiрацца праз такую далячынь у iхныя дубовыя сцены, вежы, брамы, каморы i насельнiкаў. Быццам растварылiся яны ў павалоцы сонечных летнiх дзён. Марылася Агне, каб на яе забылiся. I ранкам, калi хадзiла ў лес, i ўвечары, калi стаяла на беразе, гледзячы як адбiваюцца зоркi ў Нёмане, цi калi купалася ў цёплай нёманскай затоцы, цi калi гатавала на паварнi, адчувала Агна гэтую мару. "Добра б, - казала яна сабе, застацца тут назаўсёды. Не бачыць нiкога з iх - нi другога, нi першага. Толькi б дзiця нарадзiць, каб было пра каго клапацiцца".

Рукля i Рэпiк хадзiлi з кметамi на рыбалку, кармiлiся са стаёўнiкамi з iх катла, спалi ля вогнiшча на выпасе - Агна мала iх i бачыла. Аднойчы яны ўгаварылi яе пайсцi ў пушчу, паказаць мясцiны, дзе гулялi з мацi. Каля вёскi меўся брод цераз Нёман, а за iм пачынаўся малiннiкамi лес. Гэтым бродам яны перайшлi раку, доўга iшлi сцяжынкамi ад паляны да паляны i апынулiся на беразе звiлiстай плыткай рачулкi, шчыльна зарослай парэчкамi. Вывернутая з каранямi сасна служыла мастком; трымаючыся вядомых iм знакаў, пляменнiкi вывелi Агну да iмшыстай паляны, затуленай ад сонца старымi елкамi. Пасярод паляны бiла з зямлi крынiца, ад яе адыходзiў вузкi, шырынёй з далонь, ручай.

- Вось сюды мы хадзiлi, - сказаў Рукля. - Матуля казала, што тут выток ракi, святое месца, прошча...

На зваротным шляху Рэпiк расказаў ёй, што мацi станавiлася перад крынiцай на каленi i казала, каб яны станавiлiся i прасiлi ў прошчы даравання сабе i шчасця дарагiм людзям. А для сябе ў прошчы не трэба прасiць, iншыя папросяць, тады споўнiцца, iнакш - не споўнiцца.

- I што вы прасiлi?, - спыталася Агна.

- Шчасця ёй i бацьку, - быў сумны адказ...

Пазней Агна адна прыходзiла на гэтую зацененую паляну i стаяла каля крынiцы, дзе летась малiлася Марта. Неяк, стоячы на каленях ля прошчы, яна зразумела, што пагадзiлася са сваiм лёсам. Магчыма, i Марта, думала яна, тут, у гэтым глухiм гушчары, пагадзiлася прыняць свой лёс пасля гiбелi Вiшымунта. Як думаеш - так сэрца адчувае цi вучыцца адчуваць. Праўду казала Малгажата. Думала: палон, ганьба, бедны Даўмонт - мардавалася; раздумала аб тым смуткаваць - супакоiлася сэрца. Быў Даўмонт мужам - яго думкамi жыла; пры пляменнiках пайшло жыццё - пра iх трэба клапацiцца. А цяпер самае важнае ў жыццi - свайго сына цi дачку нарадзiць. Марта гэтае шчасце зведала, трэба i ёй зведаць. Будзе сын - будзе Мiндоўг яго аберагаць. Яшчэ, можа, мацней гэтае дзiця палюбiць, чым старэйшых сваiх сыноў. Не патрэбна ёй смерць Мiндоўга. Няхай князь доўга жыве, i сыны ягоныя няхай растуць у мiры, няхай Даўмонт хутчэй знойдзе сабе добрую жонку. А ёй лёс, як i Марце, - быць жонкай вялiкага князя, быць вялiкай княгiняй, бачыць усё, як князь бачыць, нудзiцца без яго, радавацца яму, калi прыязджае, забыцца на ўсе крыўды, каб на шкоду яму нiчога не жадаць.

18

Мiндоўг прыехаў у Альканы ў сярэдзiне жнiўня. Ужо снапы стаялi на iржышчы за вёскай, гаi пачалi жаўцець да бабiнага лета, вада ў Нёмане несла апалае лiсце, i ўсе - ад дзяцей да аховы - настроiлiся на блiзкае вяртанне ў Наваградак. Рукля i Рэпiк за лета падраслi, i князь задаволена здзiвiўся, параўнаўшы леташнiя засечкi на вушаку з новымi. "Калi кожны год на далонь прыбаўляць, - пажартаваў ён, - дык хутка галовой столь праб`еце!" Сустрэча ўзрадавала i Агну: хата запоўнiлася, выраўняўся малаўцямны парадак - паланёная цётка i дзецi сястры. Цяпер за сталом сядзеў бацька яе прыёмных дзяцей, яе муж, гаспадар, ён кроiў хлеб, на лаўцы ляжаў ягоны меч, на сцяне вiселi яго шлем i панцыр; людзi, што заходзiлi ў хату, кланялiся яму, садзiлiся да стала з ягонага дазволу. I калi б увайшоў, прыкладам, князь Даўмонт, ён таксама прысеў бы да стала з дазволу гаспадара, а без дазволу стаяў бы пры парозе. Ёй спадабалася, як ён ухвалiў яе варыва i печыва, бо сказаў не ў вочы, а дзецям: "Ну, зараз разумею з чаго гэтак падраслi!" I Астап паспяшаўся жартаўлiва падтрымаць: "Калi тыдзень за такiм сталом правесцi - новую кашулю прыдзецца шыць, старая лопне!" Але ягоная пахвала здалася Агне няшчырай - ухваляў, каб дагадзiць князю, а галоўнае - расхацелася ёй бачыць саўдзельнiка па благой справе. Яму ўсё аднолькава цiкава - i добрае, i злое, з агню можа вынесцi, i ў агонь можа ўласнымi рукамi ўкiнуць. Яе тады ўвосень пашкадаваў, але князю свайму тады здрадзiў. Вядома, забiў бы яго Мiндоўг, калi б даведаўся, хто дапамог пазбавiцца апошняга, можа, у ягоным жыццi дзiцяцi. Папрасiла б тады аборку прынесцi - прынёс бы аборку, узяўшы слова, што не адкрые князю, адкуль аборка ўзялася. Чужы ён; што яму да ейнага болю; ён у князя не па любовi уцякач на службе. Знойдзе лепшую службу цi паклiчуць раптам яго разанцы адразу ад'едзе. Толькi Мiндоўгу i можна верыць...

Падаючы на стол, слухаючы аповяд Мiндоўга пра надбудову ў Наваградку каменнай вежы, ягоныя разлiкi пра тысячы камянёў i валуноў, што патрэбныя для будоўлi каменнай замкавай сцяны, пра тысячы вазоў i вознiкаў, якiя гэтыя камянi з палёў у Наваградак павязуць, Агна прыгадала даўнiя неацэненыя раней княжыя ўчынкi. Узгадалася, як Мiндоўг разам з сынамi паўтараў за Вандай i Малгажатай польскiя прыслоўi, падаючы дзецям прыклад цiкаўнасцi; як спаў на лаўцы, укрыты свiткай, а не палез у цяпло на палацi; як пяшчотна прыгадваў сваю мацi; як знарок смешна расказваў пра свае страхi, калi ўцякаў ад полаўцаў. Яна ўважлiва ўзiралася ў князя i раптам зразумела чаму Даўмонт i iншыя князi не любяць i баяцца Мiндоўга. Не за тое, што ён забiваў. I яны тут не лепшыя, i яны забiвалi без шкадавання. Iх бацькi, дзядзькi i яны самi саступiлi яму. Волi ў яго было больш. Цяпер яны яго кметаў вылiчваюць - у яго тысячы, у iх сотнi, вось, значыць, i сiла ў яго. Але калiсьцi не было ў яго наваградскiх кметаў, а была, як у iх, - ашмянская дружына ў трыста коней, ды ён стаў вялiкiм князем, а яны засталiся ўдзельнымi. Ён прымусiў iх слухаць сябе. Ён i яе прымусiў прыняць сваю волю. Але ў яе нi кметаў, нi коней, нi братоў з мечамi, яна - адна, адзiнокая жанчына, на месцы памерлай сястры. У iх конi, кметы, дзiды, дзядзькi i браты - i ўсе яны слухаюцца князя, хоць ненавiдзяць яго. У князя не забралi жонку - нi першую, якая нарадзiла Войшалка, нi Марту. Ён забiраў. Ён i са смерцю паспрачаўся - узяў замест Марты, якую забралi багi, яе, Агну, падобную на сястру i аднае з ёю крывi... Яны шэпчуцца процi яго, але баяцца выступiць збройна. Сядзяць у сваiх гарадзiшчах, церпяць, чакаюць, калi ён памрэ. А ён жывучы, ён шмат каго перажыў, i гэтых, хто чакае, на злосць iм перажыве. Ён не верыць iм, бо яны клянуць яго шэптам, а хто шэпчацца за плячыма, той i б'е ў спiну, а трэцяга вока нават у вялiкага князя няма. Яна павiнна быць для князя як трэцяе вока.