Вiтаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна i здзiўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю i iгнараваннем выклiкаў. Вясной 1409 г. адзiн з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымi адказамi Вiтаўта на пытанне, каго вялiкi князь будзе падтрымлiваць у пагранiчных спрэчках - Польшчу з Мазовiяй цi ордэн, дазволiў сабе абразу асобы Вiтаўта. У размове з людзьмi вялiкакняскага двара цi нават у прысутнасцi самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялiкi князь ужо тры разы здрадзiў ордэну, а цяпер намерваецца зрабiць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бiтвы. Зараз жа Вiтаўт паслаў да хохмайстра запыт, цi ўпаўнаважваў той свайго пасла да такiх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасiць прабачэння.

У лiстах да кiраўнiка ордэна Вiтаўт завяраў таго ў сваiх намерах трымаць мiр i ў нейкай ступенi здолеў аслабiць пiльнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялi надзеi ўбiць клiн памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Без сумнення, вялiкi князь iмкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкi да вайны. Хоць крыжакi не давяралi канчаткова нi яму, нi Ягайлу, тым не менш першымi вайну не пачыналi. Можа быць, не былi поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкi, хацелi паказацца перад усiм светам у паставе абаронцаў.

31 траўня 1409 г. на Жамойцi выбухнула паўстанне. Жамойты нечакана напалi на Хрыстмемель i спалiлi замак. У сярэдзiне чэрвеня на Жамойць прыбыў староста ад Вiтаўта Румбольд Валiмунтавiч. Вiтаўт жа рабiў выгляд, што ён нi пры чым. У iх з Ягайлам была дамова пачаць вайну, "як паспее збожжа", гэта значыць у канцы лiпеня.

Ягайла выслаў пасольства, якое 10 чэрвеня ў Эльблангу, дзе знаходзiўся хохмайстар, прынесла яму скаргi наконт пагранiчных канфлiктаў. Ульрых фон Юнгiнген згадзiўся задаволiць большую частку прэтэнзiй. Потым хохмайстар у сваю чаргу выслаў да караля торуньскага комтура са скаргай на Вiтаўта, маўляў, паўстанне на Жамойцi паднялося з яго дапамогай. Затым прыходзiла яшчэ некалькi пасольстваў ад ордэна, меўшых на мэце выведаць, цi будзе Ягайла дапамагаць лiцвiнам i жамойтам. Ягайла сцвярджаў, што не можа даць адказ, пакуль не выкажацца каронная рада, якая павiнна адбыцца 17 лiпеня.

Сабраўшыся ў Ленчыцы, рада вырашыла не пакiдаць Лiтву. Тут жа Ягайла адправiў паслоў у ордэн, якiя 1 жнiўня сталi перад Ульрыхам фон Юнгiнгенам. Польскi кароль згаджаўся мiрна вырашыць усе спрэчкi праз трацейскi суд пры ўмове, што крыжакi да самага прысуду не будуць нападаць на Жамойць. Хохмайстар дабiваўся ад паслоў адказу на пытанне: цi будзе Польшча перашкаджаць ордэну пакараць паўстанцаў? Узамен абяцаў не чапаць нi Ягайлу, нi Вiтаўта, калi той пакiне жамойтаў. Кiраўнiк пасольства гнезненскi архiбiскуп Мiкалай Куроўскi ў запале заявiў, што калi ордэн уступiць у вайну з Лiтвой, то Ягайла ўдарыць на Прусы. Дакументы сведчаць, што хохмайстар падзякаваў архiбiскупу за яснае выражэнне пазiцыi караля i паведамiў аб намеры скiраваную супраць Лiтвы вайну абярнуць на Польшчу.

6 жнiўня 1409 г. з Мальбарка было паслана пiсьмовае аб'яўленне вайны, якое Ягайла атрымаў 14 жнiўня, а 16-га крыжацкiя войскi перайшлi гранiцу i пачалi пустошыць польскiя землi. Пачалася Вялiкая вайна...

ВАЕННАЯ КАМПАНIЯ 1409 г. I ПАДРЫХТОЎКА НОВАЙ

Наступленне было добра арганiзаваным i праводзiлася адначасова з некалькiх пунктаў. Галоўны ўдар пад кiраўнiцтвам хохмайстра i вялiкага маршала наносiўся на Добжынскую зямлю. Добжынь узялi прыступам, выбiлi залогу, спалiлi замак, разрабавалi горад. Яшчэ раней захапiлi Рыпiн i Лiпна. Потым здабылi Баброўнiкi. Упартае супрацiўленне аказала залога Златарыi, але i гэты замак апошнi пункт абароны ў Добжынскай зямлi - здаўся 2 верасня.

Адначасова комтуры з Тухолы i Члухава спустошылi Крайну (вобласць на захад ад Быдгашча) i рушылi на Быдгашч. Яны паведамлялi хохмайстру, што на працягу 8 дзён палiлi ўсiх i ўсё. Па дарозе вызвалiлi з польскага палону комтура са Швеца Генрыха фон Плаўэна - будучага выратавальнiка ордэна. Замак узялi без цяжкасцi, бо здраднiкi адчынiлi браму. Каля 1 верасня фон Плаўэн прыбыў у Быдгашч з вайсковым аддзелам i падрыхтаваў замак да абароны. У той жа час войт Новай Маркi Арнольд фон Бадэн пустошыў ваколiцы Дрэздэнка на паўночна-заходнiм пагранiччы Польшчы, а комтуры Астроды i Брандэнбурга - уладаннi Януша Мазавецкага. Тут крыжацкiя войскi сустрэлi супрацiўленне. Сын Януша Балеслаў уварваўся ў ордэнскую зямлю, спалiў Дзялдава (Зольдаў) i спустошыў ваколiцы да самага Растэнбурга.

Пачатак вайны быў нечаканым для палякаў. Вiдавочна, Ягайла спадзяваўся зацягнуць перагаворы на большы час. 4 верасня вялiкапольскае паспалiтае рушэнне было разбiта пад Велуням у Новай Марцы. У канцы жнiўня войска Вiтаўта злучылася са жамойтамi - першы адкрыты крок вялiкага князя да вызвалення гэтага краю. Паў ордэнскi замак Фрэдэбург, крыжацкi войт пакiнуў Дубiсу, спалiўшы замак. Быў захоплены горад Мемель (Клайпеда), замак жа застаўся ў руках крыжакоў. Каб спынiць далейшы рух Вiтаўта, вялiкi маршал з комтурамi Балгi i Брандэнбурга сабраў новае войска. Выйсцi насустрач Вiтаўту яно не змагло з-за дрэннага надвор'я i хваробаў, маршал толькi засланiў дарогу ўглыб краiны.

Да Волбажа, а затым пад Ленчыцу збiралася польскае паспалiтае рушэнне. Маецца звестка праз лiст вялiкага маршала да хохмайстра ад 15 верасня, што Вiтаўт з невялiкiм атрадам прыязджаў у гэты час да Ягайлы. Ад Коўна да Ленчыцы цi да Волбажа каля 600 кiламетраў, значыць, вялiкi князь быў у дарозе 8-10 дзён, калi ехаў на падменных конях. Вiдавочна, тады Вiтаўт з Ягайлам абмеркавалi становiшча i план далейшых дзеянняў.

Толькi 23 верасня польскiя войскi рушылi ў паход, а 28-га абклалi Быдгашч. На восьмы дзень аблогi яны штурмам здабылi замак. Яшчэ ў час аблогi ў лагеры Ягайлы знаходзiлася пасольства чэшскага караля, якое дамагалася спынення вайны i вырашэння спрэчкi праз пасрэднiцкi суд караля Вацлава. 5 кастрычнiка ўжо сам хохмайстар прапанаваў заключыць перамiр'е на наступных умовах: Ягайла спыняе аблогу i згаджаецца на пасрэднiцтва караля Вацлава. Ягайла адказаў, што ахвотна прыме прапанову, калi ордэн выведзе войскi з Добжынскай зямлi i да прысуду аддасць упраўленне ёю прадстаўнiкам чэшскага караля. 6 кастрычнiка палякi авалодалi Быдгашчам. Гэта, несумненна, паўплывала на ход справаў. Праз два днi, 8 кастрычнiка, памiж Польшчай i ордэнам было заключана перамiр'е да заходу сонца 24 чэрвеня 1410 г. Па яго ўмовах абодва бакi заставалiся пры ўладаннях, якiя мелi на момант падпiсання перамiр'я. Рашэнне спрэчак перадалi Вацлаву Чэшскаму, ён павiнны быў аб'явiць свой прысуд не пазней першага тыдня посту, гэта значыць 9 лютага 1410 г. Польскi бок абавязаўся нiякiм чынам не дапамагаць жамойтам i тым, хто iх падтрымлiвае. Калi якi-небудзь з бакоў парушыць хоць адну з умоваў, то чэшскi кароль мае права дапамагаць другому боку ўсiмi сродкамi, пакуль зноў не прыйдзе мiр. З умоваў перамiр'я вынiкала, што Польшча развязвае ордэну рукi для новага захопу Жамойцi i вайны з Лiтвой, паколькi перамiр'е не тычылася Вялiкага Княства Лiтоўскага.