Вялiкi палац без даху стаяў на вяршынi ўзгорка. Мармур яго фантанаў i двароў быў увесь пакрыты расколiнамi i бурымi плямамi лiшайнiкаў, самi плiты двара, дзе калiсьцi стаялi князевы сланы, былi прыўзняты i рассунуты травой i маладымi дрэвамi. За палацам былi вiдаць рад за радам дамы без стрэх i ўвесь горад, падобны на пустыя соты, запоўненыя толькi цемрай; бясформенная каменная калода, якая была раней iдалам, валялася цяпер на плошчы, дзе скрыжоўвалiся чатыры дарогi; толькi ямы i выбоiны засталiся на рагах вулiц, дзе калiсьцi стаялi студнi, ды струхлелыя купалы храмаў, па баках якiх прараслi дзiкiя смакоўнiцы. Малпы называлi гэтае месца сваiм горадам i рабiлi выгляд, нiбыта пагарджаюць Народам Джунгляў за тое, што ён жыве ў лесе. I ўсё ж яны не ведалi, для чаго ўзведзены гэтыя будынкi i як iмi карыстацца. Яны садзiлiся ў кружок на памосце ў княжацкай зале рады, шукалi адна ў адной блох i гулялi ў людзей: забягалi ў дамы i зноў выбягалi з iх, сцягвалi кавалкi тынку i рознай старызны ў кут i забывалi, куды яны ўсё гэта схавалi; бiлiся i крычалi, нападаючы адна на адну, потым разбягалiся гуляць па тэрасах княжацкага саду, трэслi там апельсiнавыя дрэвы i кусты руж для таго толькi, каб паглядзець, як будуць сыпацца пялёсткi i плады. Яны абабягалi ўсе пераходы i цёмныя калiдоры ў палацы i сотнi невялiкiх цёмных пакояў, але не маглi запомнiць, што яны ўжо бачылi i чаго яшчэ не бачылi, i сноўдалiся ўсюды па адной, парамi або купкамi, выхваляючыся адна перад адной, што паводзяць сябе зусiм як людзi. Яны пiлi з вадаёмаў i каламуцiлi ў iх ваду, потым бiлiся за ваду, потым збiралiся ў натоўп i бегалi па ўсiм горадзе з крыкам:

- Няма ў джунглях народа мудрэйшага, дабрэйшага, спрытнейшага, дужэйшага i цiшэйшага, чым Бандар-Логi!

Потым усё пачыналася нанава, да таго часу, пакуль iм не надакучваў горад, i тады яны ўцякалi на верхавiны дрэў, усё яшчэ не трацячы надзеi, што калi-небудзь Народ Джунгляў заўважыць iх.

Маўглi, выхаваны паводле Закону Джунгляў, не разумеў такога жыцця, i яно не падабалася яму. Малпы прывалаклi яго ў Халодныя Бярлогi ўжо надвячоркам, i замест таго каб легчы спаць, як зрабiў бы сам Маўглi пасля доўгай дарогi, яны ўхапiлiся за рукi i пачалi скакаць i спяваць свае недарэчныя песнi. Адна малпа выступiла з прамовай перад астатнiмi i сказала iм, што захоп Маўглi ў палон азначае пачатак змен у гiсторыi Бандар-Логаў, бо цяпер Маўглi пакажа iм, як сплятаць галiны i трыснёг, каб абаранiцца ад холаду i дажджу.

Маўглi набраў лiян i пачаў iх сплятаць, а малпы паспрабавалi рабiць гэтак жа, як ён, але праз некалькi хвiлiн iм гэта абрыдла, i яны пачалi тузаць адна адну за хвасты i, кашляючы, скакаць на карачках.

- Мне хочацца есцi, - сказаў Маўглi. - Я чужы ў гэтых мясцiнах - прынясiце мне паесцi або дазвольце схадзiць тут на паляванне.

Дваццаць цi трыццаць малпаў кiнулiся па арэхi i дзiкiя плады для Маўглi, але па дарозе яны пабiлiся мiж сабой, а вяртацца з тым, што ў iх засталося, не мела сэнсу. Маўглi пакрыўдзiўся i раззлаваўся, ужо не кажучы пра тое, што ён быў галодны, i доўга блукаў па пустэльных вулiцах, час ад часу падаючы Паляўнiчы Поклiч Чужынца, але нiхто яму не адказаў, i Маўглi зразумеў, што ён трапiў у вельмi кепскае месца.

"Праўда ўсё тое, што Балу гаварыў пра Бандар-Логаў, - падумаў ён сам сабе. - У iх няма нi Закону, нi Паляўнiчага Поклiчу, нi важакоў, нiчога, апрача дурных слоў i ўчэпiстых зладзейскiх лапаў. Так што калi мяне тут заб'юць або я памру галоднай смерцю, дык буду сам вiнаваты. Але трэба што-небудзь прыдумаць i вярнуцца ў мае родныя джунглi. Балу, вядома, мяне адлупцуе, але гэта лепш, чым лавiць нiкчэмныя пялёсткi руж разам з Бандар-Логамi".

Як толькi ён падышоў да гарадской сцяны, малпы адразу адцягнулi яго назад, гаворачы пры гэтым, што ён сам не разумее, як яму пашанцавала, i пачалi шчыпаць яго, каб ён адчуў да iх падзяку. Ён сцяў зубы i змоўчаў, але ўсё ж пайшоў разам з малпамi, якiя моцна гарланiлi, на тэрасу, дзе былi вадаёмы з чырвонага пясчанiку, да палавiны запоўненыя дажджавой вадой. Там пасярэдзiне тэрасы стаяла разбураная альтанка з белага мармуру, пабудаваная для князевых жонак, якiх даўно ўжо не было на свеце. Купал альтанкi абвалiўся i засыпаў падземны ход з палаца, па якiм жанчыны прыходзiлi сюды, але сцены з мармуру ажурнай работы засталiся цэлыя. Цудоўную разьбу малочнай белiзны, лёгкую, як карункi, аздаблялi агаты, сердалiкi, яшма i лазурыт, а калi над узгоркам узышоў месяц, яго промнi пранiклi праз разьбу, i густыя ценi леглi на зямлю ўзорам чорнага аксамiту. Пакрыўджаны, сонны i галодны Маўглi ўсё ж не мог не смяяцца, калi малпы пачыналi на дваццаць галасоў паўтараць яму, якiя яны мудрыя, дужыя i добрыя i якi ён неразумны, што хоча з iмi расстацца.

- Мы вялiкiя! Мы вольныя! Мы заслужылi, каб намi захаплялiся! Заслужылi, як нiводзiн народ у джунглях, каб намi захаплялiся! Мы ўсе так гаворым значыцца, гэта праўда! - крычалi яны. - Зараз мы табе раскажам пра сябе, якiя мы цудоўныя, калi ты нас слухаеш i можаш перадаць нашы словы Народу Джунгляў, каб у будучым ён звяртаў на нас увагу.

Маўглi з iмi не спрачаўся, i сотнi малпаў сабралiся на тэрасе паслухаць, як iхнiя гаваруны будуць спяваць хвалу Бандар-Логам, i калi балбатухi малпы спынялiся, каб перадыхнуць, астатнiя падхоплiвалi хорам:

- Гэта праўда, мы ўсе так гаворым!

Маўглi кiваў галавою, мiргаў вачамi i падтакваў, калi ў яго пыталiся пра што-небудзь, i галава ў яго кружылася ад шуму.

"Шакал Табакi, мусiць, перакусаў iх усiх, - думаў ён сам сабе, - i яны цяпер пашалелi. Гэта ў iх шаленства, "дзiванi". Няўжо яны нiколi не спяць? Вось зараз гэтае воблачка закрые месяц. Калi яно вялiкае, я паспеў бы ўцячы ў цемры. Але я стамiўся".

За гэтым самым воблакам сачылi двое верных сяброў у напаўзасыпаным рове пад гарадской сцяною. Багiра i Каа ведалi, якiя небяспечныя малпы, калi iх многа, i чакалi, каб не рызыкаваць дарэмна. Малпы нiзашто на свеце не будуць бiцца, калi iх менш за сотню супраць аднаго, а ў джунглях мала каму даспадобы такая перавага.

- Я папаўзу да заходняй сцяны, - шапнуў Каа, - i шпарка скачуся па схiле ўнiз, там мне будзе лягчэй. Яны, вядома, не кiнуцца мне на спiну ўсiм гуртам, але ўсё ж...

- Я ведаю, - сказала Багiра. - Калi б Балу быў тут! Але ўсё-такi мы зробiм што можам. Як толькi гэтае воблака закрые месяц, я выйду на тэрасу. Яны там аб нечым раяцца мiж сабой.