Змяя, асаблiва хiтры стары ўдаў, такi, як Каа, нiколi не пакажа, што злуецца, але Балу i Багiра прыкмецiлi, як надзiмаюцца i перакочваюцца вялiзныя мускулы пад скiвiцай Каа.

- Бандар-Логi змянiлi месца палявання, - сказаў ён спакойна. - Я грэўся сёння на сонцы i чуў, як яны гарланiлi ў верхавiнах дрэў.

- Мы... мы гонiмся зараз за Бандар-Логамi, - сказаў Балу i папярхнуўся, бо ўпершыню, як ён сябе помнiў, жыхару джунгляў даводзiлася прызнавацца, што ён мае нейкi iнтэрас да малпаў.

- I, вядома, не якая-небудзь дробязь прымусiла дваiх такiх паляўнiчых важакоў у сябе ў джунглях - iсцi па слядах Бандар-Логаў, - пачцiва адказаў Каа, хоць яго распiрала ад цiкаўнасцi.

- Дапраўды, - пачаў Балу, - я ўсяго толькi стары i падчас неразумны настаўнiк Закону ў Сiянiйскiх Ваўчанят, а Багiра...

- ...ёсць Багiра, - сказала чорная пантэра i закрыла пашчу, ляснуўшы зубамi: яна не прызнавала пакоры. - Вось у чым бяда, Каа: гэтыя зладзеi, што крадуць арэхi i знiшчаюць лiсце на пальмах, выкралi ў нас чалавечае дзiцяня, пра якое ты, магчыма, чуў.

- Я чуў штосьцi ад Сахi (iголкi надаюць яму нахабства) пра дзiцяня, якое прынялi ў Воўчую Чараду, але не паверыў. Сахi слухае адным вухам, а потым перакручвае ўсё, што чуў.

- Не, гэта праўда. Такога дзiцяняцi яшчэ не было на свеце, - сказаў Балу. - Сама лепшае, сама разумнае i сама смелае чалавечае дзiцяня, мой вучань, якi праславiць iмя Балу на ўсе джунглi, з канца ў канец. Ды, апрача таго, я... мы... любiм яго, Каа!

- Тс! Тс! - адказаў Каа, варочаючы галавой направа i налева. - Я таксама зведаў, што такое любоў. Я мог бы расказаць вам не адну гiсторыю.

- Гэта лепш пасля, як-небудзь яснай ночкай, калi мы ўсе будзем сытыя i здолеем ацанiць расказ па заслугах, - хуценька адказала Багiра. - Наша дзiцяня цяпер у руках у Бандар-Логаў, а мы ведаем, што з усяго Народа Джунгляў яны баяцца аднаго Каа.

- Яны баяцца аднаго мяне! I нездарма, - сказаў Каа. - Балбатухi i дурныя выхвалякi, дурныя выхвалякi i балбатухi - вось хто гэтыя малпы. Але ваша дзiцяня не можа чакаць ад iх дабра. Яны рвуць арэхi, а калi надакучыць, шпурляюць iх унiз. Цэлы дзень яны гойсаюць з галiнай, быццам абысцiся без яе не могуць, а потым ломяць яе папалам i кiдаюць. Вашаму дзiцяняцi не пазайздросцiш... Апрача таго, яны абзывалi мяне... жоўтай рыбiнай, здаецца?

- Чарвяком, чарвяком. Земляным чарвяком, - сказала Багiра, - i яшчэ рознымi мянушкамi. Мне сорамна нават паўтараць.

- Трэба iх правучыць, каб не забывалiся, калi гавораць пра свайго ўладара! Ааа-ссп! Каб як след памяталi! Дык куды ж яны пабеглi з дзiцянём?

- Адны толькi джунглi ведаюць. На захад, я думаю, - сказаў Балу. - А мы ж лiчылi, што табе гэта вядома, Каа.

- Мне? Адкуль гэта? Я хапаю iх, калi яны трапляюцца мне на дарозе, але не палюю нi на малпаў, нi на жаб, нi на зялёнае багавiнне ў сажалцы. Хссс!

- Угору, угору! Угору, угору! Хiла! Iла! Iла, паглядзi ўгору, Балу з Сiянiйскай Чарады!

Балу зiрнуў угору, каб даведацца, адкуль чуецца голас, i ўбачыў каршуна Чыля, якi плаўна спускаўся ўнiз, i сонца свяцiла на прыўзнятыя краi яго крылаў. Чылю даўно пара было спаць, але ён усё яшчэ кружыў над джунглямi, шукаў мядзведзя i нiякне мог разгледзець яго скрозь густую лiстоту.

- Што здарылася? - спытаў Балу.

- Я бачыў Маўглi ў Бандар-Логаў. Ён прасiў перадаць гэта табе. Я прасачыў за iмi. Яны панеслi яго за раку, у малпiн горад - у Халодныя Бярлогi. Магчыма, яны застануцца там на ноч, магчыма - на дзесяць начэй, а магчыма - на гадзiну. Я загадаў кажанам пасачыць за iмi ўночы. Вось што мне было даручана. Добрага палявання ўсiм вам унiзе!

- Поўнага валляка i моцнага сну табе, Чыль! - крыкнула Багiра. - Я не забуду пра цябе, як выйду на паляванне, i пакiну цэлую галаву табе аднаму, о найлепшы з каршуноў!

- Дробязi! Дробязi! Хлопчык сказаў Запаветнае Слова. Нельга было не памагчы яму! - Чыль зрабiў круг над лесам i паляцеў на начлег.

- Ён не забыў, што трэба сказаць! - радаваўся Балу. - Падумаць толькi: гэтакi маленькi, а ўспомнiў Запаветнае Слова Птушак, ды яшчэ калi малпы валаклi яго па дрэвах!

- Яно было моцна ўбiта яму ў галаву, гэтае слова! - сказала Багiра. - Я таксама ганаруся дзiцянём, але цяпер нам трэба спяшацца да Халодных Бярлогаў.

Усе ў джунглях ведалi, дзе знаходзiцца гэтая мясцiна, але рэдка хто бываў там, бо Халоднымi Бярлогамi называлi стары, закiнуты i мёртвы горад, што згубiўся ў гушчары лесу; а звяры не будуць сялiцца там, дзе раней жылi людзi. Хiба толькi вепр паселiцца ў такой мясцiне, але не паляўнiчае племя. Ды i малпы бывалi там не часцей, чым у любым iншым месцы. Нiводзiн звер, якi паважае сябе, не падыходзiў блiзка да горада, хiба толькi ў час засухi, калi ў напаўразбураных вадаёмах i басейнах заставалася яшчэ вада.

- Дабiрацца туды палову ночы поўным ходам, - сказала Багiра.

I Балу адразу затужыў.

- Я з усяе сiлы буду спяшацца, - сказаў ён з трывогай.

- Мы не можам цябе чакаць. Бяжы за намi, Балу. Нам трэба спяшацца - мне i Каа.

- Хоць ты i на чатырох лапах, а я ад цябе не адстану, - коратка сказаў Каа.

Балу намагаўся бегчы за iмi, але вымушаны быў спачатку сесцi i перадыхнуць, так што яны пакiнулi мядзведзя, каб ён потым даганяў iх, i Багiра памчалася ўперад iмклiвымi скачкамi. Каа маўчаў, але як нi спяшалася Багiра, вялiзны ўдаў не адставаў ад яе. Калi яны дабралiся да горнай рэчкi, Багiра апынулася наперадзе, бо пераскочыла паток, а Каа пераплыў яго, трымаючы галаву i шыю над вадой. Але на роўнай зямлi ўдаў зноў дагнаў Багiру.

- Клянуся зламаным замком, што вызвалiў мяне, ты някепскi хадок! - сказала Багiра, калi апусцiўся змрок.

- Я прагаладаўся, - адказаў Каа. - Апрач таго, яны абзывалi мяне плямiстай жабай.

- Чарвяком, земляным чарвяком, ды яшчэ жоўтым!

- Усё роўна. Давай уперад, - I Каа нiбы лiўся па зямлi, пiльным вокам знаходзiў сама кароткую дарогу i рухаўся па ёй.

Малпiн Народ у Халодных Бярлогах зусiм не думаў пра сяброў Маўглi. Малпы прывалаклi хлопчыка ў закiнуты горад i цяпер былi вельмi задаволены сабой. Маўглi яшчэ нiколi не бачыў iндыйскага горада, i хоць гэты горад ляжаў увесь у руiнах, ён здаўся хлопчыку вялiкапышным i поўным цудаў. Адзiн багаты князь пабудаваў яго даўным-даўно на невысокiм узгорку. Яшчэ вiдаць былi рэшткi брукаваных дарог, што вялi да разбураных варотаў, дзе апошнiя абломкi гнiлых дошак яшчэ вiселi на заржавелых завесах. Дрэвы ўраслi каранямi ў сцены i ўзвышалiся над iмi; зубцы на сценах абвалiлiся i рассыпалiся ў пыл; паўзучыя раслiны выбiлiся з байнiц i звiсалi са сценаў вежаў, быццам касматыя бiзуны.