- Калi мы прыйшлi ў Канхiвару, - нясмела сказала Месуа, - мой муж паступiў на работу да ангельцаў, i мы атрымалi тут крыху зямлi. Яна не такая добрая, як у старой вёсцы, але нам многа не трэба - нам удваiх.
- Дзе ж той чалавек, што гэтак спалохаўся тады?
- Вось ужо год, як ён памёр.
- А гэты? - Маўглi паказаў на дзiця.
- Гэта мой сын, што нарадзiўся дзве зiмы назад. Калi ты бог, падары яму Ласку Джунгляў, каб ён заставаўся жывы i здаровы сярод твайго... твайго народа, як мы засталiся жывыя i здаровыя ў тую ноч.
Яна ўзяла дзiця на рукi, i яно, забыўшы пра свой страх, пацягнулася да нажа, што вiсеў на грудзях Маўглi. Маўглi асцярожна адвёў убок маленькiя ручаняты.
- А калi ты Натху, якога схапiў тыгр, - з запiнкай загаварыла зноў Месуа, - тады ён твой малодшы брат. Я раскладу агонь, i ты нап'ешся гарачага малака. Здымi язмiнавы вянок, ён пахне занадта моцна для такога маленькага пакоя.
Маўглi пiў цёплае малако доўгiмi глыткамi, а Месуа час ад часу пагладжвала яго па плячы, не будучы цалкам упэўнена, яе гэта сын Натху цi якi-небудзь дзiвосны бог джунгляў, але ўсё адно радуючыся ўжо таму, што ён жывы.
- Сынок, - сказала нарэшце Месуа, i вочы яе заззялi ад гордасцi, хто-небудзь ужо гаварыў табе, што ты прыгажэйшы за ўсiх на свеце?
- Што? - адгукнуўся Маўглi, бо, вядома, нiколi не чуў нiчога такога.
Месуа ласкава i радасна засмяялася. Ёй дастаткова было зiрнуць на яго твар.
- Значыцца, я першая? Так i трэба, хоць рэдка бывае, каб сын пачуў ад мацi такую прыемную вестку. Ты вельмi прыгожы. Я за ўсё жыццё не бачыла такой прыгажосцi.
Маўглi круцiў галавою, стараючыся агледзець сябе цераз плячо, а Месуа зноў засмяялася i смяялася гэтак доўга, што Маўглi, сам не ведаючы чаму, пачаў смяяцца разам з ёю, а дзiця перабягала то да яго, то да яе i таксама смяялася.
- Не, не смейся з брата, - сказала Месуа, злавiўшы малога i тулячы яго да грудзей. - Калi ты вырасцеш хоць напалову гэткi ж прыгожы, мы ажэнiм цябе з малодшай дачкою князя, i ты будзеш катацца на сланах.
Маўглi ледзьве разумеў адно слова з трох у яе гаворцы. Цёплае малако ўсыпiла яго пасля саракамiльнага прабегу, ён лёг на бок, скруцiўся абаранкам i праз хвiлiну заснуў глыбокiм сном, а Месуа адкiнула валасы з яго вачэй, накрыла яго коўдрай i была шчаслiвая.
Па звычаю джунгляў, ён праспаў канец гэтай ночы i ўвесь наступны дзень, бо чуццё, якое нiколi не засынала поўнасцю, падказвала яму, што тут няма чаго баяцца. Нарэшце ён прачнуўся i зрабiў скачок, ад якога затрэслася хацiна: накрыты коўдрай, ён бачыў у сне пасткi. Спынiўшыся, ён раптам схапiўся за нож, гатовы бiцца з любым.
Месуа засмяялася i паставiла перад iм вячэру. У яе былi ўсяго толькi цвёрдыя праснакi, спечаныя на дымным агнi, рыс i жменька квашаных тамарындаў акурат гэтулькi, каб пратрымацца да вечара, калi Маўглi здабудзе што-небудзь на паляваннi.
Пах расы з балотаў абудзiў у iм голад i трывогу. Яму не цярпелася кончыць вясновы бег, але дзiця нiзавошта не злазiла з яго рук, а Месуа абавязкова хацела расчасаць яму доўгiя сiнявата-чорныя валасы. Яна расчэсвала iх i спявала просценькiя дзiцячыя песенькi, то называючы Маўглi сынам, то просячы яго надзялiць малое дзiця хоць малюсенькай доляй яго ўлады над джунглямi. Дзверы хацiны былi зачынены, але Маўглi пачуў добра знаёмы гук i ўбачыў, як рот Месуi разявiўся ад страху, калi вялiкая шэрая лапа паказалася з-пад дзвярэй, а за дзвярамi Шэры Брат завыў прыглушана i жаласна.
- Iдзi адсюль i чакай! Вы не захацелi прыйсцi, калi я вас клiкаў, - сказаў Маўглi на мове джунгляў, не паварочваючы галавы, i вялiкая шэрая лапа знiкла.
- Не... не прыводзь з сабою тваiх... слуг, - сказала Месуа. - Я... мы заўсёды жылi мiрна з джунглямi.
- I цяпер мiр, - сказаў Маўглi ўстаючы. - Успомнi тую ноч на дарозе ў Канхiвару. Тады былi дзесяткi такiх, як ён, i ззаду i наперадзе ў цябе. Я, аднак, бачу, што i ўвесну Народ Джунгляў не заўсёды забывае мяне. Мацi, я пайду!
Месуа пакорлiва адступiла ўбок - ён i сапраўды здаваўся ёй лясным богам, але ледзь толькi яго рука дакранулася да дзвярэй, як мацярынская любоў прымусiла яе закiнуць рукi на шыю Маўглi i абдымаць яго, абдымаць без канца.
- Прыходзь! - прашаптала яна. - Сын ты мне цi не сын, прыходзь, бо я люблю цябе! Бачыш, i ён таксама бядуе.
Маленькi хлопчык плакаў, бо чалавек з блiскучым нажом iшоў ад яго.
- Прыходзь зноў, - паўтарыла Месуа. - I ўночы i ўдзень гэтыя дзверы заўсёды адчынены для цябе.
Горла Маўглi сцялася, быццам яго душыла знутры, i голас яго прагучаў напружана, калi ён сказаў:
- Я абавязкова прыйду зноў... А цяпер, - гаварыў ён ужо за дзвярамi, адхiляючы галаву ваўка, якi лашчыўся да яго, - я табой незадаволены, Шэры Брат. Чаму вы не прыйшлi ўсе чацвёра, калi я паклiкаў вас, ужо даўно?
- Даўно? Гэта было толькi ўчора ноччу. Я... мы... спявалi ў джунглях новыя песнi. Хiба ты не памятаеш?
- Правiльна, правiльна!
- I як толькi песнi былi праспяваны, - горача загаварыў зноў Шэры Брат, я пабег па тваiм следзе. Я кiнуў астатнiх i пабег да цябе з усiх ног. Але што ж ты нарабiў, о Маленькi Брат! Навошта ты еў i спаў з чалавечай чарадой?
- Каб вы прыйшлi, калi я вас клiкаў, гэтага не здарылася б, - сказаў Маўглi, паскараючы крок.
- А што ж будзе цяпер? - спытаў Шэры Брат.
Маўглi хацеў адказаць, але на сцежцы паказалася дзяўчына ў белым адзеннi. Шэры Брат адразу прапаў у кустах, а Маўглi бясшумна адступiў у высокi трыснёг i знiк, як дух. Дзяўчына войкнула - ёй здалося, што яна ўбачыла здань, а потым глыбока ўздыхнула. Маўглi рассунуў рукамi доўгiя сцяблiны i сачыў за ёю, пакуль яна не схавалася з вачэй.
- А цяпер я не ведаю, - сказаў Маўглi i ўздыхнуў. - Чаму вы не прыйшлi, калi я вас клiкаў?..
- Мы заўсёды з табою... заўсёды з табою, - прабурчаў Шэры Брат i лiзнуў пятку Маўглi.
- А пойдзеце вы са мною да чалавечай чарады? - прашаптаў Маўглi.
- Хiба я не пайшоў за табою ў тую ноч, калi наша Чарада прагнала цябе? Хто пабудзiў цябе, калi ты заснуў у полi?
- Так, але яшчэ раз?
- Хiба я не пайшоў за табою сёння ўночы?
- Так, але яшчэ i яшчэ раз i, магчыма, яшчэ?
Шэры Брат маўчаў. Потым ён прабурчаў, быццам сам сабе:
- Тая, чорная, сказала праўду.
- А што яна сказала?
- Чалавек урэшце iдзе да чалавека. I наша мацi гаварыла тое самае.
- Тое самае гаварыў i Акела ў Ноч Дзiкiх Сабак, - прамармытаў Маўглi.