I вось цяпер - i толькi цяпер - я, калi так можна сказаць, меў права, я дазваляў сабе дапусцiць другую гiпотэзу: мяне памiлавалi. Прыкра было тое, што ў гэтым выпадку мне трэба было хоць крыху ўтаймаваць той гарачы парыў, якi бударажыў мне кроў, працiнаў усё цела, засцiлаў вочы безразважнаю радасцю. Трэба было суцiшыць гэты душэўны крык, пастарацца быць болей разумным. Трэба было, каб нават у гэтай гiпотэзе ўсё выглядала натуральна, бо iначай было б незразумела маё пакорлiвае прыняцце першай. I калi гэта ўдавалася, я выгадваў цэлую гадзiну спакою. Гэта, мiж iншым, таксама нешта значыла.

Якраз у адзiн такi момант я чарговы раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Я ляжаў на ложку i па бляклай сiнi ў небе здагадваўся, што за акном настае летнi вечар. Толькi што я ў думках адхiлiў сваю просьбу i цяпер адчуваў, як роўна пульсуе ў маiх жылах кроў. У мяне зусiм не было патрэбы бачыць свяшчэннiка.

Упершыню за многiя апошнiя днi я ўспомнiў пра Мары. Ужо даўно яна мне не пiсала. I ў той вечар я падумаў i сказаў сабе, што яна, вiдаць, стамiлася быць каханкай асуджанага на смерць. Мне падумалася таксама, што яна магла захварэць цi памерцi. Гэта ж было верагодна. I я не мог бы даведацца пра гэта, бо па-за абалонкаю нашых разлучаных цел нас цяпер не звязвала нiчога, нiшто не нагадвала нам пра iснаванне кожнага з нас. Зрэшты, калi б Мары памерла, успамiн пра яе не ўзбудзiў бы ўва мне нiякiх пачуццяў. Мёртвая, яна мяне не цiкавiла. Я лiчыў гэта нармальным, як i цудоўна разумеў, што пасля маёй смерцi на мяне ўсе забудуцца таксама. Нiкому да мяне ўжо не будзе нiякай справы. I я не магу нават сказаць, каб гэтая думка была мне цяжкая.

Якраз у гэты момант зайшоў свяшчэннiк. Я крыху ўздрыгнуў, калi ўбачыў яго. I ён, заўважыўшы гэта, папрасiў мяне не палохацца. Я сказаў, што звычайна ён прыходзiў у iншы час. Ён адказаў, што зайшоў да мяне проста так, па-сяброўску, i гэта зусiм не звязана з маёю просьбаю пра памiлаванне, бо пра яе пакуль што яму нiчога не вядома. Ён усеўся на маiм ложку i запрасiў мяне сесцi побач. Я адмовiўся. Але выгляд у яго быў, па-мойму, вельмi лагодны.

Нейкi час ён сядзеў, абапершыся локцямi на каленi, i, панурыўшы галаву, глядзеў на свае рукi. Яны былi вузкiя i моцныя i нагадвалi мне двух спрытных звяркоў. Ён паволi пацёр iх адну аб адну i зноў знерухомеў. Ён так доўга сядзеў у гэтай паставе, што я, па-мойму, на нейкую хвiлiну нават забыўся пра яго.

Але раптам ён ускiнуў галаву i зiрнуў мне ў твар.

- Чаму вы адмаўляецеся ад сустрэчы са мною? - сказаў ён.

Я адказаў, што не веру ў Бога. I тады ён пацiкавiўся, цi цвёрда я ў гэтым упэўнены. Я адказаў, што лiчу залiшнiм задаваць сабе такое пытанне - па-мойму, яно не мае нiякага значэння. Ён адкiнуўся назад i, абапершыся спiнаю аб сцяну, паклаў рукi на сцёгны. Потым, быццам звяртаючыся не да мяне, ён сказаў, што людзi часта мяркуюць, нiбы яны ўпэўнены ў нечым, а на справе ўсё аказваецца iначай. Я маўчаў. Ён зiрнуў на мяне i спытаўся:

- Што вы думаеце пра гэта?

Я адказаў, што, можа, яно i так. Ва ўсякiм выпадку я не заўсёды магу з упэўненасцю сказаць, што менавiта мяне цiкавiць, але ў тым, што мяне не цiкавiць, я ўпэўнены абсалютна. Дык вось - тое, пра што ён кажа, мяне зусiм не цiкавiць.

Ён адвёў вочы i, па-ранейшаму не мяняючы паставы, запытаўся, цi не кажу я так ад вялiкай роспачы. Я растлумачыў, што нiякай роспачы ў мяне няма. Проста мне страшна, i гэта ў маiм становiшчы абсалютна натуральна.

- Бог дапаможа вам, - азваўся ён. - Я ведаю, усе, хто быў у вашым становiшчы, вярталiся да яго.

Я пагадзiўся - гэта было iх права. Цi, можа, у iх быў на гэта вольны час. Што ж да мяне, дык я, па-першае, не хачу, каб мне дапамагалi, а па-другое, у мяне проста няма часу, каб цiкавiцца тым, што мяне не цiкавiць.

Яго рукi нервова варухнулiся, але ён выпрастаўся i пачаў распраўляць на сутане складкi. Потым загаварыў i назваў мяне чамусьцi "мой дружа": ён гаворыць са мною пра Бога зусiм не таму, што я асуджаны на смерць; на яго думку, усе мы асуджаныя на смерць. Тут я яго перапынiў, я сказаў, што гэта зусiм не адно i тое ж, i ва ўсякiм выпадку, гэта не можа быць мне суцяшэннем.

- Вядома, - пагадзiўся ён. - Але нават калi вы не памраце сёння, вам усё роўна давядзецца памерцi - пазней. I тады зноў перад вамi паўстане тое ж пытанне. З якiмi пачуццямi вы сустрэнеце тады гэты пачварны iспыт?

Я адказаў, што сустрэну яго дакладна з такiмi ж пачуццямi, з якiмi сустракаю цяпер.

Пачуўшы гэта, ён устаў i зiрнуў мне ў вочы. Я добра ведаў гэту гульню. Мне часта даводзiлася забаўляцца ёю з Эманюэлем i Селестам, i звычайна яны першыя адводзiлi вочы. Але свяшчэннiк быў таксама добра спрактыкаваны, я гэта заўважыў адразу: яго вочы нават не мiргалi. I голас не задрыжаў, калi ён прамовiў:

- Няўжо ў вас няма нiякай надзеi, i вы жывяце з упэўненасцю, што памраце ўвесь?

- Так, - сказаў я.

Ён зноў панурыў галаву i сеў. Ён сказаў, што яму шкада мяне. На яго думку, жыць з такою ўпэўненасцю чалавеку невыносна цяжка. Але я адчуў, што ён пачынае мне назаляць. Я адвярнуўся i падышоў да акна. Я стаяў, абапершыся плячом аб сцяну, i не вельмi прыслухоўваўся да таго, што ён кажа. Ён iзноў пачаў задаваць мне нейкiя пытаннi. Ён гаварыў паспешна, занепакоена, яго голас дрыжаў. Я зразумеў, што ён нечым усхваляваны, i пачаў слухаць уважлiвей.

Ён выказаў упэўненасць, што маю просьбу задаволяць, але цяжар граху ўсё роўна будзе ляжаць на мне, i я мушу пазбавiцца ад яго. На яго думку, чалавечы суд - нiшто, а суд божы - усё. Я зазначыў, што, тым не менш, прысуд мне быў вынесены судом чалавечым. Свяшчэннiк адказаў, што гэтым ён яшчэ не змыў граху з маёй душы. Я сказаў, што мне наогул невядома, што такое грэх. Мне толькi давялi, што я вiнаваты. Я вiнаваты, i я плачу, больш ад мяне патрабаваць не могуць нiчога. Тут ён зноў устаў, i мне падумалася, што камера, вiдаць, яму занадта вузкая. Ён прызвычаены рухацца, а тут такой выгоды няма. Можна толькi сесцi цi ўстаць.

Я стаяў, утаропiўшы вочы ў падлогу. Ён ступiў да мяне адзiн крок i спынiўся, нiбы не адважваўся падысцi блiжэй. Ён пазiраў на неба за кратамi.

- Вы памыляецеся, сыне мой, - сказаў ён. - Ад вас маглi б патрабаваць i большага. I можа быць, яшчэ запатрабуюць.

- Цiкава, чаго ж гэта?

- Ад вас маглi б патрабаваць, каб вы ўбачылi.

- Убачыў? Што?

Свяшчэннiк азiрнуўся вакол i адказаў з нейкаю нечаканай i вялiкаю стомай: