- Цi так гэта было?

Як таго раiў мне адвакат, я коратка адказваў:

- Так, пане старшыня.

Расказ цягнуўся доўга, старшыня iмкнуўся не прапусцiць нiякай дробязi. Журналiсты ўвесь час пiсалi. Я адчуваў на сабе толькi позiркi сама маладога i маленькай жанчыны, што сядзела нерухома, як аўтамат. Прысяжныя на трамвайнай лаўцы ўсе да аднаго глядзелi на старшыню. Нарэшце той кашлянуў, прагартаў яшчэ раз дасье i, абмахваючыся веерам, павярнуўся да мяне.

Ён аб'явiў, што мае задаць мне некалькi пытанняў, якiя на першы погляд не тычацца дадзенай справы, але, вiдаць, звязаны з ёю сама непасрэдным чынам. Я зразумеў, што зараз ён зноў будзе пытацца пра маму, i мне зрабiлася нудна. Ён спытаў, чаму я аддаў маму ў прытулак. Я адказаў, што ў мяне не ставала грошай, каб даглядаць яе дома. Тады ён запытаўся, цi цяжка мне асабiста было перажыць нашую ростань, i я адказаў, што апошнiм часам мы з мамай ужо нiчога не чакалi адно ад аднаго, як, зрэшты, i нi ад каго наогул, i таму мы хутка прызвычаiлiся да новых абставiн у нашым жыццi. Тады старшыня сказаў, што болей не хоча паглыбляцца ў гэтыя акалiчнасцi, i спытаў у пракурора, цi мае ён задаць якiя iншыя пытаннi.

Той павярнуўся да мяне амаль што спiнай i, нават не зiрнуўшы на мяне, заявiў, што з дазволу пана старшынi яму цiкава было б даведацца, цi меў я намер забiць араба, калi адзiн вярнуўся да крынiцы. Я сказаў:

- Не.

- Тады чаму ж ён узяў рэвальвер i навошта пайшоў менавiта на гэтае месца?

Я сказаў, што гэта здарылася выпадкова. Пракурор з нейкаю злою ноткай у голасе прамовiў:

- Пакуль што ў мяне ўсё.

Далей усё пайшло крыху бязладна - прынамсi, мне так здалося. Але нарэшце, параiўшыся са сваiмi памочнiкамi, старшыня абвясцiў, што слуханне справы перапыняецца i допыт сведак пераносiцца на другую палову дня.

Я не паспеў яшчэ нiчога ўразумець, як мяне вывелi з залы, пасадзiлi ў машыну i завезлi ў турму, дзе мяне чакаў абед. Праз некаторы час - якраз калi я, пад'еўшы, пачаў адчуваць, наколькi стамiўся, - па мяне прыйшлi, i ўсё пачалося зноў. Я зноў апынуўся ў той самай зале, перад тымi самымi тварамi. Але цяпер задуха была яшчэ большая, i ў руках у кожнага з прысяжных, у пракурора, адваката i некаторых журналiстаў нiбы цудам таксама ўзнiклi саламяныя вееры. Малады журналiст i жанчына-аўтамат сядзелi на ранейшых месцах. Яны не абмахвалiся i толькi моўчкi глядзелi на мяне.

Я абцёр пот, якi залiваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсцi ў сябе i крыху агледзецца толькi тады, калi ў залу выклiкалi дырэктара прытулку. У яго спыталi, цi былi ў мамы якiя скаргi на мяне, i ён адказаў - былi, але ва ўсiх прытулкоўцаў гэта амаль што манiя - скардзiцца на сваiх крэўных. Старшыня папрасiў удакладнiць, цi папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, i дырэктар зноў сказаў, што - было. Але гэтым разам нiчога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаваннi яго больш за ўсё здзiвiў мой спакой. Яго папрасiлi растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам. Тады дырэктар зiрнуў на свае чаравiкi i сказаў, што ў той дзень я не выявiў жадання паглядзець на маму i нi разу не заплакаў, а потым - з'ехаў адразу пасля пахавання, не застаўшыся нават пасядзець каля магiлы. I яшчэ яго ўразiла, што - як сказаў яму службовец з пахавальнага бюро - я нават не ведаў, колькi маме гадоў. На нейкi момант у зале запанавала цiшыня, i старшыня папрасiў дырэктара пацвердзiць, што ўсё сказанае iм тычыцца менавiта мяне. Дырэктар не зразумеў пытання, i старшыня быў вымушаны растлумачыць:

- Гэтага патрабуе закон.

Потым старшыня запытаўся ў пракурора, цi будуць у яго якiя пытаннi да сведкi, але пракурор усклiкнуў:

- О не! Гэтага дастаткова.

Яго твар свяцiўся ад радасцi, i ён кiнуў на мяне такi пераможны позiрк, што - упершыню за апошнiя гады - у мяне ўзнiкла недарэчнае жаданне заплакаць. Я раптам адчуў, наколькi мяне ненавiдзяць усе гэтыя людзi.

Старшыня папытаўся ў прысяжных i адваката, цi, можа, у iх ёсць якiя пытаннi да дырэктара, i потым загадаў выклiкаць брамнiка. З iм, як i з усiмi, паўтарылася тая ж цырымонiя. Брамнiк увайшоў, хутка зiрнуў на мяне i, адвёўшы вочы, пачаў адказваць на пытаннi. Ён расказаў, што я не хацеў паглядзець на маму, што я палiў, спаў, што я пiў каву з малаком. Я адчуў, як па зале пракацiлася быццам нейкая хваля, i першы раз усвядомiў, што я - вiнаваты. Брамнiка папрасiлi яшчэ раз паўтарыць расказ пра каву з малаком i цыгарэты. Пракурор пазiраў на мяне з iранiчным бляскам у вачах. Але ў гэту хвiлiну адвакат запытаўся ў брамнiка, цi не палiў ён разам са мной. Пракурор адразу ўскочыў i катэгарычна запратэставаў супраць такога пытання:

- Нарэшце, хто тут злачынца, i што гэта за метады, якiя iмкнуцца адно зняславiць сведкаў абвiнавачвання i прынiзiць iх сведчаннi, якiя ў любым выпадку застаюцца не меней пераканаўчыя!

Нягледзячы на гэта, старшыня папрасiў брамнiка адказаць на пытанне. Стары сумеўся i прабалбатаў:

- Я разумею, што не меў рацыi. Але калi пан прапанаваў мне цыгарэту, я не асмелiўся яму адмовiць.

Нарэшце ў мяне спыталi, што я хачу дадаць да ўсяго сказанага. Я адказаў:

- Нiчога. Акрамя таго, што сведка кажа праўду. Цыгарэту сапраўды прапанаваў яму я.

Брамнiк зiрнуў на мяне крыху здзiўлена i з нейкай удзячнасцю. I пасля невялiкага вагання заявiў, што каву з малаком прапанаваў мне ён. Адвакат адразу ўскочыў i пераможна абвясцiў, што панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы, як яны таго заслугоўваюць. Але пракурор тут жа ўзвiўся таксама i з гнеўным абурэннем сказаў:

- Так, панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы. I яны прыйдуць да высновы, што чалавек пабочны мог прапанаваць кавы. Але сын мусiў адмовiцца ад яе перад целам той, хто спарадзiў яго на свет.

Брамнiк вярнуўся на сваё месца ў зале.

Калi настала чарга Томаса Перэса, судоваму выканаўцу прыйшлося яго падтрымлiваць, каб падвесцi да перагародкi перад суддзямi. Перэс сказаў, што, уласна, ведаў толькi маю мацi, а мяне бачыў толькi раз, у дзень пахавання. У яго запыталiся, што я рабiў у той дзень,i ён адказаў:

- Разумееце, мне ў той дзень было вельмi цяжка. I я нiчога не бачыў. Я не мог нiчога ўбачыць праз вялiкае гора. Бо для мяне гэта было сапраўды вялiкае гора. Аднойчы я нават страцiў прытомнасць. I таму я проста не здолеў разгледзець гэтага пана.

Тады пракурор спытаўся, цi бачыў ён, прынамсi, каб я плакаў. I Перэс адказаў - не. Пракурор павярнуўся да мяне i заявiў: