- Дрэйфiш?

Я адказаў - не. Мне, у пэўным сэнсе, нават цiкава зiрнуць на працэс. Такой магчымасцi ў мяне яшчэ не было.

- Праўда, - азваўся другi жандар, - але з часам гэта пачынае абрыдаць.

Праз некаторы час у пакоi пачуўся кароткi званок. З мяне знялi кайданкi. Дзверы адчынiлiся, i мяне правялi за перагародку для падсудных. Зала была набiта бiтком. Скрозь захiнутыя шторы сям-там прабiвалася сонца, паветра было задушлiвае. Шыбаў не адчынялi. Я сеў, з абодвух бакоў мяне абступiлi жандары. У гэту хвiлiну я заўважыў насупраць шэраг твараў. Усе яны глядзелi на мяне, i я зразумеў, што гэта прысяжныя. Па-мойму, яны нiчым не адрознiвалiся адзiн ад аднаго. У мяне тады ўзнiкла ўражанне, быццам я зайшоў у трамвай, i тыя, хто ў iм ужо ехаў, утаропiлiся на новага пасажыра, нiбы хацелi знайсцi ў iм нешта пацешнае. Я разумею, што гэта бязглуздая думка, - яны тут шукалi не пацешнага, яны прыйшлi дзеля злачынства. Але ўсё роўна - невялiкая рознiца; прынамсi, мне так падумалася тады.

Мяне прыгнятала гэтае скопiшча людзей у зачыненай з усiх бакоў задушлiвай зале. Я паўзiраўся вакол, але не здолеў разгледзець нiводнага твару. Спачатку, вiдаць, да мяне яшчэ не даходзiла, што ўвесь гэты люд прыйшоў, каб убачыць мяне. Звычайна нiхто не цiкавiўся маёю асобай. I мне давялося зрабiць намаганне, раней чым я ўсвядомiў, што ўся гэтая ажытацыя - праз мяне. Тады я сказаў жандару:

- Ну i народу!

Ён адказаў, што ўсё гэта з-за газет, i паказаў на гурт людзей, якiя тоўпiлiся вакол стала побач з лавай прысяжных.

- Вунь яны.

Я запытаўся:

- Хто?

Тады ён паўтарыў:

- Газетчыкi.

Ён ведаў аднаго журналiста, i той якраз заўважыў яго i накiраваўся да нас. Гэта быў пажылы сiмпатычны чалавек з крыху маршчынiстым тварам. Ён горача павiтаўся з жандарам за руку. I тады я заўважыў, што ўсе вакол таксама пацiскаюць адзiн аднаму рукi, аклiкаюць знаёмых, гутараць, - нiбы ў нейкiм клубе, дзе ўсе ведаюць адзiн аднаго i рады сустрэчы з людзьмi свайго кола. Тады я зразумеў, адкуль у мяне такое дзiўнае пачуццё, нiбы я тут лiшнi, як чужанiца. Але журналiст усмiхнуўся, павярнуўся да мяне i сказаў:

- Спадзяюся, усё для вас скончыцца добра.

Я падзякаваў, i ён сказаў зноў:

- Вы, напэўна, ведаеце - мы крыху асвяцiлi вашую справу ў прэсе. Для газет лета - пусты сезон. Апроч вас ды гэтага бацьказабойцы, нiчога вартага не было.

Ён паказаў на гурт людзей, ад якiх толькi што адышоў, i кiўнуў на маленькага таўстуна ў вялiкiх чорных акулярах, якi быў падобны да добра адкормленай ласкi.

- Гэта спецыяльны карэспандэнт адной парыжскай газеты, - паведамiў ён. Праўда, ён прыехаў не дзеля вас. Але ўсё роўна яму рабiць справаздачу на працэс бацьказабойцы, дык яго папрасiлi напiсаць i пра вашу справу.

Я зноў ледзь не падзякаваў яму. Але своечасова падумаў, што гэта выглядала б смешна. Журналiст сардэчна махнуў мне рукой i адышоўся. Мы чакалi яшчэ колькi хвiлiн.

Увайшоў мой адвакат, ён быў у мантыi, з усiх бакоў яго абступалi калегi. Спачатку ён рушыў да журналiстаў i пачаў пацiскаць iм рукi. Яны жартавалi, смяялiся i мелi ўвогуле даволi вясёлы i задаволены выгляд, пакуль у судовай зале не пачуўся званок. Тады ўсе разышлiся на свае месцы. Адвакат падышоў да мяне, пацiснуў руку i параiў на ўсе пытаннi адказваць сцiсла, самому нiякай iнiцыятывы не выяўляць i ў астатнiм пакласцiся на яго.

Я пачуў, як злева рыпнула крэсла, i, павярнуўшыся, убачыў высокага, стройнага чалавека ў чырвоным, з прышчэпленым на носе пенснэ. Ён дбайна расправiў мантыю i сеў. Гэта быў пракурор. Судовы выканаўца абвясцiў:

- Суд iдзе.

I адначасова пад столлю загулi два вялiзныя вентылятары, а ў дзвярах узнiклi тры суддзi - два ў чорным, трэцi ў чырвоным. Пад пахай у кожнага тырчала папка. Яны вельмi хутка прайшлi да трыбуны, якая ўзвышалася над усёй залай, i селi. Той, што быў у чырвонай мантыi, сеў пасярэдзiне. Ён зняў сваю квадратную шапачку i, абцершы насоўкаю вузкi голы чэрап, абвясцiў, што слуханне справы адкрыта.

Журналiсты ўжо трымалi ручкi напагатоў. Ва ўсiх быў аднолькавы - абыякавы i крыху кплiвы выгляд. Праўда, адзiн, многа маладзейшы за астатнiх, у шэрым фланелевым гарнiтуры i сiнiм гальштуку, паклаў сваю ручку на стол i пазiраў на мяне. На яго трошкi перакошаным твары я не ўбачыў нiчога, апроч двух вялiкiх i вельмi светлых вачэй, якiя ўтаропiлiся на мяне без усялякага пэўнага пачуцця. У мяне ўзнiкла ўражанне, нiбыта я сам гляджу на сябе. Напэўна, ад гэтага дзiўнага ўражання i ад таго, што я проста не ведаў тутэйшых звычаяў, я не зусiм добра зразумеў, што адбылося пасля: лёсаваннем выбралi прысяжных, старшыня задаў некалькi пытанняў адвакату, пракурор - засядацелям (кожны раз галовы прысяжных усе разам паварочвалiся да суддзяў), потым хутка прачыталi абвiнаваўчы акт, у якiм я пачуў знаёмыя мне назвы мясцiн i iмёны людзей, i задалi яшчэ некалькi пытанняў адвакату.

Нарэшце старшыня сказаў, што суд пераходзiць да допыту сведак. Судовы выканаўца пачаў называць прозвiшчы, якiя прыцягнулi маю ўвагу. Я ўбачыў, як з дагэтуль яшчэ безаблiчнага натоўпу адзiн за адным уставалi i знiкалi за бакавымi дзвярыма дырэктар прытулку, брамнiк, стары Томас Перэс, Раймон, Масон, Саламано, Мары. Раней як выйсцi, Мары ўсхвалявана махнула мне рукой. Мяне здзiўляла, чаму я не заўважыў iх раней. I тут назвалi апошняе прозвiшча, гэта быў Селест. Ён устаў, i я ўбачыў побач з iм тую маленькую жанчыну, якую сустрэў у рэстаране. Яна была ў той самай камiзэльцы i, як i тады, мела падцягнуты i рашучы выгляд. Яна пiльна глядзела на мяне. Але я не паспеў нiчога падумаць, бо слова зноў узяў старшыня. Ён сказаў, што цяпер пачнуцца сапраўдныя спрэчкi бакоў, i таму ён лiчыць залiшнiм прасiць публiку захоўваць спакой. Ён тут, маўляў, дзеля таго каб бесстаронна кiраваць слуханнем справы i садзейнiчаць яе аб'ектыўнаму разгляду. Прысуд, вынесены прысяжнымi засядацелямi, мае быць прыняты згодна з духам правасуддзя, i таму пры сама малым iнцыдэнце ён, старшыня, вымушаны будзе ачысцiць залу.

Спёка павялiчвалася, я бачыў, як прысутныя ў зале абмахваюцца газетамi. З усiх бакоў чуўся няспынны шолах пакамечанай паперы. Старшыня зрабiў знак судоваму выканаўцу, i той прынёс тры вееры з плеценай саломкi, якiя суддзi адразу пусцiлi ў ход.

Неўзабаве пачаўся мой допыт. Старшыня дапытваў мяне спакойна i нават, як мне здалося, з пэўнай сардэчнасцю. Мяне зноў папрасiлi засведчыць маю асобу, i я, нягледзячы на некаторую прыкрасць, падумаў, што, урэшце, пытанне гэта даволi натуральнае, бо судзiць аднаго чалавека замест другога было б недаравальнай памылкай. Потым старшыня пачаў апавядаць пра тое, што я зрабiў, i праз кожныя тры фразы пытаўся ў мяне: