У зале вельмi доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сцiснуўшы рукi i малiлася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, i па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаiлася малiцца i рабiла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмi спалоханая, i ён з халоднай спагадай усвядомiў, як моцна яна баiцца.

Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малiтвы, як правiла, застаюцца без адказу, а такi выпадковы каханы i не думае вяртацца да яе.

Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькi ў такой ступенi, як мог бы шкадаваць пра необходнасць iлгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабiстай маральнай чысцiнёй. Толькi партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калi б яны былi ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасцi сваёй справы. Але такiя разважаннi яго засмучалi, i вось чаму: ён разумеў, што зайздросцiць дабрачынным людзям, якiм ён мог бы быць гэтаксама, калi б быў заможны i ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, мiласэрны, дакладна прытрымлiваўся б законаў гонару, калi б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калi б свет можна было перарабiць па тым узоры, пра якi ён марыў i да якога так палымяна iмкнуўся.

- Вы шчаслiвая, калi верыце, што ён вам дапаможа, - злосна сказаў ён.

Але, са здзiўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.

- Я не веру, - адказала яна, - але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.

Яго ўразiла, як хутка яна зраклася сваёй веры i зрабiла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамi пiсьменнiкаў-рацыяналiстаў i вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалi ён ахвяраваў усiм, каб зрабiцца такiм жа няверуючым, i на iмгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткi сумнення, той паўверы, якая прымусiла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, i ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.

- Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда.

- А можа, у яго не будзе часу.

- Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу.

- Магчыма, - вымавiла яна з сумненнем.

Падзеi мiнулай ночы, успамiны пра пяшчоты Майета знiклi з яе памяцi, нiбы асветлены сонцам мол пагрузiўся ў цемру. Яна паспрабавала згадаць яго вобраз, але дарэмна: ён знiк, нiбы растаў ў натоўпе людзей, якiя прыйшлi на вакзал, каб праводзiць яе ў дарогу. Незадоўга да гэтага яна пачала разважаць, чым жа ён вылучаецца сярод усiх знаёмых ёй жыдоў. Нават яе цела, якое адпачыла i вылечылася, але страцiла разам з болем свой таемны спакой, ясна адчувала, што нiякай рознiцы няма: усе яны падобныя адзiн на аднаго. Яна паўтарыла ўголас: "Вядома ж", - бо саромелася свайго нявер'я. I ва ўсякiм разе наракаць няма чаго, - яна ж не ў горшым становiшчы, чым iншыя зняволеныя, хiба што спознiцца на дзень у вар'етэ. "Такiх, як ён, процьма", - думала яна, адчуваючы, аднак, што ёй усё-такi дарагiя гэтыя далёка не бязвоблачныя ўспамiны.

Немец, седзячы, спаў у кутку. Павекi ў яго пацепвалiся, гатовыя расплюшчыцца пры самым нязначным гуку. Ён звыклы адпачываць у самых нязручных месцах i выкарыстоўваў усякую магчымасць для перадышкi. Калi адчынiлiся дзверы, яго вочы адразу насцярожылiся.

Увайшоў вартаўнiк, махнуў рукой i нешта крыкнуў. Доктар Цынер паўтарыў яго словы па-ангельску:

- Нам загадана выходзiць.

У адчыненыя дзверы надзьмула снегу, i на парозе ўзнiк шэры грудок. Яны ўбачылi сялян, што скупiлiся каля чыгункi. Ёзеф Грунлiх падняўся, абцягнуў пiнжак i пхнуў доктара Цынера локцем у бок.

- А цi не ўцячы нам зараз, усiм разам, пакуль iдзе снег?

- Яны пачнуць страляць.

Вартаўнiк iзноў нешта крыкнуў iм i махнуў рукой.

- Яны ж усё адно будуць страляць, га? Навошта нас выводзiць адгэтуль?

Доктар Цынер павярнуўся да Корал Маскер:

- Думаю, што вам баяцца няма чаго. Вы пойдзеце?

- Вядома. - Потым яна папрасiла ўмольна: - Пачакайце мяне хвiлiнку, я згубiла насоўку.

Высокая хударлявая постаць доктара сагнулася, нiбыта шэры цыркуль, апусцiлася на каленi i выцягнула насоўку з-пад лавы. Нязграбнасць доктара прымусiла яе ўсмiхнуцца, i, забыўшыся на свае турботы, яна падзякавала яму з перабольшанай гарачнасцю. Калi пакiнулi залу, доктар Цынер пайшоў, нахiлiўшы галаву, хаваючы твар ад снегу i ўсмiхаючыся сваiм думкам. Адзiн вартаўнiк iшоў паперадзе, а другi следам за iмi, з вiнтоўкай наперавес, з прымкнутым штыхом. Яны размаўлялi памiж сабой цераз галовы арыштаваных на мове, якую яна не разумела, i вялi яе невядома куды. Сяляне караскалiся на адхон, шлёпалi па гразi, пераступаючы праз рэйкi: яны падыходзiлi блiжэй, iм карцела паглядзець на арыштаваных, i яна крыху баялася iх смуглявых твараў i таго невядомага i таемнага, што адбывалася.

- Чаму вы ўсмiхаецеся? - спытала яна ў доктара Цынера, спадзеючыся пачуць, што ён знайшоў спасаб вызвалiць iх усiх, дагнаць цягнiк, павярнуць назад стрэлкi гадзiннiка.

- Сам не ведаю. А хiба я ўсмiхаюся? Напэўна, таму, што я зноў дома.

На iмгненне яго вусны сцялiся, але потым iзноў расцягнулiся ў лёгкай усмешцы, а вочы, якiя аглядалi ўсё наўкол праз запацелае шкло акуляраў, здавалiся вiльготныя, i ў iх не адлюстроўвалася нiчога, акрамя нейкага незразумелага пачуцця шчасця.

3

Майет глядзеў, як попел цыгары рабiўся ўсё даўжэйшы, i разважаў. Яму вельмi падабалiся тыя хвiлiны, калi застаешся сам-насам i, не чакаючы нiякай знявагi нi ад каго, адчуваеш, што цела тваё задаволенае, а страсцi затухлi. Мiнулай ноччу ён марна спрабаваў працаваць: памiж лiчбамi ўвесь час мiльгаў твар дзяўчыны, - цяпер яна заняла адпаведнае ёй месца. Калi надыдзе вечар, яна зноў зробiцца жаданай i прыйдзе да яго - думаючы пра гэта, ён адчуваў пяшчоту i ўдзячнасць за тое, што, пакiнуўшы яго, яна не пакiнула за сабой непрыемнага следу. Цяпер, нават не гледзячы на свае паперы, ён памятаў лiчбы, якiя раней не мог размясцiць у адпаведным парадку. Ён памнажаў, дзялiў, адымаў, i доўгiя калонкi лiчбаў самi сабой узнiкалi на аконным шкле, за якiм непрыкметна праходзiлi, як прывiды, постацi мытнiкаў i насiльшчыкаў. Потым нехта папрасiў яго паказаць пашпарт - тут попел асыпаўся з яго цыгары, i ён вярнуўся ў купэ паказаць мытнiку свой багаж. Корал там не было, i ён падумаў, што яна ў туалеце. Мытнiк паказаў на яе сакваяж.