Корал выйшла на платформу, наблiзiлася да доктара. Яго ўсмешка, добрая i рассеяная, падалася ёй такой недарэчнай, як скульптурная фiгурка на трухлявых балясiнах.

- Выбачайце, што я звяртаюся да вас, - сказала яна, крыху збянтэжаная яго чапурыстай паважнасцю. Ён пакланiўся i паклаў рукi ў шэрых пальчатках за спiну: яна заўважыла дзiрку на вялiкiм пальцы. - Я думала... мы думалi... цi не адмовiцеся вы павячэраць з намi сёння вечарам?

Усмешка знiкла з яго твару, i яна зразумела: ён падбiрае пераканаўчыя словы, каб адмовiцца.

- Вы былi такi добры да мяне, - дадала яна.

На адкрытым паветры было вельмi холадна, i яны абое пачалi хадзiць уздоўж платформы: замерзлая гразь трашчала пад яе туфлямi i пэцкала ёй панчохi.

- Я быў бы вельмi рады, - сказаў ён, дакладна вымаўляючы кожнае слова, - i мне вельмi шкада, што не магу прыняць вашага запрашэння. Сёння вечарам я выходжу ў Белградзе. Мне было б вельмi прыемна... - ён спынiўся, насупiўся i, здавалася, забыў, што хацеў сказаць далей, сунуў пальчатку з дзiркай на пальцы ў кiшэню плашча. - Мне было б вельмi прыемна...

Двое iшлi ўздоўж пуцi насустрач iм.

Доктар узяў яе пад руку i асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлi ў другi бок уздоўж цягнiка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так i не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавiў iншае:

- Даруйце, мае акуляры зусiм запацелi, хто там наперадзе?

- Некалькi мытнiкаў выйшлi з службовага памяшкання i накiравалiся да нас.

- I болей нiкога? Яны ў зялёнай форме?

- Не, у шэрай.

Доктар спынiўся.

- Ах, вось яно што! - ён узяў яе руку ў сваю, сцiснуў яе далоняй, i Корал адчула ў руцэ канверт. - Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калi будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз iдзiце. Хутка, але зрабiце выгляд, што вы не спяшаецеся.

Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмi ў шэрых шынялях i зразўмела - гэта салдаты. Вiнтовак не было вiдно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступiлi ёй дарогу, i яна была падумала, цi не збiраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалi, аднак калi ёй засталося некалькi крокаў да iх, адзiн салдат саступiў убок, каб даць ёй прайсцi. Яна крыху супакоiлася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пiсьмом, зацiснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусiлi правезцi якую-небудзь кантрабанду? Наркоцiкi? Тут адзiн салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпiць мёрзлая гразь пад яго ботамi, i пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхi, калi б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклiкнуў, i яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такi яна пайшла шпарчэй. Iх купэ было ў наступным вагоне, i яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ палiў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвiлiнку яна вагалася: "Дайду да рэстарана i пастукаю ў акно", - аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвiлiну. Нечая рука дакранулася да яе локця, i нечы голас мякка вымавiў некалькi слоў на чужой мове.

Корал абярнулася, збiраючыся пратэставаць, прасiць, гатовая, калi спатрэбiцца, вырвацца i пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калi яна глянула ў вялiкiя добрыя вочы салдата. Ён усмiхнуўся, кiўнуў i паказаў на будынкi станцыi.

- Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску.

Ён пахiтаў галавой, iзноў усмiхнуўся i махнуў рукой у бок будынкаў станцыi. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамi i разам з iм накiраваўся туды. У гэтым магло i не быць нiчога жахлiвага, ён iшоў паперадзе iх, яны не вялi яго пад канвоем. Салдат кiўнуў, усмiхнуўся i з вялiкай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску:

- Усё зусiм добры, - вымавiў ён i паказаў на будынкi.

- Можна мне толькi папярэдзiць свайго сябра? - папрасiла яна.

Ён пакруцiў галавой, усмiхнуўся, узяў яе пад руку i беражлiва павёў прэч ад цягнiка.

Чакальная зала была парожняя, калi не лiчыць доктара. Усярэдзiне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамi, намаляванымi марозам. Корал увесь час памятала пра зацiснутае ў руцэ пiсьмо. Салдат асцярожна i далiкатна ўвёў яе ў залу i прычынiў дзверы, не замкнуўшы iх.

- Што iм ад мяне трэба? - спытала яна. - Мне нельга спазнiцца на цягнiк.

- Не бойцеся, - адказаў доктар. - Я iм усё растлумачу, i яны адпусцяць вас праз пяць хвiлiн. Калi вас захочуць абшукаць, не супрацiўляйцеся. Пiсьмо ў вас адабралi?

- Не.

- Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасцi.

Яна працягнула яму руку, i якраз у гэты момант дзверы адчынiлiся, увайшоў салдат, усмiхнуўся, падбадзёрваючы яе, i адабраў у яе пiсьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, i салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былi прастадушныя i маркотныя вочы. Калi ён iзноў выйшаў, доктар Цынер сказаў:

- Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назiраць за намi праз замочную шчылiну.

Корал Маскер села на драўляную лаву i выпрастала ногi да печы.

- Вы зусiм спакойная.

- А якi сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нiчога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць.

- Гэта праўда, - з палёгкай вымавiў ён. I, счакаўшы крыху, дадаў: - Вы, пэўна, здзiўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць... Бачыце, ёсць нешта такое, што я лiчу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце.

- Куды ўжо мне? - сказала яна з горкiм гумарам, згадаўшы мiнулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгi свiсток, i яна са страхам схамянулася. - Гэта не наш цягнiк? Мне нiяк нельга спазнiцца.

Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысцiў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы i паглядзеў скрозь марозныя ўзоры.

- Не, гэта падае сiгнал паравоз на другiм пуцi. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся.

- Ах, я нiчога не баюся, - сказала яна, iзноў сеўшы на мулкую лаву. Мой сябар хутка тут з'явiцца. Тады ўжо будзе iх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмi багаты чалавек.

- Вось як?

- Так, i паважаны. Ён узначальвае фiрму. Яны маюць справу з разынкамi. - Яна засмяялася. - Ён прасiў мяне ўспамiнаць пра яго, калi я буду есцi пудзiнг з разынкамi.

- Вось як?

- Але. Ён мне падабаецца. Ён такi добры да мяне. Зусiм не падобны на iншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён... як бы сказаць вам... Ён сцiплы i сарамлiвы.