Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, i Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання i болю мiнулай ночы. Гэта быў зараз зусiм чужы чалавек, якi ўварваўся ў яе жыццё, i ён мог лёгка адмовiцца ад тых слоў, якiя нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такi падарунак лёсу наўрад цi яшчэ выпадзе на яе долю. Iзноў прыходзiлi ў голаў словы пажылых i спрактыкаваных кабет: "Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех". I адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў: "Ты не павiнна напамiнаць яму пра яго абяцаннi". Але яна ўсё-такi падышла i пяшчотна прыгладзiла яго валасы, каб яны хоць крышачку зрабiлiся падобныя на тыя, якiя ў марах абрамлялi твар яе каханага. Калi Корал дакранулася да яго лба, ён расплюшчыў вочы, i яна смела сустрэла яго погляд: яна вельмi баялася ўбачыць у iм адчужанасць - раптам ён яе не пазнае i ўжо паспеў забыцца на тое, хто яна i што яны рабiлi разам. Яна падбадзёрвала сябе прымаўкай: "Святое месца не пустуе", - аднак яе радасна здзiвiла тое, што яму не спатрэбiлася нiякiх намаганняў, каб успомнiць усё.

- Так, нам абавязкова трэба запрасiць скрыпача.

Яна з палёгкай запляскала ў далонi:

- I не забудзься пра доктара.

Корал прысела ўскрай палiцы i ўсунула ногi ў туфлi. "Я такая шчаслiвая". Ён усё памятае, ён збiраецца стрымаць свае абяцаннi. Яна зноў пачала спяваць: "Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна".

Кандуктар iшоў па калiдоры i грукаў у дзверы купэ:

- Будапешт! Будапешт!

Усе агнi пазлiвалiся разам. Над другiм берагам ракi гарэлi тры зоркi, быццам iх згубiла зацягнутае хмарамi неба.

- Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.

- Гэта замак, - сказаў ён.

- Будапешт.

Ёзеф Грунлiх, якi драмаў у сваiм кутку, адразу прачнуўся i падышоў да акна. Мiма, памiж высокiмi шэрымi будынкамi, прамiльгнула вада. Агнi, якiя гарэлi на верхнiх паверхах, раптам знiклi за аркай вакзала. Потым цягнiк праслiзнуў пад дах вялiзнай гулкай залы i спынiўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом мiстэр Оўпi, жвавы, спрытны i дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамi для гольфа, тэнiсную ракетку ў чахле. Ёзеф усмiхнуўся i выпнуў грудзi: постаць мiстэра Оўпi нагадала яму пра яго злачынства. Мiма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету i яе мужа. Яны, спатыкаючыся, iшлi за iм па пятах, разгубленыя i напалоханыя свiстком паравоза i крыкамi на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсцi з цягнiка. I адразу, паколькi справа датычылася бяспекi, думкi яго перасталi быць iранiчныя цi напышлiвыя; дробненькiя акуратныя колцы ў яго мазгу закруцiлiся i, нiбыта кантрольны апарат у банку, пачалi з бездакорнай дакладнасцю рэгiстраваць дэбет i крэдыт. У цягнiку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: палiцыя магла яго арыштаваць на любой станцыi, таму, чым хутчэй ён будзе на волi, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблiвых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калi ён паедзе да Канстанцiнопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытнi. Механiзм у яго мазгу зноў правяраў лiчбы, дадаваў, улiчваў i прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Палiцыя ў Будапешце квалiфiкаваная i спрактыкаваная, у балканскiх краiнах яна прадажная - там няма чаго баяцца мытнi. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунлiх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён iзноў паглыбiўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мiтусiлiся iмгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылi пра яго: "Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён нiводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забiў Кольбера ў Вене".

- Будапешт.

Доктар Цынер на хвiлiну-другую прыпынiў сваю пiсанiну. Гэта маленькая паўза была данiнай павагi да горада, дзе нарадзiўся яго бацька. Пакiнуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасялiўся ў Далмацыi. У Венгрыi ён працаваў на зямлi, якая яму не належала. У Сплiце i, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству i пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такi тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае iснаванне i атрыманая ў спадчыну ад бацькi кроў венгерскага селянiна дазволiлi доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывiлiзацыi, водгукi якой даносiлiся ў цёмныя, смярдзючыя балканскiя завулкi. Ён быў нiбы афiнскi раб, якi зрабiўся вольным чалавекам у нецывiлiзаванай краiне: той сумаваў па статуях, паэзii, фiласофii, - адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, мiма праносiлiся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: "Rеstоrасiоj", "Рostо", "Infоrmоj"*. Зусiм блiзка ад вагона мiльганула афiша "Теаtzoj Каj Аmuzеjоj"**, i ён машынальна запомнiў незнаёмыя назвы тэатраў i кабарэ, якiя адчыняцца якраз тады, калi цягнiк будзе падыходзiць да Белграда: "Опера", "Ройял Орфеум", "Табарэн" i "Жардэн дэ Пары". Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: "У Будзе жывуць весела". Яго бацька гэтак жа трохi павесялiўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасцi назiраў, прыцiснуўшыся тварам да вiтрыны рэстарана, якiя падаюць там дзiвосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якiя пераходзiлi ад столiка да столiка, i прастадушна радаваўся з усiмi. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.

* Рэстаран, пошта, бюро даведак (скаж. эсперанта).

** Тэатры i кабарэ (скаж. эсперанта).

Доктар папiсаў яшчэ хвiлiн дзесяць, а потым склаў паперы i сунуў iх у кiшэню плашча. Ён хацеў быць падрыхтаваным да любой выпадковасцi, ведаў, што яго ворагi не будуць з iм далiкатнiчаць: яны заб'юць яго ў якой-небудзь глухой вулачцы, абы толькi не ўбачыць яго на лаве падсудных. У яго цяперашнiм становiшчы была адна перавага - яны не ведалi пра ягоны прыезд: яму трэба аб'явiць пра сваё дабравольнае вяртанне ў Белград, перш чым яны даведаюцца, што ён прыехаў, бо тады ўжо будзе немагчыма тайна забiць нiкому не вядомага чалавека, у iх не застанецца iншага выйсця, як толькi аддаць яго пад суд. Ён адчынiў чамадан i ўзяў "Бедэкер". Потым чыркнуў запалкай i паднёс яе да ражка схемы: глянцавая папера гарэла марудна. Чыгунка на схеме ўспыхнула язычком полымя, i ён убачыў, як сквер каля пошты ператварыўся ў чорны попел. Потым зелянiна парка "Калiмагдан" зрабiлася карычневай. Вулачкi трушчоб загарэлiся апошнiя, i ён падзьмуў на полымя, каб прыспешыць яго.