- Маёр Петкавiч, - сказаў ён, - прачытайце, калi ласка, абвiнаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.

Доктар Цынер выняў рукi з кiшэняў плашча i працёр акуляры. Ён прымусiў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.

- Абвiнаваўчае заключэнне? - спытаў ён. - Што вы маеце на ўвазе? Хiба гэта суд?

Маёр Петкавiч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:

- Змоўкнiце!

- Гэта разумнае пытанне, маёр, - сказаў палкоўнiк Хартэп. - Доктар быў за мяжой. Бачыце, - працягваў ён мякка i вельмi зычлiва, - мы мусiлi былi прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.

- Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзiцца без папярэдняга следства.

- Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становiшча было абвешчана ўчора на свiтанку, - растлумачыў палкоўнiк Хартэп. - Маёр Петкавiч, пачынайце.

Маёр Петкавiч пачаў чытаць доўгi, напiсаны ад рукi дакумент, многiя месцы яму цяжка было разабраць.

- "Арыштаваны Рычард Цынер... змова супраць урада... пазбег пакарання за iлжэсведчанне... фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх абвiнавачваецца ў нашэннi зброi. Арыштаваная Корал Маскер абвiнавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада". - Ён паклаў паперу на стол i сказаў палкоўнiку Хартэпу: - Я не ўпэўнены ў законнасцi складу гэтага суду. Абвiнавачаныя павiнны мець абаронцу.

- Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?..

- Не. Суд павiнен складацца, прынамсi, з трох афiцэраў, сама меней.

- Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, - перабiў яго доктар Цынер, гэтыя двое не разумеюць нiводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама.

- Гэта не па правiлах, - сказаў маёр Петкавiч.

Начальнiк палiцыi паглядзеў на гадзiннiк.

- Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць.

Тоўсты афiцэр кiўнуў, паднёс да рота руку i падмiргнуў Хартэпу.

- Дзевяноста пара.

- Адзiн дынар.

Майет патушыў цыгарэту. Ён ужо найграўся.

- Ну, згодзен. Адзiн дынар. Сёння а дзевятай гадзiне вечара.

Ён хутка вярнуўся ў сваё купэ. Але Корал там усё яшчэ не было. Пасажыры выходзiлi з цягнiка, размаўлялi, смяялiся, пацягвалiся. Машынiста акружыў невялiкi натоўп, i ён з гумарам тлумачыў прычыну аварыi. Хоць наўкол не было вiдаць нiводнага будынка, некалькi сялян ужо з'явiлiся каля цягнiка, яны прадавалi бутэлькi з мiнеральнай вадой i ледзянцы на палачках. Шаша праходзiла паралельна чыгунцы, iх раздзяляла толькi града снежных сумётаў. Шафёр нейкага грузавiка гудзеў клаксонам i гучна крычаў:

- Хутка дамчым да Белграда! Сто дваццаць дынараў. Хутка даставiм у Белград!

Гэта была нечуваная цана, i адзiн мажны камерсант адгукнуўся на прапанову шафёра. Каля шашы пачаўся доўгi гандаль. "Мiнеральныя воды! Мiнеральныя воды!" Немец з коратка падстрыжанай галавой крочыў узад i ўперад, незадаволена размаўляючы сам з сабой. Майет пачуў у сябе за спiнай нечы голас, якi сказаў па-ангельску:

- Iзноў пойдзе снег.

Ён азiрнуўся з надзеяй, што гэта Корал, але то была жанчына, якую ён сустрэў у вагоне-рэстаране.

- Не надта весела затрымацца тут, - сказаў ён. - Спатрэбiцца некалькi гадзiн, пакуль прышлюць другi паравоз. А што, калi паехаць да Белграда на машыне?

- Гэта што, прапанова, запрашэнне?

- У складчыну.

- Але ў мяне няма нi гроша.

Яна абярнулася i памахала рукой:

- Мiстэр Сейвары, хадземце сюды, можна наняць у складчыну машыну. Вы, вядома, заплацiце маю долю?

Мiстэр Сейвары локцямi працiснуўся праз натоўп пасажыраў, якiя скупiлiся вакол машынiста.

- Не магу ўцямiць, пра што гаворыць гэты хлапец. Нешта наконт катла, сказаў ён. - Паехаць разам на машыне? - працягваў мiстэр Сейвары ўжо павольней. - Напэўна, гэта будзе каштаваць даволi дорага?

Ён пiльна паглядзеў на жанчыну, нiбыта чакаючы ад яе адказу на сваё пытанне. "Ён, вядома, прыкiдвае, узважвае, якую карысць ён будзе мець з гэтага", -падумаў Майет. Ваганнi мiстэра Сейвары, насцярожанае маўчанне жанчыны абудзiлi ў iм iнстынкт супернiцтва. Яму захацелася паказаць ёй сваё багацце, як паўлiн разгортвае хвост, i асляпiць яе раскошаю сваiх скарбаў.

- Шэсцьдзесят дынараў - з вас дваiх.

- Я толькi пайду i пагавару з начальнiкам цягнiка, можа, ён ведае, як доўга...

Пайшоў снег.

- Калi вы захочаце падзялiць са мной кампанiю, мiс...

- Джанет Пардаў, - сказала яна i падняла каўнер футра да самых вушэй. Яе шчокi гарэлi, разрумяненыя снегам. Майет мог уявiць сабе абрысы яе ахутанага футрам цела i параўнаць яе з хударлявай голай Корал. "Мне давядзецца Корал узяць з сабой", - падумаў ён.

- Так, так, яна выйшла з цягнiка ў Субоцiцы. Я ведаю, каго вы маеце на ўвазе. Вы абедалi з ёй учора. - Яна ўсмiхнулася яму. - Гэта, пэўна, ваша каханка?

- Яна выйшла з сакваяжам?

- Ды не, здаецца. У яе з сабой нiчога не было. Я заўважыла, як яна прайшла з мытнiкам на станцыю. А яна забаўная малышка, праўда? З вар'етэ? спытала Джанет, але даволi абыякава. Па яе тоне Майет зразумеў, што яна асуджае не дзяўчыну, а яго самога за тое, што ён марна трацiць грошы.

Гэта яго ўзлавала, нiбыта яна крытыкавала яго разынкi, быў кiнуты цень на яго пранiклiвасць i дабрачыннасць. "Зрэшты, я выдаткаваў на яе не болей, чым патрацiў бы на вас, калi б узяў вас з сабой у Белград, - падумаў ён, - а цi расплацiлiся б вы са мной такiм самым спосабам i з такой самай шчодрасцю, як яна?" Аднак рознiца памiж iмi выклiкала ў iм жаданне i горыч, таму што гэтая дзяўчына была блiскучая статуэтка з срэбра, а Корал - у лепшым выпадку прывабным кавалачкам каляровага шкла. Корал абуджала чыста сентыментальныя пачуццi, а ў Джанет была нейкая ўнутраная каштоўнасць. "Яна не з тых, каму трэба не толькi грошы, але i прыгожае цела, якое задаволiла б яе пажадлiвасць, розум, адукаванасць. Я жыд, i мяне навучылi толькi таму, як рабiць грошы". Але тым не меней яе пагарда ўзлавала яго i дапамагла адмовiцца ад недасяжнага.

- Яна, пэўна, адстала ад цягнiка. Мне трэба вярнуцца за ёй.

Ён не папрасiў прабачэння за парушанае абяцанне i хутка рэцiраваўся. Добра, што было яшчэ не позна.

Камерсант усё яшчэ таргаваўся з шафёрам. Той панiзiў суму да ста дынараў, а той падняў да дзевяноста. Майету было няёмка ўблытвацца ў iх здзелку, ён разумеў: абодва яны будуць пагарджаць iм за тое, што ён пора гарачку i паводзiць сябе такiм чынам не да твару самавiтаму бiзнесмену.