Падыходжу я да "дагаварной хаты", у якую павiнны прымаць на начлег. Стукаю ў акно.

- Хто там?

- Начаваць да вас!

- Заўтра ў мяне свята, я мыю падлогу, нiкога не пушчаю.

- А дзе ж мне начаваць?

- Дзе хочаш! Бывай здароў!

Калi не хочуць размаўляць у той хаце, гаспадынi якой плацiлi грошы, дык што ж мне маглi сказаць у суседнiх!

I надумаў я iсцi ўсю ноч да свайго жытла. Прыблiзна на сярэдзiне вёскi якраз паварот на тайгу. Падыходжу я да гэтага павароту i бачу каля яго хату. Хата вялiкая, тыпова сiбiрская, але нейкая дужа заняпалая. На ёй не тое каб страхi, але i крокваў нават няма. А так i комiн стаiць, i вокны зашклёныя. Дай, думаю, яшчэ раз паспрабую. Стукаю ў акенца. Жаночы голас пытаецца:

- Што вам трэба?

Я тлумачу. Жанчына адказвае:

- У мяне дужа бедная хата. Iдзiце куды ў лепшую.

Зноў тлумачу:

- Я шукаю не багацця, а дзе б мне ноч перасядзець. Гэта ж мароз - градусаў сорак...

- Заходзьце, калi ласка! Толькi не крыўдуйце...

Адчынiла яна дзверы. Зайшоў. Якая б хата нi была, а пасля такога марозу рай! Мiж iншым, у хаце чыста, падлога аж зiхацiць, нашоркана венiкам з пясочкам.

Павiтаўся я. Распрануўся ды пытаюся:

- Цi няма ў вас трохi гатаванай вады, хоць кубачак.

Яна адказвае, што ў печы - поўны чыгун. Хочаш пi, хочаш мыйся.

Я такi папарыў свае ногi, пасля налiў кубачак вады, дастаў з рукзака буханку хлеба i чую, што мяне нiбыта голкамi нешта коле. Узнiмаю вочы ўгору, а там, на палатках, дзецi гэтай гаспадынi, чацвёра. Ведаючы, як у iх кепска справа з харчаваннем, я запытаўся:

- А цi няма ў вас яшчэ кубачкаў?

Гаспадыня мая здзiвiлася:

- А што вы з iмi будзеце рабiць? Кубачкi ёсць, зразумела.

Паставiла яна яшчэ пяць кубачкаў. Налiў я ў iх гарачай вады, парэзаў на шэсць кавалкаў сваю буханку хлеба i на кожную лусту паклаў падушачак.

- Справа ў тым, дарагая гаспадыня, што я чалавек сямейны. У нас заведзена так, каб усе садзiлiся за стол разам, а нiхто адзiн аднаму ў рот не заглядваў.

Яна пачала пярэчыць, што мне яшчэ дзень iсцi. Я адказаў, маўляў, мне лягчэй стане iсцi, калi на сэрцы будзе лёгка...

Пакуль мы з ёй размаўлялi, дзецi самi пазлазiлi, селi ля стала, i мы ўсе разам павячэралi.

Ранiцой, аддзякаваўшы ёй за начлег, пайшоў я ў свой апошнi перагон i ўжо цёмна-цёмна з'явiўся дадому...

I смех, i грэх...

Заўтра - Пятро, як дзяды нашы казалi. Нават i ў Сiбiры настала лета. Мы пазаносiлi на вышкi розныя накрыўкi, iмi накрывалi лехi гурковыя, таматы ды наогул усю гароднiну, якая не мае дружбы з замаразкамi. Але па старой звычцы кожны вечар, кладучыся спаць, я выходзiў на ганак i глядзеў, колькi градусаў на надворным тармометры.

Пайшоў i ў той вечар, адзiнаццатага лiпеня. На тэрмометры было два з паловай градусы цяпла. Калi я сказаў пра гэта жонцы, яна не паверыла i дала раду:

- Пасвяцi электрычным лiхтарыкам, трэба ведаць вельмi дакладна.

Пры электрычным святле - усё роўна два з паловай градусы. У маленстве я чытаў апавяданне аднаго фiнскага пiсьменнiка, як стары, сiвы i ў дадатак сляпы дзядуля выйшаў ранiцай на панадворак, памацаў рукой зямлю i пасля гэтага закрычаў у роспачы: "Дзеткi, уставайце! Уся наша праца загiнула!". Каб пасля бяды не галасiць дарэмна, не мацаць ранiцай прымарожаную гароднiну, мая гаспадыня дала параду:

- Пастаў будзiльнiк на першую гадзiну ночы. Тады пабачым. Калi знiзiцца яшчэ, пойдзем накрываць.

Зрабiўшы так, я паскiдваў, на ўсякi выпадак, усе накрыўкi з вышак, сабраў у адно месца старыя газеты i пасля таго заснуў. Неўзабаве зазванiў гадзiннiк. Я да градуснiка: паўтара градуса марозу. Значыцца, перад свiтаннем будуць усе шэсць. Не бавячы часу, мы занялiся ратаваць сваю працу. У нас была яшчэ аўчарка, дык яна, паддаўшыся нашаму настрою, больш паловы накрывак перацягала ў гарод. Накрываць мы накрываем, а нашы суседзi спяць, нiчога не чуюць. Падбег я да аднаго акна, стукнуў:

- Мароз, накрывайце гароднiну.

Маладая гаспадыня выскачыла босая, аж гвалт закрычала:

- Зiмна! - Пабегла яна, абулася ды за працу.

Падышоў я да другое хаты, стукнуў таварышу, з якiм разам у майстэрнi адной працавалi:

- Пятро! Мароз! Мы гарод накрываем!

А ён мне адказвае:

- Сусед дарагi! Заўтра мае iмянiны, нiякiх маразоў не павiнна быць. А што вы накрываеце - накрывайце, у вар'яцкiм доме яшчэ весялейшыя фокусы бываюць...

Падзякаваў я за такi прыгожы камплiмент ды зноў на свой гарод. Панакрывалi мы ўсё, нават фасоль i тую газетамi пазасцiлалi. Апрача таго, поўныя бочкi, якiя для палiву стаялi, вадой дапоўнiў. Глянулi на градуснiк - шэсць градусаў марозу.

Ранiцай, як толькi сонейка ўзышло, паднялося, пайшлi мы ўсе накрыўкi скiдаць ды гароднiну вадой з палiвачак палiваць. У нас - не змерзла нiводнага калiва, а ў беднага iмянiннiка нават бульбоўнiк увесь счарнеў.

Днём у майстэрнi смеху было немаведама колькi. А гэты самы Пятро мне прэтэнзiю даў:

- Чаму вы мяне не ўгаварылi? Я тады, можа б, устаў i таксама пазакрываў сваю гароднiну.

Саратаўскi беларус

Прыехалi мы з жонкай у Беларусь. У адну маленькую вёсачку, дзе нiколi ў жыццi не былi, нiкога з людзей да таго не бачылi i не ведалi. Вёсачка дужа прыемная, прыгожая. Нават вулiца i тая асаблiвая, не падобная да iншых: зялёная, спарышнiкам уся зарасла, як зялёным дываном пакрыта. А з бакоў, апрача садоў i кветнiкаў, рабiнамi абсаджана. Ходзiм мы на возера купацца, ходзiм у лес грыбы збiраем, на памежках некаторыя лекавыя раслiны бяром ды сушым: святаяннiк, насенне трыпутнiку, мяту. Адначасна, калi бывае ў людзей вольны час, слухаем, як яны гавораць, якая ў iх сама вымова, якi лексiчны запас. Iдучы вулiчкай, да нас на лаўку перад домам садзяцца калi, хоць на кароткi час, суседзi, пытаюцца, расказваюць...

А насупраць дома нашай гаспадынi жыла адна вельмi слаўная сям'я. Мацi працавала на мясцовай пошце, бацька - рабочы. Дачушка старэйшая адвучылася ў восьмым, перайшла ў дзевяты клас. Мала таго, што прыгожая i разумная, але гэта была на дзiва для нас з жонкаю працавiтая дзяўчына. Яна адна даглядала ўсю хатнюю гаспадарку, гатавала есцi для ўсёй сям'i, рыхтавала пойла ды корм для жывёлы, прачкарыла, знаходзiла i час чытаць кнiгi. А школьныя адзнакi ў яе ўсе былi выдатныя. Гэтыя акалiчнасцi выклiкалi ў нас вялiкую сiмпатыю да гэтае сям'i i не меншую павагу. Калi аднойчы да нас падышоў пагаманiць крыху сам бацька, мы з вялiкiм задавальненнем паслухалi яго, падтрымалi размову з iм. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з лiтаратурным ухiлам. Вымова ў яго была чыстая, натуральная: казаў "дзякую", а не "д'зякую", як некаторыя ў горадзе, "сяджу", а не "сяд'жу".