Пастараўся i я. Аформiўшы i адрэдагаваўшы празаiчны матэрыял, багата нататак я перадаў вершаванымi радкамi: па два, самае вялiкае - па чатыры радкi.

Першыя чытачы i крытыкi былi рабочыя таго камсамольскага завода. Яны аднагалосна ўхвалiлi нашу работу i павiншавалi нас з такiм вынiкам. Паклiкалi начальнiка. Ён, як кажуць у такiх выпадках, аслупянеў: некалькi хвiлiн моўчкi разглядаў газету, пасля чаго запытаўся:

- Гэта для нас? Няўжо такi праўда, што гэта для нас?

- Якiя могуць быць жарты! Вось жа i партрэты вашых работнiкаў!..

- Ну, усё! Гэта газета паедзе ў Маскву!

- Хiба для яе месца не хопiць у Iркуцку?

- Ды не ў тым справа... Яе возьмуць на Ўсесаюзную выстаўку насценных газет...

- Як сабе хочаце, мы сваю справу зрабiлi.

На блiжэйшай станцыi начальнiк цягнiка вывесiў газету на знадворны бок свайго вагона i, пакуль мянялi лакаматыў, пасажыры i цягнiковая абслуга чыталi i разглядалi яе, даючы добрыя водгукi. Гэта ўсё натхнiла начальнiка на такую прапазiцыю:

- Пераходзьце да мяне ў дзевяты вагон! Я вам даю на двух мяккае купэ.

Во ганарар зарабiлi! Ледзьве-ледзьве мы ўтлумачылi, што для нас ганарар добрыя водгукi, што знаходжанне ў сваiм калектыве, - а тыя брыгаднiкi пачалi лiчыць i нас членамi свае брыгады, - i ёсць узнагарода.

Развiталiся мы з iм вельмi добра ў Iркуцку... Там у мяне была перасадка на новы цягнiк.

Галка з гадзiннiкам

У 1947-1949 гадах жыў я ў Мiнгрэлii, на Каўказе. У нашым паселiшчы жыла адна сям'я. Бацька працаваў агратэхнiкам на чайных плантацыях, мацi настаўнiцай у сярэдняй школе. Было ў iх двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка. Вучылiся яны ў ў той жа школе, дзе працавала мацi. Дзецi гэтыя былi добрыя, сардэчныя. Праўду кажучы, дрэнных дзяцей мы там i не сустракалi наогул. Але гэтыя - былi лепшыя з лепшых. Неяк аднойчы знайшлi яны маленькую галачку, якая вывалiлася з гнязда. Пашкадавалi яны, каб гэтую галачку сабакi цi каты не з'елi. Узялi ды аднеслi ў сваю кватэру. Там брат i сястра даглядалi галачку, кармiлi яе, размаўлялi з ёй штодня... Галачка падрасла, стала спраўнай птушачкай. Пачала лётаць. Адлятаючы на платаны да сваiх родзiчаў, яна зноў вярталася да дзяцей. Калi дзецi iшлi ў школу, галачка "ехала" на плячы ў хлопчыка або ў дзяўчынкi. На вялiкай перамене школьнiкi прабавалi кармiць яе, але яна брала ежу толькi ад сваiх гаспадароў. Калi сама яна наядалася, тады брала ежу ў дзюбку i адносiла другiм галкам, якiя сядзелi на блiжнiх дрэвах i ўважна сачылi за ўсiмi падзеямi на школьным дварышчы.

Разам са сваiмi юнымi сябрамi галачка ад школы вярталася на кватэру.

У суседнiм доме жыла сям'я рабочых чайнага саўгаса. Прыехалi яны на заробак з Варонежчыны. У гэтай сям'i было таксама двое дзяцей, але дарослых: хлопец i дзяўчына. Усе яiны працавалi на чайных плантацыях, толькi хлопец крыху гультаяваты быў. Сястра зарабляла добра i, мiж iншым, купiла сабе залаты гадзiннiк. Яна насiла яго на руцэ толькi ў святочныя днi. Вось i ў той дзень, у нядзелю, яна дастала з куфэрка свой каштоўны гадзiннiк, паклала яго на тумбачку, а сама пайшла на панадворак мыцца. Памыўшыся, прыходзiць у пакой, зiрнула - гадзiннiка няма. Нiхто з вулiцы ў пакой не ўваходзiў. У пакоi быў адзiн брат, якi спаў на сваiм ложку.

Сястра раскатурхала яго i запатрабавала, каб ён аддаў ёй гадзiннiк. Той адказвае, што ён нiякага гадзiннiка i ў сне не бачыў.

Прыйшлi ў хату бацькi, узялiся саромiць хлопца. Адным словам, пачаўся вялiкi скандал.

Тым часам на вулiцы пад платанамi гулялi дзецi. Раптам яны заўважылi, што на адным платане сядзiць галачка i трымае ў дзюбiку гадзiннiк. Гэта iх, зразумела, зацiкавiла i яны пачалi выгукваць:

- Галка з гадзiннiкам!

- Галка з гадзiннiкам!

Пачулi пра тое ў хаце, дзе iшла вялiкая сварка. Выбеглi ўсёй сям'ёй на вулiцу. Бачаць - сапраўды галка трымае дзяўчынiн гадзiннiк.

- Трэба хутчэй паклiкаць галчыных гаспадароў!

Як толькi тыя прыйшлi, галачка адразу зляцела з дрэва на дзяўчынчына плячо, а дзяўчынка i забрала ад яе гадзiннiк...

А як галачка ўзяла чужы гадзiннiк? Вельмi проста: яна пабачыла адчыненую фортачку. Пырхнула ў хату - а там на тумбачцы нешта блiскучае, прыгожае. Яна за браслецiк ды на дрэва.

Пра спадчыну далёкiх продкаў

Працуючы, робячы што-небудзь, мы, бывае, забываемся на самыя старадаўнiя спосабы паляпшэння працы, вынайдзеныя яшчэ калi-калi нашымi продкамi. Асаблiва гэта адчуваецца там, дзе няма магутнай тэхнiкi, а работы - нечапанае мора. Але знаходзяцца людзi, памяць якiх трымае ў сваёй глыбiнi такiя спосабы i, у выпадку патрэбы, выклiкае iх на сонечны дзень. Сустракаў я за сваё жыццё нямала гэткiх здольных, мудрых людзей. Работу, на якую большасць трацiла багата энергii, выяўлялася, можна зрабiць пры зусiм малой затраце сiл. Калi хто пачынае рабiць гэтую самую работу больш лёгкiм спосабам, думаеш: "Ой! Праўда! А як жа, чаму ж гэта мы самi не здагадалiся?" У такiх выпадках трэба ў першую чаргу запытацца ў сваёй памяцi, у свайго розуму: "Як лягчэй, хутчэй i лепш зрабiць гэтую работу?" - i толькi пасля такога роздуму пачынаць яе.

Асаблiва мне запомiнiўся, добрым словам не раз яго згадваў i згадваю, адзiн сталяр, уралец Сяргей Аляксандравiч Муратаў. Мне пашэнцiла працаваць з iм не малы час, хоць я для яго быў напарнiк несамавiты: ён - выдатны майстар-сталяр, а я - сталяр звычайны.

Вазьму пару самых простых прыкладаў з супольнай працы. Наша брыгада канчала новы дом. Хто насцiлаў падлогу, хто столь, хто навешваў вокны i дзверы. Работа iшла добрым ладам, без жаднае затрымкi. У свой час прывезлi нам абед. Паабедалi. Прыходзiць прараб, звяртаецца да ўсiх.

- Браточкi! Маю вельмi тэрмiновае, нечаканае заданне. Трэба перанесцi лiстоўнiчнае бярвенне ад штабеля, дзе яно ляжыць, да вашага дома. Работа гэтая для возчыкаў з коньмi, але iх сёння няма i не будзе. Яны ўсе заняты далёка адсюль. За пераноску я заплачу ў падвойным размеры. Насiць iх можаце як хто здумае: хоць па два чалавекi, хоць па дзесяць адразу да аднаго бервяна ляпiцеся, абы толькi работа была зроблена.

Цесляры, сталяры, паабедаўшы, - адразу да штабеля, каб, скончыўшы гэтую нечарговую работу, перайсцi да сваёй, асноўнай. Бярвеннi такiя, што адно бралi чатыры чалавекi. А то i шэсць, i восем. Пабачыўшы гэта, я кажу свайму сябру:

- Сяргей Аляксандравiч! Трэба нам далучыцца да якога звяна, бо мы ўдвух нiчога не зробiм. Бачыш, як носяць?