- Напэўна, - сказаў я капiтану, - там на караблi пачалi ўжо непакоiцца, чаму так доўга не вяртаецца лодка. Хутка яны захочуць даведацца, што здарылася з матросамi, якiя паехалi на бераг, i пашлюць да нас другую лодку. На гэты раз у лодцы прыедуць узброеныя людзi, i тады мы не справiмся з iмi.

Капiтан згадзiўся са мною.

- Перш за ўсё, - гаварыў я далей, - мы павiнны паклапацiцца пра тое, каб бандыты не здолелi адвезцi свой баркас назад, а таму трэба зрабiць яго непрыгодным для плавання, гэта значыць прадзiравiць яго дно.

Мы зараз жа заспяшалiся да баркаса. Гэта была вялiзная лодка з крутымi бартамi. У баркасе аказалася многа рознага дабра. Мы знайшлi там сякую-такую зброю, парахаўнiцу, дзве бутэлькi - адну з гарэлкай, другую з ромам, некалькi сухароў, вялiкi дроб цукру (фунтаў пяць цi шэсць), загорнуты ў парусiну. Усё гэта было мне вельмi дарэчы, - асаблiва гарэлка i цукар: нi таго, нi другога я не спытваў ужо шмат гадоў.

Склаўшы ўвесь гэты груз на беразе i прыхапiўшы з сабою вёслы, мачту, ветразь i руль, мы прабiлi ў дне баркаса вялiкую дзiрку. Такiм чынам, калi б ворагi аказалiся мацнейшымi за нас i нам не ўдалося б з iмi справiцца, iх баркас усё роўна застаўся б у нашых руках, i, шчыра кажучы, на гэта я разлiчваў больш за ўсё.

Прызнаюся, я не вельмi верыў, што нам пашанцуе адабраць у пiратаў карабель. "Але няхай яны пакiнуць нам баркас, - думаў я сам сабе. Адрамантаваць яго няцяжка, а на такiм судне я лёгка дабяруся да Падветраных выспаў*.

* Падветраныя выспы - выспы ў Вест-Iндыi, на паўночным усходзе Карыбскага мора.

Па дарозе магу нават наведаць майго гiшпанца i яго суайчыннiкаў, якiя пакутуюць у дзiкуноў".

Пасля таго як агульнымi намаганнямi мы ўсцягнулi баркас на такое высокае месца, куды не дасягае прылiў, мы прыселi адпачыць i параiцца, што ж нам рабiць далей.

Раптам з карабля мы пачулi гарматны стрэл. На караблi замахалi сцягам. Гэта, вiдаць, быў сiгнал баркасу.

Крыху пазней грымнула яшчэ некалькi стрэлаў, сцягам махалi, не перастаючы, але ўсе гэтыя сiгналы заставалiся без адказу: баркас не рухаўся з месца. Нарэшце з карабля спусцiлi шлюпку (усё гэта нам было добра вiдаць у падзорную трубу). Шлюпка накiравалася да берага, i, калi яна падышла блiжэй, мы ўбачылi, што ў ёй не менш дзесяцi чалавек, узброеных стрэльбамi.

Ад карабля да берага было каля шасцi мiляў, так што мы маглi разгледзець людзей, якiя сядзелi ў шлюпцы. Нам вiдны былi нават iх твары: цячэннем шлюпку аднесла крыху на ўсход ад таго месца, куды прычалiў баркас, а веслярам, вiдаць, хацелася прычалiць абавязкова да гэтага месца, i таму некаторы час iм давялося iсцi ўздоўж берага, непадалёку ад нас. Тады вось мы i змаглi добра разгледзець iх. Капiтан пазнаваў кожнага i паведамляў мне пра кожнага сваю думку.

Па яго словах, мiж iмi знаходзiлася тры вельмi сумленныя матросы; ён быў упэўнены, што iх падбухторылi супроць iх волi, пад пагрозай расправы, але затое боцман i ўсе астатнiя - закончаныя бандыты i нягоднiкi.

- Баюся, што з iмi мы не справiмся, - дадаў капiтан. - Усё гэта адчайны народ, а цяпер, калi яны яшчэ даведаюцца, што мы i супрацiўляемся, яны нас не памiлуюць. Страшна падумаць, што яны з намi зробяць!

Я ўсмiхнуўся i адказаў яму:

- Чаму вы гаворыце з такiм страхам? Хiба мы маем права на страх? Што б нi чакала нас потым, усё будзе лепей нашага цяперашняга жыцця, i, такiм чынам, любы выхад з гэтага становiшча - нават смерць - мы павiнны лiчыць выратаваннем. Успомнiце толькi пра тое, што я перажыў тут у адзiноце. Вы думаеце, лёгка дваццаць сем год пражыць, адрэзаным ад свету? Няўжо вы не лiчыце, што варта рызыкнуць жыццём дзеля свабоды? Не, - гаварыў я, - небяспека не спынiць мяне. Мяне турбуе iншае.

- Што? - спытаў ён.

- Ды тое, што, як вы кажаце, сярод гэтых людзей ёсць тры цi чатыры сумленныя матросы, якiх мы павiнны выратаваць. Калi б яны ўсе былi бандытамi, я нi хвiлiны не сумняваўся б, што маю права знiшчыць iх усiх. А ў тым, што мы з iмi расправiмся, я зусiм упэўнены, таму што кожны, хто ступiць на гэту выспу, трапiць да нас i ад нас будзе залежаць, забiць яго цi дараваць яму жыццё.

Я гаварыў гучна, i твар у мяне быў вясёлы. Мая ўпэўненасць у перамогу перадалася i капiтану, i мы горача ўзялiся за справу.

Яшчэ раней, калi з карабля пачалi спускаць шлюпку, мы паклапацiлiся пра тое, каб схаваць нашых палонных як мага далей. Двух, якiя капiтану здавалiся найбольш небяспечнымi, я адправiў пад канвоем Пятнiцы i памочнiка капiтана ў пячору. З гэтае турмы ўцячы было нялёгка; нават калi б iм i ўдалося нейкiм цудам пералезцi цераз абедзве агароджы, яны заблудзiлiся б у дрымучым лесе, якi акружаў крэпасць. Сюды не маглi даляцець галасы iх хаўруснiкаў, i адсюль немагчыма было ўгледзець, што адбываецца на выспе. Тут iх зноў звязалi, але Пятнiца ўсё ж iх добра накармiў i запалiў iм у пячоры некалькi нашых самаробных свечак, а памочнiк капiтана аб'явiў iм, што, калi яны будуць паводзiць сябе цiха, праз дзень цi праз два iм вернуць волю.

- Але, - дадаў ён, - калi вы паспрабуеце ўцякаць, вас пры першай жа спробе прыстрэляць без усякай лiтасцi.

Яны абяцалi цярплiва пераносiць сваё зняволенне i горача дзякавалi за тое, што iх не пакiнулi без ежы i святла.

З астатнiмi чатырма палоннымi абышлiся не так строга. Праўда, двух мы да часу пакiнулi звязанымi, таму што капiтан не мог паручыцца за iх, а двух я нават узяў на службу па асобай рэкамендацыi капiтана. Абодва яны прысягнулi, што будуць служыць мне шчыра i аддана.

Такiм чынам, калi лiчыць гэтых двух матросаў i капiтана з яго двума таварышамi, нас было зараз сямёра добра ўзброеных людзей, i я не сумняваўся, што мы без цяжкасцi справiмся з тымi дзесяццю малайцамi, якiя павiнны былi зараз прыехаць. Тым больш што сярод iх, паводле слоў капiтана, былi сумленныя людзi, якiх, як ён сцвярджаў, нам будзе няцяжка перацягнуць на свой бок.

Падышоўшы да выспы на тым месцы, дзе стаяў iх баркас, матросы прычалiлi, выйшлi са шлюпкi i выцягнулi яе на бераг. Гэтаму я быў вельмi рады, бо, прызнацца, баяўся, што яны з абачлiвасцi стануць на якар, не даходзячы да берага, i што два цi тры матросы застануцца пiльнаваць шлюпку, - i тады мы не здолелi б яе захапiць.

Выйшаўшы на бераг, яны перш за ўсё кiнулiся да свайго баркаса.

Няцяжка сабе ўявiць iх здзiўленне, калi яны ўбачылi, што ўсе снасцi з яго i ўвесь груз знiклi, а ў днiшчы чарнее вялiзная дзiрка.