Тады яны, як сапраўдныя маракi - а маракi, як вядома, самы бесклапотны народ на ўсiм свеце i нiколi не думаюць пра будучыню, - кiнулi лодку i зноў пайшлi гуляць. Перад тым як пайсцi, адзiн з iх моцна гукнуў другому:

- Ды кiнь ты, Джэк, яе! Ахвота табе мазолiць рукi! Вось будзе прылiў, яна сама i ўсплыве.

Гэта гаварылася па-ангельску. Значыць, яны i сапраўды былi мае землякi.

Пакуль яны не пайшлi, я то сядзеў, стаiўшыся за агароджай крэпасцi, то сачыў за iмi з вяршынi пагорка.

Да пачатку прылiву заставалася не меней дзесяцi гадзiн.

Значыць, увесь гэты час iх лодка праляжыць на пяску.

Вечарам, калi сцямнее, я выйду са свайго сховiшча, падкрадуся да гэтых матросаў блiжэй; буду сачыць за кожным iх учынкам, за кожным рухам i, магчыма, я здолею падслухаць, пра што яны будуць гаварыць.

А пакуль не сцямнела, трэба было рыхтавацца да бою. Цяпер у мяне быў куды больш моцны i небяспечны працiўнiк, чым раней, i рыхтавацца трэба было куды больш старанна.

Я доўга рыхтаваў стрэльбы, чысцiў i зараджаў iх, а потым загадаў Пятнiцу, якi пад маiм кiраўнiцтвам зрабiўся вельмi ўдалым стралком, узброiцца з ног да галавы. Я ўзяў сабе дзве паляўнiчыя стрэльбы, а яму даў тры мушкеты. Астатнюю зброю мы таксама размеркавалi памiж сабою.

Трэба сказаць, што ў гэтых даспехах у мяне быў вельмi ваяўнiчы выгляд. На мне была мая грубая куртка з казiнага футра i вялiзная калматая шапка, на баку вiсела голая шабля, за поясам былi два пiсталеты, на кожным плечуку па стрэльбе.

Як ужо гаварылася, я вырашыў не распачынаць нiчога, пакуль не сцямнее. Але гадзiны ў дзве, калi сонца пачало прыпякаць асаблiва моцна, я заўважыў, што матросы пайшлi ў лес i не вярнулiся.

Вiдаць, iх змарыла спёка, i яны заснулi ў цяньку.

Iх палонным было не да сну. Няшчасныя панура сядзелi пад нейкiм вялiзным дрэвам, прыгнечаныя сваiм горкiм лёсам. Памiж iмi i мною было не болей чвэрцi мiлi.

Iх нiхто не вартаваў, i я вырашыў, не чакаючы вечара, прабрацца да iх i пагутарыць з iмi. Мне карцела даведацца, што яны за людзi i чаму яны тут. I я пайшоў да iх з тым дзiўным узбраеннем, якое я толькi што апiсваў. За мною следам крочыў Пятнiца. Ён таксама быў узброены з галавы да ног, хаця i не здаваўся такiм страшыдлам, як я.

Я падышоў да трох палонных зусiм блiзка (яны сядзелi да мяне спiною i не бачылi мяне) i гучна спытаў iх па-гiшпанску:

- Хто вы такiя, сеньёры?

Яны здрыганулiся ад нечаканасцi, але, здаецца, напалохалiся яшчэ больш, калi ўбачылi, якое страшыдла падышло да iх. Нiхто з iх не адказаў нi слова, i мне здалося, што яны збiраюцца ўцякаць ад мяне.

Тады я загаварыў па-ангельску.

- Джэнтльмены, - сказаў я, - не палохайцеся. Магчыма, вы сустрэнеце сябра там, дзе менш за ўсё чакаеце сустрэць яго. Я ангелец i хачу вам дапамагчы. Вы бачыце: нас толькi двое; у нас ёсць зброя i порах. Кажыце ж адразу, якiм чынам мы можам аблегчыць ваш лёс, якое няшчасце надарылася з вамi?

- Нашых няшчасцяў так многа, што апiсваць iх было б вельмi доўга, адказаў адзiн палонны, - мiж тым нашы мучыцелi непадалёку i кожную хвiлiну могуць вярнуцца сюды. Але вось вам уся наша гiсторыя ў некалькiх кароткiх словах. Я капiтан карабля; мой экiпаж узбунтаваўся. Я заўсёды любiў матросаў, i яны мяне любiлi. Пад маёй камандай iм жылося выдатна. Але iх збiла з панталыку шайка мярзотнiкаў, якiя завялiся на судне ў апошнi час. Гэтыя мярзотнiкi падбухторылi iх зрабiцца пiратамi - марскiмi бандытамi, каб рабаваць i палiць караблi. Таварышы мае, якiх вы тут бачыце (адзiн - мой памочнiк, другi - пасажыр), ледзь упрасiлi гэтых людзей не забiваць нас, i, нарэшце, яны згадзiлiся, з той умоваю, што высадзяць нас на якiм-небудзь бязлюдным беразе. Так яны i зрабiлi. Мы былi ўпэўнены, што нас чакае тут галодная смерць, - мы лiчылi гэту зямлю бязлюднай. Цяпер жа высветлiлася, што тут жывуць людзi, якiя гатовы самааддана выратаваць нас ад смерцi.

- Дзе гэтыя бандыты? - спытаўся я. - Куды яны пайшлi? У якi бок?

- Яны ляжаць пад тымi вунь дрэвамi, сэр, - паказаў капiтан на пясок, што вiднеўся непадалёку. - Сэрца ў мяне абмiрае ад страху: я баюся, што яны ўбачаць вас i пачуюць, пра што мы зараз гаворым. Калi так, то мы загiнулi! Яны бязлiтасна заб'юць нас усiх да аднаго.

- У iх ёсць зброя? - спытаў я.

- Толькi дзве стрэльбы i яшчэ адна, якую яны пакiнулi ў лодцы.

- Цудоўна, - сказаў я. - Астатняе я бяру на сябе. Усе яны спяць, i нам было б няцяжка падкрасцiся да iх i ўсiх iх перабiць, але цi не лепей захапiць iх жывымi? Магчыма, яны адумаюцца, пакiнуць разбой i захочуць стаць сумленнымi людзьмi.

Капiтан сказаў, што сярод iх ёсць два небяспечныя бандыты, якiя i пачалi бунт; наўрад цi трэба пакiдаць iх, але, калi пазбавiцца ад гэтых двух, астатнiя, ён упэўнены, раскаюцца i зноў вернуцца да свае ранейшай справы.

Я папрасiў яго паказаць мне гэтых двух. Ён адказаў, што наўрад цi пазнае iх на такой вялiкай адлегласцi, але пры выпадку, вядома, пакажа.

- Наогул, я i мае таварышы, - сказаў капiтан, - гатовы падпарадкавацца вам ва ўсiм. Мы аддаёмся поўнасцю пад вашу ўладу. Кожны ваш загад будзе для нас законам.

- Калi так, - сказаў я, - давайце адыдземся далей, каб яны не ўбачылi нас i не падслухалi нашай гаворкi. Няхай сабе спяць, а мы пакуль вырашым, што нам рабiць. Усе трое ўсталi i пайшлi за мною. Я павёў iх у лясны гушчар i там, звяртаючыся да капiтана, сказаў:

- Я паспрабую выратаваць вас, але папярэдне стаўлю вам дзве ўмовы.

Ён не даў мне дагаварыць.

- Я прымаю ўсе вашы ўмовы, сэр, - сказаў ён. - Калi вам пашчасцiць адабраць у бандытаў мой карабель, камандуйце мною i маiм караблём, як вы захочаце. Калi ж ваша задума вам не ўдасца, я застануся тут, разам з вамi, i буду да канца сваiх дзён вашым старанным памочнiкам.

Такое ж абяцанне далi i яго таварышы.

- Добра, - сказаў я, - вось мае дзве ўмовы. Па-першае, пакуль вы не падымецеся на свой карабель, вы забудзеце, што вы капiтан, i будзеце без усякiх пярэчанняў падпарадкоўвацца кожнаму майму загаду. I, калi я дам вам зброю, вы нi пры якiх умовах не накiруеце яе нi супроць мяне, нi супроць маiх блiзкiх i вернеце яе мне па першаму запатрабаванню. Па-другое, калi вам будзе вернуты ваш карабель, вы даставiце ў Ангельшчыну на iм мяне i майго друга.

Капiтан прысягнуў мне ўсiмi прысягамi, якiя толькi здольны прыдумаць чалавечы розум, што абодва мае патрабаваннi ён i яго таварышы свята выканаюць.