У гэтай палатцы мы змайстравалi дзве пасцелi з рысавай саломы i чатырох коўдраў.

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Новыя жыхары выспы. - Прыбыццё ангельцаў.

Пасля таго як я ўладкаваў з жытлом нашых хворых гасцей, толькi што выратаваных з палону, завёў iх пад дах iх новага дома, дзе яны маглi адпачыць i аднавiць свае сiлы, трэба было падрыхтаваць iм ежу. Я паслаў Пятнiцу, каб ён прывёў з майго маленькага статка гадавалае казляня. Ён зарэзаў яго i пад маiм наглядам згатаваў з казляцiны смажанiну i зварыў добры булён.

Гэты булён мы заправiлi ячменем i рысам; атрымаўся вельмi смачны суп. Гатаванне ежы адбывалася за знадворнай сцяной, таму што, як гаварылася ўжо раней, я нiколi не раскладаў вогнiшча ў крэпасцi.

Мы накрылi стол у новай палатцы i паабедалi на наваселлi ўчатырох.

Я на гэтым абедзе выконваў абавязкi старшынi i займаў нашых гасцей гутаркай. Пятнiца быў пры мне за перакладчыка не толькi тады, калi я размаўляў з яго бацькам, а таксама i з гiшпанцам, таму што гiшпанец даволi прыстойна размаўляў на мове дзiкуноў.

Калi мы паабедалi, цi, дакладней, павячэралi, я папрасiў Пятнiцу ўзяць адну пiрогу i з'ездзiць па нашы стрэльбы, якiя мы за недахопам часу пакiнулi на месцы бойкi; на другi дзень я паслаў яго закапаць трупы забiтых, а таксама жахлiвыя рэшткi крывавага балю.

Пятнiца дакладна выканаў маё даручэнне. Ён так старанна знiшчыў сляды ўсiх дзiкуноў, што, калi я зноў пабыў на тым месцы, я не адразу здолеў пазнаць яго. Толькi па дрэвах на ўскрайку ўзбярэжнага лесу я здагадаўся, што людаеды балявалi якраз тут.

Праз некалькi дзён, калi мае новыя сябры адпачылi i прыкметна акрыялi пасля ўсiх перажытых iмi выпрабаванняў, я пачаў з дапамогай Пятнiцы весцi з iмi гутарку.

Перш за ўсё я спытаў у бацькi Пятнiцы, цi не баiцца ён, што тыя людаеды, якiя ўцяклi, могуць вярнуцца на выспу з цэлым полчышчам другiх дзiкуноў, якiя жорстка расправяцца з намi.

Стары адказаў, што, на яго думку, дзiкуны, якiя збеглi, нiяк не здолелi дабрацца да родных берагоў у такую моцную буру, якая бушавала ў тую ноч, што, напэўна, iх лодку перавярнула i ўсе яны патанулi.

- А калi яны засталiся жывыя, - сказаў ён, - iх аднесла ўбок i прыбiла да зямлi варожага племя, дзе iх абавязкова з'ядуць.

Памаўчаўшы крыху, стары працягваў:

- Але нават калi яны i шчаслiва даплылi дадому, то i тады яны не рызыкнуць вярнуцца. Яны былi так страшэнна напалоханы вашым нечаканым нападам, грукатам i агнём стрэлаў, што, вiдаць, раскажуць сваiм аднапляменнiкам, нiбыта таварышы iх загiнулi ад грому i маланкi. Вас жа двух - цябе i Пятнiцу - яны палiчылi за ўгневаных д'яблаў, якiя спусцiлiся на зямлю, каб iх знiшчыць. Я сам чуў, як яны гаварылi пра гэта адзiн аднаму. Яны не могуць уявiць сабе, каб звычайны чалавек мог вывяргаць полымя, гаварыць, як гром, i забiваць на далёкай адлегласцi, нават не падымаючы рукi.

Стары казаў праўду. Пазней я даведаўся, што нават праз многа гадоў пасля таго нiводзiн дзiкун не адважваўся паказацца на маёй выспе. Вiдаць, тыя ўцекачы, якiх мы лiчылi загiнуўшымi, усё ж вярнулiся на радзiму i сваiмi страшэннымi расказамi напалохалi iншых дзiкуноў. Магчыма нават, што iх племя склала павер'е, нiбыта кожнага, хто ступiць на бераг гэтай зачараванай выспы, багi знiшчаць агнём.

Не прадбачачы гэтага, я доўгi час быў у нязменнай трывозе, чакаючы помсты дзiкуноў. Праўда, i я i мая маленькая армiя заўсёды былi гатовы да бойкi: цяпер жа нас было чацвёра, i, няхай бы да нас з'явiлася хоць сотня ворагаў, мы не пабаялiся б у любы час распачаць з iмi бойку.

Але ж iх магло быць i дзвесце i трыста, i тады яны перамаглi б нас.

Аднак мiналi днi, а лодкi дзiкуноў не з'яўлялiся. Разам з тым я ўсё часцей i часцей вяртаўся да свае даўнiшняй думкi пра падарожжа на мацярык. Бацька Пятнiцы не раз запэўнiваў мяне, што я магу смела разлiчваць на гасцiнную сустрэчу ў яго землякоў, таму што я выратаваў i яго сына i самога яго ад смерцi.

Але пасля адной сур'ёзнай гаворкi з гiшпанцам я пачаў сумнявацца, цi варта мне прыводзiць у выкананне мой план.

Гiшпанец сказаў мне, што хоць дзiкуны i сапраўды далi прытулак у сябе семнаццацi гiшпанцам i партугальцам, якiя пацярпелi крушэнне каля iх берагоў, але ўсе гэтыя эўрапейцы жывуць зараз у страшэннай нястачы i часта нават галадаюць. Дзiкуны не прыгнятаюць iх i даюць iм поўную волю, але самi яны жывуць у такой галечы, што не заўсёды здольны пракармiць прышэльцаў.

Я спытаў у гiшпанца пра падрабязнасцi iх апошняга плавання, i ён паведамiў мне, што iх карабель iшоў з Рыо-дэ-ла-Платы ў Гавану, куды павiнен быў прывезцi срэбра i пушнiну i нагрузiцца эўрапейскiмi таварамi, якiх там было дастаткова.

У час буры пяць чалавек з iх карабельнай каманды патанула, а астатнiя пасля шматдзённых пакут i жахаў, зняможаныя смагай i голадам, нарэшце прычалiлi да краiны людаедаў. Высадзiўшыся ў гэтай краiне, яны адчувалi сябе страшэнна жахлiва, з хвiлiны на хвiлiну чакаючы, што iх з'ядуць дзiкуны. У iх была з сабой агнястрэльная зброя, але не было нi пораху, нi куль: той порах, якi яны ўзялi з сабою ў лодку, за дарогу амаль увесь падмок, а што засталося, яны даўно выдаткавалi, таму што на першым часе здабывалi сабе ежу толькi паляваннем.

Я спытаў у яго, якi, на яго, думку, лёс чакае яго таварышаў у краiне дзiкуноў i цi спрабавалi яны калi-небудзь выбрацца адтуль на волю? Ён сказаў, што ў iх было многа нарад з гэтага выпадку, але ўсё канчалася слязьмi i скаргамi.

- У нас жа не было, - растлумачыў ён, - нi судна, на якiм можна было б плыць у адкрытае мора, нi iнструмента для збудавання такога судна, нi харчовых запасаў.

Тады я сказаў яму:

- Я з вамi буду гаварыць шчыра. Як вы мяркуеце, згодзяцца цi не вашы таварышы пераехаць на маю выспу? Я ахвотна запрасiў бы iх сюды. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлi б нейкi спосаб дабрацца да якой-небудзь узбярэжнай краiны, а адтуль - на радзiму. Адно толькi мяне палохае: запрашаючы iх сюды, я аддаюся iм у рукi. Што, калi яны акажуцца каварнымi злымi людзьмi? Што, калi яны за маю гасцiннасць адплацяць мне здрадай? Пачуццё ўдзячнасцi, увогуле кажучы, некаторым людзям зусiм не ўласцiва. Сярод iх могуць аказацца здраднiкi. А гэта было б, згадзiцеся, вельмi крыўдна: выратаваць людзей з бяды для таго толькi, каб трапiць у палон да iх у iх Новай Гiшпанii*. Ужо няхай лепей з'ядуць дзiкуны, чым трапiць у бязлiтасныя кiпцюры папоў цi быць спаленым iнквiзiтарамi**. Калi б вашы таварышы, - гаварыў я далей, - прыехалi сюды, я ўпэўнены, што пры такой колькасцi работнiкаў мы лёгка б збудавалi вялiкае судна, на якiм бы здолелi паплысцi на поўдзень i дайсцi да Бразiлii цi накiравацца на поўнач - да гiшпанскiх уладанняў. Але, вядома, калi я аддам у рукi iм зброю, а яны ў падзяку за маю дабрату павернуць гэту зброю супроць мяне ж, калi, карыстаючыся тым, што яны мацней за мяне, яны адбяруць у мяне маю волю, - тады яны прымусяць мяне пашкадаваць, што я зрабiў iм столькi дабра.