Злачынцы каялiся, вiдаць, шчыра i малiлi толькi аб адным, каб iм даравалi жыццё.

- Я не маю на гэта ўлады, - адказваў капiтан. - Цяпер ваш лёс залежыць ад начальнiка выспы. Вы думалi, што высадзiлi нас на пустынны бязлюдны бераг, але вы памылiлiся: на гэтай выспе многа людзей i кiруе iмi сумленны высакародны начальнiк. Па дабрынi свайго сэрца ён памiлаваў вас i, вiдаць, адправiць у Ангельшчыну, дзе ваш лёс будзе вырашаны па закону. Але Бiлу Аткiнсу начальнiк загадаў рыхтавацца да смерцi: заўтра ранiцой ён будзе павешаны.

Усё гэта капiтан, вядома, выдумаў, але яго думка зрабiла моцнае ўражанне: Аткiнс упаў на каленi, молячы капiтана хадайнiчаць за яго перад начальнiкам выспы; астатнiя таксама пачалi прасiць, каб iх не адпраўлялi ў Ангельшчыну.

Бачачы такую пакору гэтых людзей, напалоханых пагрозай смерцi, я сказаў сабе: "Вось калi прыйшоў да мяне час збавення! Гэтыя няшчасныя так напалоханы, што, вядома, выканаюць любое наша патрабаванне: варта нам загадаць, i яны дапамогуць нам завалодаць караблём".

I, адышоўшыся далей за дрэвы, каб яны не здолелi разгледзець, як несамавiта выглядае грозны начальнiк выспы, я крыкнуў:

- Паклiкаць да мяне капiтана!

Адзiн з нашых людзей урачыста падышоў да капiтана i сказаў:

- Капiтан, вас клiча начальнiк!

А капiтан не меней урачыста адказаў:

- Перадайце ягамосьцi, што я зараз з'яўлюся.

Пачуўшы гэта, пiраты зусiм панiклi. Яны паверылi, што непадалёку ад iх знаходзiцца сам губернатар з атрадам у пяцьдзесят чалавек.

Калi капiтан падышоў да мяне, я паведамiў яму, што хачу завалодаць караблём з дапамогай нашых палонных. Капiтан быў у захапленнi. Мы вырашылi заўтра ж прывесцi гэты намер у выкананне.

- Але для таго, каб дзейнiчаць пэўна, - сказаў я, - нам патрэбна адлучыць адных палонных ад другiх. Аткiнса з двума такiмi ж бандытамi мы пасадзiм у падзямелле; няхай Пятнiца i ваш памочнiк адвядуць iх туды. Астатнiм жа я знайду адпаведнае месца.

Так мы i зрабiлi: трох адвялi ў пячору, якая i сапраўды нагадвала даволi-такi змрочнае скляпенне, астатнiх жа я адправiў на сваё лясное лецiшча, туды, дзе стаяў мой будан. Высокая агароджа рабiла яе таксама даволi надзейнай турмой, тым больш што вязнi былi звязаныя i ведалi, што iх лёс залежыць ад iх паводзiн.

На другi дзень я паслаў да гэтых матросаў капiтана. Ён павiнен быў пагутарыць з iмi, даведацца, якi сапраўдны ў iх настрой i пачуццi, а потым зрабiць мне падрабязную справаздачу пра сваю гутарку. Я хацеў ведаць, у якой ступенi можна давяраць гэтым людзям i цi не будзе небяспечна ўзяць iх з сабой на карабель.

Капiтан павёў справу разумна i рашуча. Ён нагадаў матросам, у якiм крытычным становiшчы яны апынулiся па ўласнай жа вiне, i сказаў, што хоць начальнiк выспы цяпер i памiлаваў iх сваёй уладай, але, калi карабель прыйдзе ў Ангельшчыну, iх будуць судзiць як здраднiкаў i, няма сумнення, павесяць.

- Але, - дадаў ён, - калi вы дапаможаце мне адабраць у пiратаў мой карабель, тады начальнiк выспы, прымаючы да ўвагi, што вы па сваёй волi паслужылi добрай справе, паспрабуе прасiць, каб вам даравалася ваша злачынства.

Няцяжка здагадацца, з якiм захапленнем сустрэлi гэтыя людзi яго прапанову.

Яны ўпалi перад капiтанам на каленi i клялiся, што будуць бiцца за яго да апошняй кроплi крывi, што, калi ён выпрасiць iм памiлаванне, яны будуць усё сваё жыццё лiчыць сябе яго даўжнiкамi, пойдуць за iм, куды ён загадае, хоць на край свету, i будуць шанаваць яго, як роднага бацьку.

- Цудоўна, - сказаў капiтан, - пра ўсё гэта я далажу начальнiку выспы i, са свайго боку, буду прасiць яго, каб ён памiлаваў вас.

Затым ён вярнуўся да мяне, зрабiў мне падрабязную справаздачу пра сваю гутарку з матросамi i дадаў, што па яго перакананню мы пэўна можам спадзявацца на гэтых людзей.

Але я быў той думкi, што асцярожнасць нiколi не пашкодзiць, i таму сказаў капiтану:

- Вось што мы зробiм: мы возьмем пакуль што толькi пяцярых. Няхай не думаюць, што мы маем патрэбу ў людзях. Iдзiце i скажыце iм, што хоць у нас i дастаткова людзей, але, так, для выпрабавання, мы возьмем i пяцярых з iх; астатнiя ж двое, разам з тымi трыма, што сядзяць у крэпасцi (гэта значыць, у маёй пячоры), будуць пакiнуты начальнiкам выспы ў якасцi закладнiкаў, i, калi iх таварышы, якiя будуць прымаць удзел у нашай бойцы, парушаць сваю прысягу, усе пяцёра закладнiкаў будуць павешаны.

Гэта была выключна суровая ўмова. Калi капiтан перадаў палонным мой адказ, яны зразумелi, што з начальнiкам выспы жарты кепскiя. I, вядома, iм заставалася адно: прыняць мае ўмовы.

Закладнiкi самi пачалi горача ўпрошваць сваiх вызваленых таварышаў, каб тыя не здрадзiлi капiтану.

Вось поўны склад нашай армii напярэдаднi вялiкай бiтвы: па-першае, капiтан, яго памочнiк i пасажыр; па-другое, двое вызваленых палонных, за якiх паручыўся сам капiтан; па-трэцяе, яшчэ двое, тыя, што сядзелi ў маiм будане (цяпер па просьбе капiтана iх таксама вызвалiлi); па-чацвёртае, тыя пяцёра з другой партыi, якiх мы вызвалiлi пазней за iншых; такiм чынам, усяго дванаццаць чалавек, апрача тых пяцярых, якiя засталiся ў маiм скляпеннi закладнiкамi.

Я спытаў капiтана, як ён мяркуе, цi магчыма напасцi на карабель з такой малой сiлай. Мне i Пятнiцу немагчыма было адлучацца: у нас на руках заставалася сямёра чалавек, якiх мы павiнны былi вартаваць i кармiць.

Пяцярым закладнiкам, якiя сядзелi ў пячоры, я вырашыў нi ў чым не патураць. Два разы ў дзень Пятнiца насiў iм ежу i ваду i сам кармiў iх, таму што мы нават не развязалi iм рукi. Астатнiм жа мы далi некаторае паслабленне.

Гэтым двум я вырашыў нарэшце паказацца. Я прыйшоў да iх разам з капiтанам. Ён сказаў iм, што я - давераная асоба начальнiка выспы, якi даручыў мне нагляд за ваеннапалоннымi, таму яны не маюць права нiкуды адлучацца без майго дазволу, i пры першай жа спробе непаслушэнства iх закуюць у кайданы i пасадзяць у губернатарскую крэпасць.

З гэтага часу я нi разу не паказваўся палонным у якасцi начальнiка выспы, а заўсёды як яго давераная асоба, прычым кожны раз я нагадваў пра начальнiка, пра гарнiзон, пра гарматы i крэпасць.

Цяпер заставалася толькi падрыхтавацца да будучай бiтвы: старанна адрамантаваць абедзве лодкi, прыладзiць снасцi i прызначыць каманду на кожную з iх.

Усе гэтыя клопаты я ўсклаў на капiтана.