Тая круглая пляцоўка, дзе скрыжоўваюцца з шашою вялiкiя i малыя дарогi, была ўся вытаптана нагамi i выезджана калясьмi. Тут былi лапiны i дзiрвану з чубамi блёкату i шчаўлюку i голая, убiтая зямля. Упартая пiжма купчасцiлася побач дробнай лазы, i чабор цвiў разам з святыянскiм зеллем над густым дываном спарышу i дзяцельнiку. Трыпутнiк разростаўся над каляiнамi. Навокал жа, пакуль да палеткаў i лясоў, iшлi роўныя паплавы. Гэта былi самыя далёкiя сумлiцкiя сенажацi. Да калектывiзацыi яны былi падзелены сумлiчанамi на вузенькiя палоскi, i кожны касiў сабе, як хацеў. Крайняя ад шашы палоса сенажацi належала тады гаспадарцы Канстанцiна Лукашэвiча, i стары Нявада, косячы тут у адзiноце або сушачы сена, знаходзiў тут сабе вялiкую разрыўку ад тае псiхалагiчнай траўмы, што пачала развiвацца ў яго пасля першых пасляваенных год. Расказвалi пра яго, што ён нi тое што каб сказаць астарэў вельмi. Больш таго, у добрым жыццi дома ён выраўняўся i скiнуў з сябе тую лушпавiну, што нарасла на iм за час бадзянняў па чужыне i па чужых людзях. Ён здаваўся кожнаму здаровым i зусiм не падобным на самога сябе тады, калi толькi яшчэ сцягваў з плеч чужацкiя транты. Некаторыя казалi, што ён аднак жа насiў у сабе нейкую хваравiтасць, хоць нiчым нiколi i не хварэў. Як бы там нi было, але можа i сапраўды ён насiў у сабе або хворасць, або можа толькi нейкiя непатрэбныя думкi, якiя тачылi яго. Быў час, што ён нават з твару асунуўся, i гэтая хударлявасць дала яму некалькi новых рысаў старасцi. Часамi нават ён пачынаў нi то гаварыць, нi то штосьцi разважаць сам з сабою. Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцiвыя яму, асаблiва пачалi заўважацца ўсiмi з аднаго выпадку, якi адбыўся не вельмi даўно, ужо ў часы, якiя могуць належаць да нашых дзён.

На тых сумлiцкiх сенажацях, што былi пры дарожным скрыжаваннi, сена было заўсёды змешана з мноствам скошаных аднагоднiх дрэўцаў. Яны скошвалiся з травою разам штогод i штогод зноў насявалiся i пасля зноў скошвалiся. Без канца i меры iх рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Дрэва расло на самым скрыжаваннi дарог. Гэта быў волат на рост i таўшчыню. Сумлiчане казалi, што на ўсю вялiкую акругу тут не знойдзеш другога такога вялiкага дрэва. Адно на ўсю разлегласць, яно ўзнiмалася над дарожным скрыжаваннем i вiдно было здалёку, дзе б хто нi ехаў. Кара яго пабiлася на гузы, з якiх ад карэння да вяршалiны раслi парасткi, i так гэты волат на ўвесь свой рост стаяў спрэс зялёны. Хоць дрэва i было падобна на магутную скалу, але дзiва брала: як гэта яно магло даваць гэтулькi насення. На сенажацях штогод густа вылазiлi з зямлi скрозь маладыя дрэўцы i гiнулi пад касою. На навакольным полi плугi выварочвалi iх сотнямi. На абочынах дарог iх тапталi пешаходы. Разам з травой iх усюды з'ядала жывёла. Iх ламалi дзецi дзеля забаўкi. А праз год iх зноў было густа, i зноў усё iшло намарна. Але крокаў за дзвесце ад самога дрэва быў куток, дзе не ездзiлi з калясьмi, i куды не дабiвалася жывёла, i дзе не хадзiла каса. Год за дзесяць да Айчыннай вайны, да гэтых дзён, калi завяршылiся i дайшлi да новых сваiх ператварэнняў справы, крыўды, прыкрасцi i радасцi тых людзей, пра якiх я тут расказваў, з Сумлiч да шашы забрукавалi выезд i ў адным месцы клалi мост цераз лог, даволi-такi вялiкi. Падымалi насыпам дарогу i зямлю на гэта бралi з таго месца, што крокаў за дзвесце ад вялiкага дрэва. Там стварылася вялiкая яма i два дугаватыя равы - як дзе капалi. З самай вясны тут стаяла вада, i ўвосень таксама. Берагi да вады былi крутыя, к таму ж асталося тут скрозь бiтае каменне, кучамi i рассыпанае, i ў гэтым месцы патомства вялiкага дрэва за дзесяць год густа ўзялося. Мацнейшае дрэва глушыла слабейшае i само iшло ўгару, а пад iм слабейшае гнулася ў каржак, пускала рост у бакi i глушыла суседа, якi таксама выбiраўся голлем у разлегласць. Такiм парадкам за дзесяць год тут стварыўся куток з густым зараснiкам. Зараснiк аблямоўваў яму i спускаўся на самае дно яе i хаваў пад сабою два равы. Над гэтай непраходнай раслiннасцю ўзнiмалася колькi даволi ўжо высокiх таполяў, ужо сапраўдных вялiкiх дрэў, а наводдалек, як асiлак i аглядальнiк на цэлую навакольнасць, узвышалася вялiкае дрэва, усёй вышынёй зялёнае i ўпартае ў бесперапынным змаганнi з навакольным светам за сваё патомства. Толькi адна-адзiнюсенькая галiна на iм пад сярэдзiну яго вышынi, была сухая i вытыркала з густой зелянiны. Гэта было вельмi высока. Чалавек павiнен быў крута закiдаць галаву i трымаць шапку, каб глянуць на гэтую сухую галiну. На ёй нагледзелi сабе месца адпачываць удзень ад клапатлiвай стомы палявыя каршачкi i заблудлыя здалёку птушкi. Гэты куток на скрыжаваннi дарог быў як бы месцам ратунку ад цяжару доўгага падарожжа на вялiкiх дарогах i ад цяжкiх думак аб невядомасцi канца дарогi. Больш як за дзесяць кiламетраў ад гэтага месца падарожныя ўгадвалi, цi скора ўзыдзе сонца. Яшчэ змрок ночы вiсеў над зямлёю, а вяршалiна дрэва ўжо была ў сонцы. На ёй ужо ляжала сонечнае праменне, хоць сонца было яшчэ дзесьцi глыбока i далёка.

Косячы тут раз на гэтых сенажацях, Нявада падлiчыў, колькi ён адным махам касы зрэзвае маладых дрэўцаў. Выйшла нешта больш дзесятка. Ён тады перасадзiў з сенажацi некалькi самых большых дрэўцаў блiжэй к вялiкаму дрэву. Калi ён назаўтра паглядзеў на iх, убачыў, што нечыя ногi паспелi ўжо стаптаць iх. Ён зноў перасадзiў некалькi дрэўцаў, але ўжо ў iншае месца. Праз два днi ён выразна ўбачыў: i гэтыя былi стаптаны нечымi ботамi з шырокiмi абцасамi. З таго часу ён наглядаў i бачыў: кожнае перасаджанае дрэўца тапталася. Сляды паказвалi, што дрэўцы тапталiся i ботамi, i лапцямi, i босымi нагамi, i жаночымi абцасiкамi. Гэтыя таптуны хадзiлi тут кожны дзень. Кудысьцi яны iшлi ўсё гэтымi дарогамi. За працаю ў полi i на сенажацi Нявада пачаў кiдаць вачыма на дарогi i глядзець на гэтых людзей. Гэта ўсё быў той невядомы i шматлiкi, хто таптаў яго дрэўцы. Абочынай шашы ён iшоў i ў лапцях, i ў ботах. Адзiн з торбай за плячыма, другi з чамаданчыкам у руках i ў капелюшы. Часамi таптун з'яўляўся ў вобразе падарожнай жанчыны, часам у выглядзе маладога франта, часам гэта быў прысутулены абарванец. Вельмi часта ён садзiўся цi лажыўся пад вялiкiм дрэвам на скрыжаваннi i спачываў там. Нявада нават забыўся на доўгi час перасаджваць дрэвы. Ён пакiдаў у памяцi на доўгi час кожнага падарожнага. Ён бачыў, як шафёры спынялi машыны i iшлi пад дрэва пiць i закусваць, фурманшчыкi папасвалi сенам i аўсом тут конi. Можа i многа ўжо часу прайшло, як Нявада сачыў за падарожнымi. Можа ўжо не сотнi, а тысячы перавярнулася iх перад яго вачыма. Раз, у дзень сухой хмурнасцi i ветру, Нявада ўбачыў, як на скрыжаваннi спынiлася грузавая машына. Малады шафёр з зайздроснай усмешкай высадзiў галаву з кабiны i сачыў, як з самога грузавiка злезла зусiм маладая дзяўчына. Яна скланiлася яму, быццам дзякавала цi развiтвалася, а ён нехаця схаваўся ў кабiну i паехаў далей проста шашою на ўсход, а ехаў ён з захаду. Дзяўчына асталася адна. Яна была такая з постацi, што здавалася маладзейшая за свае гады. Як толькi машына знiкла, яна вельмi шпарка пайшла назад шашою, пасля рушыла ў палескую дарогу, пасля вярнулася i беспарадна азiрнулася. Позiрк яе даўжэй за ўсё затрымаўся на вялiкiм дрэве, яна як бы дзiвiлася, што бачыць перад сабою такога волата. Неспакойныя вочы яе ўбачылi Няваду. Ён глядзеў на яе i думаў: няўжо яна, такая дасцiпная, лёгкая, спрытная, зараз стопча дрэўца, якое ён у гэты ж самы дзень, зранку, перасадзiў. Не больш як паўгадзiны таму ён глядзеў: дрэўца расло як мае быць. Дзяўчына была ў цёмным гарнiтуры i густавалосая. Нейкая малая яна здалася Няваду, хоць адзежа яе была дарослай жанчыны. Быццам адумаўшыся, яна раптам зменшыла сваю рухавасць i моцна, каб чутно было здалёк, сказала да Нявады: