У тую восень доўга трымалася мяккае надвор'е. Сёмага лiстапада зранку нападаў мокры снег, а к вечару таго ж дня яго ўжо не было анiзвання нiдзе. Вада сцякла ў нiзкiя месцы i стаяла там, i ў ёй адлюстравалася хмарыстае неба. Хмары вiселi нiзка, а на другi дзень памiж iх высвечвала сонца, i на ўзлессi мокрая лаза здавалася гатовай распусцiць першае лiсцейка. Усё блiшчэла, i здавалася, што гэта свецiцца вада ў лагчынах.

Той дарогай, што iшла памiж тарфянiку i роўна пастаўленых у адну лiнiю хат, вельмi шпарка iшоў чалавек. Гэта была хада таго, хто прывык да таго, каб доўгi час бачыць перад сабою тое, з чым трэба хутчэй расквiтацца, каб пасля гэтага мець што лепшае. Чалавек гэты трымаў галаву высока i як бы нiчога не заўважаў навокал сябе, перад сабой жа бачыў як бы толькi тое, да чаго хацеў хутчэй дайсцi, але здавалася, што i гэты пункт больш жыў у яго думках i свядомасцi, чым стаяў выразна ў вачах. Ён так iшоў, што здавалася, ён упэўнен у тым, што нiшто не стане на яго дарозе. Аднак жа, можа быць, тут найбольш было ад знадворнага выгляду чалавека. У гэтым выпадку можа i не да месца прымаўка, што твар ёсць люстра душы. Бо часамi рашучая пастава i хада чалавека на момант былi такiя, што як быццам бы ён хацеў вярнуцца. Аднак жа ён усё iшоў i нават паддаваў ходу. Пачалiся хаты паўз дарогу. Ён паклiкаў да сябе нейкага малога, што натрапiўся яму на вочы:

- Дзе хата Сымона Ракуцькi?

- А унь, дзе тых дрэў многа.

Чалавек глянуў на тыя дрэвы i хацеў усмiхнуцца, але выйшла, што ён як бы здзiвiўся. Верхняя губа яго з нiзка выстрыжанымi чарнявымi вусамi ўздрыганулася.

- I я пайду з вамi да Ракуцькi, - сказаў ахвотны да ўсяго малы.

- Не, я адзiн пайду.

Малы пабег шукаць iншага занятку, а чалавек той жа хадой, як i раней, падышоў да зялёнай брамкi i адчынiў яе. Двор не быў пусты, i ён астаўся стаяць у брамцы. Незнаёмы яму чалавек стаяў пасярод двара i цiха гаварыў з жанчынай. У чалавека былi сiвыя валасы над вушамi. Ён падняў твар i пачаў углядацца ў незнаёмага прышэльца, якi не сыходзiў са свайго месца ля брамкi. На твары чалавека з сiвымi валасамi над вушамi напiсалася здагадка, чаканне i нарыхтаванасць цвёрда сустрэць усялякую няўхiльнасць. А той, што ўвайшоў у яго двор i стаяў цяпер ля брамкi, меў такi выгляд, як бы хацеў сказаць: ну што ж, i я гатоў да ўсяго так як яно ёсць. Мы нi ў чым не вiнаваты. Гэта быў чалавек вельмi яшчэ малады, можа яму не было яшчэ i дваццацi пяцi год. Але ён быў такi мажны i дужы, што, калi не глядзець на яго твар, ён мог здавацца мужчынам, якi ўжо разбыўся за многiя гады жыцця i працы. Верхняя губа яго была нiзка выстрыжана, i гэта клала на яго твар пячаць як бы нейкага здзiўлення. Ён быў у польскiм салдацкiм шынялi i ў салдацкiх чаравiках з абмоткамi. З шапкi былi ўжо сарваны ўсе тыя бляшкi, якiя раней паказвалi, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Ён здаваўся такi здаровы i энергiчны, што дзiўна было, як ён так нерухома ўсё стаiць на адным месцы. Тут яго ўбачыла i жанчына.

- Тамаш прыйшоў! - закрычала яна i, як бы забыўшыся на ўсё, кiнулася яму насустрач.

Сымон Ракуцька аднак жа сышоў адразу з свае гатоўнасцi сустрэць усялякую няўхiльнасць. Твар яго перасмыкнуўся, i магло здавацца, што ён не ведае, дзе падзецца. Як бы раскрыўшы вялiкую таямнiцу, да якой яму раней не было доступу, ён застыў на паўкроку, калi быў iрвануўся сысцi з месца. Хiба гэта Тамаш стаiць перад iм? То ж быў худзенькi хлопчык, якога трэба было шкадаваць, песцiць i гадаваць, i аддаваць яму бацькаўскую ласку. Усю душу i сэрца аддаваць яму. Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой армii, i хiба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралi ад бацькi: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска i сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.

ДРУГАЯ ЧАСТКА

ВЯЛIКАЕ СКРЫЖАВАННЕ

Прасторны шлях, калi ж, калi

Ты закрасуеш на зямлi

I злучыш нашы ўсе дарогi?

(Якуб Колас. "Новая зямля")

I

Вялiкi шлях з усходу на захад праходзiць каля мястэчка Сумлiч, але не праз iх. Нават i не паўз самае мястэчка, а крыху зводдалеку. Гэты шлях старая Маскоўска-Варшаўская шаша. На яе з Сумлiч зроблен выезд: вузкая, як размiнуцца двум вазам, дарога, брукаваная буйным каменнем. Брук гэты пакладзен год за дзесяць да цяперашняй вялiкай вайны. Гэтай брукаванай дарогi хопiць на добрыя пятнаццаць хвiлiн шпаркай язды на найлепшым канi. Тое месца, дзе яна падыходзiць да шашы, не дазваляе ёй адразу ўлiцца ў шашу. Гэта шырокае месца сярод жыта, ярыны i сенажацей, як бы вялiкi круглы пляц, плошча, у якую ўлiваецца адусюль некалькi вялiкiх i малых дарог. Сама вялiкая шаша рэжа гэтае месца напалам. Некалькi палявых дарог, крывых i вузкiх, крыжуюцца тут. Тут крыжуецца з шашою вялiкi грунтавы шлях з Палесся. На поўдзень ад шашы ён iдзе на Вызну, Морач, Страхiнь i Орлiк i ўваходзiць у самыя Агаркаўскiя балоты. На поўнач жа ад шашы, пасля свайго перакрыжавання з ёю, шлях iдзе на Семежава, Лешню, Цiмкавiчы, Капыль, Старыцу, Перавоз, Самахвалавiчы i такiм парадкам кiруецца на Менск. Так што гэтая дарога злучае два беларускiя абшары, сваей прыродай, характарам i выглядам далёкiя адзiн ад аднаго. Крыжуецца тут з шашою i яшчэ адна, не менш вялiкая дарога. Яна iдзе недзе з мясцовасцi памiж Бабруйскам i Гомелем. Недзе адтуль, дзе хвоя саступае месца ясеню i дубу i дзе менш цудоўнай мяккай нахмуранасцi i задумёнасцi ў пейзажы, як у тых укрытых хвояй краявiдах, куды яна iдзе цераз шашу. Гэтая дарога, няроўная, выкручастая i больш цiхая, чым людная, канчаецца недзе памiж Нясвiжам i Клецкам, праходзiць праз Цапру i Балвань i такiм парадкам злучае i дзве разлегласцi нашай Бацькаўшчыны, у кожнай з якiх наша гiсторыя запiсана па-свойму i своеасаблiва. Калi адбылася Вялiкая Рэвалюцыя i калi скончылася польская акупацыя, туды, дзе канчаецца гэтая дарога на захадзе, пабеглi з сваiх маёнткаў зямельныя магнаты, а з фальваркаў драбнейшая шляхта. I дзедзiчы i пасэсары там на захадзе зраўнялiся i два дзесяткi год жылi аднымi думкамi аб устанаўленнi пальшчызны на ўсходзе, дзе яе няма i ў прыродзе. Касцёл для фальваркоўца аставаўся вызначэннем не веравызнання, а нацыянальнасцi, а беларускую мову ён ламаў аб польскую i думаў, што гэтым жаргонам ён далучыўся да культуры, якая ўкладвалася ў яго ў словы - пан, маёнтак, фальварак. Дзецi iх, што радзiлiся ў эмiграцыi або малымi выехалi туды, за два дзесяткi год выраслi i знайшлi сабе свой спосаб да жыцця. Замест таго каб крычаць на парабкаў у сваiм маёнтку цi фальварку, яны сталi службоўцамi ў дзяржаве, чыноўнiкамi i ахавальнiкамi старое, як свет, iдэi заваёўнага руху на ўсход. Iх думкi не пакiдалi iх аж да семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года. Яшчэ з маленства яны не забылiся гэтых дарог тут i памяталi нават лясныя i палявыя сцежкi.