Чыгуначныя шляхi сувязi ў акупаванай гiтлераўцамi Беларусi былi заўсёды адным з асноўных аб'ектаў нападаў чырвоных партызанаў. Увесну 1942 г., спэцыяльна для аховы чыгунак, акупанты зарганiзавалi г. зв. Чыгуначны батальён, складзены вылучна зь беларусаў. Камандзерам быў капiтан С-ч. Жаўнеры ў батальён набiралiся быццам паводля прынцыпу дабраахвотнасьцi, але фактычна з прымусам, якi вёўся па лiнii Беларускае Самапомачы i з дапамогаю нямецкiх камандантаў палiцыi на месцах. У батальёне было больш тысячы чалавек. Чыгуначныя лiнii ў Беларусi, пачынаючы ад лета 1942 г., аж да канца нямецкай акупацыi ахоўвалiся ў ладнай меры беларускiмi людзьмi.

Калi-ж немцы пад напорам Чырвонае Армii, пакiдалi Беларусь, яны зусiм не клапацiлiся аб беларускiх жаўнерах, што былi iм так вялiкай дапамогаю пры ахове чыгунак. Частка iх засталася дома, а тыя, што тралiлi ў Нямеччыну, увайшлi пасьля ў 30-ю дывiзiю.

БЕЛАРУСКI СПЭЦЫЯЛЬНЫ БАТАЛЬЁН

У 1942 г. ў Менску быў зарганiзаваны г. зв. Беларускi Спэцыяльны Батальён, што ў пазьнейшы час разросься да сямi ротаў. Апошнiя выконвалi гарнiзонную службу i ўдзельнiчалi ў супрацьпартызанцкiх акцыях у Слуцку, Глыбокiм, Вiлейцы, Лiдзе й iншых месцах. Камандзерам батальёну быў нямецкi маёр Юнкер, ротамi й зьвязамi камандавалi беларускiя афiцэры.

Зь гiсторыi гэтага батальёну варта прыгадаць дзьве падзеi, што кiдаюць яркае сьвятло ня толькi на дачыненьнi немцаў да беларусаў, але й на беларусаў-рэнэгатаў.

Камандзерам аднае з ротаў батальёну ў Менску быў старшы лейтанант Мазур. Быў гэта вельмi добры й амбiтны беларускi афiцэр, што стала й найперш дбаў аб сваiх жаўнерах, маючы наўвеце дабро Бацькаўшчыны. З гэтай прычыны ён уваходзiў у частыя канфлiкты зь Юнкерам.

Аднойчы нямецкi камандзер батальёну сабраў усiх беларускiх афiцэраў i паведамiў, што старшы лейтанант Мазур высланы ў Нямеччыну ў афiцэрскую школу для паглыбленьня сваiх ведаў. Шматлiкiя паверылi. Мазур быў паклiканы ў СД быццам дзеля атрыманьня дакумантаў на падарожжа, й пасьля гэтага больш нiхто яго не пабачыў. Ня маючы нiякiх вестак ад Мазура, беларускiя жаўнеры й афiцэры пачалi трывожыцьца. Дзеля ўспакаеньня iх маёр сабраў батальён i абвесьцiў, што ў Нямеччыне быў ангельскi паветраны налёт на афiцэрскую школу, куды выехаў Мазур, i што ён загiнуў пры бамбардыроўцы.

Адно пазьней беларусы даведалiся, што Мазур не пакiнуў Менску, а быў закатаваны ў менскiм СД за сваю стойкасьць i беларускi патрыятызм. Гэтак сьмерць выдатнага патрыёты пасьведчыла ў Беларускiм Спэцыяльным Батальёне, што немцы не талеравалi найменшага, хаця-б навет вуснага, супрацiву.

Пад час адступленьня зь Беларусi ўлетку 1944 году немцы загадалi ўсiм ротам батальёну, раськiнутым па розных кутках краiны, сабрацца каля Аўгустова. Гэтак яны й зрабiлi. Але тут адступаючых гiтлераўцаў заскочыла новая неспадзеўка. Камандзер аднае з ротаў старшы лейтанант Бандык, а таксама ягоныя афiцэры Iванiцкi, Мохарт i Дрозд, сабраўшы сваiх людзей, загадалi iм забраць з сабой лёгкую зброю, а з пакiнутай цяжкой павыкiдаць замкi. Цэлая рота пайшла ў лес. Назаўтра ад Бандыка зь лесу адыйшлi, раздумаўшыся, два лейтананты Мохарт са Слуцку й Дрозд з Баранавiчаў. Былi гэта маладыя хлапцы, гадоў па дваццаць кажны. Iхныя сем'i й сваякi ехалi паблiзу ў лiку iншых вайсковых сем'яў, кiруючыся на Граева. Афiцэры, вярнуўшыся зь лесу й далучыўшыся да сваiх сем'яў, навет не парупiлiся ськiнуць вайсковае вопраткi й пераапрануцца ў цывiльнае. Тым часам нямецкiя батальённыя афiцэры, даведаўшыся аб дэзэрцыi, паднялi алярм i пачалi рабiць пошукi. Да двух немцаў, што выехалi шукаць, прымазаўся й сяржант I.С. са Слуцку - з паходжаньня беларус, што калiсь служыў у Чырвонай Армii. Гэта быў тып службiстага-рэнэгата. Для яго не рабiла iстотнай розьнiцы, каму служыць, - адно абы прыдбаць пару мэдалёў цi iншых заслугаў. А калi-ж у часе службы давядзецца над кiм пазьдзекавацца, асаблiва над сваiм, дык i весялей будзе I.С.

Сустрэўшы вабоз вайсковых сем'яў на галоўнай дарозе ў Граева, немцы й I.С. здалёк заўважылi на возе Мохартавага бацькi двух маладых беларускiх афiцэраў. На загад - падняць рукi ўверх - лейтанант Дрозд анiчуць не замарудзiў, а Мохарт, як выглядала, яшчэ думаў, што рабiць, падымаць цi не. Немец стрэлiў зпiсталета й ранiў Мохарта ў правае плячо. Тут-жа немцы затрымалi хурманку з двума беларускiмi афiцэрамi. На запытаньне бацькоў Мохарта, куды iх павязуць, I.С. адказаў, што перавяжуць рану. Сьведкам гэтага выпадку быў старшы лейтанант Д. Кл-ч, якi ехаў крокаў на дзесяць ззаду за Мохартавай хурманкай.

Мохарт i Дрозд адвезеныя былi ў палатку й трыманыя там цэлую ноч пад вартай. Назаўтра ранiцою I.С. i адзiн радавы забралi арыштаваных i на той жа хурманцы, узяўшы з сабой аўтаматычны пiсталет i пару рыдлёвак, павезьлi iх у лес. Там адбылася экзэкуцыя. Сяржант I.С. меў нагоду прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да гiтлераўскiх гаспадароў. Адно шкадаваў, што ня было паблiзу больш сьветак, калi бяз прынукi i са смакам ды насалодаю пазбавiў жыцьця двух маладых суродзiчаў. Ужо каля абеду вярнуўся ў сваю роту. Толькi тады некаторыя агледзелiся, што сталася, ды было позна.

Для адступаючых жаўнераў Спэцыяльнага Батальёну лёс Бандыка й ягоных людзей, што пайшлi ў Аўгустоўскiя лясы, застаўся тайнiцай. Немцы адсунулi ад камандаваньня часьцямi ў батальёне ўсiх беларускiх афiцэраў, даўшы iм вольную руку iсьцi, куды хочуць. Атрымаўшы чыгуначныя бiлеты, шмат паехала ў Бэрлiн, дзе пасьля ўлучылася ў беларускае войска, што канцэнтравалася на Лiхтэнэрштрасэ. Некаторыя працавалi пры пабудове вакопаў i чыгунак. Жаўнеры Беларускага Спэцыяльнага Батальёну, пазбаўленыя сваiх афiцэраў, былi пасьля прыдзеленыя немцамi ў iншыя адзьдзелы.

Акрамя Мохарта й Дразда ў нямецкiя рукi трапiла й колькi iншых "дэзэртыраў", мiж iмi падафiцэраў i радавых, зь якiмi гiтлераўцы й распраўлялiся на месцы.

БЕЛАРУСКАЯ КРАЁВАЯ АБАРОНА

Вялiкiя няўдачы на Ўсходнiм фронце ды ўзмацненьне актыўнасьцi бальшавiцкiх партызанаў у акупаваных раёнах Беларусi прымусiлi немцаў грунтоўна пераацанiць сытуацыю. Для ўтрыманьня шляхоў сувязi мiж Райхам i ўсходнiм фронтам, а таксама для кантролi пазафрантавых абшараў трэба было новых мiлiтарных сiлаў. Немцы вычарпалi ўдома людзкiя запасы, дарма што ўжо паклiкалi на службу самыя старэйшыя й малодшыя гадавiкi. Сытуацыя была крытычная. Пры неабходнасьцi адступленьня з усходу магло здарыцца, што лiнейныя адзьдзелы ў адзiн прыгожы дзень апынуцца ў поўнай iзаляцыi ад Райху. Прыйшлося-б сiлаю прабiвацца праз другi фронт. Меншым адзьдзелам пагражала-б поўная лiквiдацыя. Трэба было шукаць нейкага ратунку.