Сяньня цяжка яшчэ вызначыць Радаславу Астроўскаму адпаведнае месца ў галерэi людзей, што мiтусiлiся цi працавалi пры адмiнiстрацыйным апараце ў Беларусi ў часе гiтлераўскай акупацыi. Хвалi бурлiвых часоў разам з добрым выкiдаюць на паверхню плынi падзеяў i рознае шумавiньне. Усё яно бывае так зьмяшанае i неўпарадкаванае, што, зблiзу гледзячы, нельга адрозьнiць навет, цi добрае прылiпла да благога й цягне яго за сабою, цi наадварот. Толькi з адлегласьцi часу, зважыўшы ўсе рухаючыя сiлы, плынi ды розныя матывы заангажаваных людзей, можна так-сяк падсартаваць, вызначыць, ацанiць, паставiць на належнае месца.

Гаворачы аб Радаславе Астроўскiм, адно можна сьцвердзiць з абсалютнай пэўнасьцю: памыляюцца тыя, што, ацэньваючы яго, кiдаюцца ў скрайнасьцi - цi то прыдзяляючы зусiм да здраднiкаў i народных злачынцаў, цi, з другога боку, залiчаючы да палымяных, адданых народу ахвярных патрыётаў ды разумных палiтыкаў. Абедзьве ацэнкi - памылковыя. Трэба меркаваць, што калi ў 1941 годзе Астроўскi прыехаў у Менск, а пасьля накiраваўся ў Смаленск, каб быць блiжэй Масквы, дзе хацеў быць пасьля гiтлераўскае акупацыi яе камiсарам, ён кiраваўся вылучна сваёй амбiцыяй. Зноў-жа, калi ў 1943 годзе Астроўскi стаў прэзыдэнтам БЦР, дык i тут хутчэй за ўсё галоўным рухавiком такога кроку былi жаданьнi аўтарытэту, нейкай матар'яльнай карысьцi, чымся шляхотныя матывы служэньня паняволенаму народу. Надта-ж добра ведама, як немцы абыходзiлiся зь перадавымi патрыётамi. Накiроўвалi iх шляхам ксяндза Гадлеўскага й выканчывалi ў склепах вязьнiцаў. Быў-бы Астроўскi вызначным патрыётам, чалавекам поўнага нацыянальнага й асабiстага гонару, беззаганнае маралi, ня быў-бы ён прэзыдэнтам БЦР. Немцы не хацелi бачыць на гэным становiшчы асобы дамiнуючай, аўтарытэтнай, перад народам заслужанай i яму поўнасьцю адданай. Iм патрэбна было калi нешта ня зусiм маральна нiзкое, дык, прынамся, цьмянае, але разам з тым i здольнае выклiкаць пэўны давер, пашану сярод беларусаў. Астроўскi адпавядаў гэтым вымаганьням.

Прасачыўшы жыцьцёвую дзейнасьць Радаслава Астроўскага, можна прыдзялiць яго да апартунiстых, а мо навет i да апаратчыкаў, хаця ня зусiм у такiм разуменьнi апошняга тэрмiну, якое прыдаюць яму бальшавiкi, зь сiстэмы якiх, здаецца, гэты тэрмiн i выводзiцца. Вось-жа, калi залiчыць прэзыдэнта БЦР да апаратчыкаў, то тут адразу-ж трэба й дадаць, што будучы прыладай нейкага апарату (звычайна чужога, акупацыйнага), Астроўскi заўсёды намагаўся мець у гэтым вялiкiм апараце свой малы апарацiк, да пэўнай меры аўтаномны. Тут ён любiў быць поўным гаспадаром, навет з эрзацам нейкага дутага аўтарытэту, са сваёй вялiкай шыльдай. Гэнае жаданьне аўтарытэту, штучна-эрзацнай надзьмутасьцi, шумна-мнагазначнага тытулу й цi не зьяўлялася ў Астроўскага галоўным стымулам да дзейнасьцi пад час гiтлераўскае акупацыi, дый пазьней ужо - на эмiграцыi ў Нямеччыне. Бо чым-жа можна было-б тады вытлумачыць такi палiтычна самазабойчы крок Астроўскага пасьля вайны на эмiграцыi, калi з музея абняслаўленых палiтычных рэлiквiяў выцягнуў ён на паверхню бурлiвага эмiграцыйнага палiтычнага жыцьця палiтычны труп - БЦР i стараўся яго ўваскрасiць? Хiба-ж рацыянальна думаючы палiтык мог такое зрабiць?

Асьмельваемся цьвердзiць, што калi-б былы прэзыдэнт БЦР, пасьля ўпадку гiтлераўскае Нямеччыны, ня выцягнуў на дзённае сьвятло нефартуннага мерцьвяка - БЦР, то шматлiкiя беларусы памiналi-б яго добрым словам. Не трэба забывацца, што прэзыдэнт БЦР у часе гiтлераўскае акупацыi Беларусi меў вялiкiя магчымасьцi рабiць добрае й благое, i тут трэба аддаць праўдзе справядлiвасьць: ён зрабiў нашмат больш першага, чымся апошняга. Навет сяньня й навет ягоныя палiтычныя працiўнiкi з поўнай шчырасьцю цьвердзяць, што Астроўскi як прэзыдэнт БЦР пад час гiтлераўскае акупацыi Беларусi стаяў на вышынi свайго заданьня. Пад заданьнем, ясна, разумеецца выкарыстоўваньне пазыцыi прэзыдэнта БЦР для абароны iнтарэсаў i рэпрэзэнтацыi беларускага народу. У Астроўскага гэна дзейнасьць выявiлася перадусiм у намаганьнях стрымаць азьвярэлае вынiшчэньне немцамi беларускiх вёсак i насельнiцтва. Гэтак ён часта дакучаў Ген. Камiсару фон Готбэргу, каб хутчэй арганiзаваць беларускiя збройныя сiлы. Калi-ж была праведзена мабiлiзацыя ў БКА, а рэкруты ня мелi зброi, Астроўскi пагражаў Генэрал-Камiсару, што, калi ў хуткiм часе БКА не дастане зброi, ён, Астроўскi, выдасьць загад аб дэмабiлiзацыi. Гэта было падзейнiчала на немцаў. Астроўскi аддаваў асаблiвую ўвагу вайсковаму рэфэрату пры БЦР як у Менску, так i пасьля ў Бэрлiне. Другое-ж, ня менш важнае - Астроўскi ня толькi не перашкаджаў, але спатураў, ды нярэдка й памагаў у працы самай перадавой i найбольш адданай iнтарэсам народа беларускай iнтэлiгенцыi.

Каб ацанiць Радаслава Астроўскага з пазытыўнага боку, трэба ўявiць, колькi шкоды й цярпеньняў мог-бы прынесьцi беларускаму народу, будучы на становiшчы прэзыдэнта БЦР, iншы чалавек, прыкладам, адзiн з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычынiлiся да загубы сьвятароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык навет поўнасьцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў-жа ня кiдацца ў скрайнасьцi й гладзiць па галоўцы за тое благое, што ён мог-бы зрабiць, ды не зрабiў.

... I КОЛЬКI СЛОЎ АБ ГАЛОЎНЫХ ЗЛАЧЫНЦАХ

На заканчэньне нашай кароткай, даволi павярхоўнай i некамплетнай характарыстыкi падзеяў i некаторых людзей у занятай гiтлераўскiмi акупантамi Беларусi ў 1941-1944 гадах неабходна падкрэсьлiць самую галоўную, сказаць-бы кардынальную, прычыну цi дзейнiк, ад якое й выводзiлiся ўсе няшчасьцi, мiльённыя страты ў людзях беларускага народу, ды - з другога боку - i рабiлiся мерапрыемствы для абароны й самазахаваньня паняволеных. Гэнай прычынай былi сталiнска-бальшавiцкiя апэратыўныя групы чэкiстых, чырвоныя партызаны.

Ужо 3 лiпеня 1941 году маскоўскi дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусi й iншых заходнiх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Армii й партызанам наступны загад:

"Нiводная лёкаматыва, нiводная чыгунка, нi кiляграм пшанiцы цi лiтр гаручага не мусяць быць пакiнутымi ворагу. Калгасьнiкi павiнны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскiя злучэньнi, конныя й пяхотныя, павiнны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў i дарог, для знiшчэньня тэлефонных i тэлеграфных камунiкацыяў, для паленьня лясоў..."