Ва Ўсходняй Беларусi ў Дапаможную Палiцыю насамперш хлынулi энкавэдзiстыя, адсталыя ад сваiх адзьдзелаў або проста недабiткi-чырвонаармейцы й злачынцы розных масьцяў i велiчыняў, выпушчаныя з турмаў пасьля прыходу немцаў. Масава пайшлi ў палiцыю й такiя немцы з-над Волгi, што былi людзьмi малой вартасьцi й нiзкай маральнасьцi. Немцы-ж ахвотна iх прыймалi, як сваiх аднапляменцаў. Яны й апанавалi становiшчы камэндантаў палiцыi ў "гэбiтах", стаўшыся найчасьцей дараднiкамi й перакладчыкамi. Немцы хутка апяклiся, бо крымiнальны элемэнт адразу пачаў сябе выяўляць. Пачалiся рэпрэсii. Злачынцаў вылоўлiвалi й сурова каралi - найчасьцей вешалi.

Беларусы спачатку зусiм ухiлялiся ад супрацоўнiцтва з акупантам, але хутка адчынiлiся iм вочы, калi ўбачылi, .што чужы, часта крымiнальны й наагул варожы элемэнт, скарыстаўшы з нагоды, узяў у свае рукi зброю й рабiў больш шкоды, чым самыя гiтлераўцы. Беларуская iнтэлiгенцыя, спачатку рассыпаная й незарганiзаваная, бачачы, як радзеюць ейныя шэрагi, вынiшчаныя рукамi гiтлераўскiх калябарантаў, таксама лiчыла патрэбным шукаць нейкага ратунку. Немцы-ж са свайго боку хутка пераканалiся, што калi ў акупаванай краiне маюць утрымаць парадак i мець добрую апору, то элемэнт, якi спачатку прыйшоў у палiцыю, буў у вялiкай меры да гэтай адказнай службы непрыдатным.

Камандантам палiцыi гораду Менску быў спачатку калiшнi капiтан савецкае армii нейкi Пугачоў, беларус, што зь беларускага Пугача перамянiўся ў маскоўскага Пугачова. Д-р В.Тумаш, першы старшыня гораду Менску пад акупацыяй, у верасьнi 1941 года скантактаваўся з капiтанам Ф.Кушалем i запрапанаваў яму, каб абняў каманду менскае палiцыi. Апошнi, прыгледзеўшыся й запазнаўшыся з палiцыяй, запрапанаваў нямецкаму камандаваньню, каб выбрала больш вартасных людзей зь менскага адзьдзелу й зарганiзавала для iх падафiцэрскую школу. З дапамогаю д-ра Тумаша гэта ўдалося зрабiць. Капiтан Кушаль выбраў у школу сорак маладых беларусаў зь Менску й ваколiцаў. Апрача вайсковых дысцыплiнаў у школе выкладалася беларусаведа й праводзiлася нацыянальная праца. Курс скончыўся ў травенi 1942 году й даў добрыя вынiкi. Ад гэтага часу немцы й пачалi папаўняць дапаможную палiцыю маладым элемэнтам зь беларускае вёскi.

Тым часам на правiнцыi пачаўся прымусовы набор у Дапаможную Палiцыю. Пачалi тварыцца палiцыйныя палкi. Адзiн такi полк i быў зарганiзаваны ў Случчыне, другi - у Астрашыцкiм Гарадку. Адылi прымусова браныя людзi не хацелi служыць, i пачалiся масавыя дэзэрцыi, зь якiмi немцы не маглi справiцца.

Камандант палiцыi Генэралькамiсарыяту Беларусi, нямецкi палкоўнiк Каўфман, запрапанаваў капiтану Кушалю паехаць зь iм у палiцыйныя палкi, каб правесьцi гутаркi. Гэткiм чынам абодва, разам з капiтанам Кумерам, што добра ведаў расейскую мову, паехалi на правiнцыю. Кушаль тлумачыў людзям, што беларусам трэба стварыць кадры свае збройнае сiлы, што гэта неабходна для паўстрыманьня вынiшчэньня беларусаў чужымi варожымi элемэнтамi. Таму-ж, што ўтварэньне беларускае збройнае сiлы пакуль што немагчыма, трэба беларусам здабываць веды ў шэрагах палiцыi. Дэзэрцыя неўзабаве паменшала. Немцы-ж пераканалiся, што без дапамогi мясцовае iнтэлiгенцыi не даць iм рады зь мясцовым насельнiцтвам. Гэткiм чынам падрыхтоўваўся грунт пад Самаахову, а пазьней - Беларускую Краёвую Абарону.

САМААХОВА

Першай легальнай, чыста гаспадарчай арганiзацыяй у Генэральным Камiсарыяце была Беларуская Народная Самапомач (БНС), пазьней перайменаваная ў Беларускую Самапомач (БСП). Заданьнем БСП была дапамога ежаю й вопраткаю пацярпеламу жыхарству ў межах Ген. Камiсарыяту Беларусi. На чале БСП паставiлi акупанты д-ра Iвана Ермачэнку, лекара паводля прафесii, што перад вайной жыў у Чэскай Празе. Якiм чынам здабыў ён у гiтлераўцаў давер - няведама. Прывезьлi яго ў Менск восеньню 1941 году. Ермачэнка быў зусiм незалежным ад мясцовых беларускiх установаў i арганiзацыяў, за ягонымi плячыма стаялi толькi немцы. За даручанае заданьне арганiзацыi БСП узяўся надта энэргiчна, выканаўшы яго ў параўнальна кароткi час. У Менску паўстаў цэнтр "Самапомачы", а на правiнцыi адзьдзелы.

У сьнежнi 1941 году немцы пацярпелi вялiкую паразу пад Масквою. Нямецкая армiя ня толькi не здабыла Масквы, як гэтага спадзявалася, але была прымушаная адступiць на захад амаль на 150 кiлямэтраў. Зiмою 1942 году пад Сталiнградам была акружаная й цалкам зьнiшчаная 6-я армiя маршала фон Паўлюса. Падмацаваныя на духу яшчэ першымi нямецкiмi няўдачамi на фронце, бальшавiцкiя партызаны ў Беларусi пачалi праяўляць ужо вясною 1942 году вялiкую актыўнасьць i прыносiць немцам каштоўныя страты. Акупанты былi змушаныя пераацанiць палажэньне й шукаць нейкага ратунку. З партызаншчынай самi немцы не маглi даць рады. Арганiзацыя палiцыйных палкоў зь беларусаў таксама ня прынесла палёгкi. Беларусы немцам ня верылi, i паўстрымаць дэзэрцыю ў палiцыйных палках маглi толькi нацыянальна-сьведамыя, аўтарытэтныя ў беларускiм грамадзтве людзi. Адылi такiя людзi ня йшлi служыць у палiцыю. Трэба было нейкiм спосабам змусiць iх да гэтага. Гэткiм чынам i паўстала iдая арганiзацыi Беларускае Самааховы.

Праўда, нельга сказаць. што й зь беларускага боку ня было ўзьдзейнiчаньня на згаданую справу. Наадварот, беларускiя дзеячы ўвесь час старалiся пераканаць немцаў, каб у нейкай форме дазволiлi стварыць беларускiя збройныя адзiнкi. Пад цiскам беларускага грамадзтва гаварыў аб гэтым немцам i той-жа Ермачэнка й праф. В.Iваноўскi, што пераняў ад д-ра Тумаша пасаду старшынi гораду Менску.

У чэрвенi 1942 г. начальнiк нямецкае палiцыi Беларусi й Генэральны Камiсар супольна далi загад, накiраваны да Ермачэнкi, аб арганiзацыi Беларускае Самааховы. Атрымаўшы загад, Ермачэнка склiкаў сход, на якiм былi запрошаныя прадстаўнiкi ад беларускага грамадзтва, ад Генэральнага Камiсарыяту й ад штабу нямецкае палiцыi. Ермачэнка прачытаў загад, зьмест якога быў прыблiзна гэткi: Генэральны Камiсар Беларусi дазваляе беларускаму жыхарству Ген. Камiсарыяту арганiзаваць у мэтах самаабароны перад бальшавiцкiмi партызанамi палiцыйныя адзiнкi ў акругах, у сiле батальёну кожная. Кажны з батальёнаў мае быць самастойным i падлягаць нямецкаму гэбiтс-каманданту палiцыi. Склад батальёну мае быць беларускiм, улучна з усiмi камандзерамi. Нямецкi камандант палiцыi Ген. Камiсарыяту мае даць батальёнам узбраеньне. Утрыманьне й абмундараваньне батальёнаў ускладаецца на Беларускую Самапомач. Адказнасьць за арганiзацыю й за палiтычную надзейнасьць Самааховы ўскладаецца на кiраўнiка Беларускае Самапомачы д-ра Iвана Ермачэнку.