Задыханы аптэкар запхнуў угневаную птушку ў клетку памерам з ладную шафу. Паўлін распрастаў пёры і пранізліва патлумачыў, чаму ўбачыць яго ў сне азначае хуткую жыццёвую буру.
— Пайшлі адсюль, а то пагаварыць не дасць, каб яго пярун… — пракрычаў аптэкар. І ўжо ў сваім пакойчыку, завешаным паліцамі з кнігамі, распавёў:
— Пан пісар падарунак зрабіў. Я ягоную мосць ад лястыру вылечыў, а ён мне — гэтага птаха… Прыдумаў, што крык паўліна дадае лекам ад лёгачных хваробаў асаблівую моц.
— А адкуль у пісара паўлін? — пацікавіўся Пранціш. Дзядзька Лейба ўздыхнуў.
— Ад самога яснавяльможнага ваяводы полацкага, пана Аляксандра Сапегі. Паўлін гэты асабліва злосны, брэцёр гэткі сярод паўлінняга народу, ну і, мусіць, нехта з птаства яму адпомсціўся ці з прыслугі, так што птах дастаўся пану пісару паўдохлым… Карацей, на табе, нябожа, што мне нягожа. А я перадарыць каму радасць гэтую не магу. Пан пісар — кліент пастаянны, вось і даводзіцца цярпець…
Паўлін абражана крумкнуў, зусім як варона, і адвярнуў ад крыўдзіцеляў галаву на тонкай шыі. Лейба нарэшце засяродзіўся на гасцях і іх праблемах, акінуў вострым позіркам светлых вачэй былога свайго падмайстра Бутрыма і ягонага цяперашняга студэнта, фізіяноміі ў абодвух былі даволі панылыя і знерваваныя.
— Значыць, з Саламеяй і ейнымі гасцямі пабачыліся… — задумліва прамовіў аптэкар. — Я быў сунуўся ў дом, але мяне не пусцілі й на ганак. Паглядзеў я ў вочы пана, які мяне праганяў, і зразумеў, што зноў ты, Бутрым, улез па самыя вушы ў нейкую нядобрую авантуру, і Саламейку за сабой пацягнуў.
— Улез, дзядзька Лейба, — са скрухай прызнаўся Лёднік. — Не змог пераадолець сваю цікаўнасць… Пачаў даследваць хітрую прыладу, замест таго, каб адразу з рук збыць альбо ў каморы замкнуць. Вось і… Зноў мая Саламея — у закладніцах. І яшчэ адзін маленькі хлопчык можа паплаціцца… І патрэбна мне ад цябе, дзядзька Лейба, кніжка…
Пачуўшы, які менавіта трактат хоча пагартаць Бутрым, аптэкар ажно ўсхадзіўся: шалберствам займацца! Але здабыты з нетраў гаспадарскага дому слоўнік янохскай мовы з малюнкамі лёг на пашарпаны дубовы стол. А яшчэ былы алхімік запатрабаваў геаграфічныя карты, самыя дасканалыя.
Лічбы і літары з малюнка Пандоры Лёднік аднавіў лёгка, хто б сумняваўся ў дасканалай памяці гэтага зануды. Ні разочку беднаму студэнту не запамятаваў найменшай правіны. А потым пачалася доўгая нецікавая праца, у якой госцю трохі дапамагаў аптэкар, але ў асноўным сам Лёднік гарбаціўся, шаргочучы паперамі, як вецер сухім лісцем.
Праца заняла вечар, паўночы, і яшчэ ўвесь наступны дзень. Янохскую мову для доктара Дзі перакладаў ягоны сакратар Эдвард Келі, названая яна была па імені біблейскага прарока, бацькі Мафусаіла. Той Янох быў узяты анёламі ў падарожжа ў рай, пра што і напісаў пасля кнігу. Многія лічылі, што Келі свайго апякуна проста дурыў, выдумваючы неіснуючыя словы. Але калі слоўнік мовы ёсць — значыць, на ёй можна нешта зашыфраваць і, адпаведна, расшыфраваць. У трактаце мелася дзевятнаццаць «енахійскіх ключоў», паэтычных тэкстаў, прадыктаваных нібыта самім духам Урыелем, прыводзіўся алфавіт нябёснай мовы, а, самае галоўнае, абазначэнне лічбаў.
Пранціш не вельмі разумеў, што крэсліць на ашмётках паперы ягоны прафесар, таму бавіў час за даследваннем аптэкарскага дому, дзе быў тры гады таму. На паліцах дадалося слоікаў з рознымі заспіртаванымі пачваркамі, але такога дабра досыць было і ў Лёднікаўскіх апартаментах. Пад столлю па-ранейшаму вісела на ланцугах чучала кракадзіла — абавязковы атрыбут аптэкі. А вось на сцяне з’явілася вялікая старажытная гравюра, пажаўцелая, абтрапаная на краях, расфарбаваная выцвілымі фарбамі. Гравюра ўяўляла сабой карту, на якой акрамя абрысаў рэк і гор былі пазначаныя маленечкія камяніцы і прыгожыя храмы з купаламі, купкі пальмаў, вярблюды, дзівосныя дрэвы з такімі вялізнымі пладамі, што павінны былі б у рэальнасці пераламіць ствол дрэва сваім цяжарам. Пасярэдзіне красаваўся горад, абнесены зубчастай сцяной… У куце надпіс велягурыстымі гатычнымі літарамі: «Ерусалім».
Ад пана Агалінскага звестак не было. Той не зажадаў скарыстацца ні гасціннасцю ненавіснага доктара — той запрашаў усю кампанію ў дом сваёй жонкі, бо ягоны ўласны даўно быў прададзены за даўгі. Не спыніўся Амерыканец і ў гасціным доме — месцічы нездарма не жадалі іх будаваць, нягледзячы на прымусы магістрату. Пані Гігіена там не начавала, таму і падарожныя не надта ахвотна згаджаліся карміць казённых клапоў, дый гараджанам куды выгадней было пасяліць прыезджага ў сваёй хаце і мець жывыя грошы. Вось пан Гервасій і зняў вялікі дом побач з карчомкай. І ясная справа, што на нейкі час вогненны меч доктара Дзі і помста паганаму доктару адступілі перад моцай мясцовай гарэліцы-аквавіты, якой тут рабілася сорак гатункаў: анісавая, кменная, палыновая, блакітная на святаянніку — а як жа не пакаштаваць кожнай хоць па чарачцы?
А Пранціш пасля прагулянак па Ніжне-Пакроўскай ды Віцебскай, жартачак з маладзіцамі з Запалоцця з задавальненнем назіраў, як дзядзька Лейба пад надакучлівыя крыкі сапегаўскага паўліна рыхтуе на продаж лекі: ён рабіў усё не так хутка, як Бутрым, затое і не так сур’ёзна, а нібыта гуляў у дужа цікавую гульню, сам дзівячыся з таго, што атрымліваецца, і расказваючы мноства дзівосных гісторый. Пра глінянага балвана Галема, якога ўмелі ажыўляць вялікія мудрацы з дапамогай напісанага на ягоным ілбе слова «Эмет», што азначае «Праўда». Пра тое, што ў хвосце паўліна змешваецца 365 колераў, таму што менавіта праз столькі нябёсных сфераў праходзяць эманацыі эфіру. Што калі хочаш зрабіць кнот, які змусіць бачыць зялёных істотаў, што лётаюць падобна вераб’ям ды іншым птахам, трэба ўзяць зялёнае сукно, якім абіваюць труны, пакласці туды птушыныя мазгі і пер’і з хваста, загарнуць, змясціць у новую зялёную лямпу, якая напоўненая аліўкавым алеем, і запаліць. Ніколі да канца не было зразумела, ці Лейба гаворыць усур’ёз, ці жартуе, але Пранціш шчыра весяліўся, слухаючы фантастычныя байкі. Не дзіва, што малы Бутрым у свой час, дапамагаючы аптэкару, так захапіўся навукай алхімічнай ды лекарскай.
Нарэшце, калі галава студыёзуса ўжо расколвалася ад благанняў паскуднай птушкі, Баўтрамей абвесціў, што малюнак Пандоры цяпер мае трывалыя каардынаты. Дзякуй таму ж доктару Дзі, які спрычыніўся да заснавання Грынвічскага мерыдыяну.
— Месца на ўскрайку Лондану… — стамлёна апавядаў Лёднік. — Але калі звярацца з картамі — самая найноўшая пяцідзесяцігадовай даўніны — цяпер там самыя гарадскія трушчобы. Я па студэнцкай дзёрзкасці сваёй там шнырыў, але, паверце, каб быў я без кампаніі тубыльцаў, адзін з іх, дарэчы, сапраўдны лорд, які збіўся з тропу ў прытонах Іст-Энду, мог я і назаўсёды там застацца, і вылавілі б мяне ў Тэмзе без кашалька і носа.
— Дык што вы павінны адтуль прывезці? — асцярожна папытаўся аптэкар. — Зноў нейкую святую рэліквію?
— Горш, дзядзька Лейба, — змрочна патлумачыў Лёднік. — Зброю мы павінны прывезці.
Аптэкар пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў, ажно полымя свечак здрыганулася.
— Што толькі людзі не выдумляюць, каб адзін аднаго панішчыць… Як быццам галоўная мэта іх жыцця — чужая смерць. А для перамогі самага вялікага волата альбо войска дастаткова аслінае сківіцы альбо звычайнай пастуховай трубы, галоўнае — каб на тваім баку быў Гасподзь. Не хачу нават ведаць дакладна, Бутрыме, што ты павінен здабыць… Мне дастаткова было сузіраць гэтую кнігу… — аптэкар пагардліва тыцнуў пальцам у трактат янохскай мовы. — А хто, так бы мовіць, ваш заказчык?
— Каб жа адзін хто! — з прыкрасцю прагаварыў Вырвіч. — А то абклалі з ўсіх бакоў… І кожны па-свойму пагражае. І як ні круці, усіх мы не задаволім.
Між тым віраванні палітычныя дайшлі і да Полацку… Пранціш, пакуль Лёднік сядзеў у аптэцы, наслухаўся падчас прагулянак ад крамнікаў, рамізнікаў, старызнікаў ды гандлярак і пра страшныя бітвы ў Вільні між панамі, і пра знак на небе ў выглядзе скрыжаваных чырвоных дзідаў, што, як усім вядома, прарокуе братнія звады, і пра здань пана Міхала Валадковіча, якая з зайздроснай адданасцю вартуе менскую ратушу, і пра вядзьмачку з млына, дачку вадзяніка, што ледзь цэлую вёску не вымарыла чырвоным свербам, і пра Чорнага Лекара, які вярнуўся на днях у Полацак, каб наварыць золата, і пра пана Гервасія Агалінскага, які ўчыніў бойку з бычком на панадворку карчмы, і добра, што ў бычка рогі былі падпілаваныя, дык пан абыйшоўся сінякамі на самым далікатным месцы, калі ад таго бычка даваў лататы…