Изменить стиль страницы

Людзі ўхвальна загулі. Лёднік уладна загадаў прыхадням:

— Мы зараз параімся! Чакайце тут выраку! — і зайшоў у браму. Да доктара зараз жа падляцеў Агалінскі.

— Ты што тут узяўся камандаваць, клісцірнік пракляты? Хто ты такі? Вядзьмак вядзьмачку ратаваць узяўся? Ды я цябе…

Агалінскі выхапіў з-за пояса бізун і замахнуўся. Лёднік пераняў панскую руку і так сціснуў, што пан вохнуў.

— Я, вашамосць, прысягу сваю вам памятаю і гатовы сплаціць. Але пан памыляецца, калі думае, што я дазволю хоць адзін бізун ад тае смяротнае дозы загадзя выпрабаваць на свае скуры. І я не дазволю аддаць на смерць гэтае няшчаснае дзяўчо…

Лёднік кіўнуў у бок Саклеты, якая нават не плакала, не спрабавала схавацца, а пакорліва стаяла каля бацькі, апусціўшы галаву, падобная ў белай хустцы на зламаную кветку.

Пранціш зараз жа падляцеў да Лёдніка, гатовы астудзіць пал Агалінскага шабляй.

— Я ўсё ўладжу сам, ваша мосць, — цвёрда сказаў Амерыканцу доктар. — Я бачыў праявы пошасці і пазнаў хваробу. Нічога звышнатуральнага. Прашу толькі яснавяльможнага пана не ўмешвацца — урэшце, гэта мужыцкая справа, не вартая вашых высакародных клопатаў.

Агалінскі, якога Лёднік адпусціў, адскочыў назад і выхапіў шаблю. Ноздры яго раздзімаліся, і ён бы кінуўся на доктара, каб быў трохі больш п’яны, але, відаць, яшчэ памятаў, што сам звязаны прысягай наконт здабыцця спадчыны доктара Дзі, таму толькі пагардліва сплюнуў.

— Гэта я табе таксама прыпомню, паскуднік!

Фурман і Хвелька паглядалі на млынароўну з нянавісцю і страхам, і, падобна, гатовыя былі зараз жа перакуліць яе цераз плот.

Доктар строга папытаўся Саклету:

— Кідала ката пад млын?

Дзяўчына з безнадзейнай абыякавасцю кіўнула галавой:

— Звычай такі, вашамосць. Млын жа без гэтага круціцца не будзе, вадзянік ставы паламае…

Лёднік толькі з прыкрасцю рукой махнуў.

— Вось ён, партрэт беларускага духу… Даведнік па травах з лацінскімі назовамі — і кот у ахвяру вадзяніку. А на аперацыю па выдаленні свайго ўпрыгожання на шчацэ ты згодная, ці свята верыш у ягоную неабходнасць дзеля паспяховай знахарскай практыкі?

Саклета ўпала перад доктарам на калені і пачала палка цалаваць таму руку:

— Паночак мой, любенькі мой, ды калі б толькі вы змаглі сурок гэты прыбраць! Ды я за вас Богу маліцца стану і ўдзень, і ўночы!

— Млын прадам, усё прадам, толькі прыбярыце чырвонага змея з дачкі, сіроткі беднай! — зароў і Яўхім і схапіў доктара за другую руку. — Матка ейная рана памерла, адзіная мая ўцеха — дзіцятка…

Лёднік раздражнёна вырваўся.

— Папярэджваю, гэта балюча. А мне яшчэ лішаі ў гэтых дурняў лячыць. Будзеце рабіць, што скажу, без дапамогі не спраўлюся.

І пайшоў за вароты.

Калі натоўп расчыніўся ў прыцемку, як соль у поліўцы, Лёднік абвесціў, да абурэння Агалінскага, што давядзецца затрымацца на млыне на тыдзень. Бо ён дэкляраваў нападнікам вылечыць ад пошасці жыхароў вёскі, а млынароўну Саклету паказаць з чыстым тварам. Тыдзень — найменшы тэрмін, за які шнар пасля аперацыі на твары хоць трошкі зацягнецца, прыгатуецца дастатковая колькасць мазі ад скуранога захворвання, якое, па сцверджанні Лёдніка, узнікла не ад сурокаў, а «мыцца часцей трэба», і ад тае мазі лішаі пачнуць сыходзіць.

А каб абвергнуць падазрэнні ў вядзьмарстве ўласным, доктар абвесціў, што разам з сям’ёй млынароў пойдзе ў царкву — яна тут засталася праваслаўнай — да споведзі і прычасця.

Пранцішу давялося быць асістэнтам, калі доктар рабіў аперацыю Саклеце. Студыёзус увесь час маліўся святому Кіпрыяну, які дапамагае супрацьстаяць магіі і чараўніцтву, але за час аперацыі ўпэўненасці ў вядзьмарскай прыродзе млынароўны ўсё-ткі паменшылася. Амерыканец таксама быў пажадаў паглядзець, але хутка страціў цікавасць да крывавай дзеі. А дзяўчына нават не плакала — дзеля пазбаўлення ад свайго праклёну гатовая была перацярпець любы боль. Праўда, і Лёднік узяў з сабой не толькі абавязковы набор інструментаў, але і запас лекаў, сярод якіх даволі моцныя абязбольваючыя.

— Яшчэ пара такіх аперацый — і мне можна будзе блох падкоўваць, — бурчэў стамлёны, але таемна задаволены сабой Лёднік, які страціў гадзіну, каб зрабіць след ад свайго скальпеля як мага больш незаўважным.

А тады пачалася катаржная праца па нарыхтоўцы мазі. Смурод клубіўся неверагодны, як у пекле. Хвелька і фурман Карп, панурыя і злыя, пераціралі, таўклі і наразалі, млынар цягаў, Пранціш варыў, Лёднік кіраваў… Толькі Саклеце было забаронена ўставаць — каб усё зажыло як хутчэй і найлепей.

А Амерыканец альбо валяўся на сенніку з кнігай пра заморскія падарожжы, альбо хадзіў страляць птушак у бліжэйшы гаік. Адзіная карысць — пан высветліў, што за млынам сочаць, так што збегчы не ўдасца, і паслаць па дапамогу ў Глінішчы таксама. Яшчэ адно, на гэты раз уласнае, назіранне Пранцішу не спадабалася: Карп і раней пазіраў на доктара, як сыч. А цяпер і Хвелька перамяніўся. У ягоных паглядах на гаспадара мігцелі расчараванне і крыўда, як у дзіцёнка, якому замест сапраўднага жывога коніка падарылі выразанага з дрэва балванчыка. Доктару не было калі звяртаць увагі на такія нюансы, але Пранціш схапіў Хвельку за вуха ў цёмным куце пасля асабліва непаважлівага звароту да прафесара.

— Ты што гэта, сучы сын, сабе дазваляеш? Я цябе, хамуйла, навучу, як са шляхціцам паводзіцца!

— Дык то са шляхціцам… — раптам з крыўдай прагаварыў Хвелька. — А мне Карп распавёў, што пан Лёднік — зусім і не пан, а чарнакніжнік, і ў вас, вашамосць, слугою быў, а брат пана Гервасія дык увогуле яго за халопа трымаў.

Пранціш для важкасці адвесіў Хвельку пару кухталёў.

— Запомні, хамуйла: нават кароль можа ў палон патрапіць і на ланцугу сядзець. Калі пана Лёдніка сам вялікі гетман паважаў, за стол з сабою садзіў, дык не табе ставіць пад сумнеў ягоную годнасць. Ясна? Доктар жыццё табе выратаваў, з таго свету выцягнуў, а ты важыш, ці дастаткова твой пан для цябе радавіты!

Хвелька, вядома, запэўніў, што ўсё з’ясаваў, і перапрашаўся, і каяўся… Але водгулле атрымалася ад такога дробнага здарэння непрыемнае… Пранціш памятаў сябе, шкаляра, якому дастаўся ў рабства раскаяны алхімік. І як ён ставіў алхіміка на месца… І, выходзіць, Лёдніка, сына гарбара, да канца жыцця так і будуць ставіць на месца — нават слугі… Для Пранціша, які аднойчы прызнаў доктара роўным сабе, гэта атрымлівалася асабістай абразай… Але ж і сам пан Вырвіч, уладальнік герба Гіпацэнтаўр, у глыбіні душы лічыў Лёдніка няхай і выбітным чалавекам, але — інакшым ад патомнай шляхты, бо ў ягоных жылах усё роўна цякла простая, брудная кроў… І бацька Пранціша, пан Даніла Вырвіч з Падняводдзя, загонны шляхцюк, які сам вывозіў на поле гной, уторкнуўшы ў воз шляхецкую шаблю, быў па сармацкіх законах бясконца вышэй за бязроднага прафесара з двума дыпломамі, у парыку і модным камзоле.

А потым давялося ісці ў вёсачку з красамоўнай назвай Карытнікі, счакаўшы свята, каб людзі былі дома. Перад выправай прафесар з валізай у руках спыніўся ля тапчана, на якім, задраўшы ногі ў жоўтых саф’янавых ботах на падваконне, ляжаў пан Гервасій:

— Ваша мосць не хоча паглядзець, як жывуць ягоныя падданыя?

Доза жоўці ў голасе прафесара была дастаткова заўважнай. Амерыканец сеў і варожа ўтаропіўся ў прафесара.

— Што я, мужыкоў не бачыў?

Лёднік скрывіў вусны.

— Вы, вашамосць, так жадаеце даведацца, як жывуць бедныя індыянцы… Ці не варта мець, з чым параўноўваць? Запэўніваю — экзотыкі і дзікунства ў глухіх беларускіх вёсачках ніяк не менш, чым у пасяленнях ацтэкаў і майя.

Амерыканец падумаў, і зрабіў літасць зацікавіцца. Усё роўна ад нуды пачаў мух расстрэльваць гарохам з трубачкі, а астралябію, хітрамудрую і бескарысную з-за тае хітрамудрасці закінуў так, што забыўся, куды.

Пашкадаваў пан Гервасій аб сваёй цікаўнасці ўжо калі пад’язджалі конна да Карытнікаў па такой гразкай дарозе, што не заслугоўвала наймення дарогі — так, недаробленая сцежка па гліністай гразі. Конь пана Агалінскага ледзь не паваліўся ў адным асабліва слізкім і гразкім месцы, камякі гліны ляцелі на вершнікаў, асядалі на вопратцы ардэнамі восеньскіх вандраванняў.