Изменить стиль страницы

Вырвіч усхапіўся:

— А чаму б не скарыстацца магчымасцю паглядзець свет?

— Забыўся, як пан Багінскі пасылаў нас у полацкія сутарэнні? З таемным загадам свайму найміту перабіць нас па сканчэнні справы? — сурова спытаў Лёднік. — Знайшоў каму верыць… Мікалай Рапнін — царадворца, дзеля сваіх мэтаў ён не грэбуе ніякімі сродкамі. Колькі нашых магнатаў перасварыў між сабою з гэткай жа даверлівай усмешкай…

Прафесар стамлёна пацёр рукой лоб.

— Гісторыя — вар’ят, які наразае кругі па перыметры сваёй камеры, не заўважаючы, што ступае ва ўласныя сляды. Аўгуст Моцны таксама нацкоўваў магнатаў на магнатаў… Ліцвінскія войскі касаваў, штандарты іх ламаў… Вайна ўсчалася між Каронай і Княствам, біскуп Ян Хрызастом Жалускі пісаў, што «зчэзлі ў Літве права, стравядлівасць, сорам; усё падлягае мячу, кіруе мацнейшы, парадак заступіла дзікая сваволя. Баяцца трэба, каб за гэткі прыгнёт шляхты, хаця й не хутка, не наступіла б кара Божая…» І цяпер, адчуваю, нешта падобнае саспела. Меў я нядаўна размову з адным сваім пацыентам… Той шчыра мяне папярэджваў у бліжэйшы час не далучацца ні да якіх палітычных партый. Нібыта на гэтую восень Чартарыйскія з Фаміліяй рыхтуюць дзяржаўны пераварот. Але ў Пецярбургу на іх планы глядзяць скоса, хочуць сваймі сіламі караля нам пасадзіць. Вось і пайшлі інтрыгі… Заўтра адчытаю лекцыі, правяду адну складаную аперацыю, а ў нядзелю з раніцы рушым у Полацак. А там будзе відаць.

Пакуль што відаць быў толькі партрэт Арыстоцеля, тры пустыя кубкі з сінімі караблямі на стале і пераляканы твар Хвелькі, які вызіраў з прыадчыненых дзвярэй.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

СТРАШНАЯ ПРЫСЯГА ЛЁДНІКА

Напэўна, кожнаму здаралася пабачыць у сне нешта такое, што ён ніколі не сустракаў у рэальным жыцці, толькі чуў… А тут — на табе, як бы не сніш, а ўспамінаеш…

Пранцішу снілася пальма.

Такая, як на малюнку з кнігі па геаграфіі. З доўгім голым калматым камлём, з пукам лістоў наверсе, падобных да папараці…

Вакол быў роўненькі пясочак. Хоць зараз магілку капай.

Згодна сонніка, у які Пранціш зазірнуў, як толькі прачнуўся — соннік быў патрапаны, з вырванымі старонкамі, і застаўся ў гэтым доме яшчэ ад былых гаспадароў, нават не прэтэндуючы на месца на дыхтоўных паліцах побач з мнагамудрымі самавітымі тамамі новых жыхароў — пальма ў снабачанні азначала здзяйсненне самых патаемных жаданняў. Але здзейсніцца яны маглі, толькі калі ты аддасіся на волю лёсу, як аддаецца хвалям пасажыр патанулага карабля, якому пашэнціла ўчапіцца за дошку.

За вакном, аднак, гайдаў жоўтай галавою не пальма, а тутэйшы малады клён, абурана адбіваючыся растапыранымі даланямі ад мокрых пацалункаў прыставучага восеньскага дажджу.

Клён бачыўся цьмяна, бо шыбы запацелі. Так і хацелася накрэсліць на іх пальцам магічныя формулы, якія запячатваюць спакой і шчасце ў доме, не даючы ім выпарыцца вонкі. У адрозненне ад большасці месцічаў, якія закаркоўвалі шыбы вокнаў намёртва, каб не траціць цяпло і эканоміць дровы, доктар Лёднік загадваў у сваім доме ўсе вокны перыядычна расчыняць дзеля карыснага для здароўя прытоку свежага паветра. Але ж на тое доктар і ёсць дзіваком і чараўніком.

Перш чым пабачыць пальму, Пранціш палову начы варочаўся і думаў пра Паланэю Багінскую… Ці здагадваецца яна, што сябрук ейнага брата, патэнцыйнага караля, насамрэч дзейнічае яму на шкоду? Пранціш мог бы яе папярэдзіць — але не заслужыла падступная прыгажуня! Цікава, дзе яна цяпер… І з кім…

Пасля сняданку — хуткага і агідна карыснага — грэцкая каша, адварная ялавічына, кіслае малако, — пані Саламея пачала пакаваць рэчы, падганяючы заспанага Хвельку. Таму, колькі б ні перапала паспаць, было мала, хоць бы й з ложка не вылазіў… Ну хіба што падсілкавацца… Хвелька апраўдваў сваё маруднае існаванне хворай пячонкай, а Лёднік тлумачыў прыроджанай лянотай, якая ўтвараецца ад перавагі ў арганізме флегмы. Але разганяць флегму Хвелька быў згодны толькі гарэліцай, а гэтага бязлітасны доктар не дапускаў, маўляў, нап’ешся тут — пахмяляцца будзеш у праайца Абрама, бо пячонку пасадзіў канкрэтна на службе ў шчодрага на выпіўку былога гаспадара.

Падчас лекцыі па логіцы Пранціш на апошняй лаўцы аўдыторыі выйграў у Недалужнага ў косткі тры шэлегі, за якія тэарэтычна можна было б набыць тры прафесары Лёднікі. Але і аднаго здавалася замнога, каб ён аблез няроўна, як кажа Недалужны… Часам Вырвіч успамінаў свайго бацьку, пітака і буяша на ўвесь павет, і думаў, што наўрад ухваліў бы бацька сынавы заняткі… Бацька сядзеў бы зараз не на лекцыі, а сярод шляхцічаў за памінальным сталом і спрачаўся б, хто больш варты быць ваяводай віленскім, пан Міхал Багінскі альбо пан Караль Радзівіл, а пасля спрэчкі на словах хапіўся б за шаблю… Да прыкрасці месцічаў, сутычкі між шляхтаю, якая з’ехалася ў Вільню, рабіліся ўсё часцейшымі і крывавейшымі, адпаведна колькасці выпітага віна. Вось і сёння студэнты пераказвалі адзін аднаму, якая страшэнная ўчора адбылася бойка проста на плошчы перад ратушай — дзесяць ваякаў загінула, а параненых дык утрая больш. Сярод апошніх некалькі мяшчукоў, што патрапіліся праходзіць побач. Эх, вось дзе сапраўднае жыццё — не ў гэтых аўдыторыях!

А потым Пранціш уяўляў, як ён, п’яны і шчаслівы шалам бойкі, канае на віленскай брукаванцы… І дзеля чаго, атрымалася, ён аддаў жыццё, каго бараніў, каму прыклад гераічны паказаў?

…Спакаваныя куфры стаялі пасярод пакоя. Лёднік узважваў у руках цяжкі томік, узяты з «лішняга» стоса, прыкідваючы, можа, усё-ткі хоць яго яшчэ ўціснуць у валізу.

Раптам у браму з усяе дурной сілы груканулі. Гэта ўжо нагадвала старагрэцкую камедыю, у якой п’яныя госці ніяк не могуць разысціся па дамах, кружляюць і ўсё адно вяртаюцца да стамлёнага і аб’едзенага гаспадара.

— Не шляхецкі дом, а нейкая карчма прыдарожная! — радражнёна верашчаў Хвелька. — Вось у ягонай мосці пана Малахоўскага…

Але ў браму загрукаталі так, нібы нехта напаіў медавухай цэлы статак зуброў, і цяпер яны ашалела разганяюцца і лупяць рогамі ў дрэва. Хвелька ціха віскнуў і пабег хавацца…

— Стой! А ну да таго вакна, фузею бяры! — скамандваў палахліўцу Пранціш, які даўно рыхтаваўся сур’ёзна сустрэць чарговых нападнікаў, і палез на гарышча, да амбразуры. Лёднік таксама схапіў пісталеты… На двары Піфагор, падобна, учапіўся камусьці ў лытку — бо пачуўся нечы крык болю і верашчанне беднага сабакі, якому перапала за вернасць. Гэта быў кепскі знак, бо азначала, што нязваныя госці перабраліся цераз плот. І праўда, грукнула на гэты раз проста ў дзверы дома. Галасы прыхадняў зліваліся ў пагрозны гуд. У вокнах бачыліся цьмяныя сілуэты, якія па адным перавальваліся цераз каменную агароджу — няўжо адкрылі тое месца, якім карыстаўся для падобных мэтаў сам Вырвіч?

— Стойце, вашамосці! — звонка выгукнуў Пранціш у амбразуру. — Спыніце наезд, альбо, бачыць святы Франтасій, кулямі пачастую!

У доказ сваіх слоў Пранціш стрэліў. Што-што, а страляць ён налаўчыўся лепей за Лёдніка, фехтавальшчыка няшчаснага. Куля павінна была патрапіць у верхнюю частку брамы — бо яе паслалі не забіваць, а папалохаць. Галасы на вуліцы загулі грамчэй. Пранціш яшчэ раз стрэліў, і госці шарахнуліся назад. Нічога, не сотня, нават не тузін… Пашкамутаем пёркі сіваваронкам. Але адна фігура адлучылася ад натоўпу і ўзбегла на ганак.

— Адчыняй, доктар! Маю звесткі пра пані Агалінскую і яе сына! Ты ведаеш, хто я! Я ўвайду адзін, слова гонару! Мне трэба толькі пагаварыць. Адчыняй!

Голас быў тае ступені раз’юшанасці, калі гучыць на мяжы адчайнага крыку. Збялелы Лёднік застыў на месцы, потым крыкнуў Пранцішу:

— Адвядзі ў дальні пакой Саламею… Зачыні і вартуй. Хутчэй! Залфейка, павер, так трэба! Прашу цябе, сядзі ціха, не падслухоўвай і не спрабуй умяшацца!

Пані Лёднік хацела запярэчыць, але нешта ў голасе мужа было такое, што спрачацца не выпадала — такім голасам доктар размаўляў падчас складаных аперацый. Аднак Вырвіч, як толькі праверыў, што пані Саламея ў бяспецы, бегма вярнуўся назад. Лёднік паспеў ужо адчыніць дзверы.