Изменить стиль страницы

— Вы дзейнічаеце ў інтарэсах ягонае мосці князя Багінскага альбо ў інтарэсах яе вялікасці імператрыцы, ваша светласць? — з заўважнай з’едлівасцю удакладніў прафесар.

— Якая вам розніца, шаноўны доктар? — адказаў князь не менш з’едліва. — Вы, прабачце за параўнанне, трэска, якая трапіла ў моцную плынь, хоць, можа, і лічыце сябе магутным караблём.

Лёднік не звярнуў увагу на крыўдныя словы.

— У любым выпадку, павінен папярэдзіць, што многія дзівосы, звязаныя з імем доктара Дзі, не болей чым міф.

— Шалберства, мой дружа! Чыстай вады шалберства! — весела пагадзіўся Рапнін. — Усе гэтыя люстэркі, у якіх паказваецца будучыня, чароўныя крышталі, мова анёлаў — толькі сродак садраць грошы з даверлівых дурняў і зрабіць кар’еру пры двары. «Чароўная зброя», калі не знаходзіцца ў руках фокусніка, будзе зусім бескарыснай, падобна люстэрку, што захоўваецца ў графа Пітэрбора. Так, я трымаў у руках тое люстэрка — запэўніваю, што гэта просты кавалак вугля.

— Тады навошта вам здабываць артэфакты, ваша светласць, калі яны ўсяго толькі інструментарый фокусніка? — слушна папытаўся Пранціш, які з усяе сілы намагаўся пераймаць сухавата-насмешны свецкі тон суразмоўцаў.

Рапнін фыркнуў, як кот, які выпацкаў нос у смятане.

— Маюць сілу не рэчы, а вера ў гэтую сілу. Давайце я раскажу вам адну казку, мае сябры… — князь адкінуўся на спінку крэсла, хітра прыжмурыў вочы. Дзесьці на двары нарэшце сціх Піфагор, нібыта і ён захацеў паслухаць.

— Адзін вялікі вяльможа, улада якога была не меншай, а можа, і болей за каралеўскую, наведаў кракаўскі кляштар… — мяккім голасам пачаў князь. — Прынялі там вяльможу лепей, чым караля. Паказалі і ўсе рэліквіі кляштарнай скарбніцы. Сярод іх нават таемны экспанат, да якога не дапускалі нікога, бо лічылася, што з ім звязаная нейкая д’ябальшчына. Гэта былі рыцарскія латы — цяжкія, сталёвыя… І разрэзаныя дакладна напалам, як кавалак масла нажом — пачынаючы ад шышака шалому. Зрэз раўнюткі, і аплаўлены, як ад высокай тэмпературы. Вяльможа дужа зацікавіўся, дзе б здабыць такі меч, які здольны лёгка разразаць загартаваную сталь. І высветлілася, што гэта зроблена зусім і не мячом — у нашым звычайным разуменні… А дзвесце год таму прыехаў у Кракаў ангелец, вучоны доктар, вальнадумец і алхімік, які нейкі час хаваўся ў Польшчы ад непрыемнасцяў. Той ангелец быў выбітным вучоным, і нават даваў каралю Жыгімонту ўрокі матэматыкі… А яшчэ любіў уражваць публіку рознымі фокусамі, якія паказваў з дапамогай люстэрак. Прывідаў выклікаў, змушаў прадметы знікнуць… А аднойчы заявіў, што анёлы падказалі яму, як зрабіць вогненны меч. Доктар зладзіў з некалькіх люстэрак рознай формы і драўляных шчытоў адмысловую вялізную скрыню, змясціў туды рыцарскі рыштунак. Скіраваў сонечны прамень у спецыяльную адтуліну, і… раз! — са скрынкі дасталі разрэзаныя напалам латы. Публіка вохкае, доктар ганарыста абвяшчае, што калі яму дадуць магчымасць і грошы, ён зладзіць такую зброю, што варожае войска зрэжа, як касою… Але заміж захопленых воклічаў і кучы золата сустрэўся з абвінавачваннямі ў вядзьмарстве. Сабраў свае манаткі, люстэркі і з’ехаў назад у Ангельшчыну. На развітанне, аднак, паабяцаў, што надыдзе час, калі ягонае вынаходніцтва ацэняць, а дзеля гэтага ён схавае яго ў надзейным месцы і абавязкова перадасць ворагам польскага караля.

— Чаму вы думаеце, ваша светласць, што той доктар насамрэч не вынайшаў цудадзейнай зброі? — пацікавіўся Лёднік. — Калі быў эмпірычны доказ — рассечаная сталь…

— Вы лепей за мяне ведаеце, пан прафесар, як можна загадзя распалавініць латы, і як з дапамогай сістэмы люстраў падмяніць імі цэлыя, — прамовіў князь. — Бо акрамя гэтых латаў — чаму ні на чым не выпрабаваны вогненны меч? Чаму не ўпалі ўсе ніцма перад яго ўладальнікам? Але наш сучаснік, вяльможа, з якога пачалася казка, гэтымі пытаннямі не пераймаўся, а проста захацеў атрымаць чароўную зброю. Золата давядзе і да пакінутага Эдэму. Вось толькі ўваход туды не купіш. Вяльможу даклалі, што ёсць запавет стваральніка анёльскага мяча. Але доктар нічога не ўчыняў проста і па-людску. Ён зрабіў ляльку, якая ўмела маляваць. І перад смерцю наладзіў яе так, каб малявала месца, дзе спачывае ягонае вынаходніцтва. Ляльку замест дакумента завяшчаў шведскаму каралю. Але кароль ад д’ябальскага падарунка адмовіўся, і тады ляльку спалілі. Застаўся толькі механізм, які, як цудоўны экспанат, паказвалі ў шатландскім замку. Наш вяльможа не пашкадаваў грошай, механізм выкупіў і замовіў, каб яго аднавілі ў Швейцарыі. Вось толькі пабачыць плён свае працы не паспеў — памёр…

— Дык вялікі гетман жа паспеў атрымаць аўтамат! — удакладніў Пранціш.

Рапнін пастукаў пальцамі па сваёй табакерцы.

— А хто сказаў вам, вашамосць, што герой майго аповеду — вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька? Насамрэч я гаварыў пра ягонага брата, Гераніма Радзівіла.

Лёднік і Пранціш спахмурнелі, а Саламея захінула твар тонкімі рукамі: у слуцкім замку Гераніма Жорсткага ім усім давялося перажыць нямала… Зняволеная ў вежы Саламея мусіла ўдаваць з сябе па загадзе князя Сільфіду. Лёднік і Пранціш, якія адправіліся выручаць яе, самі сталіся вязнямі сутарэнняў…

— Значыць, ягоная мосць Міхал Казімір Рыбанька выкупіў замоўлены братам аўтамат… — прамармытаў доктар. — Але, як я назіраў, ён вельмі не любіў усялякіх вядзьмарскіх штуковін… Відаць, і не хацеў, каб хтосьці скарыстаўся з падазронай зброі. Асабліва сын… А можа, проста значэння гэтай штуковіне не надаваў — вось і адпісаў мне.

Пранціш злосна фыркнуў, зазначыўшы ў думках, што ў атачэнні ягонае мосці пана Караля Радзівіла той-сёй, адкак, дужа жадае таямніцу скарыстаць.

— Дык вы не патлумачылі, вашамосць, навошта нам ехаць за нейкім шалберскім прыстасаваннем, ад якога ніякага толку?

Рапнін разглядаў свае пярсцёнкі, як быццам першы раз іх бачыў.

— Паўтараю: маюць сілу не рэчы, а вера ў іхнюю сілу. Пакуль шаноўны князь Міхал Багінскі будзе чакаць, калі яму даставяць з-за мора-акіяна, з вострава Буяна цудадзейную зброю, з якой ён пераможа ўсіх і стане каралём і мужам імператрыцы, ён будзе граць сабе на кларнеце, маляваць нацюрморты з персікамі і ўдасканальваць тэатральныя машыны. І гэта найлепей для нашай сітуацыі. Дарогу вам аплоцяць, сябры мае.

— Дарогу куды, яснавяльможны князь? — не вытрымаў прафесар. — Мы не ўстанавілі месца знаходжання пячоры!

Госць паблажліва ўсміхнуўся.

— Знойдзеце вы што, ці не знойдзеце, ведаеце дакладна, куды ехаць, альбо не — на аплаце гэта не адаб’ецца. Галоўнае, той чалавек, якога пан Багінскі з вамі пашле, не павінен сумнявацца ў важкасці даручэння і дакладнасці вашых звестак і будзе рэгулярна паведамляць пра напружаныя пошукі свайму сюзерэну.

Вось яно што, нехта ад Багінскіх… Адразу ўспомніўся белавалосы гігант Герман Ватман, целаахоўнік князя Міхала Багінскага, які некалькі разоў выратоўваў жыцці былога алхіміка і ягонага маладога гаспадара, і некалькі разоў спрабаваў іх забіць — у залежнасці ад атрыманых загадаў.

Лёднік рашуча адсунуў пусты кубак, на парцалянавых баках якога імчалі сінія фрэгаты з ганарліва напятымі ветразямі.

— Баюся, гэтая місія для мяне занадта цяжкая. Вельмі не хочацца расчароўваць яснавяльможнага пана, але я занадта стары і занадта мала ведаю пра мэту нашага падарожжа… А ягонай мосці пану Вырвічу трэба вучыцца. Таму…

— А вы падумайце, падумайце, пан прафесар! — Рапнін ні на імгненне не страціў дабразычлівага выразу твару. — Не ў такой далёкай будучыні акадэмія зробіцца цалкам свецкім універсітэтам, з усімі належнымі кафедрамі, з асобным медычным факультэтам… Спатрэбяцца новыя спецыялісты, новы рэктар… Чаму б вам не заняць гэтую пасаду? У вас аўтарытэт, прагрэсіўны склад розуму, веды… А наконт хованкі — вы ж геній, вы здагадаецеся, вылічыце.

Калі колы карэты, у якой ад’ехаў нечаканы госць, грукаталі па брукаванцы ўжо недзе за Вострай брамай, Саламея парушыла прыгнечанае маўчанне, што панавала ў пакоі:

— Значыць, расейцы паставілі на пана Станіслава Панятоўскага. А мы зноў — як пешкі… Нікуды я не адпушчу цябе, Фаўст, нават калі закарціць прыгодаў.