— Дзе ето я выгульвацца буду?! Што вы гаворыце!
— Знаю, што кажу! "Дзе, дзе буду?" Ведамо, дзе — там, куды везці просіш! Куды ехаць саветуюць саветчыкі ўсякія…
— Божа мой, ці вы не бачыце нічого! — Ганну брала роспач. Вішнёвыя вочы сталі вільготныя. Ca страхам, з горам выпаліла: — Ці вам — усё адно, што… што будзе!
— Ето табе — усё адно! — ускіпеў Глушак. — От прыдбаў нявестку на сваю галаву. Ето ты не бачыш нічого!
— Задыхаецца ж саўсім! — трацячы рэшткі надзеі, што стары злітуецца, крыкнула Ганна.
— Не задыхнецца! — крыкнуў i стары.
— Вы ўсё як знаеце — загадзя, — запярэчыў Сцяпан.
"От жа дзіцятка: няма таго, каб шанаваць, падтрымліваць бацьку, — таксама на бацьку кінуцца рад!"
— Знаю! — злосна зіркнуў на Сцяпана стары. Ён тут жа стрымаў сябе, з годнасцю i мудрасцю чалавека, які ведае, як усё павінна ісці, прасіпеў разважна: — Бог захоча — дак будзе жыць… А як не ўпадабаецца Богу — то ніякі дохтар не паможа…
Халімон стаў мармытаць малітву, хрысціцца. Ганна, слухаючы гэтае мармытанне, падумала са злосцю: малітва адна, пэўна, — каб пагода добрая была заўтра!..
Яна знарок не глядзела на Яўхіма, які, абапіраючыся аб калёсы, пабліскваў цыгаркаю, — паліла крыўда на яго. Хоць бы словам адгукнуўся, падтрымаў! Цяжка было загаварыць з ім, але ўсё ж не вытрывала:
— А ты, ты — што ж маўчыш? Ці табе ето… абы-што?
Ён не спяшаўся адказваць. Агеньчык цыгаркі зазырчаў i раз i другі, перш чым ён загаварыў, спакойна, роўна, як з меншаю:
— А я не люблю плясці попусту.
— Дачка… памірае, а табе ўсё — попусту!..
Цыгарка зноў зазырчала, перш чым ён прамовіў:
— Не памірае i не памрэ. І няма чаго тут — трэсціся ды кідацца на ўсіх!..
— На вас кінешся! Вельмі вы заварушыцеся! Вам — абы сено не папрэло!.. — Ганна загаварыла парывіста, рашуча: — Адна пайду! На руках панясу! І — не трэба мне нічого вашаго! Ніякіх вашых клункаў не трэба!
— Пляцеш немаведамо што! — Яўхім, недавольны, кінуў цыгарку, плюнуў.— Ужэ чорт знае чаго ўбіла ў голаву сабе! Загадзя ўжэ малое ў магілу кладзе!
— А вам i страху мало! Вам аб адном страх!.. — душачыся слязамі, напала яна зноў на Яўхіма. Не скончыла.
Глушак-стары перапыніў малітву, загадаў люта:
— Ціхо ты! Не бачыш — малюся!.. — Ён памаўчаў, прасіпеў разгублена: — Збіла саўсім, паганка! — Закрычаў: — Волі багато ўзяла!
— Aгe, "багато"! У вас возьмеш яе!..
— Як гаворыш са мной! — Глушак быў ужо, здавалася, гатоў кінуцца на яе з кулакамі.
Яна сказала зацята:
— Так, як i вы са мною.
Ён, можа б, i кінуўся, калі б за Ганну не ўступіўся Сцяпан. Гнеў старога Глушака пайшоў i ў другім кірунку: зноў гэты смаркач утыкае нос свой куды не трэба! У той жа момант Халімон учуяў нядобрае Яўхімава маўчанне: чорт яго ведае, што выкіне гэты, толькі крані яго жонку! А тут Халімоніха ўперлася ў Фудзі старога, начала вярзці штосьці супакойлівае, прымірэнчае. Глушак адно злосна ўпікнуў Яўхіма:
— Прывёў дабро ў хату! Прыдбаў роднаму бацьку!..
Усе перамаўчалі яму.
3
He далі Ганне пайсці з малой. Яўхім сілком адарваў ад калыскі, стаў на дарозе. Бачыла: не пусціць да дзіцяці, не дасць Верачкі. Зразу ж за ім Халімоніха насела на Ганну з угаворамі, з папрокамі: выдумала перціся сярод ночы ў такую далеч, цераз лясы, цераз балоты! То ж каб да Захарыхі-знахаркі дайсці, колькі папяцца трэба, а пра Загалле ці Юравічы i казаць няма чаго: ночы цэлай мала! І дужаму дзіцяці дарога такая — пакута, а як жа можна рызыкаваць хворанькай, якой i ў калысцы нядобра!..
Ганна ведала: старая гаворыць праўду. І ўсё ж не ўседзела б Ганна — страшна ісці ў дарогу, але яшчэ страшней сядзець вось так, склаўшы рукі, глядзець, як марнее, гіне на вачах малая. Там, у цёмнай, далёкай дарозе, хоць рызыка, затое ж недзе за ёй i надзея, палёгка Верачцы, ратунак. Не паглядзела б Ганна ні на што, панесла б беражліва дачушку да гэтай надзеі, каб Яўхім не заявіў, што, калі да ранку Верачцы не стане лепш, возьме коней i завязе сам хоць к Захарысе, хоць у Юравічы…
Усю ноч Ганна не счыняла вачэй над калыскай. Некалькі разоў давала Верачцы грудзей, але тая не брала. Ганна душыла страх, старалася не траціць спадзяванку, што вось-вось бяда пачне цішэць — перастане дачушка гарэць, кідацца, задыхацца. І баялася бяды, i не верыла ў яе, у жорсткасць, бязлітаснасць лесу, не хацела, не магла паверыць, што можа здарыцца страшнае, ад адной думкі пра якое ўсё халадзела ўсярэдзіне. Не чуючы ніадкуль падмогі, вымушаная сядзець, чакаць, што прысудзіць лес, увесь пал анямелай ад страху, з трывожнай i ўпартай надзеяй душы аддавала малітве: усё залежала ад Бога, ад Яго літасці, Яго чуласці. Калі малілася, думала пра Бога, цешыла сябе: Ён, усёмагутны, справядлівы, заступіцца, не дасць у крыўду. Не можа ж быць, каб Ён не зжаліўся, каб адабраў у яе самае дарагое, адзінае, што яна мае, чым толькі жыве!..
Якіх ласкавых слоў не нагаварыла яна малой у гэту на ўсё жыццё помную ноч! І бадзёрыла, i абнадзейвала, i абяцала: яшчэ трохі пацярпі, ужо небагата асталося, хутка будзе добра — прасіла, маліла, у роспачы хілілася над дачушкай, якая ўсё хрыпела, задыхалася. Зноў i зноў давала малой грудзей, усё не траціла надзеі, што возьме, пап’e, падужэе Верачка. Але дачушка не брала, не піла. Ніколі ў жыцці не было ў Ганны такога гора i такой любасці, такой прагі аддаць усю сябе другому, каб толькі яму хоць трохі палягчэла!
Як ірвалася, хапала паветра гарачым, агністым роцікам, як пакутавала бедная дачушка! Як дужалася з зацятай хваробай маленькае, такое кволае, згаладалае, аслабелае цельца! Вось-вось — нямела ад страху Ганна — не вытрывае, здасца, сціхне без сілы, — малая ўсё кідалася, усё хапала паветра, змагалася за жыццё.
Як у страшным трызненні была тая ноч. І духата звечара, i налёты халоднага ветру сярод ночы, i бляск маланак, i грымоты, i дождж, шумлівы, халодны, — усё гэта было нібы тым жа трызненнем, усё спляталася з надзеямі i адчаем той бясконцай ночы.
Верачка перажыла ноч. З хвіліны на хвіліну павінна было паказацца сонца. Балота, лес, свет цэлы чакаў, калі яно выблісне, заззяе. У чаканні гэтага хараства штосьці новае, абнадзейлівае зацяплела ў душы Ганны.
Яўхім устаў, ускінуў аброці на плячо i пацёгся па коней. Значыцца, хутка — у дарогу, дзе Вераччына збавенне. Можа, гэты дзень будзе шчаслівы — дай Бог, каб ён быў шчаслівы!.. Ганна ўжо намерылася сабраць што трэба ў дарогу, калі Верачка трудна захрыпела. Напружылася — як бы хацела ўзняць галоўку. Аж выгнулася ўся. Раз, другі i — сціхла.
Ганна глядзела на яе няцямна, не разумела, не верыла. Малая не дыхала. У Ганны самой сцяло дыханне, сама на нейкі час перастала дыхаць, адно глядзела, глядзела — дачушка хоць бы варухнулася! Увачавідкі з кволага тварыка стала хутка спадаць чырвань. Лобік, шчочкі, насок хутка бялелі.
— Верач!.. — застраў у горле жахлівы крык.
Дзіўна паслабелымі рукамі схапіла, прытуліла яе, яшчэ цёплую, яшчэ нібы жывую, прытуліла да сябе, як бы хацела аддаць ёй сваю цеплыню, утрымаць жыццё.
— Верачко! Дзіц-цятачко!.. Донечко мая!.. Не трэба! Не трэба! — шаптала-стагнала, мапіла, чуючы адно: Верачка халаднее.
Не ўбачыла, як узышло сонца, як усё зазіхацела тысячамі зорак-расінак. Не пачула, як пад’ехалі калёсы, не зразумела, чаму Яўхім сказаў:
— Ну от, можно ехаць…
4
На могілкі за маленькай сасновай труной i дубовым крыжам, зробленымі Чарнушкам, ішло толькі некалькі чалавек: Чарнушкі i Глушакі. Людзям не было калі хаваць — усе былі ў лузе.
Ганна сядзела на возе, над незачыненай труной, як бы абдымала яе рукой. Галава яе была схілена, сонца паблісквала ў шаўкавістых валасах, пасма якіх, непрыбраная, звешвалася на лоб. Вочы яе, сухія, гарачыя, нязводна глядзелі на малую: Верачка, блізкая i недасяжная, ляжала сярод валошак, пакладзеных Сцяпанам. Друпя суткі не зводзіла Ганна вачэй з роднага тварыка, не верыла, не магла згадзіцца, што неўзабаве тварык гэты мусіць назаўсёды знікнуць.