Сагнала, забіла камара, выгнала іншых — супакоеная пабегла да грабель.
Так было ўвесь дзень. То шастала сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала, супакойвала, прысынала. Стары Глушак, бачачы гэтае бясконцае беганне, зазлаваў, прасіпеў з папрокам:
— Што ты ето ўсё бегаеш туды! Ляжыць — i няхай ляжыць! Не зробіцца нічого!..
Нарабілася, набегалася за дзень так, што ўвечары, даючы грудзей малой, каб хацела, не магла б стаяць. Сядзела, прытуліўшыся да дубка. Усё ж i ў зморы тлела, жыла пяшчота, радасць. Ціха, санліва, лагодна вяла:
5
Вечарам на балоце то там, то тут пачалі збірацца купкі: дробныя, большыя, мужчынскія, жаночыя, мяшаныя. Ля калёс, каля вогнішчаў, пад якім-небудзь дубком.
Некалькі жанок сышлося да агеньчыка, ля якога корпалася Дзятліха. Пачалося з таго, што па дарозе аднекуль забегла Сарока, яна i прывабіла да Дзятлішынага агеньчыка цікавасць. Не прайшло i некалькі хвілін, як каля Дзятліхі, што варыла картоплю ў казане, растарэквалі з Сарокаю ўжо Нібыта-Ігнаціха, Чарнушкаў мачыха, Дзятлікавых нявестка Маня, яшчэ некалькі суседак. Захопленыя гамонкаю, яны не зважалі на малога Дзятліхі — Валодзьку, тым больш што гаспадара — Васіля — ля агню не было: ён недзе паіў каня.
Нібыта-Ігнаціха пры спачувальным маўчанні жанок іірамовіла, што, можа, яшчэ нічога такога i не будзе, што, можа, страхі тыя людскія — пустое, i ўсе, хто быў пры агні, зразумелі, аб чым яна. Дзятліха ахвотна падтрымала: добра было б, каб пустое было, каб адумапіся, адступіліся…
Сарока нібы чакала гэтага, рынулася адразу:
— Не адступяцца! Не адступяцца, i не думайце! — Яна ўпэўнена напрарочыла: — От толькі вернемся ў хаты! Пабачыце! Пачуеце, як дома пераначуеце!
— Пэўне, што не адступяцца так, — разважліва згадзілася Васілёва маці.
Куліна, Ганніна мачыха, раптам нецярпліва адрэзала:
— Няма дурных!
— Е ці няма, a толькі так не кончыцца. Не для таго гаворано, штоб кінуць няворано!..
Куліна аж гарэла:
— Ето ж дадумаліся! Аддай свае ўсё, усё, што нажываў век мазалём сваім! Адцай чорту лысаму, а сам — астанься як ні з чым! Як усе адно голы!
— Коніка, кароўку, воз, усё! — падтрымала Нібыта-Ігнаціха. — Землю — аддай, насенне — аддай, усё аддай! Усё, што з дня на дзень набываў, агораў, жывучы!..
— Ад бацькі, ад маткі што асталося! — дадала сваю долю Васілёва жонка Маня, што карміла з грудзей малое.
— Дзе ето відано, — кіпела Ганніна мачыха, — кеб усё сяло — як адна сям’я була! Тут i ў сям’і грызешся вечно, брат брата за горло бярэ! А то кеб з чужым — мірно! Смех, дый го дзе!
— І ўсё-такі — не адступяцца! Не так завязалі, штоб добра й так сказалі! Ждуць толькі час, штоб павесці ў кал гас!
— Не даждуцца!
— А от жа ў Апешніках, тым часам, жывуць неяк! — адгукнуўся дзед Дзяніс, які дасюль нібы i не слухаў нічога: сушыў адно лапці, анучы.
— Жывуць?! Не дай Бог жыць каму так!..
Дзед перавярнуў анучу, падблізіў зноў к агню, прамовіў спакойна:
— Жывуць, тым часам. Не паелі адзін аднаго…
— Жняярку прывезлі! — ускочыў у гаворку Валодзька, радуючыся, што ведае такую навіну. Ён здзівіўся: ніхто на яго навіну не абазваўся словам, нібы не чулі; нават дзед.
— Алешнікі — то шчэ віламі па вадзе пісано! Пажывем, пабачым: па-людску ці па-сабачым!
— Алешнікі — не Вадавічы! — дастаючы казан з агню, зазначыла Дзятліха.
— A Вадавічы — што?! Була я там, у тых Вадавічах, к залвіцы хадзіла. Бачыла! — Нібыта-Ігнаціха пакруціла галавою.
Дамеціха, што падышла пазней за іншых, запярэчыла:
— Вадавічы — то Вадавічы! Пра Вадавічы няма чаго казаць!
— Aгe! Няма чаго! — Сарока апярэдзіла Ганніну мачыху, гатовую рынуцца ў бой, захапіла гаворку: — Добра ім камуну сваю рабіць було на ўсём гатовенькім! І дом гатовы, i ўсе друпя асновы! І хлявы, i свірні: жывіце, коні i свінні. Усё гатовенькае! І сад шчэ етакі! На цэлую вярсту сад!..
— І ўсе адно — толку з таго! — перабіла Сароку Ганніна мачыха. — Радасць з таго каму, як яно ўсё чужое! І хлеў — не твой! І свірань — не твой, i хата — чужая! І конікі, i кароўкі — усё чужое! Не возьмеш сам! І ўсё — па камандзе! Зрабі тое, зрабі другое — хочаш не хочаш! Як пры пане!
— Што па камандзе, то шчэ не страшно! Було б што есці, давалі б што ў рот несці! На ўсём гатовенькім, панскім — то легко! Да шчэ й з помаччу ад казны! Мало што пан аставіў здароў, дак шчэ й казна — коней ды кароў!
— Дак i ў калгас еты, казалі, помач даваць будуць! — ціха згадала худая, адны косці, Зайчыха.
— Памогуць! Дадуць калі крыхотку, дак патом забяруць пудам! Налог дзяржаве, скажуць!..
— Кеб сваё пры сабе, — зноў перабіла Сароку Ганніна мачыха, — дак можно було б шчэ падумаць! А то — сам усе дай ды дай ім! Дай ім — а ад ix табе, можа, дуля!
— A няўжэ ж што другое!..
— Алешніцкім памагаюць непагано, казалі! Коней прыгналі надысь добрых! З якогось заводу!.. Грошай даюць! І налог з ix не вельмі бралі…
— Aгe, памагаюць! Пакуль не запрагуць добра!
— У Глінішчах ускочылі, цяпер круцяцца, як ад заразы! Выпісацца хочуць каторыя, дак ix i слухаць не хочуць!
— Hi коней, ні зямлі не даюць назад! — уламалася мачыха. — Ідзі голы ў свет! Васіль, брат мой, упісаўся — дак каецца не перакаецца! А вярнуцца назад няма як!..
— Eтo i я чуў, тым часам, ад глінішчанскіх… — пацвердзіў дзед Дзяніс.
— A алешніцкія i туманоўскія — дзержацца! Дзержацца — i не бядуюць.
— Хто не бядуе, а хто — i бядуе, пра сваё добрае шкадуе! A толькі як хто ў пельку ўскочыў — дак канечне i нам? У ix свая, a ў нас свая галава!
— Ето правільно, — кіўнуў дзед Дзяніс, перакідваючы з рукі ў руку бульбіну, што пякла пальцы.
— Я думаю, як сабяруць шчэ на сход, так i рэзаць трэба: не хочам! Не пойдзем! — твар Ганнінай мачыхі быў рашучы, непахісны. — Хоць пяць, хоць дзесяць разоў сабіраць будуць! Усе адно рэзаць трэба: не хочам! Не жалаем!
— Не хочам! Так i сказаць трэба! — загаманілі жанкі.— Няма чаго тут! Не хочам i не хочам! І ўсё!..
Зайчыха i Дамеціха маўчалі, таілі сваё, асобнае. Але ix не заўважалі: іншыя жанкі былі поўныя сваёй рашучасцю, ад якой стала зноў лёгка, ясна на душы. Трывожыцца як бы не было чаго, усё проста было: не хочам! Не пойдзем, i ўсё!.. Стал i гаварыць весела, без запалу, пра розныя дамашнія дробязі.
6
Амаль у той жа час ля другога агню — непадалёк — сышлося некалькі мужчын. І групка была выпадковая, i выпадковы агонь, раскладзены маткай Алёшы Губатага. Вячэра ўжо скончылася, матка пайшла да воза ладавацца на ноч; сабіралася спаць i Алёшава сястра Арына, што дашкрабала чыгун ад прыгарэлага куляша, i сам Алёша, які нешта санліва плямкаў, бы іграючы. Тады прыйшоў Хоня. Звонкі Хонеў голас умомант абудзіў i Алёшу, i яго бацьку, што ўжо ў сне ссаў сваю векавечную люльку. За Хонем вельмі хутка прыбіліся жвавы Зайчык, пануры Міця-ляснік, ціхі, сумны Чарнушка. Ужо Зайчык i Хоня памеркавалі, чаго гэта паклікалі ў сельсавет Міканора, калі з цемры за агнём вырас Васіль, у белай кужэльнай адзежы, расхрыстаны, з вуздэчкай у руках. У святле ад агню добра акрэслівалася моцная, мужчынская шыя, загрубелы, абветраны твар, хіб неслухмяных, шорсткіх валасоў над закланочаным i лбом. За гэтыя гады валасы яго прыкметна пацямнелі, але, як i раней, пшанічна жаўцелі на кончыках — над самым ілбом i на скронях, яшчэ выгаралыя на летнім сонцы.
Васіль з хмурнаватым, цвёрдым позіркам, са стала", паважнай дужасцю ў рухах, пастаяў трохі, акінуў вачыма ўсіх, хто быў каля агню, падышоў бліжэй, стомлена апусціўся на траву. Усе глянулі на яго, прымоўклі на момант, сталі адно смаліць цыгаркі.
Першы заварушыўся Зайчык:
— Робіш, ліхо яго матары, а для каго — чорт лысы знае!..
Васіль нібы ўздыхнуў: