І бачыўся ёй на дзвінскім беразе новы горад - з дубовымі гароднямі на высокім вале, з надваротнымі вежамі, з вялікім пасадам, шэрагі коннага войска акаляюць горад, сцвярджаючы мір і спакой на роднай зямлі... Ці зноў падманвае мяне вераломніца Мара, палохалася Рагнеда, адварочвалася ад сваіх прыгожых прывідаў і бачыла сябе ў хаце на маленькім замчышчы дробнага нядужага гарадка, абкружанага непраходнымі балотамі і непралазнымі гушчарамі, дзе гаспадарылі воўчыя зграі.

5

Аднаго ранку паглядзела Рагнеда на сына з цвярозай увагай, як на чужога хлопца: што ў ім добрага, чаго не мае. Знешнасць Ізяслаў атрымаў ад бацькі; лепш, канечне, было б, каб пайшоў у дзеда, але гэта не паправіць; затое душу, сэрца, памяць дасць яму яна. Боль дзеда і бабкі павінна жыць у яго сэрцы, іх перадсмяротны крык будзе распаляць кроў княжыча. Яна верне яго ў Полацак, княжай нагой наступіць ён на тое месца, дзе зачынаў яго, як халопа, Уладзімір, яна выцягне сына з гэтай глухамані, узімку закіданай снегам, а ўлетку закрытай ад усяго свету камарынымі хмарамі. І Рагнеда вырашыла вучыць сына: ніхто, акрамя яе, не абудзіць у ім княжы розум, гордасць, моц жаданняў... Магчыма, Уладзімір і разумеў, на што асуджае Ізяслава; можа, ён вытанчана помсціў ёй, ссылаючы разам з заступнікам у балотны кут, - кім вырасце тут Ізяслаў, не бачачы княжага жыцця, не чуючы разумных развагаў, цвёрдага княскага слова, не ўмеючы адрозніць кмета ад баярына, не ведаючы, як трэба трымаць уладу. Яна пачала ставіцца да сына з паважлівасцю і суровасцю настаўніка, які прадбачыць за княжычам вялікія справы. Усе яе размовы з сынам набылі сэнс павучанняў. Увечары, калі Ізяслаў клаўся спаць, ціха гучаў над ім голас маці, урэзваючы ў памяць вобразы дзеда і бабкі, іх жыцця, адносінаў, поспехаў і надзей. Гэтае мястэчка, казала яна, - малая частка твайго княства, ты - крывіцкі князь, ты пасталееш і вернешся ў Полацак. У цябе шмат братоў, кожны з іх атрымае княжанне, але ты вернешся ў Полацак, хто б у ім ні сядзеў. Так табе наказана. Мы загінулі, казала яна, калі прыспалі, супакоеныя дробнай радасцю. Дамова, нейкія словы, сваты: мяне спыталі, я адказала «так», бо бацька навучыў сказаць «так», - і здалося, што галоўнае зроблена. Але справу можна лічыць зробленай, калі яна зроблена, калі задума здзейснілася наяве, а не ў думках. Князь бачыць наперад праз гады, жыццё малое для яго, ён спяшаецца выканаць усё, яму не дазволена гультаяваць, адпачынак князя наступае са смерцю... Князь адным вокам смяецца, а другім бачыць недзе далёка цёмнае воблака - невядомую небяспеку - і думае, як яе перамагчы. А перамагаюць, сынок, казала Рагнеда, толькі сілай. У князя гэтая сіла ў душы, бо яго мусяць слухацца тысячы. Але і рука павінна быць моцная, бо ён - вышэй за ўсіх, ён наперадзе, водзіць у бой палкі, на яго адважнасць раўняюцца простыя ваяры...

Па яе просьбе Руды пачаў прывучаць Ізяслава да зброі. Дзіцячая рука хутка стамлялася махаць цяжкаватым паўмечам, але падабаўся Ізяславу гэты мужчынскі занятак; не пужаліся яго вочы, калі мільгатаў перад імі меч Рудога. Цяпер ён не расставаўся з сваёй зброяй; неяк нават пасталеў, нават у хадзе дадалося пэўнасці. «Што, Руды, - пыталася Рагнеда, - будзе з яго добры ваяр?» Так, яшчэ гадоў восем, дзевяць, думала Рагнеда, і будзе з Ізяслава сапраўдны князь. Ды дзевяць гадоў! Пражыць трэба гэтыя гады. Іншыя дзевяць гадоў даўжэйшыя за век. Назад таму дзевяць гадоў яны з Рутай дзяўчынкамі бегалі, кветачкі збіралі, наперадзе адно шчасце ўяўлялася; ніхто б не разгадаў, якія наканаваны ім пакуты. І лёс Ізяслава праз цемру дзевяці гадоў не ўбачыш; праўду кажа вяшчун: наш лёс чужой воляй ствараецца. Што за дзевяць гадоў з рознымі людзьмі адбудзецца? Можа, гэтага і багі не ведаюць. Можа, Дабрыню лоўкі печанег зарэжа ў полі і зробіць сабе кубак з яго галавы; можа, Уладзіміра адшукае страла; можа, грэкі нарэшце пойдуць прыбіваць шчыт на кіеўскія вароты, як на іхнія Алег прыбіваў. Можа, нічога не зменіцца. Хто скажа? Жыць трэба, чакаць; так трэба жыць, быццам Ізяславу заўтра княжы сталец займаць... І так паўплывалі яе новыя адносіны да сына, што ўсе ім падпарадкаваліся; ужо і цівун Серада кланяўся княжычу пры сустрэчы. Рабіў цівун тое, што належала, - горадам уладарыў Ізяслаў, ён быў тут князь, але ж у першыя месяцы не гнуў цівун спіны; цяпер даўмеўся: з малога княжыча з часам князь вырасце. Дружыну складзе, полк будзе склікаць, можа і прыпомніць старую непавагу. Праз дзевяць гадоў ён Полацак возьме, і паглядзім тады, князь Уладзімір, ці здолееш ты паўтарыць полацкі разгром...

Ізяслаў падрастае - яна старыцца. Калі ўсе дзевяць гадоў тут адбыць, прымервалася Рагнеда, старой прыедзе яна ў Полацак, ніхто не пазнае яе, непатрэбнай нікому стане яна за гэтыя гады, хіба толькі ўнукаў гадаваць. Вось у адзіноце і працячэ жыццё... Паклаўшы Ізяслава, паведаўшы яму нешта з полацкай даўніны, Рагнеда гасіла лучыну і страчаным адчувала ў цемрадзі сваё цела, тужлівую цішыню на свеце, дзе ніхто пра яе не думаў і па ёй не сумаваў.

Туга захліствала яе, і, стомленая, знясіленая адзінотай, патанала яна ў нудны, бяспамятны сон. Але зрэдку, у нейкі таямнічы час, ёй сніўся любімы. Ён выходзіў з цемры, знешнасць яго не выяўлялася, імя ў яго не было. Неяк раптоўна ён аказваўся побач; яна адчувала моц яго жадання; яе пакаралі ягоны позірк, дотык гарачых вуснаў, у яго абдымках яна губляла памяць, усё жыццё цьмянела перад яго любоўю, усё забывалася, знікала, і цела знемагала ад прагі яго любові. Яна прачыналася; крывяныя палкія токі яшчэ білі ў лона і сэрца, але падманна - адна ляжала яна на сваім ложку ў цёмнай хаце... так, князь ёй патрэбны, муж, дарадца, абаронца... Ды дзе знайсці - не было і не магло ўзяцца такога князя ў глухім Заслаўі, усе тут былі з ёй няроўныя...

Двойчы на тыдзень збіраліся да Рагнеды бабы з кудзеляй, пяялі за калаўротамі, іншым вечарам дзяліліся плёткамі ці абгаворвалі мужыкоў. Апавядаючы розныя прыгоды, казалі бабы «а мой», і Рута ўжо казала пры выпадку «а мой»; адна Рагнеда на гэтых вячорках была бязмужняя, не магла яна сказаць «мой», не было ў яе «майго»; адарваная ад дзяцей маці, цяпер ні жонка ні ўдава, сядзела яна сярод жанчын з пакутлівым пачуццём, што Заслаўе і бедная хата гэтак жа абразлівыя для яе гонару, як будан з галля для простай бабы, выштурханай за вароты раз'юшаным мужыком. Жорстка вырашыў князь, адкрывалася Рагнедзе. Ці думаў ён такім чынам прынізіць яе і зламаць яе гонар? Ці лагодзіць яго злая думка, што нуда і пажадлівасць кінуць яе ў абдымкі якога смерда? Але не, не! Дарэмнае чаканне... І ўвайшло ва ўсе разлікі на бліжэйшы час жаданне адпомсціць князю замужжам. Хутка выспела і разуменне магчымага дастойнага мужа - хто-небудзь з паморскіх князёў, з люцічаў, хто мае дружыну, хто здолее бараніць яе пасаг - полацкія землі. Гэты не жартамі Мары створаны начны госць, а ўласнай воляй вызначаны муж надаў ёй пэўнасці. Але як ім звязацца, калі прывядзе сваю дружыну, як адгукнецца такая змена на будучыні Ізяслава - вір такіх думак Рагнеда старанна абыходзіла; запаліла яна спадзеўную зорку, і веданне, што гэтая зорка гарыць над нудой заслаўскага існавання і абяцае лепшыя дні, мацавала і галубіла душу. Абнадзееная, Рагнеда лёгка і шчыра пачала казаць на вячорках «а мой былы»...

Вясной, калі сышоў лёд, выправілася заслаўская паўсотня на чале з цівуном у Кіеў. І Сыча ўзялі ў гэты паход. Настала поўная воля - ідзі куды цягне: хоць у Полацак, хоць да памаранаў. Але далей за пяць вёрст ад дзядзінца Рагнеда не хадзіла. Куды ісці? Удваіх з сынам, з торбай на спіне? Так старцаў водзяць павадыры, ім хлеб даюць, шануючы невідушчасць. А хто яе з шасцігадовым сынам уважыць? Княгіня, княжыч! Дзе ахова твая, калі ты княгіня? Дзе ваяры, коні, скарб, грыўні? Дзе твае землі? Няма нічога, галота, усё табе трэба адваяваць у твайго былога мужа. Няўжо так дорага каштуеш? І ў Полацку не лепшы будзе прыём. Вось і воля: ніхто не трымае, у любы бок можна ісці, але нідзе іх не чакаюць, не прымуць, для ўсіх яны чужынцы, бо не маюць сілы. Выседжваць сілу трэба тут, у заслаўскім гняздзе; не ўцякаць, страціўшы розум, а цярпець, рыхтавацца. Жыццё не канчаецца, невядома яшчэ, якія змены летні паход прынясе. Раптам заб'юць князя Ўладзіміра ў паходзе - ніхто не загавораны; забілі ж яго бацьку печанегі; дзякуючы той смерці і Ўладзімір выйшаў на прастору, а пры жывым Святаславе сядзеў бы ў Ноўгарадзе па сённяшні дзень... Трэба чакаць, пераконвала сябе Рагнеда, трэба сэрца ў цуглях трымаць, яно кліча наперад ад нецярплівасці - і завядзе ў твань... Вось вернуцца ваяры, паслухаем, дзе што робіцца, жывыя ці ўжо мёртвыя кіеўскі князь і ягоны дзядзька, - вось тады і праясніцца, як жыць наступны год...