Знявагай быў пільны нагляд, які ўсчаў за ёю заслаўскі цівун. Пэўна, атрымаў цівун Серада адпаведны загад праз Бедавея не дапусціць уцёкаў княгіні; таму хадзілі за Рагнедай пачаргова два вартаўнікі. Як цені, следавалі яны разам з Рагнедай у лес і на луг за зёлкамі, і на прагулянках уздоўж Свіслачы абавязкова цягнулася ззаду, за крокаў сорак, апаясаная мячом, з лукам цераз плячо маўклівая насцярожаная постаць. Каб не збегла. Толькі куды ўцякаць? І нашто? Дзе будзе лепш? Рагнеда ўсё ж запыталася ў цівуна: чаму нагляд? нашто ёй чалавека за сабой вадзіць, як сабаку на вяроўцы? Серада пабегаў вачыма і знайшоў тлумачэнне: нагляду няма, а ёсць ахова, каб які ліхі чалавек не пакрыўдзіў княжыча ці жонку князя Ўладзіміра; калі яе пакрыўдзяць - яму галаву знясуць. Але і да аховы сваёй прызвычаілася Рагнеда, тым больш, што рупіўся назіраць адзін, прозвішчам Сыч, а Руды нейк і саромеўся свайго абавязку. Ахвота Сычу дбайна наглядаць - няхай дбае, прыняла Рагнеда; нават і цікавей, ёсць з кім у хованкі згуляць: затоіцца ў кустах і сочыць, як дзяцюк носіцца кругамі, бы той выжал. Магла мець горшы канчатак начная кіеўская няўдача; здзіўляла яе ў іншыя хвіліны, што так проста адпусціў яе Ўладзімір. Ужо потым, над усімі падзеямі разважаючы, зразумела яна, што не меўся ён абысціся з ёю інакш: забіўшы маці пяцёх сваіх дзяцей, страціў бы ён славу ў вачах дружыны і людзей. А гэтак усім добра: і ён задаволены, і яна пакараная - сядзець ёй у балотах да скону. Але і старэйшага сына мог адлучыць - хто б запярэчыў? Аднак саслаў разам, пакінуў ёй Ізяслава для суцяшэння. Ці таму разам саслаў, што зненавідзеў сына за абарону маткі, прагнаў прэч з вачэй, каб не бачыць сведку сваёй ганьбы. Так, сорамна яму перад сынам, што паказаўся як кат - з узнятым мечам, з воўчым выскалам. Не печанежскага хана, які п'е з бацькавага чэрапа, не роднага брата чужымі рукамі, не, не гэтых, што могуць бараніцца, - бяззбройную, слабую бабу, сваю жонку прыйшоў забіць. Брыдкая справа, не захочацца трымаць яе ў памяці...
Але ў іншыя вечары, у шэрыя прыцемкі, калі падымаліся над балотамі вакол Заслаўя густыя туманы, здавалася Рагнедзе, што Ўладзімір любіў яе; таму і не здолеў забіць, што любіў; тросся, шалеў, а нож не схапіў. І меч прынёс не для забойства, а каб засведчылі кметы, што хацеў забіць, ды перамог мужчынскі свой гонар. І выскачыў на двор, каб дзецьмі закрылася. Калі б моцна хацеў забіць - адразу і засек бы мечам, на поясе вісеў. Якая розніца, голая, адзетая, калі прагнеш крыві. Ці не любіў? Не, не любіў - пашкадаваў: разумеў, што нешчаслівая, і злітаваўся. Вось і сына аддаў. Дзякуй яму за гэта; Заслаўе - не поруб, і тут людзі жывуць.
Прыжылася ў Заслаўі і Рута; падобна было, што лёс абяцае ёй змены - стаў заглядацца на яе Руды, ды не з той юрлівасцю ў вачах, як кіеўская ахова. У яго летась памерла жонка, і трох дзетак пільнавала старая, нямоглая маці - шукаў Руды гаспадыню. Лагодны яго позірк запаляў Руту шчаслівай спадзеяй. Зарасло быллём даўняе разбуранае шчасце, хацелася Руце, каб зацерла жыццё сляды тых стратаў і шматгадовай адзіноты. Хутка яна адкрылася княгіні, што кліча яе Руды ў жонкі; ці стане крыўдаваць Рагнеда, калі яна пойдзе? «Парадуюся за цябе, - адказала Рагнеда. - Што табе са мной векаваць?» З Рагнеды гэтая сардэчная ўдача Руты зняла віну перад ёй; хоць нейкая карысць атрымалася ад пераезду ў Заслаўе...
З адыходам Руты хата апусцела. Ізяслава цягнула да аднагодкаў, увесь светлы дзень ён праводзіў у гурце падлеткаў; цяпер Рагнеда падоўгу заставалася адна. Хоць цяперашні стан жыцця задавальняў яе, міжволі думка сягала з мінуўшчыны ў будучыню і назад, параўноўваючы аджылае з магчымым. Неакрэслены сэнс будучыні прымусіў яе ўглядацца ў цьмяныя знакі сваёй і сынавай долі. Не радавацца ж ім усе дні пазасталых гадоў цішыні і спакою гэтага малога балотнага ўдзелу. Ужо без горычы і мукі Рагнеда адзначала, што абрабаваў яе Ўладзімір начыста; бацькоў забіў, Рагвалодаў род вынішчыў, полацкія землі прыхапіў сабе, сем год пратрымаў яе ў палоне, дзеці пра яе забудуць, можа, ужо сказалі ім, што маці памерла; так, старэйшы сын аддадзены ёй на выхаванне, ды Заслаўе - замалы ўдзел для ўнука Рагвалода. А тут ім векаваць. Уладзімір жывы; колькі гадоў ён будзе княжыць у Кіеве, столькі гадоў ёй сядзець тут. Што ж рабіць? Што ж рабіў бы князь Уладзімір, думала Рагнеда, калі б апынуўся на маім месцы? Наўрад ці парадаваўся супакаенню душы. Можна і тут упасці ў дрымоту, праспаць гады, як было тое ў Кіеве. Але адроджаную душу князь не забіў, і гэтым разам яму не ўдасца; цяпер ёй не пятнаццаць гадоў, цяпер яна паспрабуе абараніць сябе; ёй дваццаць два, у яе пяцёра дзетак, яна не павінна растаць для іх у паветры, як прывід.
І Рагнеда зачасціла на капішча, дзе стары вяшчун запальваў у пагодныя дні агонь перад ідалам Рода. І агонь, і бажаство менш займалі Рагнеду; прывабліваў яе стары - ён ведаў законы лёсу і ўмеў прачытаць яго знакі на людзях. Яна адчувала ў ім непахісную стойкасць і таямніцу адважнасці. Стары стаяў ля агню такі ж суровы і мудры, як Род, і праніклівы, шчыры яго позірк адкрываў у языках полымя нешта невядомае людзям.
Іншым днём Рагнеда прыносіла ахвяру - старую курыцу ці куранё. Вяшчун моўчкі рэзаў ім горла і кідаў у вогнішча. Аднойчы ён спытаў:
- Чаго просіш у багоў, княгіня?
- Здароўя аднятым дзеткам, - адказала яна.
Вяшчун не ўхваліў.
- Няўжо думаешь, багам ёсць справа да вас? Што мы, што дрэвы - роўна жывём, а яны не просяць.
- Нашто ж ахвяра? - здзівілася Рагнеда.
- Каб яны бачылі, што вы не ведаеце лёсу.
- А калі я ведаю свой лёс? - спытала яна. - Тады як?
- Ніхто не ведае, - сказаў вяшчун. - Наш лёс - напалову чужая воля. Рабі сваё, княгіня, а нехта даробіць астатняе...
А што сваё рабіць, думала Рагнеда. Што я рабіла? Што я спраўдзіла як княгіня? Нараджала дзяцей - вось уся мая справа. Потым спрабавала забіць мужа. За гэта страціла дзяцей. А да іншага Ўладзімір не дачыняў. Яшчэ - пакутавала. Пакуты - не справа, у разлік не ідуць. Людзям патрэбна княгіня, а не пакутніца. Кожны сам церпіць свае пакуты. Княгіні нельга жаліцца на свае бедствы ці радавацца малой вольнасці. Народ, зямля, разбураны Полацак - вось клопат княгіні; яна - дарадца князю, а калі князя няма - княжыць сама. Як бабка, княгіня Прадслава. Як бабка Ўладзіміра, княгіня Вольга. Яна, Рагнеда, павінна княжыць крывічамі, яна абавязана сесці на бацькоўскае месца. Больш няма каму. Яна вернецца ў Полацак на правах дачкі Рагвалода, выганіць кіеўскага цівуна, абудзіць народ, адбудуе гародні, Ізяслаў возьме ў жонкі літоўскую ці яцвяжскую князёўну. Сем гадоў - невялікі час, нішто Ўладзіміру не забылася. Помняць у Полацку і пра яе. Яна ўзняла нож на забойцу, гэта ёй залічаць, ёй павераць... Але як пайсці? Хоць бы адна няўдача прыйшла да Ўладзіміра і скавала яму рукі. Чаму ніхто не звяжа яго цяжкай войной?
Чаму грэкі змірыліся са стратамі ў Таўрыі? Чаму ніхто не адолее яго ў полі? Чаму ўсе падпарадкуюцца яму? Што робяць суседнія князі? Дзе зараз сам Уладзімір? Куды цяпер павядзе ён свае палкі?.. І вось тут, калі захацелася дакладна ведаць, што робіцца ў Кіеве і на кіеўскіх межах, уразумела Рагнеда, у якую глухату саслаў яе Ўладзімір: за ўсю доўгую зіму ніхто не выязджаў з Заслаўя і ніхто дасведчаны сюды не патрапіў. Толькі напрадвесні прабіўся ў горад вястун з княжым загадам выправіць у Кіеў належную ўдзелу паўсотню ваяроў. Мала што ведаў і мог ведаць гэты малады вястун, прыняты Рагнедай ад імя княжыча Ізяслава. Пачаставаўшы стомленага хлопца, выслухала Рагнеда ягоныя пераказы кіеўскага жыцця і нічога суцяшальнага для сябе не пачула. У грэкаў нехта паўстаў супраць кесара, там рэжуцца між сабой, імператару Васілю зараз цяжка, ваяваць з Кіевам не мае сілы - сам просіць посілкаў, ездзяць ад яго да князя Ўладзіміра паслы. Будзе летам паход, але куды і на каго - гэта заўсёды таямніца...
Вось і вярніся ў Полацак такой гадзінай, думала Рагнеда. Не, не ўтрымаецца зараз Полацак сваімі людзьмі, зноў самне яго Ўладзімір у адзін дзень. Прыйдуць палкі і зруйнуюць дашчэнту. Што ж рабіць, думала Рагнеда, як Полацку ўзмацніцца? Адзінае ёсць выйсце - злучацца з суседзямі. Трэба запрасіць летаў на іх умовах, меркавала яна, дамовіцца з літвой, з яцвягамі, на якіх цісне Ўладзімір; дзядзька Тур нешта заціх у сваіх гарадах; можа ён насмеліцца прыйсці ў Полацак; павінен жа ён разумець, што за чужымі спінамі не адседзішся, дойдзе і да яго чарга, а тады чакае яго лёс Рагвалода... А калі дамовяцца палачане, літва, яцвягі, дрыгавічы аб'яднацца, тады заняць волакі на Дзвіне і Дняпры. І атрымае Полацак некалькі спакойных гадоў на адраджэнне сваёй моцы...