- Ты ўжо гэтак упэўненая, што яны прыйдуць?

- Прыйдуць, Валечка. Сэрца маё чуе. Чуеш, як гудзе мост! Ня сьцiхае. Нездарма гудзе.

Камоцкая, застаўшыся, перадала Цыпiнай ва ўсiх дэталях сцэну сваiх адведзiнаў Камэндатуры.

- Значыцца, справа сапраўды дрэнь. Мой швагра гаварыў праўду - засудзяць iх яшчэ на большае. Гэтак Алеська i не дачакаецца свайго таткi - вунь вiдаць адсюль вежа турмы, у якой ён сядзiць, а пабачыць нельга. Часамi мне здаецца, што Пецька глядзiць з той вежы прама мне ў вакно i я магу бачыць яго. Чэснае слова.

- Чаго хочаш, тое й здаецца. Можа-ж мы iх яшчэ пабачым. Напраўду!

Камоцкая распакавала каробку з прыгожай сукенкай для хрэсьнiцы. Прымерылi. Пасавала добра. Бася папрасiла Алеську даць хроснай "буськi". Пацалавала сама хросную.

- Згатуем тады абед якi. Ты зарабiла, - зьмянiлася на жартлiвую Цыпiна. А па абедзе прагуляемся па Валадарскага - можа яны пабачаць нас з табою. Заўсёды-ж, калi йдзеш паўз турмы, махаюць рукамi праз краты. Праўда, цяпер ужо надзелi на вокны "наморднiкi" - не памахаеш. Але ня ўсюды. Нашыя нас пабачаць.

Да абеду Цыпiна паставiла на стол бутэльку вiна. Выпiлi за сустрэчу з сваiмi "мужыкамi". Бася ўсё жартавала.

- Заўтра зноў пойдзем да таткi з Алеськай. Буду забiраць з садка Алеську пасьля заняткаў у школе i буду хадзiць з ёй туды кожны дзень, пакуль не дазволяць пабачыцца. Калi я не вазьму сабой, дык можа Алеська возьме паглядзi, якая яна прыгожанькая ў тваёй сукенцы. Ты заглядай туды таксама часьцей. Пiшы Раману, як я пiшу Пецьку. Ведаеш-жа, iм будзе лягчэй. Няхай ведаюць, што мы ня выйшлi замуж.

Забралi Алеську i выйшлi на вулiцу. Сонца ўжо iшло на спад, ягоныя пазалочаныя праменьнi, як штыхамi, пракалвалi панадворкi, сьлiзгалiся па сьценах дамоў, запальвалi пажар на агародах.

Абыйшлi два разы турму - з аднаго боку i з другога, - паглядаючы на ейныя вокны. Адтуль не падаў нiхто нiякага знаку. Толькi з аднэй вуглавой вежы, з вакна, узятага ў краты, пачуўся воклiч - адзiн раз, другi, трэйцi. Выкiнулася белая хустачка ў прадзетай праз краты руцэ. З вышкi вартавы стрэлiў, i куля, цiўкнуўшы, зьбiла на сьцяне пабелку i тая з шорахам пасыпалася на зямлю.

- Вось табе й пабачылi, - спалохана прагаварыла Цыпiна. Узяла на рукi Алеську. Прытулiла.

Яны павярнулi дамоў. Валя ўвесь час маўчала, як-бы нешта абдумвала. Цыпiнай здавалася, што Валя ня так турбуецца, як яна. Цыпiна нiколi не магла дабрацца да патайнага ў душы Камоцкай. Сама-ж Камоцкая не праяўлялася так лёгка, як Цыпiна.

Прыйшлi дахаты. Гаворка неяк ня йшла. Валя разглядала толькi што атрыманыя Цыпiнай навiнкi, яшчэ не пастаўленыя ў кнiжную шафу. Цыпiна мыла Алеську, рыхтавала яе ў "пасьцельку".

Зьвечарэла на двары, насунулiся лёгкiя, празрыстыя вясеньнiя змрокi. Цыпiна запалiла сьвечку ў сваёй спальнi, найбольшым пакоi ў ейнай кватэры. Сьвечка, гаварыла яна, стварае атмасфэру. Электрыка не. Прынесла пачатую за абедам бутэльку вiна.

- Разап'ём, Валя. Нешта паганы настрой.

Пiлi. Разгаварылiся. Душы сталi мякчэйшымi, больш адкрытымi.

- Ну а што, Валя, калi прыйдуць немцы, пойдзеш у лес?

- Я ня веру, што яны прыйдуць, а калi прыйдуць - пабачу.

- А ведаеш - што? Я... пайду. Выйдзе, можа, Пеця i яго забяру. Нам, напаўхрысьцiянам, заставацца неяк.

- Ах, ня бойся!

- А я баюся, Валя. Ты ў Сьмiлавiчах ня чуеш гулу, а я тут чую, бачу. Ня так бачу, як чую. Адзiн мост што кажа! Паслухай! Чуеш колы? Iмчацца колы адныя наўздагонку другiм. Кладзiся са мной спаць разам - ложак шырокi. З табою можа я ня буду чуць колаў. Дый не хачу-ж я класьцi цябе там, адкуль цябе калiсьцi паднялi. (Бася мела на ўвазе арышт Валi на ейнай кватэры, калi яна спала ў сумежным з Басiнай спальняй пакойчыку.) Няпрыемна там лажыцца зноў.

Было ўжо запоўнач, а яны ўсё ня клалiся - думалi, напаўп'яныя дуры, што да iх прыйдуць Пецька i Раман. Яны-ж тут, зусiм блiзка. Як за перагародкай. Да таго вычувалася iхная блiзiня!

Валя яшчэ напiсала Раману ў турму лiст. I тады толькi лягла. У сьне, увесь час, у ейнай памяцi гарэла, як падсьвечаная маленькiмi лiхтарыкамi, напiсаная ёю ў лiсьце да Рамана фраза: "Калi цябе выпусьцяць, я сустрэну цябе ў ваколiцах Менску, на дарозе твайго сьледаваньня".

Басi не давалi супакою цягнiкi, што праходзiлi праз мост. Яна будзiла Валю, але той усё бегла агнiстым тоненькiм шнурочкам напiсаная ёю ў лiсьце фраза аб спатканьнi з Раманам, i яна ня прачыналася, ня ўспрыймала Басiных штуршкоў.

На Захад-жа - чуваць было - iшлi бесьперастанку цягнiкi, напаўнялi ноч сваiм нязвычайным бегам, быццам хацелi разбудзiць дрэмнасьць заснулых мянчанаў.

2

Праз вакно ў камэры вiдаць было толькi неба. Унiз зiрнуць - засланяў "наморднiк". Поруч Рамана стаяў нядаўна арыштаваны сяржант (яшчэ ва ўсiм вайсковым) i таксама ўглядаўся ў неба - там было неспакойна, пiкiравалi самалёты, зноў узьляталi, рэзалi неба, выглядала - iшла бiтва. Усё менскае неба было засталучана самалётамi.

- Гэта манэўры, - сьцьвердзiў сяржант. - Паводля апошняга загаду Цiмашэнкi, манэўры, баявыя дзеяньнi мусяць адбывацца дакладна так, як таго вымагала-б абстаноўка пры нападзе сапраўднага ворага.

- Гэта не манэўры, а вайна. Ня дуры галавы, - запярэчыў iншы вайсковы, што падыйшоў быў да вакна i таксама назiраў за небам з выглядам абазнанага чалавека.

Да вакна пачалi падыходзiць iншыя, стаялi натоўпам, не адыходзiлiся. Камэра прыцiхла. Разьдзялiлася ў сваiх меркаваньнях - манэўры цi вайна. Сьцьвярджаць, што вайна - рызыкоўна: можа ты хочаш яе. Лепш маўчаць, ня выказваць свае, такой цi iншай думкi. I камэра маўчала. Час ад часу - чуваць было - здрыгвалiся (цi гэта так толькi здавалася) тоўстыя мураваныя сьцены турмы.

Надыйшоў час абеду, а "баланды" ня прыносiлi, хоць i быў чуцён нейкi шорах за дзьвярыма на карыдоры, быццам там усё-ткi рыхтавалiся выдаць абед. Але дзьверы ўсё не адчынялiся i на калёсiках не ўяжджаў бак з апалонiкам для раздачы супу. Адцяжка была ненармальнай. Камэра гадала аб прычыне такой няўпраўкi.

Раман Корзюк пасьля Калымы сядзiць ужо трэйцi месяц i амаль кожную ноч яго цягаюць на допыты. Нават давалi два разы вочную стаўку, з кiм-бы вы думалi - з бацькам. Знарок гэта рабiлi, бяз дай прычыны, абы толькi квялiць, надсадзiць сэрца, зламаць, учынiць трагедыю. Бацьку прывезьлi ў менскую турму з Польшчы, з Заходняй Беларусi. Справу яго перадалi ваеннаму пракурору. Забойства сакратара райкома партыi Ленскага ад яго не адпала. Бацька сьмертнiк. Яго засудзiлi ў Заслаўi на сьмерць. Сын быў на тым судзе, падумаць толькi - за сьведку супраць бацькi. У Заслаўi Раман ня бачыў бацькi - яго судзiлi завочна. А цяпер вось зьвялi разам... даюць вочную стаўку. Можа выцерпiць душа? Мая i яго? Сутыкнуць сына з бацькам! Мучыць чалавека нямаведама за што! Невiнаватага чалавека! Для таго толькi, каб схаваць сваё, энкэвэдэўскае забойства Ленскага.

Але Раман пастанавiў выжыць. Зьбiраў сiлы. Ведаў - патрэбныя будуць для новых выпрабаваньняў. Але цi выжыве бацька? Ён ужо нядужы. Ня выцерпiць расстаньня з мацi.

Дзьверы ў камэру ўсё не адчынялiся, арыштаваных нiхто, як звычайна, не правяраў, не падлiчваў, быццам на iх забылiся, пакiнулi. Толькi здраджалi сьцены турмы - iх глухiя ўздрыгi прадвяшчалi нешта нячуванае дасюль.

У камэры згасла лямпачка, спынiлася перадача электраэнэргii. Сьцямнела быў ужо вечар. Адчынiлiся, нарэшце, дзьверы i на парозе стаў чалавек з сьвечкаю ў руках:

- Граждане, прошу соблюдать спокойствие. Ждите распоряжения.

I выйшаў. Засквiлеў зялезны засоў. Замкнулiся дзьверы, быццам назаўсёды.

Дазналiся - няма сьвятла i на двары i на вартавых вышках. Уся сыстэма не працуе.

Аж дзесьцi апоўначы зварухнулiся - як толькi ня ськiнуцца - сьцены турмы выбухнула, казалi нашыя ваенныя, бомба. Недзе зусiм блiзка, магчыма ў жаночы корпус трапiла.

- Ня можа быць. Турмаў не бамбяць, - асьмелiўся нехта запярэчыць.

- Думаеш, пашкадуюць цябе?

Тымчасам дзесьцi далей чулiся нясьцiханныя выбухi, быццам загаманiла дасюлешняя цiшыня i, ўзбунтаваная, не магла сьцiшыцца - рвалася на клочча.