Таму хiба кожная вестка з "кантынэнту" (калымскi вязень думае, што ён на iншай зямлi), якая даходзiць сюды, успрыймаецца, як нейкая падзея, як радасьць, хоць-бы гэтая вестка i ня тычылася цябе, а твайго суседа. Ты запытаешся ў яго, што пiшуць, што чуваць там. Або твой сужыхар i сам раскажа табе.

Раман Корзюк не прапушчаў такiх весьцяў, настаўляў сваё вуха, прагнае да весьцяў, хоць i чужых. Але найчасьцей весьцi прыходзiлi з Сiбiру, з Беларусi нiколi. Прынамсi, ён яшчэ ня чуў, каб хто з беларусаў атрымлiваў, хоць iх тут i нямала.

Ды неспадзявана прыйшлi з Беларусi весьцi, i весьцi надзвычайныя, што вокамгненна абляцелi ўвесь лагер: Чырвоная Армiя заняла Заходнюю Беларусь. Сталiн з Гiтлерам разьбiлi Польшчу. СССР i Германiя цяпер у згодзе. Гэтыя весьцi пацьвердзiлiся i лагерным палiтработнiкам у адмысловым ягоным выступленьнi перад лагернiкамi. Лагернiкi ўспрынялi гэту навiну, як нешта такое, што можа заважыць i на iхным лёсе. У кожным разе, пачалося нешта новае. Калымскую цiшыню аглушыла вестка. Лагер узварушыўся, пачаў жыць нейкай надзеяй, нейкiмi спадзяваньнямi на лепшае. Зьняволены ня можа жыць без надзеi. Калi яе няма, ён стварае iлюзiю яе. Глядзi, Сталiн замiрыцца з Гiтлерам, ня будзе, як дасюль, напружаньня, наступiла ўжо нейкая разрадка, мiжнароднае палажэньне палепшылася, будзе лягчэй i нам, а можа Вусаты i нейкую амнiстыю абвесьцiць - перамога-ж, СССР узбуйнiўся.

Корзюк падумаў пра бацьку - што цяпер будзе з iм? Знойдуць. Возмуць. Няма дзе дзецца. Уцякаў у Польшчу, калi Польшча была, цяпер яе няма i няма сховiшча. Засудзiлi-ж на сьмерць, i, ўзяўшы ў рукi, учыняць сьмерць. Беларусь для Рамана паўстала ў новым вобразе. Больш акрэсьленай. Больш рэальнай. Больш сапраўднай. Ён думаў пра тую часьць яе, якая цяпер злучылася з ейнай другой часьцяй. Цi пазнаюць яны адна адную? Я пазнаў, калi быў там. Праўда, я ня бачыў яе, толькi вычуваў. Прайшоўся па ёй, i то ўначы. Яму гаварыў пра яе польскi чын, хоць, уласна, не пра яе, а пра Польшчу. Беларусь была для яго Польшчай. Ад майго бацькi польскi чын дамагаўся польскага патрыятызму, каб заслужыць сабе права на побыт у Польшчы. Я слухаў яго i ў мяне абражанага, ўспалыхнула свая, беларуская гордасьць. У тую сэкунду, як супрацiў, загаварыў у мяне беларускi патрыятызм. Але гэтак было тады. Цяпер ужо ўсё iншае. Цяпер Беларусь адна, суцэльная... I як сполах - вобраз бацькi: ён заплацiць за гэту цэласьць. Лепш-бы гэтай цэласьцi ня было. Айдзе цяпер Валя? Дзе цяпер усе? Якiмi дарогамi яны пайшлi? Манастыра-ж няма. Разьляцеўся. Няма ўсяго таго, што было. Яно цяпер, як несапраўднае. I цi было яно? Няма Галоўнага Корпусу Ўнiвэрсытэцкага Гарадка. Ён затушаваўся. Але-ж гэта ўсё яшчэ трымцiць у сэрцы.

Рамана Корзюка перакiнулi з забою на лесанарыхтоўку ў тайгу. Брыгада невялiкая, i ўсе зьмясьцiлiся ў якуцкай юрце. Канвою няма. Брыгаду ўзяў пад сваю адказнасьць наёмны дзесятнiк-сiбiрак. Але, каб i хацеў, куды ты пойдзеш адсюль? Каб i ўцёк, вярнуўся-б, згаладалы, назад, у юрту прасiць хлеба. Да "кантынэнту" далёка. Ня блiжай i да Бэрынгава пралiва. Пачалiся даўгiя ночы, i Рамана апаноўвалi думы яшчэ больш. Ён не разьвiтваўся з думамi пра Беларусь чамусьцi думаў, што ён стаiць перад паваротам туды. Аж вясною, калi сагнала сьнег i адкрылася з Галоўнай базы дарога ў юрту, прыйшоў лiст. Прыйшоў лiст... ад Валi.

- Што бачыў, Раман, сёньня ў сьнях? - запытаўся дзесятнiк. - Гавары!

Лесанарыхтоўшчыкi былi толькi што паднятыя, i, седзячы на нарах, яшчэ сонныя, сёрбалi суп з бляшаных талерак, зацiснутых памiж каленяў. Маленькiя дзьверы ў юрту дзесятнiк пакiнуў за сабой адчыненымi.

- Нiчога ня бачыў? Дык вось пабач! - i дзесятнiк падаў Раману абшарпаны, з мноствам пячатак i надпiсаў шэры канвэрт. Лiст доўга iшоў. Валя адрасавала яго ў Магадан. Адтуль ён блукаў па розных камандыроўках, пакуль ня трапiў у Ахоцкую Калыму i аж сюды, у юрту. Валi, пасля доўгiх пошукаў, усё-ж удалося даведацца пра Рамана ў Галоўным Упраўленьнi лагераў у Маскве. Сказалi, што Корзюк быў транспартаваны параходам "Трансбалт" - з Уладывастоку ў Магадан. Камоцкая пiсала аб гэтым адкрыта, як вiдаць, ня надта зважаючы на цэнзуру. Яна паведамляла, што бяз Цыпiнай яна наўрад цi знайшла-б яго. У Цыпiнай блат. Праз сваю сястру яна ўсё зрабiла: i свайго Петрака знайшла i Валi дапамагала знайсьцi Рамана.

Раман баяўся пачынаць чытаць лiст - чакаў пакуль абсядзiцца ўсхваляванасьць, пакуль не авалодае сабой, пакуль набудзе здольнасьць успрыймаць чытанае цьвяроза. З Рамана дзiвiлiся, чаму ён так марудзiць, угадвалi, калi ён пачаў чытаць, якое ўражаньне робiць на яго лiст - добрае, радаснае, цi ня надта прыемнае. Але ўсе былi радыя, што i ў iхную юрту штосьцi прыйшло. Няважна якая, але навiна з "кантынэнту", з таго сьвету. Гэта ўносiць у iхны аднастайны быт ажыўленьне. Аднакашнiкi, нарэшце, пакiнулi Рамана аднаго, даючы яму магчымасьць аддацца самому сабе са сваiм лiстом. Валя пiсала, што яна ў Сьмiлавiцкай дзесяцiгодцы выкладае беларускую мову i лiтаратуру, што ўсе "нашыя" разьехалiся, хто куды, толькi адна Цыпiна засталася настаўнiчаць у Менску. Улетку ў Беластоку яна, Валя, выкладала мову на настаўнiцкiх курсах. У Заходняй Беларусi не хапае настаўнiкаў, i "нашыя" едуць туды ахвотна. "I ведаеш што? Хацела адшукаць тваю сям'ю. Не ўдалося. Тут усё ў руху. Твайго бацьку можа ўжо знайшлi. Чакаю цябе. Колькi ў цябе год? Але ўсё роўна - буду чакаць. Нi за кога ня выйду замуж, на зло табе. Але я жартую. Мялешка на выпускным вечары фармальна i сур'ёзна зрабiў прапанову. Прасiў мае рукi. Бачыш, небясьпека для цябе iснуе. Але прабач. Не да жартаў. Гэта я хачу ў цябе выклiкаць рэўнасьць. Беражы сябе. Ня кiдайся. Уцалееш - мяне знойдзеш. Прыеду да цябе i ў Сiбiр. Цыпiна можа як выцягне вас - хадатайствуе за свайго Пецьку. У яе нарадзiлася дзяўчынка - Алеся. Бася ўсё можа. Бацькi мае старэюць. Робяцца слабымi, асаблiва мацi. Прасiла да сябе. Ня хочаць. Шкада мне iх, як i цябе. Яны спачуваюць. Яны ўсё ведаюць. Ларыса прыслала мне з Нароўлi лiст (яна там настаўнiчае), пытаецца, цi я што ведаю пра цябе. Сустракалiся з ёй на настаўнiцкай канфэрэнцыi ў Менску. Адносiны да мяне ў школе - так сабе. Але, ведаеш, бяру праўдаю i адкрытасьцяй. Што яшчэ? Тулюся да цябе. Будзь здароў. Твая..."

Нiшто так не падтрымлiвае цябе, не ратуе, як упэўненасьць, што нехта ёсьць у цябе, гатовы для цябе нават пайсьцi на ахвяру. Сам факт iснаваньня такога чалавека, сам факт, што ён ёсьць, што ён, пагатоў, любiць цябе - гэта тое, без чаго ты ня можаш жыць. I калi-б усяго гэтага ня было, ты мусiў-бы ўсё гэта выдумаць. I табе будуць лягчэйшыя тачка, лом, лапата, пiла, тапор, што-б там нi было. Гэта якраз тое, пра што й гаварыў мой сусед па нарах - меншавiк, якi адседжваў ужо свой дзесяты год. Маральная непахiснасьць, цудоўная казка - вось што трэба, каб вытрываць. I Раман жыў такой казкай, у такой маральнай узьнятасьцi. Валiн лiст толькi дадаваў гарту i ўпэўненасьцi. Бо як-жа iнакш? Разбурыш казку, разбурыш i сябе. Раман адразу-ж, як надарылася магчымасьць, адпiсаў Валi. I з нецярпеньнем чакаў. Але лiсты на Калыму прыходзяць ня хутка, i ты доўга будзеш жыць у чаканьнi iх, спадзявацца - бо як-жа iнакш? - што яны прыйдуць.

ЭПIЛЁГ

1

Праз дзень i ноч бесьперастанку iшлi таварныя. Дакладна невядома было з чым, але канечне-ж з дабром, плёнам людскiх рук. I ўсе яны iшлi толькi ў вадным напрамку - на Захад, праз Менск да станцыi Негарэлае i далей, у самыя лапы Гiтлера, як гаварылi тыя, хто на станцыях сустракаў i абслугоўваў гэтыя таварнiкi. Сталiн выконваў свае ўмовы з нямецкiм фюрэрам.

Зялезнадарожны мост, што нiзка зьвiсаў над Маскоўскай вулiцай у Менску, ня меў адпачынку: па iм грукацелi колы платформаў, яны несьлi ў чахлах зброю, таксама - на Захад. З воддалi, iдучы па Савецкай, вы маглi бачыць, як яны прабягалi праз мост, хутка зьнiкаючы ад людскога вока за абрысамi дамоў. Яны iмчалiся ўсю ноч; маскавалiся, але iм не ставала начы, i яны не саромiлiся бегчы ўжо i ўдзень, быццам дзесьцi там куды яны бягуць, шалее нячуваная бiтва, i плятформам iз зброяй канечна трэба як найхутчэй данесьцi яе да пякельнага бою, на карту якога пастаўлена ўсё.