• 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • »

- Сачыце за распродажам васемнаццатага, - сказаў Дуаен.

Увечары галубы з яблыкамi мелi неверагодны поспех, а калекцыя Элы папоўнiлася чатырма невялiчкiмi кактусамi. Але Дуаену было не па сабе. Жуж званiў, што яму прапаноўваюць карцiну Дуаена па не такой ужо i вялiкай цане. А Муаўр з абурэннем распавядаў, што адзiн маклер прапанаваў яму два мiльёны за палатно, за якое летась даваў у тры разы больш.

- Я не хацеў прадаваць, - сказаў Муаўр, - нашае шчасце, што мы не практычныя людзi.

Усе замаўчалi i задумалiся. Прыйшоў Партэн, хоць ён па-ранейшаму ненавiдзеў Муаўра. Ён лiчыць, што трэба цясней згуртавацца. Ён чуў, што пра Дуаена кажуць небяспечныя рэчы. Хаця ўсе яны старанна трымалiся ў баку ад палiтыкi, але не маглi не думаць, што нейкi час у iх на сценах вiселi карцiны iхняга сябра, якiя сталi скарбамi i якiя цяпер рабiлiся тым, чым былi, цi амаль тым, калi так будзе працягвацца.

- Гэта проста жахлiва, уся гэтая спекуляцыя... - сказаў Партэн. - Людзi ставяцца да мастакоў, як да акцый на бiржы. Грошы не павiнны нiколi быць замяшаныя тут.

- На нашых вачах нiкчэмнасцi, мастакi накшталт Кервэна, страшэнна паднялiся ў цане, - сказаў Муаўр. - Я нiчога не маю супраць бедалагi, вечны яму спакой, але ж гэты жывапiс, у сутнасцi, не ўяўляе сабой нiчога, нiчога, нiчога.

- Хто гэта? - спытаўся Дуаен.

- Яшчэ крыху соўсу? - сказала Эла.

- Дзякаваць богу, Дуаен стаiць у баку ад гэтых брудных гiсторый, - сказаў Партэн. - Жуж мне сёння казаў, што, нягледзячы на ўсё, пазiцыi Дуаена моцныя. За iм стаяць усе музеi, якiя набылi яго карцiны. Калi цэны ўпадуць...

- Калi цэны ўпадуць, то ўпаду i я, - сказаў Дуаен. - Гэта недарэчна, але яно так. Таму я не ўпаду.

- Брава, - сказала Эла.

Яны, не без захаплення, пераглянулiся. Дуаен пацэлiў у кропку. Яго нiчога не пахiсне, нават самая страшная спекуляцыя. Пытанне, як дзейнiчаць, перад iм не стаiць. Ён ставiць палатно на мальберт. Усе садзяцца паўколам. Праз нейкi момант, вельмi насычаны, калi ўсе маўчаць, пачынаецца доўгая размова пра карцiну.

З гэтага дня Дуаен пачаў скупляць уласныя карцiны. Два разы на месяц ён хадзiў на аўкцыён, дзе плацiў вельмi высокiя цэны. Адчуванне нейкай адрынутасцi надавала цяпер суботнiм вячэрам яшчэ большую палкасць захаплення, нiбы Дуаен падняўся на неба цi на Галгофу i зноў спусцiўся да сваiх верных вучняў. Сам ён знаходзiў таемнае задавальненне, купляючы за такую цану карцiны, вельмi падобныя да тых, якiя ён толькi што намаляваў. Але яны цанiлiся ў Парыжы ўсё менш i менш, бо нiхто, акрамя ягоных сяброў, яго не падтрымлiваў. Часам iх купляў недасведчаны або вельмi заўзяты калекцыянер. На шчасце, нягледзячы на ўсе аферы вакол мастака, нешта ўсё-такi застаецца i ад яго самога.

Калi грошы скончылiся, Дуаен стаў эканомiць, каб купляць, i нават пазычаць.

- Дзякуй богу, - казала Эла, - што гэтая гiсторыя здарылася з такiм чалавекам, як ён. Калi б гэта звалiлася на пасрэднага мастака, той бы ўжо нiколi не падняўся.

Тым часам у Парыжы толькi i гаварылi, што пра мастака Кервэна, якi памёр на дасвеццi свайго поспеху i вялiкая выстаўка творчасцi якога рыхтавалася.