Гэта маленькая кругленькая жанчына, якая нiколi не задае сабе пытанняў.

Дуаен трэ мускатныя арэхi ў сваю страву, якая кiпiць ужо дзве гадзiны. Мускатны арэх кладуць за гадзiну да канца варкi. Ён не вельмi задаволены зробленым за дзень. Раптам ён успомнiў пра крытыка, якi напiсаў, што яго карцiны нагадваюць цёрты мускатны арэх, i злёгку прыкусiў губу. Ён не абыякавы да крытыкi. Ён не адзiнокi, яго цесна акружаюць сябры, але часам яму здаецца, што iх вельмi мала.

Ён працуе з верай i мала-памалу пачынае думаць пра сябе так, як думаюць пра яго сябры. Раней ён адчуваў сябе толькi мастаком. Цяпер ён адчувае сябе ў пэўнай меры выканаўцам нейкай мiсii.

У той самы момант, калi ў майстэрнi Дуаена гатуецца славутая страва, ад якой Муаўр можа трапiць на той свет i якая застанецца вядомай самымi вялiкiмi косткамi з мозкам, якiя толькi бачылi, пачынаецца аперацыя Дуаен.

Вядомы ў Парыжы калекцыянер вядзе дзелавую размову з сярэднiм уладальнiкам сярэдняй галерэi. Пад час размовы ён яму кажа:

- Дарэчы, у мяне ёсць карцiна Дуаена, якой я хацеў бы пазбыцца. Гэта вас не зацiкавiць?

- Не, анi, - адказвае гандляр. - Гэта нiчога не варта. Што я буду з ёй рабiць? Ёсць, канечне, некалькi аматараў, але на рынку гэта нуль.

- Што ж, тым горш.

- Пры нагодзе прывязiце яе да мяне. Я паспрабую яе прадаць, толькi каб зрабiць вам паслугу. Але што вы за яе атрымаеце?.. На аўкцыёне за яе шмат не дадуць.

- Добра, пабачым.

У гэты самы час яшчэ да дзесяцi гандляроў звяртаюцца з падобнымi прапановамi па тэлефоне або пад час вiзiту. Людзi хочуць прадаць Дуаена. Iх запэўнiваюць, што прадаць гэта практычна немагчыма. Ва ўсякiм разе, на рынку гэта нуль.

Другая фаза. На наступны дзень тым самым гандлярам звоняць i задаюць адно i тое пытанне:

- Цi няма ў вас часам карцiны або карцiн Дуаена?

- Не, цяпер няма, але калi вас гэта сапраўды цiкавiць, то я магу дастаць, мне якраз прапанавалi...

- Я згодны заплацiць за карцiну да дзесяцi тысяч франкаў, самае большае пятнаццаць, - кажа калекцыянер.

Гандляру карцiць сказаць: "Вы здурэлi, яе можна купiць куды танней". Але ён кажа:

- Добра, я вам пазваню.

Дзесяць разоў паўтараецца такая самая цi амаль такая сцэна.

Дзесяць гандляроў звоняць калекцыянерам, што прыходзiлi напярэдаднi, i кажуць:

- У мяне ёсць пакупнiк на вашага Дуаена, вязiце яго як мага хутчэй.

- Добра, але я тут пацiкавiўся. Ён каштуе значна болей. Вы дазнайцеся. Я прывязу вам яго на наступным тыднi.

Дробныя гандляры адразу пачынаюць званiць адзiн аднаму. Праз два днi, нiхто не ведае чаму, але пра Дуаена пачынаюць шмат гаварыць у галерэях.

На сёмы дзень да аднаго з гандляроў прыходзiць калекцыянер i за вялiкiя грошы купляе тое, што яго супольнiк прынёс ранiцай. Ён кажа збянтэжанаму гандляру:

- Пастарайцеся дастаць мне за такую цану яшчэ.

Тое самае робiцца i ў iншых галерэях. Махляры няшмат на гэтым трацяць.

Праз восем дзён Дуаен пачынае карыстацца вялiкiм попытам. На жаль, у Парыжы ўжо зусiм нiчога няма з яго карцiн. Тэлефон Дуаена раптам пачынае званiць цэлы дзень. Муаўр, Жуж i Партэн заяўляюць, што iм прапаноўваюць неверагодныя сумы за яго карцiны. З галерэi, дзе рыхтуецца выстаўка, звоняць без перапынку. Адзiн з калекцыянераў, якi мае яго карцiны, сустракаецца з iм.

- Нарэшце, - кажа ён, - гэтая тупая крытыка зразумела. Я думаю, што гэта толькi пачатак. Але нельга пускаць справу на самацёк. У вас ёсць хто-небудзь, хто займаецца?.. Усiмi гэтымi справамi? Вы трохi адарваны ад гэтага свету. Я вас разумею. Але хоць вы i абыякавы да ўсяго гэтага, трэба каваць жалеза, пакуль гарачае...

Ён прапаноўвае свае паслугi: "Вельмi рады дапамагчы. Не трэба дзякаваць. Зрэшты, я сам у гэтым зацiкаўлены, бо маю цi мала вашых карцiн, вы ж ведаеце".

Праз шэсць месяцаў замежныя музеi займаюць чаргу. Iм абяцаюць карцiну Дуаена, мажлiва, у наступным годзе... Карцiны Дуаена iдуць па вялiзнай цане. Адну з iх ацанiлi на распродажы ў восем мiльёнаў. Вялiкую? Не, невялiкую. Праўда, напачатку мафiя (так iх употай называюць у некаторых сакрэтных колах, дзе iх ведаюць), дык вось, мафiя выставiла на продаж дзве цi тры карцiны, паказала iх i сама скупiла. Але потым у гэтым больш не было патрэбы. Гэта ўсё дабром не скончыцца, пабачыце! Шабрые (займаецца продажам карцiн вядомых мастакоў, i цяпер у яго кантракт з Дуаенам) не дастаткова моцная фiгура, i такiх цэн ён не вытрымае. Калi калекцыянеры пачнуць збываць карцiны Дуаена, ён не зможа скупiць iх за трыццаць мiльёнаў, няма чаго i казаць. Усё развалiцца, як картачны домiк.

А пакуль яны грабуць грошы.

У Дуаена ўсё таксама змянiлася. Яго выстаўка прайшла ў Н-скай зале, што яшчэ не ўдавалася нiкому. Тут не абышлося без дапамогi высокапастаўленага Правiдана, якi быў у захапленнi ад таго, што яго прагнозы спраўдзiлiся. Да таго ж гарадскiя ўлады набылi шэсць яго карцiн вялiкага фармату за цану, якую музеi звычайна не плацяць. Яму выдзелiлi залу на выстаўцы ў X..., што праходзiла раз на тры гады, i дзве залы на У... выстаўцы, якую арганiзоўвалi раз на чатыры гады, а дзесяць яго вялiкiх палотнаў адправiлi на штогадовую выстаўку ў ... На ўсiх трох ён атрымаў гран-пры. Шабрые трацiў увесь свой час на тэлефонныя перагаворы з Нью-Йоркам. Прадмова Муаўра, якой папярэднiчала бiяграфiя, была перакладзена на семнаццаць моў.

У каталогах была таксама зроблена невялiчкая прыгожанькая ўстаўка з iнфармацыяй пра аўтара прадмовы, дзе наўмысна згадвалася пра Абраама дэ Муаўра, яго продка, i яго ўяўныя лiкi. Жуж i Партэн засталiся ў баку ад гэтай валтузнi, калi не лiчыць, што ў бiяграфiях абодвух пiсьменнiкаў было адзначана, што яны з самага пачатку разгледзелi ў Дуаене аднаго з найвялiкшых мастакоў свайго часу. Такiм чынам, яны мiжволi атрымалi падставы ганарыцца. У абодвух было па некалькi палотнаў Дуаена, i яны з горыччу ўсмiхалiся ад думкi, што з-за людскога капрызу ў iх на сценах цяпер вiсiць цэлы скарб. Яны адчувалi сябе амаль прынiжанымi, калi рынак i прэса на вачах адбiралi ў iх выключна iхняга абраннiка.

Што тычыцца Дуаена, то ён нiчога не памяняў у сваiм жыццi, калi не лiчыць, што суботнiя вячэры сталi больш iнтымнымi. З шасцi гадзiн вечара ён прымае крытыкаў, захавальнiкаў музеяў, калекцыянераў, некаторых замежных гандляроў карцiнамi. Арганiзацыйныя пытаннi ён пакiнуў на антыквара. Сам жа ён займаецца тым, што кiдаецца ў вочы. Напрыклад, падоўгу размаўляе па тэлефоне з Шабрые, якi трымае яго ў курсе ўсяго, i з Муаўрам, якi аказаўся надзiва дзелавым чалавека i прадмовы да выставак Дуаена ўжо пачынаюць гадаваць яго сям'ю. Дуаен апранаецца так, як i раней. Эла таксама. У iх няма нi машыны, нi загараднага дома. Свае грошы ён кладзе ў банкаўскi сейф, каб не плацiць падаткаў. Ён вядзе надзвычай сцiплае жыццё, мала выходзiць, па суботах гатуе кус-кус, або гусь.