Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькi дзясяткаў нашых i замежных грамадзянаў. Людзi савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце - хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнiк або плiшчыцца ў прыватны сэктар.
Бездакорна адзеты сiвы iншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбiральнi. Установа залiтая сьмярдзючаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цаглiны. У госьця нашае краiны хапае змогi толькi на два скачкi. Не дацягнуўшы да трэцяе цаглiны, ён ступае на дно i ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы цi ў Гамбургу нагавiцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкi - па костачку, i белыя iншаземцавыя шкарпэткi ўмомант набываюць менш кiдкi колер.
У вiтрыне зачыненай на пераўлiк крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапiка - нумар цi то маскоўскай, цi то яшчэ нейкай такой самай "правды" з буйным загалоўкам: "Народ сказал Союзу "да"! Народ сказал "да" социалистическому выбору".
Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьцi сацыялiстычнаму выбару - толькi каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглiнак у сьмярдзючай жыжцы.
Па пэроне, апусьцiўшы голаў, брыдзе сiвы iншаземец з мокрымi нагамi. Над вакзальным будынкам лёзунг: "Да здравствует марксизм-ленинизм - вечно живое, революционное интернациональное учение!"
На твары ў госьця нашай краiны - пакора.
Але яму ёсьць куды вярнуцца.
А мы ўжо вярнулiся.
Сакавiк, 1991 г.