Самсон ссунуў ногi Роя з лаўкi.

- Куды гэта ты спяшаешся? - спытаў ён i сеў. - Мы шукалi цябе, а цябе няма.

- Я спаць хачу, - адказаў Рой.

- Iнспектар кажа, што ты адмовiўся ад свайго ўчастка i не захацеў браць на поўначы. Гэта праўда? Ты на самай справе зрабiў гэта?

Рой перавёў погляд на бляклую пляму возера Гурон.

- Праўда, Самсон, - сказаў ён абыякава.

- Я яшчэ разумею, чаму ты аддаў свой участак, - сказаў Самсон. - Але чаму не iсцi на поўнач? Гэтыя мясцiны чакаюць такiх, як ты. Ты гадамi гаварыў пра тое, каб пайсцi на поўнач. Дык што ж сталася, чаму ты перадумаў, калi ёсць такая мажлiвасць?

Рою мiжволi давялося разыгрываць Самсона.

- Старэю я, Самсон, для такiх прыгод, - сказаў ён. - Гэта для такiх дужых хлопцаў, як ты. - Рой успомнiў, колькi разоў ён спрабаваў разлучыць Скоцi з Самсонам i нiчога не выходзiла. А як лёгка разлучылi iх абставiны.

- Што ты будзеш рабiць без Скоцi? - спытаў ён здзеклiва.

Вялiкiя далонi Самсона былi такiя цяжкiя, што сабака глуха забурчаў.

- Скоцi адмовiўся ад свайго ўчастка i вырашыў iсцi на поўнач разам са мной. Давай i ты з намi. Чаму ты не хочаш? Што з табой?

Рой не адказаў, але засмяяўся са Скоцi, як смяяўся з Самсона. Смяяўся ён i з сябе, са сваiх спроб разлучыць iх.

- Дык што, Рой? - спытаў Самсон.

- Я вырашыў адпачыць, - адказаў Рой.

Самсон не адставаў ад яго, не пераставала яго рука церабiць сабаку. Але ад абодвух ён нiчога толкам не дабiўся, ды тут з'явiлiся Скоцi i Джэк Бэртан.

- Так! - сказаў Рой. - Значыцца, з'явiлiся яго экселенцыя айцец Малькольм i дарожны ўпаўнаважаны.

- Я прывёў Джэка, - дзёрзка пачаў Скоцi, - каб хоць ён навучыў цябе. Паслухай, Рой. Ты аддаў свой участак Iндзейцу Бобу, гэта твая справа, мяне гэта не турбуе, - эмацыянальнасць гэтага iдэалiста была надта яўнай i падкрэсленай. - Але навошта адмаўляцца ад новага ўчастка на поўначы? Што ты думаеш рабiць далей? Сядзець тут i памiраць?

- Пайшоў ты, Скоцi, - панура прамовiў Рой.

Скоцi адмовiўся ад уяўна гнеўнага тону.

- I чаму табе не пайсцi на поўнач са мной i Самсонам? - пытаўся ён. - Чаму ты не папросiш iнспектара запiсаць цябе на адзiн з тых участкаў?

Рой паглядзеў на толькi што наваксаваныя боты Скоцi.

- А навошта табе iсцi на поўнач? - спытаў ён у Скоцi. - Ты ж выцягнуў свой стары ўчастак, навошта табе валачыся на поўнач?

- Не будзь упартым, Рой, - папрасiў Самсон. - Чаму ты не хочаш пайсцi з намi?

- Але чаму б вам не пайсцi зараз у бар i не напiцца? - спытаў Рой, i адразу ж закрычаў на iх, каб не думаць, якое гэта было б шчасце - пайсцi на поўнач з Самсонам i Скоцi, шчасце, якое ён не прымаў дзеля непазбежнай адзiноты, якая чакала яго ўсюды ў лесе. Калi ўжо нiчога не было для яго ў Сент-Элене, дык нiчога не было для яго i ў лесе. Як яны не могуць гэтага зразумець?

- Схадзiце, - крычаў ён iм, - схадзiце i добра напiцеся, пакуль вас не зжэрла ледзяная пустыня!

- Мо ты ўгаворыш яго, - сказаў Скоцi Джэку. - Ты не маеш рацыi, Рой, i сам гэта добра ведаеш. - I ён павёў Самсона ў бар.

Рой адразу ж напаў на Джэка.

- Ну, - сказаў ён. - Выратавальнiк дарог! Выратавальнiк горада! Што яшчэ. ратаваць збiраешся? - Але атака была слабая.

- Мне паведамiлi, што ўчора вечарам ты не знайшоў мяне, - сказаў яму Джэк, не звяртаючы ўвагi на яго горыч.

- Я нiкога не знайшоў учора вечарам, - адказаў Рой.

Джэк сеў.

- Ты, вядома, заходзiў дамоў?

Рой павольна кiўнуў.

- Прыйшоў у свой пакой, а там чужыя дзецi. - Ён прыкрыў шапкай вочы i гаварыў вельмi спакойна. - Хто купiў ферму, Джэк? Нехта з Раселяў?

- Не. Яе купiлi зямельныя агенты, а заплацiў, вiдаць, банк.

- Банк? А навошта яму хата фермера?

- Але ж гэта яшчэ даволi прыстойная ферма...

- Але навошта банку купляць яе? Банк - гэта ж проста будынак. Навошта яны скуплiваюць фермы? Якая ў гэтым патрэба? - Рой, нарэшце, знайшоў падставу для незадаволенасцi, але i гэта не давала палёгкi. - Што ж зрабiў Сэм? - пытаўся ён у Джэка. - Узяў i прадаў iм ферму?

- Не, быў аўкцыён, а банк даў больш за ўсiх.

- А каго яны пасялiлi на ферме?

- Бiлi Эдвардса, - сказаў Джэк.

- Спачатку ён атрымаў майго каня, а зараз i ферму, ў дадатак!

- Ён добры фермер, Рой. Ён будзе на ёй як след працаваць.

- Вядомая справа! Таму, напэўна, банк i пасадзiў яго туды.

- Вiдаць.

- А як жа Сэм?

- Ты нiчога не чуў пра Сэма?

- Не, - адказаў Рой.

- Сэм проста сышоў. - Джэк пацiснуў плячыма. - Уцёк.

- Разам з Руф?

- Не, кiнуў яе. Усё кiнуў. Забраў палову грошай, адным цудоўным ранкам пайшоў на станцыю i знiк. Знiк!

- Зусiм як Эндзi, - сумна, але без горычы прамовiў Рой.

- Так, падобна, - сказаў Джэк i замоўк у чаканнi.

Рой павiнен быў задаць гэтае пытанне. Зараз ён не мог не задаць яго.

- А што з Эндзi? Дзе ён?

- Недзе тут, - сказаў Джэк.

- А Джынi?

- Па-ранейшаму ў старой хаце Мак-Нэйраў.

Рой падняў шапку, i сонца асляпiла яго.

- Ты яе яшчэ не бачыў? - спытаў Джэк.

Рой пакруцiў галавой.

- Яшчэ не, - сказаў ён. - А Эндзi з ёй?

Джэк пацiснуў плячыма.

- Магчыма, - сказаў ён.

На iмгненне Рою здалося, што Джэк мог бы сказаць больш, але той змоўк i неяк неахвотна ўсмiхнуўся. Сабака зноў пачаў лашчыцца да Роя. Той механiчна церабiў яго галаву, морду, шыю. Сабака быў, вiдаць, ручны i заскуголiў, калi рука Роя перастала гладзiць яго.

- Джэк, - вiнаватым тонам сказаў Рой, успомнiўшы, нарэшце, нешта важнае. Я схаваў у тваiм хляве пушнiну.

Джэк кiўнуў.

- Я бачыў.

- Я яе забяру адтуль. Мо сёння вечарам.

- Калi захочаш, - сказаў Джэк.

- Не, сёння вечарам, - сказаў Рой.

- Ладна, - сказаў Джэк. - Мо пераначуеш у нас?

Рой кiўнуў.

- А як твая ферма? - спытаў ён.

- Становiцца падобнай на ферму, - сказаў Джэк.

- А сям'я?

- Нармальна, Рой. На будучы год адкрываем сярэднюю школу ў Марлоў. Учора гаварыў з адмiнiстрацыяй.

- Марлоў? Гэта ж за дзесяць мiль, - сказаў Рой. - Якi сэнс для нас?

- Дзесяць мiль? - Джэк пацiснуў плячыма. - Арганiзуем аўтобус.

- Фермер Джэк! - сказаў Рой, i гэтыя словы прабiлiся ў яго пацяжэлую галаву. Яму захацелася падчапiць Джэка, пажартаваць наконт схаванай пушнiны, наконт горада, наконт дарогi, наконт школы. Джэк быў тут i чакаў гэтага, амаль малiў Роя не адасабляцца. Дзiўнае гэта было маўчанне, але неўзабаве яно перарасло ў пераможную перадышку, бо менавiта гэтае маўчанне вярнула Рою пэўнасць, ад якой яму не было дзе схавацца. Гэта была пэўнасць Джэка, якi нiколi не здаецца. Джэка i яго фермы, Джэка i яго школы - сярэдняй школы! Iменна тое, як Джэк сцвярджаў свае правы, уратавала Роя ў гэты вырашальны, апошнi момант. Зараз ён не мог уцячы ад самога сябе.