- Мо гэта якраз тыя браканьеры, - выказаў меркаванне Рой, але ён ведаў, што гэта не так.

- Абходчыкi! - заенчыў Зел i нагнуўся. Адна з фiгур падняла рукi, быццам падносячы да вачэй бiнокль. - Абходчыкi або леснiкi! - паўтарыў Зел. - Трэба ўцякаць адсюль.

- Трэба паглядзець, што яны будуць рабiць, - хутка запярэчыў Рой i ўтрымаў Зела. - Паглядзiм, куды яны пойдуць.

Пакуль яны гаварылi, чалавечкi паднялiся на вяршыню i сталi азiрацца, затым павярнулi на сорак пяць градусаў i пайшлi назад, на паўночны захад. Рой iмгненна павярнуўся, пачаў узiрацца ў паўночныя хрыбты i хутка ўбачыў тое, што i чакаў убачыць.

- Вунь там яшчэ двое, - сказаў ён Зелу i паказаў на поўначы яшчэ дзве фiгуркi, якiя на iмгненне з'явiлiся на хрыбце. - Бачыш, што яны робяць? спытаў ён у Зела. - Чацвёрка праходзiць усю мясцовасць зiгзагамi. Яны прачэсваюць участак за ўчасткам не горш за леснiкоў. Так, Зел, пара канчаць. Пайшлi ў хацiну - i гайда.

- А як жа Сахаты? - спытаў Зел.

- А ты ведаеш, дзе ён зараз?

- Не, але трэба паспрабаваць знайсцi яго. I як быць з пасткамi?

- Кiнуць. Нам нельга марудзiць, калi яны пойдуць у наш бок. Пайшлi адсюль, i хутчэй. - Рой ужо таптаў снег сваiмi кароткiмi гумовiкамi, выкiдваючы наперад рукi, каб iхняя вага падштурхоўвала яго наперад.

- Калi мы пойдзем без Сахатага, - подбегам паспяваючы за Роем, гаварыў Зел, - дык ён можа папасцiся. Трэба шукаць яго альбо хоць неяк папярэдзiць.

- Калi ты захочаш папярэджваць яго стрэламi, - сказаў Рой, - тады ўся гэтая хеўра адразу яс навалiцца на нас. Сахаты, вiдаць, ужо сам заўважыў гэтых законнiкаў. Пайшлi... Хутчэй!

- А мне здаецца, што трэба даць некалькi стрэлаў.

У Роя быў вiнчэстэр, але ён рашуча паўтарыў сваё "не".

- Пачакай, вось выберамся з хацiны ў лес - тады iншая справа, - сказаў ён. - Будзем на сцежцы, тады страляй колькi хочаш.

Рой прыспешыў хаду, стараючыся iсцi па нiзiнах i не чакаючы Зела. За сабой ён пакiдаў пратаптаную сцежку, па якой Зелу лёгка было iсцi ўслед.

- I дзе гэта Сахаты? - пытаўся ў сябе Рой, падыходзячы нарэшце да хацiны i ведаючы, што не пакiне яе, пакуль не зробiць хоць нейкай спробы знайсцi Мэрэя альбо папярэдзiць яго. - I дзе падзеўся гэты валацуга?

А валацуга тым часам быў у хацiне, скiдваў з палiц пустыя слоiкi, зрываў са сцен скуры, адзенне i розны рыштунак. Ён ужо амаль закончыў гэты пагром i быў заняты дзяльбой рэшткаў хлеба i цукру.

- Я так i думаў, што вы хутка з'явiцеся, - спакойна сказаў ён Рою. - А дзе Зел?

- Iдзе. Ты бачыў гэтых малойчыкаў?

- Вядома. Я за iмi два днi сачыў. Сёння ранiцай я праскочыў проста ў iх пад носам. Ну, вы сабралiся? - Мэрэй набiваў свой мех нейкiм адзеннем. Дапамажы мне спусцiць гэтае смецце ў возера, - папрасiў ён.

Рой дапамог яму аднесцi да палонкi ў замерзлым возеры цэлую кучу пустых бляшанак, вядро, бутэлькi, кацялок, гаршкi, сапсаваныя пасткi, пустыя каробкi ад патронаў. Яны звязалi вяроўкай усе гэтыя здраднiцкiя доказы iхняй прысутнасцi i затапiлi ў возеры, затым вярнулiся ў хацiну, дзе ўжо збiраўся ў дарогу Зел.

- Калi ты вярнуўся? - спытаў ён у Мэрэя.

- Не вельмi даўно, - адказаў Мэрэй.

- Чаму ты не прыйшоў раней, каб папярэдзiць нас? - дапытваўся Зел.

- Вось зануда! - сказаў Мэрэй. - Гэта што, чарговая порцыя воцату? Патрымай яе ў сябе, бо як стукну па галаве прыкладам. Я ачышчаў хацiну. Я ведаў, што вы i самi заўважыце гэтых следапытаў, як яны блукаюць па лесе.

Мэрэй быў азмрочаны, але ён зусiм не так злаваўся i спяшаўся, як хацеў гэта паказаць. Ён спакойна ўсеўся i пачаў мяняць шкарпэткi, пакуль яго спадарожнiкi хутка заканчвалi ўкладку адзення, прыбораў для галення, коўдраў, правiзii i пушнiны.

- Ведаеце, што можна было б зрабiць? - сказаў Мэрэй, няспешна i з веданнем справы скручваючы папяросу. - Можна было б знайсцi тут у лесе надзейную мясцiну i залегчы там, пакуль не сыдуць адсюль гэтыя законапаслухмяныя халуi.

- Залягай на здароўе! - адрэзаў Рой.

- А якi сэнс пакiдаць заказнiк, пакуль мы не вычарпалi ўсiх яго магчымасцяў, - сказаў Мэрэй. - У лесе гэтыя малойчыкi нас не знойдуць. Яны, вiдаць, i мiма гэтай хацiны пройдуць i не заўважаць.

- Магчыма, - сказаў Зел. - Але з мяне хопiць, Мэрэй. З мяне хопiць!

У Роя ўсё было сабрана i падрыхтавана. Мэрэй дапамог яму ўзвалiць за спiну цяжкi груз. Калi дапамагаў Зелу, ён засмяяўся, бо той ажно захiстаўся ад неверагодна цяжкай ношы.

- Крыху паквапiўся, - сказаў ён Зелу.

- Што ты гаворыш? - падазрона спытаў Зел, але адказу не было.

Затым Рой дапамог узвалiць мех Мэрэю.

- Можаш заставацца, калi хочаш, - сказаў Рой, - але я адчуваю сябе як загнаная лiса. Мне трэба пакiдаць памiж мной i абходчыкамi як мага больш адлегласцi. Так што рушым!

Мэрэй старанна зачынiў за сабой дзверы, а Рой праверыў вонкавую кладоўку, цi няма там правiзii. Яе засталося ў iх вельмi мала, па разлiках Роя - не больш як на тры днi.

- У якi бок пойдзем? - у апошнi момант спытаў Зел.

- Можна прайсцi праз гэты лес, а затым падацца на поўнач, - сказаў Мэрэй.

- На поўнач? - здзiвiўся Рой. - Навошта на поўнач?

- Туды шлях свабодны, Рой.

- Свабодны шлях у невядомае, - азваўся Рой. - Я пайду на поўдзень.

- Няма сэнсу выходзiць з лесу на поўдзень, - пярэчыў Мэрэй. - Там нас чакае палова ўсiх абходчыкаў заказнiка, i яны сядуць нам на шыю, як толькi мы з'явiмся.

- Ён мае рацыю, Рой, - сказаў Зел, - не будзь упартым. Мы можам адарвацца ад гэтых абходчыкаў, калi адразу ж пойдзем на поўнач. Там знойдзецца сотня пунктаў, у якiх мы можам выйсцi з лесу i пакiнуць iх з носам.

- Ну выйдзеш ты з лесу, - сказаў Рой, - а што далей? Як ты разлiчваеш патрапiць у Сент-Элен? Яны ж загародзяць усе дарогi.

- Сент-Элен? - сказаў Мэрэй. - А на якога д'ябла нам вяртацца ў Сент-Элен?

- Ты з глузду з'ехаў вяртацца туды зараз, - падтрымаў яго Зел.

- Магчыма, - сказаў Рой i не стаў iм тлумачыць, што поўнач азначае для яго новую пагрозу адзiноты. Яго спадарожнiкi былi ўжо адлучаны ад Муск-о-гi, iм было ўсё адно. Але Рой ведаў, што для яго адзiная надзея - гэта вярнуцца на свой участак i пасля ў Сент-Элен так, каб нiхто i не здагадаўся, што ён быў у заказнiку. Пайдзi ён на поўнач, i яму спатрэбяцца месяцы адседжвання i розныя хiтрыкi, каб дабрацца назад у Сент-Элен, а за гэты час напэўна выявiцца яго злачынства. Да Мэрэя i Зела гэта не мела адносiн, бо яны i без гэтага ўжо толькi ценi людзей. Але калi ён, Рой, зараз не вернецца ў Сент-Элен, iнспектар, вядома, здагадаецца, што справа нячыстая. Значыць, гэта было пытанне бяспекi - але не толькi. Рашэнне яго было цвёрдае. Трэба iсцi на поўдзень, небяспечна гэта цi не. Ён мусiць вярнуцца да свайго ўласнага iснавання. Мусiць. Ён павiнен жыць ва ўласнай хацiне, з яе звыклым укладам, з цвёрдай пэўнасцю, якую яна яму давала, з грамадскiм абавязкам, якi яна на яго ўскладвала. Побач за ракой павiнны быць Скоцi i Самсон, а там за лесам Сент-Элен. Ён мусiць вярнуцца i сустрэцца з Эндзi. Ён ведаў i гэта, нават калi са сцiснутымi зубамi iшоў на рызыку быць злоўленым, прарываючыся на поўдзень. Але ён павiнен быў выбраць гэты шлях i прарвацца мiма абходчыкаў, якiя яго чакалi.