Станавiлася ўсё святлей i святлей. Вяршынi гор у Карманьяцы паблiсквалi, як агонь Катлы, а мы якраз збiралiся ў Карманьяку! Як я баяўся, о, як страшэнна я баяўся! Хто ведае, дзе падпiльноўвае Катла? Дзе яна сядзiць, дзе яна жыве? Цi мо i жыве ў пячоры Катлы? А як Орвар трапiў туды? Я i запытаў у Джанатана пра гэта.

Ён пачаў расказваць, што Катла не жыве ў пячоры Катлы пасля таго, як прачнулася. Яна нiколi не вярталася туды. Тэнджыл трымае яе на прывязi каля вадаспада Карма ў пячоры. Яна нiбы сядзiць на залатым ланцугу i будзе датуль там заставацца, пакуль Тэнджыл не возьме яе з сабой, каб навесцi жах на людзей, якiх ён катуе.

- Аднаго разу мне давялося бачыць яе ў Далiне Дзiкай Ружы, - сказаў Джанатан.

- I ты не спалохаўся?

- Спалохаўся, - прызнаўся ён.

Жах ахапiў мяне.

- Я так баюся, Джанатан, Катла заб'е нас.

Ён паспрабаваў зноў супакоiць мяне:

- Але ж яна на ланцугу. Яна можа рухацца толькi на даўжыню ланцуга. Не далей, як да стромы, на якой ты яе бачыў. Яна амаль увесь час стаiць на гэтай строме i глядзiць на вадаспад Карма.

- Навошта яна робiць гэта? - дзiўлюся я.

- Не ведаю, - кажа Джанатан. - Магчыма, яна шукае Карму.

- А хто такi Карм? - дапытваюся я.

- О, гэта балбатня Эльфрыды, - кажа Джанатан. - Нiхто нiколi не бачыў Карма. Яго наогул няма. Але Эльфрыда сцвярджае, што калiсьцi, даўным-даўно, ён жыў у вадаспадзе Карма i што Катла ненавiдзела яго. I нiяк не можа пра гэта забыць. Таму яна i стаiць тут i ўглядаецца.

- Але хто ж ён такi? Як ён мог жыць у вадаспадзе?

- Гэта таксама страшыдла, - адказаў Джанатан. - Марскi змей, даўжынёй, як гэта рака ўшыркi. Але, магчыма, гэта адна са старадаўнiх легенд.

- А можа, ён такая ж выдумка, як Катла? - прыйшла мне ў галаву нечаканая думка.

Джанатан як не пачуў майго пытання i загаварыў пра iншае:

- Ведаеш, што мне сказала Эльфрыда, калi ты збiраў у лесе сунiцы? Яна сказала, што калi яна была маленькай, то дзяцей часта палохалi Кармам i Катлай. Сагi пра дракона ў пячоры Катлы i пра марскога змея ў вадаспадзе Карма ў дзяцiнстве яна чула шмат разоў. Дык, можа, гэта сапраўды адна са старадаўнiх саг, якой людзi палохаюць дзяцей...

- А цi не магло стацца так, што Катла жыве ў сваёй пячоры i адначасова iснуе як сага?

- Так, гэта якраз тое, пра што гаварыла Эльфрыда, - згадзiўся Джанатан.

З замiраннем сэрца я думаў, што ў Карманьяцы поўна страшыдлаў. Мне не хацелася туды iсцi, але трэба было. Мы падмацавалiся з торбы ядой, пакiнуўшы сёе-тое i для Орвара - Джанатан папярэдзiў, што ў пячоры Катлы - страшэнны голад.

Грым i Ф'ялар пiлi дажджавую ваду, якая сабралася ў трэшчынах. Тут, у гарах, iм не было дзе пасвiцца, толькi каля моста сям-там прабiлася трава, так што i яны падсiлкавалiся перад дарогай.

I вось мы праязджаем па мосце ў Карманьяку, у краiну Тэнджыла, у краiну страшыдлаў. Я быў такi напалоханы, што ўвесь калацiўся. Хоць i не надта верыў, што змей iснуе, тым не менш думалася - а раптам ён выскачыць з глыбiнi, схопiць i пацягне нас з Джанатанам у вадаспад Карма? А яшчэ ж Катла... Я баяўся яе больш за ўсё на свеце. Можа, яна чакае нас там, на Тэнджылавым беразе, са сваёй зубастай пашчай i агнём з яе, якi нясе смерць? О, як я быў напалоханы!..

Але мы пераехалi мост, i я не ўбачыў нiякай Катлы, на строме, прынамсi, яе не было.

- Не, яе тут няма, - сказаў я Джанатану.

Але яна была. Не на строме - яе пачварная галава высоўвалася з-за агромнiстай глыбы каменя па дарозе да замка Тэнджыла. Мы ўбачылi яе там. I яна заўважыла нас, i пачуўся рык, ад якога, здавалася, могуць абрушыцца горы. З яе храпы, калi яна, задыхаючыся ад злосцi, iрвалася з ланцуга, вывяргалiся струменi агню i дыму. Грым i Ф'ялар шалелi ад перапуду, i мы ледзь стрымлiвалi iх, ды i сам я быў напалоханы да смерцi. Я ўгаворваў Джанатана вярнуцца дадому ў Наджыялу, але ён не згаджаўся.

- Мы не можам пакiнуць Орвара, - гаварыў ён. - Не бойся. Катла не дастане нас, як бы яна нi рвалася з ланцуга. Але нам трэба спяшацца - Катлу могуць пачуць у замку Тэнджыла, успрыняць гэта як сiгнал небяспекi, i тады на нас нападзе зграя Тэнджылавых салдат. Трэба ўцякаць i схавацца дзе-небудзь у гарах.

Мы доўга ехалi па неймаверна вузкiх, крутых горных сцежках, з-пад капытоў нашых коней ляцелi iскры. Каб заблытаць сляды, мы кружылi петлямi вакол скал. Кожную хвiлiну я чакаў, што вось-вось пачуюцца тупат коней i крыкi салдат Тэнджыла, якiя пачнуць страляць па нас з лукаў, пагражаць коп'ямi i мячамi. Але нiчога такога не чулася. Вiдаць, няпроста было высачыць каго-небудзь у нетрах гор Карманьякi, а ўцекачам лёгка пазбегнуць сваiх ворагаў.

- Куды мы едзем? - запытаўся я ў Джанатана, калi мы заглыбiлiся ў горы.

- У пячору Катлы, канечне, - адказаў ён. - Мы ўжо амаль на месцы. Вось перад намi гара Катлы...

Ага, дык вось, значыцца, якая яна... Перад намi шырокае плато зкрутымi схiламi, якiя рэзка абрываюцца ўнiз. З нашага боку схiлы не такiя крутыя, па iх, калi трэба, лёгка падняцца наверх, што мы ўрэшце i зрабiлi, таму што нам проста неабходна прайсцi праз гэтую гару, - так вырашыў Джанатан.

- Уваход у пячору знаходзiцца з другога боку ад ракi, - растлумачыў ён. I мне трэба паглядзець, як там што...

- Джанатан, няўжо ты думаеш, што мы можам трапiць у пячору Катлы? пытаюся я.

Неяк ён расказваў мне пра вялiзныя медныя вароты - уваход у пячору - i пра Тэнджылавых салдат, якiя ўдзень i ўначы стаяць там на варце. Дык якiм чынам мы можам трапiць туды?

Джанатан не адказаў, толькi папярэдзiў, што нам неабходна будзе схаваць коней, каб яны не сышлi ў горы.

Мы завялi iх у глыбокую цяснiну - пад самай гарой Катлы i пакiнулi iх там разам са збруяй. Джанатан пагладзiў Грыма, сказаў яму:

- Пачакай тут, мы толькi сходзiм у разведку...

Усё гэта мне не вельмi падабалася, бо не хацелася разлучацца з Ф'яларам, але iншага выйсця не было.

Мы даволi доўга падымалiся на ўзвышша, i, нарэшце, калi паднялiся, я адчуў сябе вельмi стомленым. Джанатан заўважыў гэта i сказаў, што можна крыху адпачыць, i я першы кiнуўся на зямлю. Мы ляжалi на вяршынi гары, над намi распасцерлася вялiзнае неба, а якраз над намi была пячора Катлы. I дзiўна было думаць, што недзе ў гэтай гары, дзесьцi пад намi, ёсць жахлiвая пячора з усiмi пераходамi i закуткамi, дзе пакутавала i гiнула столькi людзей. А тут, пад сонцам, лёталi матылькi, паўсюдна раслi кветкi i трава - было дзiўна, што кветкi i трава растуць на покрыве пячоры Катлы.