ГЛАВА 4.

ПРЭЗIДЭНТ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 95. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца кiраўнiком дзяржавы i выканаўчай улады.

Артыкул 96. Прэзiдэнтам можа быць выбраны грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь не маладзейшы за 35 гадоў, якi валодае выбарчым правам i пражывае ў Рэспублiцы Беларусь не менш дзесяцi гадоў.

Артыкул 97. Прэзiдэнт выбiраецца непасрэдна народам Рэспублiкi Беларусь. Тэрмiн паўнамоцтваў Прэзiдэнта - пяць гадоў. Адна i тая ж асоба можа быць Прэзiдэнтам не больш двух тэрмiнаў.

Кандыдаты на пасаду Прэзiдэнта вылучаюцца не менш чым 70 дэпутатамi Вярхоўнага Савета, грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь - пры наяўнасцi не менш як 100 тысяч подпiсаў выбаршчыкаў.

Выбары Прэзiдэнта назначаюцца Вярхоўным Саветам не пазней чым за пяць месяцаў i праводзяцца не пазней чым за два месяцы да сканчэння тэрмiну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзiдэнта.

Калi пасада Прэзiдэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён i не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансii.

Артыкул 98. Лiчыцца, што выбары адбылiся, калi ў галасаваннi прынялi ўдзел больш паловы грамадзян Рэспублiкi Беларусь, уключаных у спiс выбаршчыкаў.

Прэзiдэнт лiчыцца выбраным, калi за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя прынялi ўдзел у галасаваннi.

Калi нi адзiн з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасцi галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмiн праводзiцца другi тур галасавання па двух кандыдатах, якiя атрымалi найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лiчыцца кандыдат у Прэзiдэнты, якi атрымаў пры паўторным галасаваннi больш паловы галасоў выбаршчыкаў, што прынялi ўдзел у галасаваннi.

Парадак правядзення выбараў Прэзiдэнта вызначаецца законам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 99. Прэзiдэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягi наступнага зместу:

"Заступаючы на пасаду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, урачыста клянуся служыць народу Рэспублiкi Беларусь, выконваць Канстытуцыю i законы Рэспублiкi Беларусь, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокiя абавязкi".

Прысяга прыносiцца ва ўрачыстай абстаноўцы на спецыяльным пасяджэннi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзiдэнта. З моманту прынясення Прысягi нававыбраным Прэзiдэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзiдэнта спыняюцца.

Артыкул 100. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь:

1) прымае меры па ахове суверэнiтэту, нацыянальнай бяспекi i тэрытарыяльнай цэласнасцi Рэспублiкi Беларусь, забеспячэнню палiтычнай i эканамiчнай стабiльнасцi, захоўванню правоў i свабод грамадзян;

2) кiруе сiстэмай органаў выканаўчай улады i забяспечвае iх узаемадзеянне з прадстаўнiчымi органамi;

3) стварае i скасоўвае мiнiстэрствы, дзяржаўныя камiтэты i iншыя цэнтральныя органы кiравання Рэспублiкi Беларусь;

4) са згоды Вярхоўнага Савета назначае i вызваляе ад пасады Прэм'ер-мiнiстра, яго намеснiкаў, мiнiстраў замежных спраў, фiнансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыню Камiтэта дзяржаўнай бяспекi; назначае i вызваляе ад пасады iншых членаў Кабiнета Мiнiстраў; прымае адстаўку ўказаных у гэтым пункце асоб;

5) прадстаўляе Вярхоўнаму Савету кандыдатуры для выбрання на пасады Старшынi Канстытуцыйнага Суда, Старшынi Вярхоўнага Суда, Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшынi Праўлення Нацыянальнага банка;

6) штогод прадстаўляе Вярхоўнаму Савету даклады аб становiшчы дзяржавы, па ўласнай iнiцыятыве або па прапанове Вярхоўнага Савета iнфармуе Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь аб рэалiзацыi ўнутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь;

7) звяртаецца з пасланнямi да народа Рэспублiкi Беларусь i Вярхоўнага Савета;

8) паведамляе Вярхоўнаму Савету аб Праграме дзейнасцi Кабiнета Мiнiстраў;

9) мае права ўдзельнiчаць у рабоце Вярхоўнага Савета i яго органаў, выступаць перад iмi ў любы час з прамовай або паведамленнем;

10) назначае суддзяў Рэспублiкi Беларусь, акрамя тых, выбранне якiх аднесена да кампетэнцыi Вярхоўнага Савета;

11) назначае iншых службовых асоб, пасады якiх вызначаны ў адпаведнасцi з законам, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй;

12) вырашае пытаннi аб прыёме ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, яго спыненнi i прадастаўленнi прытулку;

13) узнагароджвае дзяржаўнымi ўзнагародамi, прысвойвае класныя чыны i званнi;

14) ажыццяўляе памiлаванне асуджаных грамадзян;

15) прадстаўляе дзяржаву ў адносiнах з iншымi краiнамi i мiжнароднымi арганiзацыямi;

16) вядзе перагаворы i падпiсвае мiжнародныя дагаворы, назначае i адклiкае дыпламатычных прадстаўнiкоў Рэспублiкi Беларусь у замежных дзяржавах i пры мiжнародных арганiзацыях;

17) прымае даверчыя i адзыўныя граматы акрэдытаваных пры iм дыпламатычных прадстаўнiкоў замежных дзяржаў;

18) у выпадку стыхiйнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам цi пагрозай гвалту з боку групы асоб i арганiзацый, у вынiку якiх узнiкае небяспека жыццю i здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасцi i iснаванню дзяржавы, уводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становiшча з унясеннем у трохдзённы тэрмiн прынятага рашэння на зацвярджэнне Вярхоўнага Савета;

19) у выпадках, прадугледжаных законам, мае права адкласцi правядзенне забастоўкi або прыпынiць яе не больш чым на двухмесячны тэрмiн;

20) падпiсвае законы, мае права не пазней чым у дзесяцiдзённы тэрмiн з дня атрымання закона вярнуць яго са сваiмi пярэчаннямi ў Вярхоўны Савет для паўторнага абмеркавання i галасавання. Калi Вярхоўны Савет большасцю не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў пацвердзiць раней прынятае iм рашэнне, Прэзiдэнт абавязаны падпiсаць закон у трохдзённы тэрмiн; нявернуты ва ўказаны тэрмiн закон лiчыцца падпiсаным;

21) мае права адмяняць акты падведамных яму органаў выканаўчай улады;

22) прыпыняе рашэннi мясцовых Саветаў дэпутатаў у выпадку неадпаведнасцi iх закону;

23) узначальвае Савет Бяспекi Рэспублiкi Беларусь;

24) з'яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымi Сiламi Рэспублiкi Беларусь;

25) уводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становiшча, аб'яўляе поўную або частковую мабiлiзацыю;