Артыкул 39. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi са сваiмi здольнасцямi, прафесiйнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.
Артыкул 40. Кожны мае права накiроўваць асабiстыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.
Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот i даць адказ па сутнасцi ў вызначаны законам тэрмiн. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павiнна быць пiсьмова матываванай.
Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесii, роду заняткаў i работы ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, адукацыяй, прафесiйнай падрыхтоўкай i з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя i бяспечныя ўмовы працы.
Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасцi насельнiцтва. У выпадку незанятасцi асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям i павышэнне квалiфiкацыi з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўi ў адпаведнасцi з законам.
Грамадзяне маюць права на абарону сваiх эканамiчных i сацыяльных iнтарэсаў, уключаючы права на аб'яднанне ў прафесiйныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) i права на забастоўку.
Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасцi з законам аб надзвычайным i ваенным становiшчы.
Артыкул 42. Асобы, якiя працуюць па найму, маюць права на ўзнагароджанне за выкананую работу ў адпаведнасцi з яе колькасцю, якасцю i грамадскiм значэннем, але не нiжэй устаноўленага дзяржавай мiнiмальнага размеру. Жанчыны i мужчыны, дарослыя i непаўналетнiя маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасцi.
Артыкул 43. Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, якi не перавышае 40 гадзiн, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.
Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасцi.
Уласнiк мае права валодаць, карыстацца i распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi. Недатыкальнасць уласнасцi, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.
Прымусовае адчужэнне маёмасцi дапускаецца толькi па матывах грамадскай неабходнасцi пры захаваннi ўмоў i парадку, вызначаных законам, са своечасовым i поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасцi, а таксама згодна з прыгаворам суда.
Ажыццяўленне права ўласнасцi не павiнна наносiць шкоды навакольнаму асяроддзю, гiсторыка-культурным каштоўнасцям, уцiскаць правы i абараняемыя законам iнтарэсы iншых асоб.
Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развiццём фiзiчнай культуры i спорту, мерамi па аздараўленнюнавакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымi ўстановамi, удасканальваннем аховы працы.
Артыкул 46. Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе i на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.
Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi, у выпадку хваробы, iнвалiднасцi, страты працаздольнасцi, страты кармiцеля i ў iншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблiвы клопат аб асобах, якiя страцiлi здароўе пры абароне дзяржаўных i грамадскiх iнтарэсаў.
Артыкул 48. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развiццём дзяржаўнага, грамадскага i прыватнага жыллёвага фонду, садзейнiчаннем грамадзянам у набыццi жылля.
Нiхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.
Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
Гарантуюцца даступнасць i бясплатнасць агульнай сярэдняй i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.
Сярэдняя спецыяльная i вышэйшая адукацыя даступная для ўсiх у адпаведнасцi са здольнасцямi кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.
Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як нiхто не можа быць прымушаны да вызначэння i ўказання нацыянальнай прыналежнасцi.
Знявага нацыянальнай годнасцi караецца згодна з законам.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбiраць мову зносiн. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасцi з законам свабоду выбару мовы выхавання i навучання.
Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў.
Свабода мастацкай, навуковай, тэхнiчнай творчасцi i выкладання гарантуецца.
Iнтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.
Артыкул 52. Кожны, хто знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы i паважаць нацыянальныя традыцыi.
Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя iнтарэсы iншых асоб.
Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гiсторыка-культурную спадчыну i iншыя культурныя каштоўнасцi.
Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя - абавязак кожнага.
Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь абавязаны прымаць удзел у фiнансаваннi дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлiн i iншых плацяжоў.
Артыкул 57. Абарона Рэспублiкi Беларусь - абавязак i свяшчэнны доўг грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
Артыкул 58. Нiхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якiя не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i яе законамi, цi да адмаўлення ад сваiх правоў.
Артыкул 59. Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.