- Ну, добра калi так, iдзi сабе з Богам, - сказаў сьвяты Пётра. - А то ты ўсё неба нам папсуеш. Толькi глядзi-ж, ня крыўдуй!

- Якая тут крыўда?

Пакланiўся Дудар апосталу i выйшаў з райскiх варот.

- Я знайду сабе месца. Пайду туды, адкуль прыйшоў.

- У Барысаўшчыну?

- А то куды-ж?

- А я думаю на якую-колечы зьвязду цябе паслаць.

- Нашто на зьвязду? Пайду ў Барысаўшчыну.

Узыйшоў ён на вялiкую нябесную дарогу. Была ноч.

Стаў Дудар спускацца па птушынай дарозе ўнiз. А калi пачуўся на волi, крыкнуў:

- Гэй, гэй! - i пачаў дуць з усей моцы ў дуду.

I гэтак iшоў ён, усё нiжэй, спускаючыся ў барысаўскi бок, пакуль не схаваўся ў пушчы...

Власт

ЮГА I ГРАМАВIК

Гадоў таму капы iзь дзьве будзе, як у вёску Дзянiсава прыйшла, неяк пасьля Зьмiтраўскiх Дзядоў, старая баба. Сюды-туды пакруцiлася па вёсцы i шусь да Прахора ў хату, дый кажа:

- Я ня тутэйшая; але чула аб вашэцi, што чалавек добры, i прыйшла папрасiцца на кутнiцу*. Каштаваць я вам нiчога ня буду, яшчэ i вы каля мяне заробiце, калi за мае грошы пракормiце мяне.

* Наняць кут у хаце.

Прахор падумаў, парадзiўся з жонкай i прыняў тую невядомую бабу да сябе ў хату.

Баба адразу дала Прахору сотню рублёў "на руку". Прахор дачакаўся да вечара, рады пайшоў спаць.

На другi дзень, устаўшы садзiцца сям'я сьнедаць; калi хопяцца, ажно з чатырох булак хлеба, што былi ў iстопцы, i памiну няма. Гэтак сама ня ведама, куды шчэзьлi два сыры i цэлы кумпяк сьвiнiны. У хаце, ведама, гоман узьняўся, бо ўсе думалi, што ноччу злодзей улез у iстопку. Ажно тут будзiцца новапрынятая кутнiца i кажа:

- Супакойся, гаспадару, гэта я ўночы вячэрала. - Паварушылася да сьцяны i захрапла.

Усе толькi пераглянулiся мiж сабою, пакiвалi моўчкi галовамi й чакалi, што далей будзе.

Хлеб тады танны быў, то што Прахору? Абы толькi грошы! I баба не шкадавала грошы. Прахор тое толькi й рабiў, што скупляў па ўсёй ваколiцы збожжа, мяса, масла i ўсякiя iншыя харчы ды кармiў сваю кутнiцу. Гэтак, дачакаўшы Каляд, Прахор выкупiў ужо ўсе харчы ў сваей ваколiцы i каля запуст павiнен быў езьдзiць з фурманкай па харчы ажно пад Запарожжа, Друю i пад Глыбокае.

А зiма настала сярдзiтая: з дня ў дзень траскучыя марозы. Найстарэйшыя людзi не памяталi гэткай зiмы сьцюдзёнай. На Вялiкдзень i то яшчэ зiма ня ўнiмалася: сьнягi напалог ляжалi гурбамi i рэкi стаялi. На Праводную людзi на магiлкi хадзiлi памiнаць Дзядоў па сьнягу i ў кажухох.

I хоць у Прахора грошы было на закуп харчоў, сколькi трэба, але купiць штораз цяжэй было. Страх яго агарнуў, што гэта за пражорлiвая баба зьявiлася ў яго.

Гэтак думаючы, едзе ён Гэрманаўскiм трактам на Пагост, i якраз у Падорскай пушчы конi спынiлiся i ня йдуць далей.

Ён iх лейцамi i пугай, а тыя анi зь месца! Вылез Прахор з розвальняў i падыйшоў дарогай паглядзець, цi - баранi Божа, - ня воўча руя заступiла яму дарогу. Толькi ён гэта адыйшоўся з двое гоняў, ажно бачыць: выяжджае зь лесу нейкi малады чалавек на белым канi. I чалавек i конь у залатой зброi, аж мiгцяць у вачох. Прахор гэтак спужаўся, што ня мог крануцца зь месца, а незнаёмы рыцар пад'ехаў да яго й кажа:

- Ня бойся мяне, Прахор, я - Грамавiк, прыяцель i апякун людзей i вораг iхнiх ворагаў. Баба, што ў цябе жыве, няпростая. Гэта Баба-Юга, яна па начах у зялезнай ступе езьдзiць i холад на зямлю наганяе, а памялом з хмар сьнягi страсае. Ты павiнен памагчы мне забiць яе, бо iначай саўсiм лета на сьвеце ня будзе, i народ увесь вымра з голаду й холаду. Але пакуль яна ў людзкой хаце, або ў ступе сваей разьяжджае, я не магу забiць яе. Ты павiнен прымусiць яе выйсьцi днём белым на бязьлюдную ваду.

Прахор абяцаў усё зрабiць, каб памагчы зьвясьцi яе iзь сьвету. Завярнуў свае конi i, прыехаўшы дамоў, кажа бабе:

- Худа, бабка, нiдзе ўжо нiякiх харчоў няма. Усю ваколiцу ператрос i ня купiў нiчога. Спрабую я сазваць людзей i закiнуць тонь у возеры, мо' хоць рыбы дабудзем.

Насклiкаў Прахор людзей iз сваей i суседнiх вёсак i цэлы дзень рубалi прорубкi, пакуль не асеў лёд. Закiнулi невад пад лёд, i Прахор пайшоў да бабы.

- Бабка, - кажа, - мы закiнулi невад, але ня здужаем выцягнуць, яго, вiдаць, рыбы набралася поўна, цi не паможаш нам?

- А цi ня мокра там? - пытаецца баба.

- Э, дзе там, суха! Хлопцы крыху каля палонак наплюхалi, а так суха...

Баба туды-сюды пакруцiлася па хаце, аблiзалася й кажа:

- А цi ня хмарна на дварэ?

- Не, дзе-ж там, сама бачыш: сонца сьвецiць.

Толькi баба дайшла да сярэдзiны возера, як на небе паказалася маленькая хмарка. Калi пачалi цягнуць невад i ад яго палiлася вада па лёдзе, баба, глянуўшы ўверх на хмарку, крыкнула нема i, кiнуўшы невад, кiнулася ўцякаць да берагу.

Ажно разарвалася хмара, i зь яе выляцеў коньнiк у залатой зброi на белам канi i заступiў бабе дарогу. Коньнiк быў гэткi блiскучы, што ажно на яго глядзець было нельга.

Убачыўшы коньнiка, баба ськiнулася ў ваграмадзiстую зьмяюгу, але ня здужала яна й тройчы перакулiцца, як праменны коньнiк усадзiў ёй у горла канец сваей дзiды. Зьмяюга скорчылася, зморшчылася i рассыпалася ў попел.

Назаўтра пасьля гэтага ўдарыла гэткае цяпло, што сьнягi ў вачавiдкi патаялi, забурлiла вада ў руччох i рэках, а на трэйцi дзень людзi выехалi ў поле з сохамi.

Власт

МЯДЗЬВЕДЗIХА

Вышамiрскi быў на многа старэйшы за майго дзеда. Ён быў каморнiкам. Яго хутарок стаяў на другiм канцы мястэчка. Хата яго была пабудавана на гарадзкi лад - высокая, зь вялiкiмi вокнамi, з галубятняй у выглядзе прыгожай вежы, з вэрандай, аплеценай жывым хмелем. У хаце вiселi клеткi з канарэйкамi, чыжыкамi, вавёркамi. У сенцах жыла прывязаная на ланцугу лiсiца. Была ў яго доўгая палоска зямлi, агароджаная навакол высокiм частаколам. Ён жыў з трымя незамужнiмi дочкамi, якiх у нас звалi паненкамi.

На сваiм невялiкiм кавалку зямлi Вышамiрскi вёў культурную гаспадарку. У яго быў добра агледжаны, чысьценькi садок, рыбная сажалка, некалькi калод пчол, канюшына i кавалак сенакосу. Былi пракапаны канаўкi для стоку вады, бо яго палоска зямлi знаходзiлася ў нiзiне ля возера. Над канаўкамi былi пароблены высокiя прыгожыя масткi. У цэнтры яго зямлi стаяла альтанка з круглымi каляровымi акенцамi. Уся яго зямля была абсаджана лiпамi. На некаторых зь iх гнязьдзiлiся буслы. Дзесяткамi год гэты сваеасаблiвы аматар хараства не пакладаючы рук працаваў на сваiм кавалачку зямлi, якi ператварыў у надзвычайна прыгожы куток.