Вось-жа, калi мiнула Рыжаму год, пачаў ён свае крокi ў жыцьцё. Насамперш ён абмежаваўся тым, што вылавiў усе мышы ў нашым канцы. Засталiся толькi ў Сымонавых пад хлеўчыкам дзьве мышы, якiм удалося ўцалець ад акцыi Рыжака. Аб гэтым ужо ўсе бабы гаварылi, а Янкава старая дык азванiла ўвесь канец, быццам-бы нейкая паморнiца на мышэй увалiлася. Але гэта драбнiца.

Ужо падыходзiла пад Вялiкдзень. Сонца падымалася вышэй i вышэй, жураўлi цягнулi на поўнач свае повалачы, вераб'i зьбiралi шматлiкiя сходы, бiлiся на платох пявуны - рабiлася цёпла. Цёпла рабiлася й у будынку Данiлы: прыгрэла надта ў кубельцу. Там шынкi даўно ўжо чакалi веснавога сонца. Вынуў гэта Данiла дзьве шынкi й кiлё дый падчапiў на гумнё ў шчыце. Шынкi вiсяць, а Данiла то зь сяней, то з-за вугла зiрк на шынкi - цi вiсяць яны ды памалу далей ля дроў паварачваецца. Трэба-ж было Мацеяваму кату, лежачы на страсе, на сонцы, падгледзець шынкi ў шчыце й паварот Данiлы. Зьлез гэта ён дый пацiснуў ля плоту пад гумно. Узьдзёрся на страху ды цiкуе, дзе паварочваецца Данiла. I толькi Данiла набраў дроў ды несьцi ў хату, як Рыжы за кiлё цап, а кiлё вобземлю. Кот за яго ды за вугал, ды за другi: i прапала кiлё, адно рукамi Данiла размахнуў ды суседзяў пакляў.

Паехала й у Сьцёпкавых манiста каўбас з вышак, калi падпiльнаваў яе Мацеяў кот; i сплыла ў Кузьмовае Арыны смажаная курыца, якую яна вынесла, каб астыла ў каморцы. Пачало неставаць i яек на седалах, паводля бабскага падлiку. Калi гэта прайшло, дык i на масла паскупела, бо сьмятану з збанкоў як чарамi хто шчароўваў. Памог Рыжы суседзям i сыры сушыць. Дзiвiўся ўвесь канец з гэтых праяваў, але нiхто ня ведаў поваду ўсяго гэтага.

А Рыжы адно пацягваецца ды грэецца на сонцы. Ён, каб каму на вочы паказвацца, дык не, пазагуменьню абыдзе й зробiць так гладка, што як з маслам. А iншы раз, калi ня ўдаецца ягоная валакiта й дома з-за стала гоняць, выцягне з-пад полу бульбiну на сярэдзiну хаты ды грызе сырую, залiўшыся сьлязьмi. Трасе тады Мацей галавою, гледзячы на ягоны хiтры вынахад: "А каб ты ўрэзаўся, каб ты... Ото-ж ты розуму набраўся!" - ды дасьць ложак iз дзьве стравы. Вось Рыжы й жыў так, покуль не раскусiлi яго ды не перашкодзiлi ў ягонай дзейнасьцi. Асаблiва прычынiўся Мiхась Янаў, якi добра даў лупцаванкi Рыжаму ў мяшку ад мукi, а пасьля яшчэ сучкаю з двара правёў.

Пераканаўшыся ў тым, што ня варта далей галаву ламаць у сваiм сяле, каб каго перахiтрыць, выбраўся Рыжы на правiнцыю. I забраўся ён пад Нёман, да Вiнькi. Там зь месяц жыраваў Вiнькавымi трацяголетнiмi шынкамi, а таксама й у Ясiхi сыры часта перасыхалi на сонцы. Бывала так падсохнуць, што толькi крошкi застануцца. Яна кляне Вiнькавы дзецi, а Рыжы сербане вады зь Нёману ды на сонца.

Пасьля Рыжы ў засьценак забраўся. Тут у Жаўняркевiчыхi гусей, падвешаных на марозе, пад страхою абмацаў. Жаўняркевiчыха адразае ў гаршчок патрохi, а ён сабе пакрысе. Ды яшчэ вечарам так спалохаў Жаўняркевiчыху, пгго тая дзён тры i ўдзень баялася на падстрэўнiк лезьцi.

З часам Рыжы й зусiм зацiх у нашых ваколiцах: ён недзе ўжо далей рабiў свае абходы.

У нас дома было спакойна. Бабы сьцiхлi гаварыць аб тым, што куры мала яек нясуць, цi мала сьмятаны ў збанкох, цi сыры нехта падглядае. Мацей жыў далей спакойна, але мышы сталi зьяўляцца. У сяле мужчыны часта гаварылi аб хiтрасьцi Мацеявага ката ды часам i пагаварвалi: "Хiтры, як Мацеяў кот".

Ужо было халаднавата. Мацей да зiмы рыхтаваўся. Аднае ранiцы, калi толькi што ўстаў Мацей i зьбiраўся ў гумно йсьцi, заяўкаў кот пад дзьвярыма. Мацей адчынiў дзьверы й убачыў Рыжага, якi памалу ўсунуўся ў хату. "Наш кот, цi што?" - прагаварыў Мацей, прыглядаючыся. А Рыжы, страсянуўшы хвастом, як мага на печ.

За тыдзень Рыжы дажыў свой век - Мацей знайшоў яго няжывога ў падпавецi. Пахаваў яго каля яблынi, успамiнаючы ягоныя добрыя й злыя ўчынкi.

Аднак хiтрасьць Рыжага й цяпер жыве мiж нас, i цяпер мы часта кажам: "Хiтры, як Мацеяў кот".

М.Багун

СТРАШНАЕ СПАТКАНЬНЕ

I

- Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкi бегаць, лепш занёс-бы ты дзядзьку полудзень на Высокi Бераг. Не палянуйся, сынок, - сказала мне матка.

Я быў хлопец паслушны i любiў, калi мяне за гэта хвалiлi. Мяне таксама цiкавiў i рум на Высокiм Беразе. Усю зiму возяць туды калоды i навязуць iх, бывала, столькi, што загрузяць увесь бераг. А калоды ўсе такiя тоўстыя, такiя гладкiя, роўныя - паглядзець i то было люба.

А колькi там народу, колькi гоману, крыку i сьмеху! Проста, як на кiрмашы.

Разумеецца, я зь вялiкаю ахвотаю згадзiўся занесьцi дзядзьку полудзень.

II

Яшчэ зранку, на досьвiтку, пайшоў наш дзядзька на рум бiць калоды. У маiм уяўленьнi яшчэ i цяпер жыва ўстае гэты Высокi Бераг над Нёмнам, дзе так страшна бушуе веснавая вада! Яна ня тоўпiцца ў берагох, iмкнецца напрасткi, на ачосы, вылiваецца зь берагоў i шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нiзкiх лагчынах, як-бы хоча хутчэй дабегчы ў нейкi далёкi-далёкi край, каб першаю прынесьцi туды якуюсь вельмi важную вестку адгэтуль. А самым цiкавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвеньяя кацiлi ў Нёман калоды. Высока над вадою ляжаць гэтыя ярусы. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкiя, доўгiя бярвеньнi, каб калоды кацiлiся латвей i шпарчэй. На ярўсах стаяць маладыя хлопцы i сталыя мужчыны з бомамi ў руках.

- Р-р-разам! Р-р-разам!

На момант усё зацiхае. Зь нястрыманаю сiлаю i з громам бервяно падае ў ваду.

- Гу-у-у! - бухаецца яно ў Нёман, на момант зьнiкае ў вадзе, i толькi цэлая сьцяна срэбных пырскаў уздымаецца ў гэтым месцы.

III

Я жыва сабраўся, дастаў зь пячуры сваю дубiнку, бо ў лесе мог налучыцца воўк, а, седзячы ў хаце, я ўжо колькi разоў лупцаваў у сваiх думках гэтаю дубiнаю воўка, узяў дзядзькаў полудзень i выйшаў з хаты. На дварэ, каля хлява, на сухой кастрыцы ляжаў Галас, зь якiм я быў у вялiкай дружбе. Убачыўшы мяне, Галас завiляў хвастом у знак прывiтаньня.

Я сьвiснуў.

Галас падняўся, пацягнуўся, i пазяхнуў. Але, як вiдаць, ён ня выспаўся або так штось заленаваўся, бо ня кiнуўся адразу да мяне, як рабiў гэта звычайна. Ён прысеў на кастрыцы i задняю нагою стаў чухаць каля вуха.

- Галаска, цюцiк! На, цю, на! На, цю, на! - пазваў я яго.

Галас неахвотна пабег за мною, правёў мяне за кладку; але як толькi я ўвайшоў у лес, мой Галас пачаў адставаць: сядзе на дарозе i сядзiць. А калi я аглядаўся, ён махаў хвастом, як-бы хацеў сказаць, што ў яго няма ахвоты iсьцi зы мною.