Ў зялёнай дуброве паджарая Белка,

Такая вясёлая, зь песьнямi, зь сьмехам,

Зьбiрае зь ляшчэўнiку летам гарэхi.

Насыпала поўныя куфры, як лёду,

Раскусiш - як сонца, зярняты - як зь мёду.

Сказалi Мядзьведзю: - Ёсьць дзеўка з пасагам!

Прыбраўся Кудлаты Мядзьведзь у сярмягу;

Кашулю узьдзеў, што злупiў у Мiколы,

Як той баранiў ад яго калiсь пчолы;

Ўзяў пояс лiповы i кiй сукаваты,

Так выбраўся зь сьвiтай Мядзьведзь наш у сваты.

* * *

Такое вясельле магло толькi хiба

Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.

Iгралi ў цымбалы Шаршнi i Асьвянкi,

Iгралi дзень цэлы да самай заранкi;

А ў цёмным ягоднiку зь Цецярукамi

Ў тахт Дзятлы у бубны лупiлi насамi,

I зь вёскi далёкай, дзе жытнiя гонi,

Iм Певень iграў на чырвонай гармонi.

Лявонiху ёмка скакала Лiсiца,

Аж ветрам паджарым шумела спаднiца.

Як выйшаў Мядзьведзь, тупнуў левай ды правай,

Пайшоў прысядаць - замiгцелi рукавы.

Скакаць ён так мог-бы дзён пяць цi мо' дзесяць

Адно толькi боты стапталiся ў лесе;

Ды нат i ў мяне там знасiлiся лапцi...

На трэйцюю ноч пачалi разьяжджацца.

* * *

Памалу прайшоў цiхi верасень-месяц.

Ляжыць, пажывае Мядзьведзь шэры ў лесе,

Дзе глуш ды сасновае шумнае рэха,

А Белачка носiць ваду i гарэхi.

Насыпе Мядзьведзь iх у ступу, як лёду,

А зьверху бабухне дубовай калодай!

Наесца i сьпiць у сваiм у палацы,

Нат слухаць ня хоча, хто кажа аб працы.

Пажыў ён па-панску нямала так часу,

Пакуль не хапiла у Белкi прыпасаў.

Ляжыць i раве ён, ледзь бор не аглохне:

- Ой, мусiць, я хутка ня выжыву, здохну!..

Лячыла Мядзьведзя Варона-Шаптуха,

I Дзяцел пастукваў трубкай у вуха,

I банкi на пяты стаўляла Сарока,

Кампрэсы яму прыкладала пад бокам...

Ды што нi рабiлi - ўсё не памагала.

Шмат вылiзаў лекаў, гусiны i сала...

Ды што тыя лекi, калi наш Кудлаты

Зьеў двух дактароў зь Белавежы лычатых.

Хадзiў тады блiзка Цыган хiтры недзе,

Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзьведзя

I кажа: - Ты, бацю, ня слухай нiкога.

Цыган табе зельля парадзiць другога.

Вiдаць, ты ня можаш нi сесьцi, нi легчы,

Ня можаш, мой баценька, мала ты есьцi!...

* * *

Дзе ў лесе дарога, а з боку паляна,

Лячыў Цыган брагай-сiвухай да рана;

Яшчэ паiў зельлем салодкiм, як мёдам,

Спаiўшы, Мядзьведзя прыкуў да калоды,

Пазьней яму ўсыпаў бярозавай кашы,

Павёў яго цешыць людзей на кiрмашах.

Перш доўга Мядзьведзь касурыўся ды охаў,

А потым зрабiўся такiм скамарохам!

Дзе толькi ня прыйдзе пад хаты крывыя

Зьлятаюцца дзецi, дзяўчаты, старыя,

Прыносяць салодкага мёду, гарэхаў,

А ён давядзе аж да сльёз i да сьмеху.

Сьмяюцца i дзецi, i куры, i конi,

Як ён у шарахаўкi звонкiя звонiць;

Сьмяюцца асьверы, i стрэхi, i хаты,

Як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.

Здаецца, няпраўда, што людзi гавораць,

Што быў ён раней абiбокам i хворым...

А Белачка там, дзе ёсьць пушча густая,

Ў сасновыя куфры гарэхi зьбiрае

I добра хавае, каб iх нi мядзьведзi

Знайсьцi не маглi, нi вясковыя дзецi,

Ды чорнымi зорка пiльнуе вачыма

I лускае iх у сьцюдзёныя зiмы...

А там, за сасновым за лесам, за борам,

Як золатам сiнiм, iграюць азёры!

А глянеш навокал - такая краiна:

Дзе ступiш - то рэха, то казка, былiна...

Ёсьць, праўда, i сумных нямала, бязь лiку,

Але мы iх лепей пакiнем вялiкiм.

А вам, мае дзеткi, з вачыма, як золак,

Аддам усе дзiвы тых казак вясёлых.

Максiм Танк

IРЫНКА

Iрынцы спадабалася

Цудоўная вясна.

Як восенi даждалася,

Пайшла прасiць яна,

Прасiць нябёс ня хмарыцца,

Вятроў - не галасiць,

Срабрыстых росаў ранiцай

На травах не гасiць;

Каб сонейка высокае

Сьвяцiла на палi,

А кветкi сiнявокiя

Зноў на лугох цьвiлi;

Прасiць сям'ю крылатую

Зь лясоў не адлятаць,

Бярозку расахатую

Лiстоў не атрасаць...

Прасiла яна шчыра так,

Прасiла ўсю зiму,

I мо' вясна аж з выраю

Вярнулася таму.

Вярнулася, пяе iзноў

Зь бярозкай над ракой,

Пяе сярод дуброў, лугоў

Зь Iрынкаю малой.

Максiм Танк

ЯК ВЯСНА ПРЫШЛА

Як вясна прышла ў гаi,

Разбудзiла ручаi

I паклiкала iзноў

Птушак з выраю дамоў.

Прыляцелi жаўрукi,

I зязюлi, i шпакi,

Качкi, чэпiкi,

Раюцца,

Зь iмi ластаўкi.

Прыляцелi журавы,

Буслы, кнiгаўкi...

Дзе ты тут усiх

Пералiчыш iх!

Прыляцелi, ў полi селi,

Зь вераб'ямi-забiякамi

Спрачаюцца:

- Мы пакiнулi вас тут

Зiмаваць, зiмаваць;

Вас прасiлi гаспадарку

Пiльнаваць, даглядаць,

А вярнулiся назад,

Непаладкаў шмат!..

Вераб'i на гэта толькi

У вадказ усiм:

- Чым-жа мы тут вiнаваты,

Чым, чым, чым?!

- Дзе нi глянеш - збожжа столькi

У стагох,

Гаварыў жаўрук усiм,

- Было восеньню багатай

На палёх,

- Чым-жа мы тут вiнаваты,

Чым, чым, чым?

- Я пакiнула дубровы

Ў iх уборы каляровым,

А цяпер, - зязюля кажа,

Трэба мне зноў у ляску

Ды на кажным на сучку

Будзiць лiсьцiкi: ку-ку !..

За зязюляй журавель

Кажа: - Я на поплаве

Шмат быў восеньню пакiнуў

I брусьнiц, i журавiнаў,

А цяпер-жа, ля ракi

Анi ягадкi!..

- Гэта, пэўна, вераб'i,

Кажуць ластаўкi,

На палёх

I на лугох

Усё папсавалi

Перапiлi, пераелi,

Пераласавалi...

Вераб'i тут узлавалiся

Зусiм:

- Чым-жа мы тут вiнаваты,

Чым, чым, чым?

Нам зiмою цяжкавата

Тут было самiм.

Чым-жа мы тут вiнаваты,

Чым?!.

Невядома, колькi-б часу

Спрэчкi птушкi тут вялi,

Але ў гэты дзень iз школы

Дзецi мiма iх iшлi.

I яны сябром пярнатым

Расказалi ўсiм:

- Вераб'i ня вiнаваты

Тут нi ў чым,

Бо зялёны лiст дуброў

Сам асыпаўся далоў,

Збожжа з поля зьвезьлi людзi,

Ягады змарозiў студзень

Подыхам сваiм.

Вераб'i-ж ня вiнаваты

Тут нi ў чым!

Памагчы вам трэба можа,

Вам ахвотна дапаможам.

Калi трэба - пачастуем,

Абаронiм, павартуем.

Мы ў лясох, садох сягоньня

Ладзiм гнёзды i шпакоўнi,

Бо ўсе рады вам,

Дарагiм сябрам...

I цяпер у нас заўсёды

У сям'i крылатай згода,

Луг зялёны - сенажаць,

Лес дрымучы, сад i поле,

Сiнiх рэк, азёр прывольле

Песьнямi птушынымi зьвiняць.

Максiм Танк

ЖУРАВЕЛЬ I ЧАПЛЯ