Ён задрамаў, калi ў вагон пачалi заходзiць першыя пасажыры. Кантэн расплюшчыў на хвiлiну вочы, каб паглядзець, цi шмат запалена лямпачак. Вакзал быў увесь асветлены. Неба цямнела ўвачавiдкi i рабiлася ўсё цяжэйшым.
Кантэн адчуваў сябе спакойна. Зноў пачаў драмаць. Але раптам пачуў жаночы голас:
- Ну пэўна ж, гэта месьё Кантэн! Я яшчэ на пероне падумала: глядзi, як гэты чалавек падобны на месьё Кантэна!
Гэты голас прымусiў яго ўсхапiцца. Ён шырока расплюшчыў вочы i пазнаў дачку свайго суседа Пэрдзiго. Кантэн успомнiў, што яна працуе ў канторы завода, якi пабудавалi два гады назад. Дзяўчына была амаль такога ўзросту, як Марыя-Луiза. Ён адразу падумаў пра гэта i адчуў, што яна будзе ў яго пытацца пра дачку. Кантэн гэтага баяўся. Ён лiхаманкава шукаў словы, якiя б маглi адцягнуць яе ўвагу ад Марыi-Луiзы, але дзяўчына аказалася спрытнейшай, чым ён.
- Вы прыехалi пабачыцца з Марыяй-Луiзай, - сказала яна.
Сказана гэта было не ў запытальнай форме, бо гэта ж было так натуральна, што бацька зрабiў такое падарожжа. Вядома, ён хацеў пабачыць дачку.
- Але, - адказаў Кантэн.
- Ну як, яна задаволеная?
- А як жа.
- Яна не часта прыязджае да вас?
- Сама разумееш, гэта не проста.
- Канечне, у кожнага свой занятак. Як кажа мой бацька, у нашы днi гадзiннiк вядзе людзей, стрэлкi круцяцца хутчэй, чым некалi.
Яна засмяялася. Ёй хацелася, каб яе бацька меў рацыю. Яна сама жыла па гадзiннiку. Каб начальнiк адпусцiў яе на адзiн толькi дзень, ёй трэба было дамовiцца з сяброўкай, а гэта не так лёгка.
Кантэн больш згаджаўся. Час ад часу казаў "але" або кiваў галавою, спадзеючыся, што яна нарэшце стомiцца распытваць яго. Аднак дзяўчына ўсё размаўляла. I нiхто не мог даць гарантыi, што яна не будзе размаўляць усю дарогу. Яе размову пакуль што можна было трываць, але Кантэн вельмi баяўся новых пытанняў пра Марыю-Луiзу. Яго страхi спраўдзiлiся, калi дзяўчына папыталася:
- А вы часта прыязджаеце да Марыi-Луiзы?
- Не, першы раз.
- Нялёгка даводзiцца яе маме. Так доўга не бачыць дачкi.
- Вядома.
- I што, Марыя-Луiза не прыязджае дадому нават на Новы год?
- Не, гэта проста немагчыма.
Тут дачка Пэрдзiго кiнула хуткi цiкаўны позiрк на перон. Кантэн спадзяваўся, што яна ўбачыць яшчэ якога-небудзь земляка i пагутарыць з iм, але дзяўчына зноў павярнулася да яго:
- Мне здалося, што там iшла мая сяброўка.
Кантэн уздыхнуў. Як яму не шанцуе, думаў ён, як яму цяжка размаўляць з гэтай дзяўчынай. А тая сакатала:
- Скажыце, а вы не маглi б даць мне яе адрас? Цi хоць адрас месца, дзе яна працуе? Я калi-небудзь схадзiла б да яе пасля работы.
Кантэну зрабiлася горача. Нейкую хвiлiну ён думаў, што ёй адказаць, але нiчога не iшло ў галаву. I тады ён павольна вымавiў, бо кожнае слова давалася яму з вялiзным намаганнем:
- Дык вось... Справа ў тым... Я прыехаў да яе, таму што адбылiся змены, разумееце... Карацей, яна едзе ў Парыж.
Кантэн не паспеў яшчэ скончыць, як дзяўчына ажно ўсклiкнула ад захаплення. I на старога пасыпаў град пытанняў. Ён адказваў на iх, як толькi мог, падбiраючы з цяжкасцю словы. Нешта тлумачыў, што Марыя-Луiза едзе стажыравацца i ён дакладна не ведае, колькi часу яна там прабудзе.
Урэшце настаў момант, калi Кантэн мог памаўчаць. Цяпер дачка Пэрдзiго ведала дастаткова. Яна гаварыла адна i больш не задавала яму пытанняў.
- Ну й малайчына! - захаплялася яна Марыяй-Луiзай. - I ўсё адна. Адна ў горадзе, дзе на кожным кроку чакае небяспека...
Кожнае яе слова, кожны ўскрык захаплення падалi на Кантэна, быццам кроплi расплаўленага волава. Часам ён пытаўся ў сябе, цi не смяецца з яго гэта дзяўчына. Увогуле, ён мала яе ведаў. Пэрдзiго жылi асобна, на схiле ўзгорка. Яны нiколi не ведалi, што рабiлася ў вёсцы. А можа, хто-небудзь з iхняй мясцовасцi бачыў Марыю-Луiзу ў горадзе? I ў вёсцы ўсе ўжо ведаюць?..
Кантэн уважлiва паглядзеў дзяўчыне ў вочы. Але яны былi непранiкальныя i бегалi, быццам у шалёнай жывёлiны.
Кантэну карцела задаць ёй хiтрае пытанне, вымусiць яе прагаварыцца, але ён падумаў пра Гюста Пэрдзiго, якому таксама было ўжо пад шэсцьдзесят i якi быў цудоўным чалавекам. Чаму ў такога чалавека гэткая непрыемная дачка?
Кантэн спатыкнуўся на гэтай думцы. Яго раптоўна пачаў душыць смех. Чаму ў сумленнага чалавека павiнна быць добрая дачка?
Дарэчы, з-за гэтай дачкi Пэрдзiго, якая сядзiць насупраць яго, Кантэн не можа нават думаць пра сваё. Яна зноў закiдала яго пытаннямi аб рабоце, аб Дэнiзе, аб доме...
Яна працягвала размаўляць усю дарогу. Кантэн ужо перастаў яе слухаць. Няспынная плынь слоў злiвалася з грукатам колаў цягнiка ў адзiн суцэльны гул, якi нi аб чым больш Кантэну не гаварыў. У галаве ў Кантэна зноў праносiлiся абрыўкi ўспамiнаў, твары без iмёнаў, галасы без выразнага тэмбру... Яго боль драмаў глыбока ў сэрцы i быў падобны на чуйны сон дзiкага звера, якога доўга дражнiлi i якi быў гатовы кусацца зноў, як толькi яго разбудзяць.
Так, не выходзячы са стану нерухомай вяласцi, Кантэн кiваў галавою i нешта бурчаў сабе пад нос кожны раз, калi дачка Пэрдзiго на хвiлiну змаўкала. I гэта яго ледзь чутнае мармытанне, якое нiчога не азначала, спрыяла таму, каб яе бясконцы маналог, да якога ён прывык, працягваўся i працягваўся.
22
На вакзале Кантэна чакаў настаўнiк. Ён пасiнеў ад холаду i моцна ляскаў зубамi, вiдаць, доўга прастаяў на пероне.
- Я i ўчора прыходзiў, - пачаў ён тлумачыць Кантэну, - але начальнiк вакзала сказаў, што вы паехалi... Дык я вось зноў...
Ён часта дыхаў, яго словы былi неразборлiвыя. Яму карцела хутчэй задаць старому свае пытаннi. Кантэн разумеў, што настаўнiк таксама адчуваў сябе кепска, што ён пакутаваў усю ноч i ўвесь дзень, змагаючыся з жаданнем пайсцi да iх дадому i пра ўсё спытацца.
Як толькi яны апынулiся адны на дарозе, настаўнiк спытаўся трывожным голасам:
- Ну, як там?
Кантэн адказаў невыразным жэстам, i хлопец прадоўжыў:
- Яна захварэла? Трапiла ў аварыю? Чаму вы не адказваеце мне? З ёй здарылася што-небудзь сур'ёзнае?
Кантэн маўчаў. Яны праходзiлi мiма ярка асветленай булачнай, i настаўнiк нахiлiўся, каб паглядзець Кантэну ў твар.
- Вы кепска адчуваеце сябе, - прамовiў ён. - Гэта бачна. Яна моцна захварэла, праўда?
Кантэн запаволiў крок. Яны спынiлiся. Святло яшчэ падала на iх, i Кантэн паглядзеў хлопцу проста ў вочы, як рабiў гэта заўсёды, калi гутарыў з iм за сталом.