- Абаронцу! Мо ў цябе якой клёпкi няма? Чаму ж ты, калi з iм гаворыш, не называеш яго сваёй мамкай?
Г-эх! Каб можна было мець перадачу! Усе думкi былi пра яе, чаго б толькi яны не аддалi хоць за самую малую крышку тытуню! У першыя днi пасля арышту Мэнару яшчэ паспелi зрабiць адну перадачу, але гэта было так даўно.
- Мы ж маем на гэта права! - казаў Дзюпаншэль.
- Слухай, не смяшы ты мяне са сваiмi правамi, - не стрымаўся Жазэф. - Маем права, не маем права... Калi яны перадаюць табе пасылку, ты iм павiнен падзякаваць, i справе канец!
Яны прагнулi перадачы, прагнулi тытуню. А бачылi адно саламяную пацяруху з турэмных сеннiкоў.
Калi аднойчы ў незвычайны час дзверы ў камеру адчынiлiся i ўвайшоў наглядчык, не кiрпаты, а iншы, з жоўтым, як рэпа, тварам - iнспекцыя! - а за iм нейкi худы i доўгi, як палка, тып, што без дай прычыны чухаў свой нос, нiчога добрага яны ад гэтага не чакалi. I тым больш было дзiўна, калi гэты здаравяк раптам узлаваўся, прычым невядома на каго, i наглядчыку гэта было зразумела не болей за iншых. Ён узяў Жазэфа за руку i пачаў рассоўваць яму пальцы:
- Ды ў гэтага тыпа кароста!.. I ў гэтага таксама...
Зусiм збiты з панталыку Дзюпаншэль казаў, што ў яго балiць жывот.
- А я вам кажу, што ў вас кароста!
Добра, добра. Няхай будзе кароста, калi яму так падабаецца. Зганяючы мух, доктар - а гэта ж быў доктар! - схiлiўся над трэцiм вязнем.
- Ганьба! - сказаў ён. - Ганьба!
Ён гаварыў гэтае слова крыху незвычайна, вымаўляючы "г" адначасова i выбухова i мякка: "К-ханьба".
Гэта асаблiва ўразiла Жазэфа. Наглядчык спрабаваў быў растлумачыць, што ўсё гэта - праз гэтых вашывых нягоднiкаў: iх проста немагчыма прымусiць як след прыбiраць у камеры...
О-го-го! Ну ўжо i даў ён дыхту гэтай паранай рэпе!
- Змоўкнiце! К-ханьба! Каб француз так абыходзiўся з французамi!
Яго гнеўны голас аддаляўся па калiдоры. А Жазэф у камеры ўжо цвялiўся:
- К-ханьба! К-ханьба!
Тым часам у той жа дзень усiх трох вязняў перавезлi пад вартай у дрыготкай закрытай машыне ў шпiталь на ўзгорку, дзе быў арганiзаваны спецыяльны лазарэт, бо ў турэмным i так ужо не было дзе павярнуцца. Дзiўнае пачуццё - ехаць з турмы ў лазарэт праз увесь гэты неспакойны i насцярожаны горад, дзе яны жылi некалi вольна, удзельнiчалi ў барацьбе, што iдзе i цяпер - без iх.
Раней гэта была прыватная клiнiка, не надта сучасная - з вялiкiмi пакоямi, невысокiмi столямi. Да вайны ў ёй лячылi рабочых з суседнiх заводаў i фабрык: сацыяльнае забеспячэнне, як гэта ў iх называлася... Цяпер, калi шпiталь зрабiўся часткай турмы, у iм дзiўна перамяшалiся медычны персанал i турэмная варта. Па начах тут заўжды гарэлi блакiтныя лямпачкi, i хворыя прачыналiся, адно каб зiрнуць на iх кволы бляск пасля непрагляднай турэмнай цемры.
Той самы доктар, якi паслаў iх сюды, рабiў агляды i ў клiнiцы. Усе ўтрох яны ляжалi побач на суседнiх ложках. Жазэф ужо добра здружыўся з "панам", як ён яго называў, але той па-ранейшаму быў негаваркi. Абодва яны ўсё яшчэ асцерагалiся качкi. Тым болей што аднойчы, пасля чарговых працэдур, той запытаўся, перагнуўшыся з ложка:
- Слухай, Жазэф, ты не чуў, што там кажуць пра маёра Арно? Здаецца, яны яго зусiм ужо закатавалi...
Але дзе ж гэта было, каб вязня трымалi ў шпiтальным ложку адно праз нейкую каросту! Аднойчы, калi галоўная медсястра паспрабавала сказаць пра гэта доктару, той паслаў яе вельмi далёка. Слаўны ён дзядзька быў, гэты доктар! Хадзiлi чуткi, што ён загадаў нават адхаяць усю турму, ды такога нарабiў шуму!.. Ён запэўнiваў, што ў турме - тыфус, а можа, так яно i было? Сваiх трох малайцоў доктар трымаў пад асабiстым наглядам.
I калi iнспектар Бэлем захацеў зноў пачаць допыт яго пацыента, доктар - а ён быў iнспектарам гiгiены ў дэпартаменце i ўяўляў сабой нешта накшталт санiтарнага прэфекта - так пацешна яго прабраў: "Нi пад якаю маркай! Вы чуеце?! Дзе вы знаходзiцеся? Хто тут начальнiк?" - i г. д. Усе проста душылiся ад рогату на сваiх ложках. У тым лiку i сам Мэнар, пра якога iшла гаворка. А iнспектар Бэлем адразу зрабiўся нiбы шаўковы, ён не ведаў нават, што адказаць.
- Глядзiце, я зраблю, што вас звольняць! Гэта болей так быць не можа! Гэта ж к-ханьба! К-ханьба!
Калi iнспектар i доктар пайшлi, Жазэф з Мэнарам, у добрым гуморы, забылiся да таго, што падзялiлiся сваiмi думкамi пра тое, што здарылася, з качкай. I качка, якi раней быў заўжды паслядоўны ў сваiх учынках, тут даў маху.
- А я вось усё думаю, - сказаў ён, - што яны зрабiлi з маёрам Арно?..
Адразу запанавала маўчанне. Жазэф на мiгах паказаў нешта Мэнару. I той крыху прыўзняўся над ложкам на перавязаных кулаках i сцiснуў зубы з такiм выглядам, нiбыта казаў: "Пачакай, вось толькi выйдзем на волю, ужо ён пабачыць у нас, гэтая качка!" Тым часам санiтаркi разносiлi лекi.
I ўсё-ткi доўга гэтак быць не магло. Як казаў Жазэф, хутка iх, вiдаць, павязуць назад - у турму: яны i так ужо добра падыхалi свежым паветрам. Харч у лазарэце быў не тое каб выдатны, але ўсё-ткi кожны дзень тут давалi капусту, i мыцца можна было цёплай вадой, а аднойчы была нават бульба. Што ж наконт таго, каб пагутарыць, дык магчымасцей у агульным пакоi дзеля гэтага было ўсё-ткi больш, як у трохмесным склепе ў суседстве з занадта добра выхаваным панам, якi ўвесь час толькi маўчаў, ды яшчэ адным, якi з такою наiўнаю пысай пытаўся ў вас, цi ведаеце вы маёра Гэтага ды цi не чулi пра палкоўнiка Таго... Ах, даражэнькiя ж вы мае!.. А яшчэ ж тут былi прыбiральнi, ды якiя - амаль як дома, з акенцам, праз якое можна пабачыць неба. А ў аперацыйным пакоi, кажуць, - бо самому Жазэфу трапiць туды шчасця не выпадала, - ёсць акно, праз якое вiдаць увесь горад... увесь неабсяжны горад, што распасцiраецца да самага далягляду, перарэзаны напалам ракой; гэты вялiкi горад, пра якi яны марылi, думаючы пра тых, хто там жыў, пра рэчы, што iх чакалi, пра ўсё, што там дзеелася - дзеелася, нягледзячы нi на што, нягледзячы на шэра-зялёных палiцыянтаў, што выходзiлi з кашараў i шпацыравалi па вулiцах, гарлаючы свае хаўтурныя маршы i грукаючы ў такт абцасамi ботаў. Пра ўсiх тых, хто быў там, на волi, пра iх упартасць, адвагу, смеласць.
Часам, уранку, да iх даносiўся глухi грукат далёкага выбуху, i хворыя прыўставалi на ложках, перашэптвалiся: "Ты чуў, га, ты чуў?" Нават вартаўнiкi, што стаялi каля дзвярэй, i тыя аднойчы... Жазэф ужо збiраўся нешта сказаць пра гэта, але "пан" зрабiў знак вачыма. I праўда! Ён зусiм забыўся пра качку.