Пэўны час яны вывучалi адзiн аднаго. Калi першы вязень уцямiў, што яму ў кампанiю падсадзiлi таварыша, ён адразу падумаў пра абарону.
Качка! Гэта, вiдаць, падсадная качка. Безумоўна! "Я нiчога яму не скажу", - падумаў ён, i яго раз'ятраныя раны нiбы ўмацавалi ў iм гэтую ўпэўненасць. Ён застагнаў. Другi азваўся з цемры: "Нiчога, нiчога... А ў вас тут зусiм няблага! Дазвольце назвацца? Калье, Жазэф Калье..."
Дзiвак нейкi, напэўна. Але цiкава, як ён выглядае - малы цi высокi, худы цi тоўсты? Ва ўсякiм выпадку - качка. Праўда, наконт парашы ён прыйшоў своечасова. I наконт вады - таксама: ён знайшоў мiсу навобмацак, паднёс да яго губ. "Ды ў вас гарачка, прыяцелю..." Было неяк дзiўна адчуваць у цемры гэтыя рукi без твару.
Што яны абодва падумалi ранiцай, калi агледзелi адзiн аднаго? Гэтая змрочная камера, бруд, збiты, змэнчаны чалавек з рукамi ў кайданах за спiнай адкрывалi новаму вязню ўсю мiзэрнасць становiшча, у якiм ён апынуўся. Першы вязень прыўзняўся на адным баку i пiльна глядзеў на няпрошанага госця - на качку. Нейкi нязграбны дзяцюк, хударлявы, асаблiва ў гэтым зашырокiм адзеннi, i вочы дзiвотныя, далiбог, нейкi пацук... Уражанне ён выклiкаў даволi кепскае. I калi глядзеў на чалавека на матрацы, вусны ў яго дрыжалi. Усю ноч яму давялося спаць на падлозе.
- Яны вас збiлi? - сказаў ён.
- Здаецца! - адказаў першы.
Яны яшчэ не паспелi як след прызвычаiцца адзiн да аднаго, як дзверы зноў адчынiлся i да iх далучылi трэцяга. Гэта быў здаравенны бамбiза з чорнай конскаю грывай, што расла клiнам з сярэдзiны лоба. Цяпер у абодвух узнiкла аднолькавая думка: ужо гэты - пэўна качка!
Седзячы ўтрох у гэтым смуродлiвым катуху, не надта раздольным нават i аднаму, яны вымушаны былi класцiся адпачываць па чарзе. I тут было даволi цяжка аспрэчваць права на матрац у першага - з яго ранамi i заламанымi за спiну рукамi. Самы гаваркi быў Жазэф Калье. Першы ж адно сцiскаў зубы: цi то ад болю, цi ад таго, што лiчыў за лепшае адкусiць язык, нiж сказаць хоць слова. Бамбiза ўвесь час паўтараў, што трапiў сюды праз памылку. Яго звалi Дзюпаншэль. Мухi павесялелi - цяпер у iх стайнi было ажно тры канi.
- Ну i смярдзiць жа тут, - казаў Жазэф, - проста жах, як смярдзiць!
"Праз памылку? Якую такую памылку? Калi ты патрыёт, памылкi быць немагчыма".
У такiм месцы, як гэта, хутка страчваеш лiк дням i начам. Мiса ледзь цёплай вады, якую яны называюць "суп", кавалак хлеба, што трэба расцягваць аж на два днi, прыборка парашы - усё гэта не надта займае час. Але патроху размова наладзiлася. Хоць усё па-ранейшаму гаварылася с асцярогай: праз качку. Жазэф быў электрык, Дзюпаншэль - памагаты ў мяснiка. У першага вязня не ўдалося выведаць нават гэтага. Гаварыў ён, як пан. Але было нават смешна ўявiць, каб гэты нябога з абдзертаю скураю, аблеплены мухамi, мог быць на волi панам. Гэта быў светлы шатэн, гадоў каля сарака. Тонкiя вусны, таўсматая шыя. Ён аброс нейкай плямiстай, пярэстаю барадой. Гэтым ранкам з яго знялi наручнiкi. Вiдаць, на пэўны час яны пакiнулi надзею нешта з яго выцягнуць.
Такую надзею былi вымушаны пакiнуць i Жазэф з Дзюпаншэлем, бо першы адно пацiраў свае набраклыя запясцi i з лютым выглядам паўтараў: "Я нiчога iм не сказаў... я нiчога iм не сказаў..." Сваiм суседзям па камеры ён таксама не сказаў нiчога - апроч таго, што завуць яго Андрэ Мэнар.
Усе ўтрох казалi, што iх узялi за палiтыку. Можа, гэта i магло б быць падставай, каб не апасацца адзiн аднаго. Але хто ж яго ведае?
Тым больш што Дзюпаншэль, ледзь не адразу, як яго прывялi, заявiў:
- Я б апошнi свой грош аддаў, каб даведацца, што яны зрабiлi з маёрам Арно.
Калье быў стрэляны верабей: у яго групоўцы ведалi, што маёр Арно, арыштаваны тры тыднi назад, быў акруговым начальнiкам падпольнага войска. Але ён прыкiнуўся дурнем i папрасiў растлумачыць яму ўсё гэта яшчэ раз. Трэцяга вязня, Мэнара, гэтая размова, здаецца, зусiм не цiкавiла, яму ставала клопату са сваiмi пiсягамi. "Чортава качка! Надта проста бярэш!"
Са старэйшым вязнем Калье быў вельмi ласкавы, вельмi ўважлiвы. А даўгалыгi бамбiза, дык той наступаў на ногi, нiбы вочы заплюшчыўшы. Было б няблага даведацца, да якiх арганiзацый яны належаць. Жазэф, нiбыта iндзеец з племенi сiў, самымi дзiвотнымi выкрутамi стараўся вывудзiць хоць маленькую звестку. Але побач была качка. Дый хто яго ведае, можа, i сам Жазэф... Аднойчы ён сказаў:
- Хоць бы хутчэй яны там варушылiся! Прызначылi б свайго адваката, цi што. Сам усё адно цяпер не выбераш...
I якраз назаўтра Дзюпаншэля паклiкаў яго адвакат.
- Ну i шэнцiць табе! - пазайздросцiў Жазэф.
- Ды ну - шэнцiць, - азваўся той. - Я ж таксама не выбiраў.
Пакуль Дзюпаншэля не было, Жазэф паведамiў Мэнару:
- Не такi ён дурны... Так i гэтак - увесь час намякае, што ён, маўляў, з партыi... Думае, я не бачу, што проста ўбiваецца ў ласку...
Мэнар нiчога не адказаў. Ён думаў, што качка хутчэй за ўсё - той даўгалыгi... Але ж i Жазэф... Можа, якраз ён i хоча даведацца... Той як пачуў:
- А я свайго адваката яшчэ нават не бачыў... Мяне дагэтуль трымалi ў адзiночцы.
Што ж, добрая атэстацыя для Жазэфа; лепшай, бадай, i не трэба.
Праз чатыры цi пяць дзён бамбiза - качка ён быў цi не качка - раптам захварэў. Гэтыя здаравякi ўсе толькi з выгляду здаюцца асiлкамi, а так, як зiрнеш - далiбог, нейкiя недалужныя! Рэжым у тутэйшай установе, трэба думаць, зусiм яму не падыходзiў. Небараку так скруцiла жывот, што ўвесь час ён толькi i сядзеў на парашы. Ужо Жазэф яму гэтага не спускаў. Дый як жыць у турме без жартаў.
З медычнага агляду, якi рабiўся кожныя тры днi (бо ў турме хоць i было ўсяго тысяча дзвесце вязняў, але з iх добрая тысяча - хворыя), Дзюпаншэль вярнуўся не ў гуморы. Ён асмелiўся расказаць доктару пра Мэнара, якi сам не мог пайсцi на агляд, але той адказаў, што не збiраецца турбавацца iндывiдуальна пра кожнага вязня, з якiм абышлiся не надта ласкава, - iначай гэтаму канца не будзе.
Жазэф накутаваў ад каросты; ад такой задушлiвай спёкi i нястачы паветра ў цеснай смярдзючай камеры нярэдка здаралася, што ўранку некаму з iх рабiлася блага.
Аднойчы, калi Дзюпаншэль зноў быў у свайго адваката, Жазэф заявiў, што той, хто са скуры вылузваецца, каб нешта даказаць, якраз нiчога i не дакажа. Нашто ўсё гэтае ўпартае дбанне? Каб прыцягнуць да iх увагу? Дзеля чаго? Адвакаты, лекары... усе гэтыя шпегi! Тое самае ён паўтарыў i качцы, калi той, вельмi горды за сябе, паведамiў, што яму ўдалося зацiкавiць абаронцу сваiм лёсам i агiдным рэжымам у турме.